Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.
Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
5.1.2. Мілітарысцкі аспект шляхецкага быту
Асноўныя рысы шляхецкага быту на беларускіх землях асабліва выразна праявіліся праз свае жыццёва-актыўныя бакі, сярод якіх першараднае месца займаў культ узброенага дзеяння. У гэты перыяд відавочная тэндэнцыя да яго пераходу з абарончай да наступальнай, агрэсіўнай эманацыі, часта ўсёдазволенасці. Судовыя акты тае пары стракацяць справамі аб насіллі, забойствах, абрабаваннях, падпалах і разбурэннях, здзейсненых шляхтай, і часам нагадваюць зводкі з тэатра вайсковых дзеянняў. Частыя ў тую эпоху войны садзейнічалі ўмацаванню культу сілы як нормы ўзаемаадносін увогуле...
Ва ўзброеныя канфлікты ўцягваліся прадстаўнікі практычна ўсіх сацыяльных груп шляхты, прычым ад мужчын не адставалі і жанчыны. Прыкладам такога роду могуць служыць напады Соф’і Васілеўскай са сваімі двума сынамі і сялянамі на вёску Хоціцы Віцебскага ваяводства вялікага пісара Вялікага княства Літоўскага ў 1712 г. Тыя, што напалі, ледзь не да смерці забівалі сялян і панцырных баяраў, не шкадуючы і цяжарных жанчын, разграмілі карчму, ледзь не забілі ўпраўляючага. Умяшанне рэгулярных войскаў, што знаходзіліся паблізу, не астудзіла іх запалу, і хутка адзін з сыноў Васілеўскай са сваёй чэляддзю разграміў яшчэ адну вёску вялікага пісара — Васілёва.
У XVIII ст. у сувязі з узмацненнем эканамічнай магутнасці і палітычнага ўплыву буйной феадальнай знаці якасна змяніўся ўзровень шляхецкіх усобіц. Гэта быў час барацьбы магнацкіх партый, канфедэрацый, радоў, дзе лік удзельнікаў узброеных груповак вёўся на тысячы.
Узмацненне мілітарызму шляхты грунтавалася на росце яе матэрыяльнай баяздольнасці. Найбольшую выразнасць гэтая рыса набыла ў існаванні прыватнаўласніцкіх гарадоў—крэпасцей з іх умацаваннямі: валамі, равамі, крапаснымі мурамі, дазорнымі і баявымі вежамі і інш., а таксама замкамі і ўмацаванымі кляштарамі. Звычайна былі ўмацаваны нават невялікія гарады, якія належалі магнатам, не кажучы ўжо пра буйныя населеныя пункты і замкі, што ператварыліся ў XVII—XVIII стст. у значныя стратэгічныя адзінкі. Сярод найбольш моцных крэпасцей былі падуладныя князям Радзівілам Слуцкая і Нясвіжская, крэпасць Старога Быхава, якой валодалі літоўскі гетман Я. К. Хадкевіч, а потым Сапегі, Мірскі замак, гаспадарамі якога былі Ільінічы, а пасля Радзівілы, замак у Шклове, што знаходзіўся ва ўладаннях графаў Сіняўскіх. Крэпасці былі добра забяспечаны зброяй, — так, у Нясвіжскім замку ў 1753 г. знаходзілася 30 гармат,— што дазваляла ім не без поспеху трымаць абарону супраць рэгулярных войскаў.
Багатая на добра падрыхтаваных, узброеных людзей эпоха давала шмат прыкладаў яўна выражаных мілітарысцкіх бытавых тыпаў. Тыповым параджэннем эпохі мілітарысцкай усёдазволенасці былі асобы братоў Юзэфа і Міхаіла Валодкавічаў, кроўна звязаных з Радзівіламі, і лёс аднаго з іх — дэпутата Мінскага ваяводства, падскарбія трыбунальскага — Міхаіла. 3 аднаго боку, браты з’яўляюцца носьбітамі грубага стыхійна-індывідуалістычнага пачатку: абодва яны былі вядомыя сваім нястрыманым норавам і бесцырымоннымі ўчынкамі. Так, Юзэф загадаў даць сто адзін удар плёткаю не згоднаму падпарадкавацца дробнаму шляхціцу Яцынічу, а Міхаіл у той дзень, калі выносілі прысуд па справе брата, учыніў узброеную бойку ў Мінскім трыбунальным судзе, параніўшы аднаго з дэпутатаў. 3 другога боку, Міхаіл, нягледзячы на апеку магутнага Караля Радзівіла, сам стаў ахвярай шляхецкай змовы і быў расстраляны за гэтае не надта цяжкае для таго часу злачынства ў 1760 г. у Мінску згодна з прысудам трыбунала. Гэта справа і пакаранне дэманструюць непрадказальны, барочна-трагічны аспект шляхецкіх вольнасці і індывідуалізму.
Ужыванне сілы было універсальным шляхам вырашэння канфліктаў, у тым ліку і ў сферы палітычнай барацьбы, што дасягнула свайго апагею ў эпоху канфедэрацый. Паказальна, што ўзброеныя сутыкненні складалі тыповую рысу дзейнасці асноўнага заканадаўчага органа дзяржавы — сейма. Чэх Б. Танер у выдадзеным у 1678 г. апісанні «Польска-літоўскага пасольства ў Масковію...» зазначаў: «... пакуль сенатары і вяльможы каралеўства рэжуцца на словах у каралеўскай палаце, у гэты час натоўп узброеных чэлядзінцаў у бліжэйшым двары выхоплівае ў сваю чаргу зброю (асабліва на падпітку). Таму сеймы рэдка заканчваюцца без забойстваў і кровапраліцця. Мілітарызацыя закранула і судова-выканаўчую дзейнасць: пашырыліся наезды — г. зн. саматужныя ўзброеныя выкананні судовых прысудаў, калі шляхціцы нападалі на маёмасць адказчыка, што суправаджалася вынішчэннем матэрыяльных каштоўнасцей, забойствамі.
Заснаваны на прыярытэце сілы як нормы зносін, шляхецкі стыль жыцця культываваў рэлятывізм у адносінах да каштоўнасці чалавечай асобы і пры яе ацэньванні часта высоўваў на першае месца ступень чалавека ў сацыяльнай іерархіі і яго маёмаснае становішча. Паказальна, што гэтая светапоглядная рыса мела падобную ступень праяўлення як у адносінах да іншых сацыяльных груп грамадства, так і ўнутры феадальнага саслоўя, дэманструючы эфемернасць лозунгаў пра яго ўнутраную роўнасць. Т ыповай постаццю, якая ўвасабляла іерархічную тыранію і жорсткасць, асабліва ў адносінах да сярэдняй і беднай шляхты, быў літоўскі харунжы, слуцкі і бельскі ардынат I. Ф. Радзівіл. Дастаткова жорстка абыходзіліся і з удзельнікамі ўзброеных хваляванняў. Так было, у прыватнасці, падчас падаўлення Крычаўскага паўстання 1740—1744 гг. і расправы з яго ўдзельнікамі, з выступіўшымі на баку казакоў жыхарамі Пінска, якіх пакарала войска Януша Радзівіла. Разам з тым трэба адзначыць,
што пакаранні, якія ладзіліся афіцыйнымі асобамі на беларускіх землях у дачыненні да іх карэнных жыхароў, мелі, калі можна так сказаць, цывілізаваны характар — шляхце рубілі галаву (гэта рабілася без сведак), астатніх чакала шыбеніца ці, зрэдку, чацвертаванне. Дзікунскія формы смяротнага пакарання, што ўключалі павольную смерць у лакутах (саджанне на кол, здыманне скуры, гвалтаванні і інш.), ужываліся казакамі, а таксама ў дачыненні да іх — так, традыцыйным пакараннем казакоў было саджанне на кол.
Праявы шляхецкага мілітарызму пашыраліся, нягледзячы на тое, што адказнасць за гвалтоўныя дзеянні была ў тую эпоху дастаткова сур’ёзнай: вінаватых нярэдка прысуджалі да смяротнага пакарання і выплаты значнай грашовай сумы, нягледзячы на месца парушальніка ў сацыяльнай іерархіі. Так, выконваючы абавязкі трыбунальнага суддзі, дэпутат Брэсцкага ваяводства шляхціц Канстанцін Пшэздзецкі быў прысуджаны дэкрэтам ад 1664 г. да выплаты архіепіскапу Г. Календзе 1250 польскіх злотых і смяротнага пакарання за напад на яго дом у Мінску, збіццё і нанясенне пашкоджанняў машталеру і слузе-шляхціцу.
Безумоўна, у дадзены перыяд адбылася пэўная дэструкцыя галоўнага прынцыпу рыцарскага этасу — здабывання славы зброяй у абароне маральнасці — своеасаблівага сінтэзу, як піша італьянскі гісторык Франко Кардзіні, адвагі, мудрасці, фізічнай сілы і справядлівасці. Разам з тым можна сказаць, што пры наяўнасці істотных хібаў асноўны маналіт шляхецкага этасу захоўваўся: шляхта давала грамадству смелых, мужных, адданых ідэі вольнасці людзей, сярод якіх баязлівасць лічылася найвялікшай ганьбай. Шляхціц прафесійна валодаў зброяй (асабліва шабляй), быў бліскучым майстрам індывідуальнага паядынку, шляхецкая конніца, у прыватнасці крылатыя гусары,— мелі славу непераможных.
Выдатныя якасці шляхціца-вайскоўца яскрава праявіліся падчас войнаў 50—60-х гадоў XVII ст. Амаль заўсёды меншай колькасцю ў параўнанні з непрыяцелем, часта без належных боепрыпасаў, харчавання, з пустымі кішэнямі (грошы, як заўсёды, затрымлівалі) харугвы Вялікага княства Літоўскага, значную частку якіх складалі шляхціцы, здолелі ачысціць родную зямлю ад казакоў і маскоўскіх войскаў. Прычым колькасная перавага непрыяцеля была даволі значная: так у 1654 г. на беларускія землі ўварвалася маскоўскае войска і ўкраінскія казакі агульнай колькасцю 90—100 тысяч чалавек, а войска Вялікага княства Літоўскага налічвала 10—12 тыс. чалавек. Безумоўна, што ў перамозе над колькасна значна мацнейшым ворагам вялікую ролю адыгрывала тактыка. Разам з тым неабходна адзначыць высокі маральны дух шляхты, у аснове якога была ідэя вольнасці. Шляхта дала шэраг выдатных ваяроў: Льва Сапегу, Карла Хадкевіча, Януша Радзівіла, Паўла Сапегу, Міхаіла Паца, Тадэвуша Касцюшку і інш. Аднак ужо ў 50-я гады XVII ст. «паспалітыя рушэнні» збіраліся марудна, славуты шляхецкі індывідуалізм ствараў вялікія цяжкасці для згуртавання шляхецкага войска. «Рыцарскія колы», канфедэрацыі раз’ядноўвалі шляхту (адзначым, што літоўскія гетманы
былі менш схільныя апеляваць да «кола»). Дэструктыўны рэзананс для грамадства мела і вайсковае супрацьстаянне магнацкіх родаў (асабліва Радзівілаў і Сапегаў). Акрамя гэтага, у вайсковай справе з канца XVII ст. усё болыв значнае месца пачынала займаць пяхота (пераважна наёмная). Усё гэта адмоўна ўплывала на значэнне шляхты як абаронцы бацькаўшчыны, усяго грамадства, а не толькі сваіх уласных груповак і індывідуальных правоў. У выніку шляхта не здолела згуртавацца ў адказны для краіны момант, і фактычна на ёй ляжыць цяжкая адказнасць за заваёўванне I падзел Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. У гэтай сувязі адзначым, што шляхта Вялікага княства Літоўскага (у першую чаргу заходніх і цэнтральных паветаў — Наваградчыны, Меншчыны), яго магнатэрыя (асабліва Радзівілы) праявілі большую актыўнасць, мужнасць, рашучасць у змаганні супраць падзелу краіны, чым шляхта Кароны.
Такім чынам, мілітарысцкі аспект шляхецкага быту быў адным з вызначальных у сістэме шляхецкага этасу, яго падзейнай сферы. Яго вялікая роля вызначалася сацыяльным, палітычным статусам шляхты як адзінага ваеннага саслоўя ў краіне. Гэта абумовіла высокі ўзровень ваеннай падрыхтоўкі шляхціца, яго высокія баявыя якасці. Разам з тым у мілітарысцкім аспекце шляхецкага быту яскрава праявіўся гіпертрафіраваны шляхецкі індывідуалізм як апалогія ўзброенага дзеяння, тэндэнцыя да сілавога вырашэння грамадскіх і асабістых праблем. 3 цягам часу мілітарысцкі аспект шляхецкага жыцця ўсё болей набываў індывідуальна-гіпертрафіраваны характар, што праявілася ў крызісе шляхецкага войска і перамяшчэнні мілітарысцкага патэнцыялу ў сферу двубояў, наездаў, радавых міжусобіц.