Матэрыяльная культура і быт беларусаў XVII - XVIII стст.
Вучэбна-метадычны дапаможнік
Выдавец:
Памер: 114с.
Мінск 2005
5.1.1. Характэрныя формы грамадскага быту
У дачыненні да шляхты вылучыць непасрэдна быт і аддзяліць яго ад працоўнай дзейнасці досыць складана. 3 аднаго боку, сфера дзейнасці шляхціца як уладальніка асноўнага сродку вытворчасці — зямлі павінна быцьзвязана з кіраўніцтвам працоўнай дзейнасцю маёнтка. Такяно і было ў XVII ст., калі шляхціц пачынаў дзень з аб’езду палёў, агляду гаспадаркі і значны час прысвячаў гэтай працы, што, дарэчы, адрознівала шляхту Рэчы Паспалітай ад еўрапейскага дваранства, адносна мала звязанага з непасрэдным удзелам у гаспадарчай дзейнасці. Але ўжо з XVIII ст. шляхта ў сваёй масе ўсё болей адыходзіла ад гаспадарчых спраў, адцаючы перавагу забаўляльным формам правядзення вольнага часу. 3 іншага боку, шляхта як асноўны суб’ект палітычнага жыцця была абавязана прымаць актыўны ўдзел у працы сеймікаў, сеймаў, выкананні абавязкаў, звязаных з разнастайнымі палітычнымі, судовымі пасадамі, што можа разглядацца як прафесіянальная дзейнасць. Разам з тым з XVIII ст. сеймавая дзейнасць шляхты ўсё болей зазнавала ўллыў дэструктыўнасці, узброеных сутыкненняў паміж палітычнымі групоўкамі, баляванняў, зрываў сеймаў увогуле, што ставіць пад сумненне прафесіянальны характар дзейнасці шляхты на гэтых сходах. Як альтэрнатыву анархізму I свавольнасці ў часы Асветніцтва шляхта пачала
прысвячаць свой вольны час асветніцкай, інтэлектуальнай дзейнасці, ініцыяцыі і ажыццяўленню шэрага грамадска-прагрэсіўных праектаў у галіне палітыкі, эканомікі, адукацыі і г. д., набыла якасці прафесіянальных дзеячаў у шэрагу галін, што сведчыць аб прафесіяналізацыі дзейнасці ў вольны час. Усё гэта ўтварае досыць складаную карціну таго, што называецца шляхецкім бытам. Таму мы будзем разглядаць яго ў шматлікіх праявах — вылучыўшы спачатку яго асноўныя, сацыяльна-адметныя рысы, а потым — у кантэксце тыповых эпахальных праяў. Пры гэтым з паняцця быту будзе выключана дзейнасць шляхціца па кіраванні гаспадаркай, а таксама палітычная, ваенная (удзел у вайсковых аб’яднаннях) сферы жыццядзейнасці.
Мадэльнай, узорнай групай у стылі жыцця, быце была заможная шляхта, на якую раўнялася шляхта сярэдняя, да якой па меры магчымасці цягнулася шарачковая. Прасторава-часавае адзінства і своеасаблівасць яго асноўных рыс грунтавалася на прававым і эканамічным становішчы шляхты як пануючага і прывілеяванага саслоўя Рэчы Паспалітай.
Складаючы падраздзяленне традыцыйна-бытавой сферы феадальнай культуры, бытавая вобласць мела ў межах Рэчы Паспалітай поліэтнічны характар — шляхта была польскай, беларускай (ліцвінскай), літоўскай, украінскай, іншай па паходжанні. Акрамя гэтага, распаўсюджанне шэрага яе характэрных рыс было звязана з экспансіяй польскай, французскай культур, развіццём мясцовых традыцый. Таксама як прадукт эпохі, шляхецкі бытавы тып уключаў шэраг рыс эпахальнага, мэтакультурнага маштабу, звязаных з культурай барока, Асветніцтва і эпохай у цэлым. Разам з тым для ўсёй шляхты былі ўласцівыя пэўныя агульныя рысы, дзякуючы чаму мы можам казаць пра шляхецкі бытавы тып, які грунтаваўся на ідэйным падмурку шляхецкага этасу, у дачыненні да якога сацыяльны, маёмасны, нават этнічны фактары былі другаснымі.
Семіятычнае значэнне быту, як і ўсёй шляхецкай культуры, мела яскрава выражаны прэстыжны характар, ідэйным афармленнем якога ў азначаную эпоху быў сарматызм: да першай паловы XVII ст.— строга-класічны, потым, як піша польскі гісторык Я. Тазбір, — той, што абапіраўся больш на свет фікцыі. Тым не менш грамадская свядомасць шляхты захоўвала шэраг грунтоўных пастулатаў сарматызму, якія адбіліся і ў бытавой культуры. Гэта перш-наперш ідэі асабістай годнасці, вольнасці, братэрства паміж «панамі-братамі». У кодэксе шляхецтва вялікая роля належала пастулату самаахвярнасці дзеля асноўнага абавязку — абароны радзімы. Асаблівы ўздым гэта ідэя атрымала пры каралі Стэфане Баторыі, які яе ўсяляк падтрымліваў, нават паэтызаваў.
У генетычна-гістарычным плане бытавыя нормы шляхты як вайскова-служылага саслоўя звязаныя са своеасаблівай культурай, якая мела еўра-амерыканскае распаўсюджванне і якую М. Асоўска назвала «рыцарскай». У разглядаемы перыяд шляхта, знаходзячыся ў асяроддзі асноўных светапоглядных прынцыпаў гэтай культуры, у значнай ступені
дэструктуравала і давяла да пэўнага адмаўлення пазітыўную сутнасць некаторых з іх, а таксама апалагізавала тыя, якія адпавядалі яе рэальнаму становішчу, у прыватнасці асноватворны прынцып «гонару».
Яшчэ адна архетыпічная рыса шляхецкай свядомасці і быту — пачцівыя адносіны да жанчыны, якія пасля таго, як шляхцянка ў другой палове XVIII ст. «выйшла ў свет», зрабілі яе культавай постаццю грамадскага жыцця.
Культурная свядомасць шляхты ўвасобілася ў этнанімічнай сітуацыі. Азначэнне «ліцвіны» (назвы з боку — літва, літоўцы, літоўшчыкі ), якое мела палітычнае (палітонім), этнакультурнае, сацыяльнае значэнне, зрабілася дамінуючым для шляхты Вялікага княства Літоўскага. Разам з тым гэтае азначэнне мела ў розных кантэкстах розную семантыку, што тлумачыцца шматслойнасцю тагачасных найменняў. Так, у якасці саманазвы азначэнне «ліцвін» ужывалася пераважна этнічнымі беларусамі і ўсходнімі літоўцамі (заходнія называліся жмуддзю, жмудзінамі, жамойтамі). Палякі, рускія, украінцы таксама ўжывалі для азначэння гэтых народаў назву ліцвіны, і гэта супадзенне эндаі экзаназвы сведчыць аб яе набліжэнні да этнаніма. Прычым мясцовая частка шляхты добра ўяўляла сваё ліцвінскае адрозненне ад іншага народа Рэчы Паспалітай — палякаў. Замежнікі з Заходняй Еўропы, кажучы аб жыхарах Рэчы Паспалітай увогуле, а таксама часам палякі называлі беларускую шляхту палякамі, але самі шляхціцы ўжывалі гэтую саманазву вельмі рэдка, што сведчыць аб трывалай мясцовай культурнай свядомасці і ставіць пад пытанне праблему паланізацыі на ўзроўні менталітэту старажытнай тутэйшай шляхты. Вельмі добра адрознівалі літву і палякаў і ў Маскоўскай дзяржаве, асабліва ў апісаннях ваенных дзеянняў. Як рэлікт для шляхты праваслаўнага веравызнання магло ўжывацца вызначэнне «русін». Назва «беларусец» выкарыстоўвалася малазаможнай шляхтай. Метасацыяльную, культурна-інтэграцыйную ролю для шляхты выконвала азначэнне «народ шляхецкі».
Характэрнай рысай шляхецкай культуры XVII—XVIII стст. было спалучэнне індывідуалістычнага самавольства з рэгламентаванымі нормамі паводзін у сямейнай, палітычна-публічнай сферах жыцця. Шляхціц павінен быў дасканала ведаць рытуал этыкету, валодаць культурай рухаў, і нават сама яго пастава, выпраўка, уменне хадзіць абавязаны былі адпавядаць уяўленню пра саслоўную перавагу. Як станоўчыя рысы гэтага стылю паводзін можна адзначыць арыентацыю на тактоўнасць і далікатнасць, валоданне аратарскім мастацтвам і інш. Увогуле тактоўнасць уваходзіла ў шляхецкі ідэал — яна падкрэсліваецца ў маральным кодэксе шляхецкай моладзі, складзеным у 1774 г. Адамам Чартарыйскім. Як станоўчыя нормы паводзін кодэкса адзначым забарону чытаць чужыя лісты, падглядаць, падслухоўваць. У кодэксе шляхецтва вялікая роля належала пастулату самаахвярнасці дзеля асноўнага абавязку — абароны радзімы.
З’яўляючыся параджэннем эпохі, дамінантай якой быў працэс паглыблення суб’ектывізацыі асобы, бытавы шляхецкі тып быў у сваёй аснове індывідуалісцкім — псіхалогія рыцара і яго нашчадка шляхціца грунтавалася на ідэі індывідуальнай моцы, асабістай незалежнасці, праве на індывідуальны выбар, што атаясамлівалася з гонарам. Аднак спецыфічныя ўмовы праўлення індывідуалістычных пачаткаў у Рэчы Паспалітай надалі яго якасцям стыхійны, гіпербалізаваны, гіпертрафіраваны характар. Паступовае разбурэнне цэнтралізаванага апарату дзяржавы, атмасфера феадальнай усёдазволенасці прывялі да надзвычайнага абвастрэння нічым не абмежаванага разгулу шляхецкага індывідууму. Таму бытавы тып шляхціца, які найбольш поўна акумуляваў рысы гэтага стылю, можна вызначыць як праяву стыхійнага індывідуалізму. Сістэма дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай абумовіла карэннае адрозненне гэтага ладу жыцця ад існуючага пры абсалютысцкай форме праўлення. Так, у прыватнасці, у Расіі першай паловы XVIII ст. дзяржава імкнулася перарабіць жыццё і быт, у тым ліку і дваран, дзеля сваіх патрэб.
Па сваіх глыбінных характарыстыках стыхійна-індывідуалісцкі тып звязаны з культурай барока, аднак ён у той ці іншай ступені быў уласцівы ўсёй тагачаснай шляхецкай культуры, нават яе плыням, што суадносіліся з культурамі Рэнесансу і Асветніцтва. Гэтых два культурных кірункі зрабілі істотны ўплыў на культуру шляхты, у тым ліку і яе быт, парадзіўшы адпаведны бытавы тып — асветніцкі, які сваёй пазітыўнай дзейнасцю адрозніваўся, нават стваралі альтэрнатыву стыхійнаму індывідуалізму асноўнай часткі шляхты. Таму мы разгледзім ягоасобна.
Увогуле, пры ўсіх варыяцыях, бытавы тып шляхты быў даволі ўстойлівы і ўключаў шэраг стабільных заняткаў. Гэта — наведванне імшы, гаспадарчыя справы, паляванне — з ганчакамі, барзымі, лягавымі сабакамі пераважна замежных парод. Вынікі палявання былі галоўнай тэмай на абавязковай вячэрняй бяседзе. Шанаваліся хатнія гульні — ў косці, пытанні і адказы, пазней — у карты. Паступова распаўсюдзіўся звычай сістэматычна весці дзённік. Істотнай падзеяй хатняга быту зрабіліся прыбыцці гасцей, застоллі, танцы: дзігун, ліпка, выскачка, галубец, акруглы, Мацвея і Конрада, а таксама паланэз («вольны»),
Такім чынам, у дадзены перыяд можна вылучыць асноўны бытавы шляхецкі тып — стыхійна-індывідуалістычны (гіпертрафіравана-індывідуалістычны, барочна-індывідуалістычны — у залежнасці ад канкрэтнага кантэксту). Паралельна з ім існавалі познерэнесансны, асветніцкі бытавыя тыпы. Разам з тым спецыфіку гэтых бытавых тыпаў нельга разглядаць у адрыве ад асноўных ідыялагем галоўнага шляхецкага бытавога тыпу,— іх носьбіты не супрацьпастаўлялі сябе «шляхецкаму народу», яго мадэльным, сацыямадэльным параметрам — паняццям вольнасці, асабістай годнасці, шляхецкай роўнасці, адданасці Айчыне, a таксама хрысціянскай (пераважна каталіцкай) рэлігійнасці. Гэтыя тыпажы мелі вызначаную, хаця і досыць хісткую, храналагічную мяжу, накладаліся адзін на аднаго. На працягу XVII—XVIII стст. адной з асноўных рыс
шляхецкага бытавога тыпу была з’ява, якую мы назавём мілітарызм і якая адпавядала галоўнаму рыцарскаму падмурку шляхецкіх псіхалогіі і жыцця.