Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка  Алесь Краўцэвіч, Алег Трусаў, Ніна Здановіч

Матэрыяльная культура Міра і Мірскага замка

Алесь Краўцэвіч, Алег Трусаў, Ніна Здановіч
Выдавец: Навука і тэхніка
Памер: 152с.
Мінск 1994
50.5 МБ
Касцёл перажыў некалькі сур’ёзных рамонтаў і перабудоў. У 1710 г. яго аднаўлялі, у 1865 г. у сувязі з узмацненнем русіфікацыі перарабілі пад царкву. Пад час знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы пабудова зноў была прыстасавана пад касцёл. Побач з касцёлам захаваўся двухпавярховы мураваны будынак плябані. Яго ўзвялі ў пачатку 17 ст., апошняя перабудова плябані была ў 1880 г.
Некалькі апошніх дзесяцігоддзяў касцёл стаяў закінуты, былі раскіданы пахаванні, размешчаныя ў яго сутарэннях, парушаны алтар і ўнутраная аздоба храма. У канцы 80-х гадоў быў распрацаваны праект рэстаўрацыі помніка. Зараз ён перададзены вернікам, якія арганізавалі рамонтныя работы з мэтай прыстасавання храма да правядзення богаслужэнняў.
Даследаваннямі A. М. Кушнярэвіча ў 1987 г. высветлена, што глыбіня залягання падмуркаў касцёла 2,8 м. Падмуркі складзены з бутавага каменю, гэтаксама як і падмуркі плябані, званіцы, шпіталю пры касцёле.
Элементы добраўпарадкавання — брукаваныя дарожкі, выяўленыя A. К. Краўцэвічам у 1989 г.
Троіцкая царква ў Міры была збудавана з цэглы паміж 1533 і 1550 гг. Несумненна, яе першапачатковы выгляд моцна адрозніваўся ад сённяшняга. Значныя перабудовы царква перанесла ў другой палове 19 ст. і набыла воблік «мураўёўкі». Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гг. у ходзе праграмы русіфікацыі краю ўлады тэрмінова перараблялі цэрквы і некаторыя касцёлы ў так званым псеўдарускім стылі. Спачатку храм быў перабудаваны пасля пажару ў 1865 г. Затым у 1870-я гады над бабінцам узвялі трох’ярусную вежу-званіцу і пяць фальшывых купалаў над асноўным аб’ёмам будынка. Храм дзейнічае і сёння 6.
Да нашых дзён захаваўся ў пасёлку мураваны будынак талмудысцкай акадзміі, узведзены ў канцы 18—першай палове 19 ст. Вакол гандлёвай плошчы ў другой палове 19—пачатку 20 ст. утварылася вельмі шчыльная забудова з адна-, двухпавярховых дамоў, у якіх размяшчаліся майстэрні, лаўкі, а таксама жыллё гандляроў і рамеснікаў. Найбольшыя страты гэтая забудова панесла, як апавядаюць мясцовыя жыхары, пад час бамбёжак у другую святовую вайну і захавалася фрагментарна. На
4 Габрусь Т. В. Мірскі Мікалаеўскі касцёл//Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1993. С. 348.
5 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Гродзенская вобласць. Мн., 1986. С. 216.
6 Чарнатаў В. М. Мірская Троіцкая царква//Архітэхгура Беларусі: Энцыклапедычры дзведнік. Мн„ 1993. С, 347,
месцы некаторых разбураных дамоў сёння віднеюцца толькі рэшткі ганкаў. У 1983 г. непадалёк ад шурфа 20 мы выпадкова выявілі напаўзасыпаны падвал з цэлымі перакрыццямі, які застаўся ад аднаго з такіх дамоў. У шурфе 21 каля краю вул. Чырвонаармейскай выяўлены падмуркі мураванага дома канца 19—пачатку 20 ст. Пляцы на месцы разбураных дамоў зараз пустуюць. Відавочна, праект рэгенерацыі гістарычнага вобліку пасёлк.а павінен прадугледзець і аднаўленне страчаных частак гэтай забудовы, вельмі характэрнай для беларускіх гарадоў і мястэчак.
Пад час археалагічных раскопак на тэрыторыі пасёлка (кіраўнік A. К. Краўцэвіч) было выяўлена некалькі цікавых архітэктурных помнікаў. Яны даволі падрабязна апісаны ў адпаведнай частцы манаграфіі, прысвечанай пасёлку7. Археалагічныя апісанні дапоўнены інфармацыяй з інвентароў і ілюстраваны графі'чнымі малюнкамі. Каб не паўтарацца, мы ў гэтай працы размяшчаем толькі фотаздымкі знойдзеных пабудоў.
На тэрыторыі Міра ў многіх месцах, асабліва ў цэнтры пасёлка, у культурным слоі захаваліся рэшткі добраўпарадкавання гарадской тэрыторыі. Гэта каменныя брукоўкі. Самыя старажытныя з іх адносяцца да 17 ст., самыя познія — да пачатку 30-х гадоў 20 ст. (мал. 20). Найбольш дбайна сачылі за станам бруку на гандлёвай плошчы. Тут пад час шурфоўкі ў 1982 г. выяўлены чатыры слоі каменных бруковак плошчы (мал. 21). Ніжні слой датаваўся 17 ст., верхні — канцом 19—пачаткам 20 ст. Акрамя плошчы вымошчваліся брукам вуліцы, сцежкі і падворкі.
У 1982 г. каля паўднёвага ўскрайку плошчы на глыбіні 0,8 і 1,4 м ад дзённай паверхні выяўлены рэшткі вялікага мураванага будынка 17 ст. Захаваліся падмуркі сутарэнняў, якія мелі паўцыліндрычныя скляпенні. Апошнія абваліліся, ад іх засталіся толькі пяты. Над падмуркамі ў двух месцах прасочана некалькі радоў цаглянай муроўкі сценаў. Відавочна, гэты будынак выкарыстоўваўся працяглы час, бо над рэшткамі драўлянай падлогі, на глыбіні 2,97 м ад дзённай паверхні, прасочана каменная вымастка.
Пасля працягу раскопак будынка ў 1983 г. (мал. 22, квадрат 2, шурфы 6, 13) высветлілася, што сутарэнні мелі не менш чым дзве секцыі. У першай, выяўленай у 1982 г., рэшткі драўлянай падлогі размешчаны на глыбіні 3,85 м ад дзённай паверхні, на адной з дошак знойдзены цэлы (адсутнічаюць толькі ручкі) паліваны керамічны кубак 17 ст. У другой секцыі (квадрат 2, шурфы 6, 13) рэшткі падлогі прасочаны на глыбіні 3,22 м, а ніжні край падмурка сцяны залягае на глыбіню 3,3 м. Вышэй падлогі насыпаны слой жоўтага пяску, на якім і пакладзена брукоўка. Першапачатковая версія адносна прызначэння пабудовы звязана з ідэнтыфікацыяй яе з ратушай8. Гэтаму садзейнічаюць памеры будынка, кампазіцыйнае размяшчэнне — пасярэдзіне паміж касцёлам і царквой. Пісьмовыя крыніцы не пацвярджаюць гэтую версію, але і не выключаюць яе. Таму пытанне аб месцазнаходжанні Мірскай ратушы, як і ідэнтыфікацыя выяўленага будынка, застаецца адкрытым.
Да ліку важных адкрыццяў належыць выяўленне пры раскопках горна для абпалу керамічных вырабаў (шурф 18, раскоп 2) і побач з ім падмуркаў жылога дома, які меў кафляную печ (1984 г., раскоп 3). Блізкае размяшчэнне двух аб’ектаў, іх храналагічная тоеснасць дазволілі выказаць меркаванне аб тым, што гэта была сядзіба рамесніка-ганчара другой паловы 17 ст.
7 Краўцэвіч A. К., Якшук Г. М. Стары Мір. С. 34—46.
8 Кравцевнч A. К. ІІсследовання в г. п. Мнр Гродненской областн // Древностн Лнтвы н Белорусснн. Внльнюс, 1988, С. 141—144,
Горан выяўлены выпадкова ў шурфе 18, які быў закладзены на незабудаванай, заросшай травой пляцоўцы непадалёк ад будынка плябані. Пасля таго як на глыбіні 2,2 м ад дзённай паверхні выйшлі проста на слупок (дзед), які трымаў перакрыцце горна, выбарку шурфа спынілі і разбілі на гэтым месцы раскоп 2. У выніку ўдалося цалкам адкрыць рэшткі горна і адначасова атрымаць разрэз культурнага слою ў запаўненні ямы, у якой размяшчаўся горан (мал. 9 :	23). Дэталёвае апісанне
горна апублікавана ў кнізе «Стары Мір» 9, фотаздымкі і замалёўкі раскопу друкаваліся і ў іншых выданнях 10. Варта толькі дадаць, што ў ходзе выбаркі культурнага слою на раскопе над горнам, пачынаючы з глыбіні 0,4—0,6 м ад дзённай паверхні, трапляліся шматлікія фрагменты цэглы, несумненна, ад разабранага верху горна. Верхняя частка горнаў такой канструкцыі пасля загрузкі начыння, прызначанага на абпал, закладвалася, а пасля абпалу разбіралася.
Таксама A. К. Краўцэвічам дэталёва апісана і жылая пабудова (мал. 9 ://), знойдзеная ў пяці метрах ад горна (раскоп 3). Найбольш каштоўнай часткай пабудовы з’яўляецца кафляная печ другой паловы 17 ст,—адзіная такая знаходка на Беларусі (мал. 9 : //; 24; 25).
У 1988 г. A. ККраўцэвічам былі праведзены спецыяльныя даследаванні абарончых умацаванняў пасёлка. Ім папярэднічала выпадковае выяўленне ў 1987 г. пад час праводкі водаправоднай траншэі рэшткаў цагляных і каменных муровак на вуліцах Першамайскай (былая Слонімская) і Чырвонаармейскай (былая Віленская). Паколькі муроўкі былі знойдзены на ўзбочыне вуліц, стала зразумелым, што гэта рэшткі сярэднявечных мураваных брамаў — адпаведна Слонімскай і Віленскай. Па пісьмовых крыніцах вядома, што ўсяго ў горадзе было чатыры брамы. Археолагі даследавалі Віленскую браму, акрамя таго, быў арганізаваны пошук брамы, якая стаяла на выездзе да Менска (Менская). Месцазнаходжанне Нясвіжскай брамы можна было акрэсліць даволі дакладна і без раскопак, бо з усходняга боку паселішча абмежавана ракой. Праз нейкі час каля ракі перад мостам камунікацыйнай траншэяй і былі выяўлены руіны Нясвіжскай брамы.
Віленская (мал. 26) і Менская (мал. 27) брамы вывучаліся з дапамогай траншэй 3 і 4, закладзеных на ўзбочынах вуліц уздоўж праезджай часткі. Даўжыня бакавой сцяны Віленскай брамы 10,9 м, шырыня — 1,9 м; даўжыня сцяны Менскай брамы 8,7 м. Атрымана каштоўная інфармацыя аб глыбіні залягання падмуркаў, шырыні сцен і агульнай шырыні пабудоў. Дакладна акрэсліць памеры брамаў не ўдалося, бо асноўныя іх аб’ёмы залягаюць пад праезджай часткай. Асобная траншэя 1 была закладзена з мэтай прарэзкі рэшткаў гарадскога вала, які на сённяшні дзень на паверхні зямлі амаль не прасочваецца. Траншэя прарэзала частку асновы вала і частку абарончага рова п. He знойдзена ніякіх слядоў муроўкі, што яшчэ раз пацвердзіла памылковасць версіі аб наяўнасці ў Міры мураванай абарончай сцяны, яікая ўзнікла з-за недакладнага сказу ў працы Ю. Барташэвіча 12.
У выніку археалагічных раскопак стала магчымым зразумець і пра-
9 Краўцэвіч A. К-, Якшук Г. М. Стары Мір. С. 38—40.
10 Трусов О. А., Чернявскнй й. М., Кравцевнч A. К. Архнтектурно-археологнческне нсследовання Мнрского замка н городского поселка Мнр Гродненской областн. С. 219; Краўцэвіч А. Майстар ■—наш продак. Мн., 1990. С. 23; Ён жа. Гарады і замкі Беларускага Панямоння. С. 121.
11 Краўцэвіч A. К., Якшук Г. М. Стары Мір. С. 44—46.
I2 Bartaszewicz I. Zamek Bialski, Lwow, 1881. S. 44.
сачыць некаторыя асаблівасці фарміравання культурнага слою і адпаведна заканамернасці тапаграфічнага развіцця сярэднявечнага Міра. У першую чаргу гаворка ідзе аб прынцыпах размяшчэння шэраговай драўлянай забудовы і кампаноўкі гарадскіх сядзібаў. Так, высветлена, што каля гарадскога вала ў сярэднявеччы не ставілі будынкаў — тут размяшчаліся агароды. Зараз, калі валоў ужо няма, на іх месцы стаяць дамы. Сядзібы гараджан даўней мелі форму, блізкую да выцягнутага прамакутнііка, і вузкім канцом былі звернуты да вуліцы. Сядзіба складалася з жылой і некалькіх гаспадарчых пабудоў. Да вуліцы выходзілі жылыя дамы, за імі размяшчаўся двор, яшчэ глыбей ставілі гаспадарчыя пабудовы, а за імі агароды.
Мы спадзяёмся, што праз пэўны час, калі справа дойдзе да рэгенерацыі гістарычнай планіроўкі Міра, спатрэбіцца здабытая намі інфармацыя і будуць арганізаваны новыя даследаванні.