Мэфіста
Раман адной кар’еры
Клаўс Ман
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 389с.
Мінск 2006
— Як пажываеце, мой дарагі Гёфген? — прыветліва ўсміхаючыся, спытаўся міністр прапаганды ў дырэктара.
Дырэктар таксама заўсміхаўся, але не тое каб ужо і да вушэй, а стрымана, здавалася, як бы нават гаркава.
— Дзякую, гер міністр!
Ён гаварыў ціха, крыху пявуча, але вельмі акцэнтавана. Міністр усё яшчэ не выпускаў яго рукі са сваёй.
— Mary я спытацца пра здароўе вашай фраў жонкі? — сказаў.
I тут ужо яго высокі суразмоўца мусіў напусціць на сябе сур'ёзу.
Сённяшнім вечарам ёй трошкі нездаровіцца, — адказаў ён, выпускаючы руку сенатара і дзяржаўнага радцы.
А той спагадліва:
— О, вельмі шкада.
Натуральна, ён ведаў як, зрэшты, і ўсе ў гэтай зале, — што жонка міністра прапаганды ўся звялася, духоўна і фізічна, ад зайздрасці да жонкі прэм'ер-
‘Ад французскага «rencontre» — сустрэча.
міністра. А як што сам дыктатар быў нежанаты, дык вянчаная жонка шэфа рэкламы выбілася ў першыя дамы рэйха, і гэтую богаспадобную функцыю яна выконвала прыстойна і з годнасцю, чаго не мог бы аспрэчыць нават яе смяротны вораг. А тут выплыла нейкая Лота Ліндэнталь, сярэдняй рукі актрыска — ужо і не першай свежасці, і прыбрала замужжам ахвочага да бляску таўстуна. Жонка міністра прапаганды не апісаць, як пакутавала. Гэта ж трэба! Аспрэчваецца яе права на ролю першай дзяржаўнай дамы! Наперад прадзіраецца другая! 3 камедыянткай цацкаюцца так, быццам уводзяць культ уваскрэслай каралевы Луізы! He дзіва, што кожнага разу, калі нешта ладзілася ў гонар Лоты, шэф-рэкламіха так моцна злавалася, што тут жа даставала мігрэні. Вось і сёння ўвечары яна засталася ў ложку.
— Вашай фраў жонцы было б тут, вядома, прыемна. — На твары ў Гёфгена ўсё яшчэ заставаўся выраз урачыстасці. У словах не было ніякай іроніі. — Шкада, што фюрэру давялося адмовіцца. Англійскі і французскі паслы таксама не змаглі прыбыць.
Гэтымі словамі, сказанымі самым мяккім тонам, Гёфген выдаваў свайго сапраўднага сябра і патрона — прэм'ер-міністра, якому быў абавязаны ўсім сваім поспехам, — раўнівага міністра прапаганды трэба было на ўсякі выпадак мець у запасе.
Спрытны кульгавец давяральна спытаўся, не без пагарды:
— А як тут настрой увоіуле?
Дырэктар дзяржаўных тэатраў адказаў стрымана: — Здаецца, усім весела.
Абодва высокія саноўнікі прыцішылі голас: вакол іх
стаўкліся цікаўныя, збегліся і фатографы. Гарматная фабрыканціха шапнула П'еру Ляру, які ў захапленні паціраў на грудзях бледныя кашчавыя рукі:
— Наш адміністратар і міністр, праўда ж — цудоўная пара? Абодва такія значныя асобы! I абодва такія прыгожыя!
Яна ціснулася сваім пышным, упрыгожаным бюстам да кволага цельца карліка. Далікатны гальскі нізкапаклонец германскага гераізму, статных маладзёнаў, фюрэравых ідэй і высокіх арыстакратычных імёнаў спалохаўся задышлівай блізкасці аж такой ёмістасці жаночай плоці. Ён паспрабаваў адсунуцца, шчабечучы:
— Exquisite! Вельмі charmant*! Непараўнальна!
Рэйнландка ўрачыста настойвала:
— Наш Гёфген — гэта сапраўдны мужчына, паверце мне! Геній, другога такога пашукай — ні ў Парыжы, ні ў Галівудзе! Такі спрадвечна-германскі дух, такі адкрыты, просты і сумленны! Я ведала яго яшчэ, калі во-о-о такім хлопчыкам бегаў. — I яна паказала рукою, якім маленькім бегаў Гендрык, калі яна, мільянерыха, ігнаравала на кёльнскіх дабрачынііых распродажах ягоную маці. — Цудоўны юнак! сказала яна яшчэ і так сэнсоўна паглядзела на Ляру, што той у паніцы даў лататы.
Гендрыку Гёфгену можна было б даць гадоў пяцьдзесят; але было яму толькі трыццаць дзевяць — неверагодна малады для такой высокай пасады. Бледны твар з акулярамі ў рагавой аправе выяўляў той каменны спакой, які ўмеюць напускаць на сябе нервовыя і вельмі славалюбныя асобы, ведаючы, што за імі назіраюць
’Чароўна! ... цудоўна! (англ. і франц.).
збоку. Голы чэрап быў самай высакароднай формы. На аплылым, бледна-шэрым твары кідалася ў вочы перапапружаная, чуллівая і пакутлівая рыса, якая прабягала ад высока ўскінутых светлых броваў да запалых скроняў; апрача таго кідкія абрысы моцнага падбародка, які ён насіў ганарыста прыўздзёрта, так што прыгожая лінія паміж вухам і падбародкам толькі падкрэслівала адвагу і ўладарнасць. На шырокіх і бледных вуснах застыла шматзначная, адначасова пакеплівая і як бы ахвочая да спагады ўсмешка. За вялікімі люстранымі шкельцамі акуляраў ягоныя вочы мала калі можна было разгледзець: а калі ж, — дык адразу было відаць, што яны, пры ўсёй сваёй пільнасці, былі халодныя, як лёд, і пры ўсёй меланхалічнасці — жорсткія і калючыя. Гэтыя з зеленавата-шэрым адлівам вочы нагадвалі каштоўныя камяні, вельмі каштоўныя, якія, аднак, прыносяць няшчасце; і разам з тым нагадвалі прагныя вочы злой і небяспечнай рыбіны. — Усе дамы і большасць мужчын прызнавалі, што Гендрык Гёфген быў не толькі значны і надзвычай спрытны, але і варты подзіву, прыгожы мужчына. Па яго сабранай, з усвядомлена разлічанай прывабнасцю амаль застылай паставе і дарагім фраку можна было бачыць, што ён быў адназначна тлуставаты, асабліва ў вобласці клубоў і задняй часткі.
— Зрэшты, я павінен павіншаваць вас з вашым Гамлетам, дарагі мой, сказаў міністр прапаганды. — Фантастычнае дасягненне. Нямецкая сцэна можа ганарыцца вамі.
Гёфген крыху схіліў галаву, злёгку прыбраўшы да грудзей прыгожы падбародак: пад высокім бліскучым каўняром адкрыліся складкі шыі.
— Хто не можа справіцца з Гамлетам, той не варты называцца артыстам. У голасе прагучала элегантная сціпласць.
Міністру заставалася толькі канстатаваць:
— Вы сэрцам прачулі ўсю трагедыю.
Незвычайнае ўзрушэнне прабегла па зале.
У вялікіх сярэдніх дзвярах паявіліся генерал авіяцыі і яго жонка, былая актрыса Лота Ліндэнталь: бура воплескаў і гром воклічаў прывіталі іх. Праз людскі калідор, з якога несліся крыкі захаплення, велічна ступала светлазорная пара. Ніводзін цар ніколі не меў такога шыкарнага выхаду. Энтузіязм, здавалася, ліўся цераз берагі: кожны з дзвюх тысячаў экзальтаваных гасцей як мага гучнейшым крыкам і воплескамі хацеў засведчыць іншым і прэм'ер-міністру асабіста, што ён шчырым сэрцам прымае свята саракатрохгоддзя прэм'ерміністра, нацыі і дзяржавы. Крычалі: «Гох!», «Хайль!» і «Віншуем!». Кідалі кветкі, якія фраў Лота лавіла з грацыёзнай годнасцю. Аркестр граў вялікі туш. Міністр прапаганды пазелянеў ад злосці і нянавісці; але на гэта ніхто не звярнуў увагі, можа, акрамя толькі Гендрыка Гёфгена. Гэты стаяў нерухома: ён чакаў свайго патрона ў сабранай, вабна стрункай паставе.
Заключалі пары — у якіх фантастычных строях гэтым разам з'явіцца таўстун. А таго акурат собіла пакакетнічаць аскетызмам, і ён уразіў грамадскасць вельмі сціплым уборам. Бутэлечна-зялёная літоўка на ім глядзелася амаль як строгага крою хатняя куртка. На грудзях блішчала толькі зусім невялікая срэбраная ордэнская зорка.. У шэрых штанах яго ногі — звычайна ён хаваў іх пад доўгім поламі плашча — здаваліся асабліва магутнымі: быццам дзве калоны, на якіх ён паволі
рухаўся. Каласальныя памеры і манстрозная таўшчэзнасць нібыта створаныя былі дзеля таго, каб наганяць на ўсіх жудасць і багавейную пашану прынамсі, смяяцца з яго нікому рызыкі не ставала: у самага адважнага смех застываў у горле, калі ён уяўляў сабе, колькі крыві пралівалася па кожным кіўку гэтага мясасальнага монстра і колькі яшчэ пральецца ў яго гонар. На кароткай, мясістай шыі яго масіўная галава здавалася як бы аблітай чырвоным сокам: галава Цэзара, з якое злупілі скуру. На гэтым твары больш не было нічога чалавечага — нешта бясформнае з сырога мяса.
Прэм'ер-міністр велічна праносіў праз распраменены натоўп свой трыбух, велізарны выгін якога пераходзіў у грудзі. Прэм'ер-міністр выскаляўся.
Яго жонка Лота не выскалялася, яна раздорвала ўсмешкі, — ну, чыстая каралева Луіза, з галавы да ног. I яе сукенка, каштоўнасць якое склала прадмет дыскусіі дам, была пры ўсёй пампезнасці простая: гладка абцяканая, з блішчастай срэбнай тканіны, яна плаўна пераходзіла ў па-каралеўску доўті шлейф. А брыльянтавая дыядэма на залаціста-жоўтых валасах, перлы і смарагды на грудзях сваёй вагой і бліскучасцю перабіралі ўсё, чым толькі яшчэ можна было пазахапляцца на гэтым раскошным раўце. Грандыёзныя каштоўнасці правінцыйнай актрысы цягнулі на мільёны: гэтым яна была абавязана галантарэйнасці свайго сужэнца, які ахвотна бічаваў у публічных прамовах пышналюбства і карумпаванасць рэспубліканскіх міністраў і бургамістраў, і вернасці некалькіх забяспечаных і вылучаных падданых. Фраў Лота ўмела прымаць такія знакі ўвагі з грацыёзнай прастатой і з той непрэтэнцыёзнай палкасцю, якая прыносіла ёй славу наіўнай і мацярынс-
кай, вартай шанавання жонкі. Яна лічылася бескарыслівай, непадкупна чыстай. Яна ўвасобіла ў сабе ідэал нямецкай жанчыны. У яе былі вялікія, круглыя, крыху выпуклыя каровіныя вочы вільготна-прамяністага блакіту; прыгожыя русыя валасы і снежна-белыя грудзі.
Зрэшты, ужо і яна была крыху таўсматая — што зробіпі, у прэм'ерскім палацы кармілі хлебасольна і шырока. Расказвалі пра яе, з подзівам, што яна час ад часу заступалася перад мужам за яўрэяў з прыстойных колаў — праўда, тым не меней яўрэі касякамі валілі ў канцлагеры. Называлі яе добрым анёлам прэм'ерміністра; а тым часам пачвара не падабрэла ад яе заступніцтва. Адной з яе самых славутых роляў была лэдзі Мілфорд з шылераўскіх «Падступства і кахання»: утрыманка магута, якая ўжо больш не пераносіла бляску каштоўнасцяў і блізкасці князя, як даведалася, чым аплачваліся тыя каштоўныя камяні. Выступаючы ў дзяржаўным тэатры апошні раз, яна іграла Міну фон Барнгэльм: яна яшчэ раз дэкламавала, перш чым перабралася ў палац генерала ад авіяцыі, радкі паэта, якога яе муж і ягоныя прысцяжныя крэатуры цкавалі б і пераследавалі, калі б ён жыў сёння ў Германіі. Пры ёй абмяркоўвалі самыя жудасныя таямніцы татальнай дзяржавы: яна па-мацярынску ўсміхалася. Раніцай, калі яна какетліва падражнівала мужа, заглядваючы яму цераз плячо, яна бачыла перад ім на пісьмовым стале ў стылі рэнесанс смяротныя прыгаворы — і ён падпісваў іх; a ўвечары яна ўжо дэманстравала свае белыя грудзі і залацістую прычоску на оперных прэм'ерах альбо за прыгожымі сталамі выбраных, што былі ўдастоеныя знаёмства з ёю. Яна была недатыкальная, ніякіх нападак; бо нічога не падазравала, бо была сентыменталь-