Мэфіста Раман адной кар’еры Клаўс Ман

Мэфіста

Раман адной кар’еры
Клаўс Ман
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 389с.
Мінск 2006
76.54 МБ
— Вымятайцеся прэч! Я вам па-добраму кажу. Знізу
вас можа ўбачыць прыслуга. У любы момант сюды могуць увайсці мая жонка альбо маці. Вы сябе ставіце пад самую страшную небяспеку. I да таго ж марна. Ідзіце адгэтуль хутчэй! — раздражнёна ўсклікнуў Гендрык.
Але постаць у раме была нерухомая. Чалавек у акне замест таго, каб прыняць добрую раду Гёфгена, загаварыў голасам, які раптам загучаў глыбей і зусім спакойна:
— Раскажы сваім магутным сябрам, што Ота за гадзіну да смерці перадаў мне наступныя словы: «Я больш, чым калі-небудзь раней, перакананы ў нашай перамозе». Гэта было, калі на яго целе не заставалася жывога месца, калі ён ледзьве мог гаварыць, бо яго рот быў поўны крыві.
— Адкуль вы гэта ведаеце? — спытаўся Гендрык. Яго дыханне пачасцілася, зрабілася перарывістым, ён задыхаўся.
— Адкуль я гэта ведаю? — Наведнік зноў зясмяяўся — коратка, весела, жудасна. — Ад аднаго эсэсаўца, які да канца быў каля яго і які — наш чалавек.. Ён запомніў усё, што казаў Ота ў апошнюю гадзіну. «Мы пераможам!» — паўтараў ён увесь час.
Наведнік, абапіраючыся аберуч аб аконны карніз, перагнуўся наперад корпусам і пагрозліва глядзеў на гаспадара бліскучымі зялёнымі вачыма, падобнымі на вочы вар'ята.
Гендрык адхіснуўся, як абпалены полымем гэтым позіркам, і прахрыпеў:
— Навошта вы мне ўсё гэта расказваеце?!
— Каб пра гэта ўведалі твае высокія сябры! — са злой пераможнасцю ўсклікнуў незнаёмы. — Каб пра
гэта ведалі твае вялікія падлюгі! Каб пра гэта даведаўся гер прэм'ер-міністр!
Нервы ў Гендрыка не вытрымалі. Ён дзіўна затузаўся. Рукі ўзляталі ўгору, да твару, і зноў апускаліся, губы ўздрыгвалі, а вочы закочваліся..
Што ўсё гэта азначае?! — выціснуў ён з сябе, і на губах у яго выступіў шум. — Якая, зрэшты, мэта гэтага вашага тэатральнага жарту? Вы хочаце мяне шантажаваць? Хочаце грошай? Вось, калі ласка, бярыце. — Ён бяссэнсава палез у шаўковую кішэню свайго пеньюара, у якім быў толькі рэвальвер, але ні ў якім разе не грошы,— Ці вы толькі хочаце напалохаць мяне? Гэта вам не ўдасца! Вы думаеце, я дрыжу ад страху, што вы прыйдзеце да ўлады, бо, вядома, вы калі-небудзь захопіце ўладу ў свае рукі!
Дырэктар рухаў белымі, дрыготкімі губамі і мала што не пырхаў па пакоі.
— Наадварот! — крычаў ён рэзкім голасам, спыніўшыся пасярод пакоя. Вось тады я і буду сапраўды вялікі! Можа, вы думаеце, я на такі выпадак не застрахаваўся? Ого! — істэрычна крычаў дырэктар. — У мяне самыя лепшыя адносіны з вашымі коламі. Камуністычная партыя мяне цэніць, яна абавязаная мне многім!
У адказ саркастычны рогат.
— Каб жа не так, — усклікнуў той страшны ў акне. «Лепшыя адносіны з нашымі коламі!» He, міленькі, гэтая штука ў цябе не выйдзе! Мы навучыліся быць непрымірымымі, гер дырэктар, — і я сюды залез толькі дзеля таго, каб цябе інфармаваць: мы цяпер навучыліся непрымірымасці. У нас добрая памяць — у нас проста выдатная памяць, дружа! Мы нікога не забудзем — з
кожнага зышчацца! Мы ведаем, каго нам вешаць у першуто чаргу!
Тут Гендрык здолеў толькі віскнуць:
— Ідзі ты к чорту! Калі праз пяць секундаў вы не знікнеце, я клічу паліцыю — тады пабачым, каго з нас павесяць першага!
Дрыжучы ад шалу, ён хацеў чым-небудзь шпурнуць у страшыдла, але нічога прыдатнага для гэтага не знайшоў і садраў з носа рагавыя акуляры. 3 хрыплым лямантам шпурнуў гэтыя акуляры ў бок акна. Але нікчэмны снарад не пацэліў у праціўніка і з ціхім звонам разбіўся аб сцяну.
Жахлівы госць знік. Гендрык падбег да акна, закрычаў яму наўздагон.
— Я незаменны! — крычаў дырэктар у цёмны сад. — Я патрэбен тэатру, а любому рэжыму патрэбен тэатр! Ніводзін рэжым не абыдзецца без мяне!
Адказу не было; рыжабародага эквілібрыста ані следу. Здавалася, яго праглынуў начны сад. Начны сад шалясцеў чорнымі дрэвамі, цёмнымі кустамі, пабліскваў светлымі кветкамі. Сад водарыў, сад дыхаў прахалодаю. Гендрык выцер мокры лоб. Ён нагнуўся, падняў акуляры і сумна зазначыў, што яны разбітыя. Павольна, няцвёрдымі крокамі прайшоўся па пакоі, як сляпы, трымаючыся за мэблю; вочы замгліліся ад жаху, да таго ж, ім бракавала прывычных акуляраў.
Апускаючыся ў нізкі шырокі фатэль, ён адчуў, як бясконца стаміўся. «Вось гэта мне вечар!» — падумаў ён, адчуваючы глыбокую жальбу да сябе. Госпадзе, што давялося перанесці. «Такое падкосіць і самага моцнага чалавека. А я ж не самы моцны». Добра было б цяпер паплакаць. Але не хацелася б праліваць слёзы, якіх ніхто
не ўбачыць. Пасля ўсіх перажытых жахаў ён меў права разлічваць на суцяшальную блізкасць любімага чалавека.
«Я ўсіх страціў, — бедаваў ён. — Барбару, майго добрага анёла; і прынцэсу Тэбаб, цёмную крыніцу маёй сілы; і фраў фон Гэрцфэльд, вернага сябра, і нават маленькуто Ангеліку; усіх, усіх я страціў». У сваёй вялікай журбоце ён падумаў, што Ота Ульрыхс варты зайздрасці. Таму больш не трэба пераносіць боль; ён свабодны ад адзіноты ў гэтым горкім жыцці. Яго апошнія думкі былі поўныя веры і гордай перакананасці. I нават Міклас варты зайздрасці — Ганс Міклас, гэты ўпарцісты, апантаны маленькі вораг... Усе яны вартыя зайздрасці, яны ўмелі верыць. I ўдвая вартыя зайздрасці тыя, хто ў веры аддаў жыццё...
Як перажыць гэты вечар? Як пераадолець гэты час, поўны глыбокай разгубленасці, поўны страху і туті, блукання ў пустаце, блізкасці да роспачы? Гендрык падумаў, што наўрад ці яшчэ хоць некалькі хвілінаў перанясе такую адзіноту.
Ён ведаў, што наверсе, у сваім будуары, яго чакае жонка — Нікалета. Мабыць, у яе пад лёгкім шаўковым халатам высокія эластычныя боцікі з чырвонай скуры. Нагайка, якая ляжала на туалетным століку побач з пудраніцамі, пастамі і флаконамі, была зялёнага колеру. Нагайка ў Джульеты была чырвоная, a боты зялёныя...
Можна падняцца наверх да Нікалеты. Яна выгне ддя віншавання свае рэзкія губы; яна блісне кашэчымі вачамі і скажа што-небудзь жартаўлівае, выдатна артыкулюючы кожны склад. He, гэта не тое, чаго хацелася Гендрыку,— не тое, што яму так было трэба.
Ён апусціў рукі. Засмучаныя вочы спрабавалі разабрацца ў змроку пакоя. 3 цяжкасцю ўдалося пазнаць бібліятэку, вялікія фотаздымкі ў рамках, дываны, бронзу, вазы і карціны. Так, усё выглядала элегантна. Ён многага дасягнуў, ніхто не будзе гэта адмаўляць. Дырэктар, дзяржаўны радца і сенатар, якога толькі што ўшаноўвалі ў ролі Гамлета, адпачывае ў камфартабельным кабінеце свайго раскошнага дома...
Гендрык зноў застагнаў. Раптам адчыніліся дзверы. Увайшла фраў Бэла. Яго маці.
— Мне здалося, быццам я пачула галасы, — сказала яна. — У цябе былі госці, дарагі?
Ён павольна павярнуў да яе бледны твар.
— He, — сказаў ён ціха. — Тут нікога не было.
Яна ўсміхнулася:
— Гэта ж я так недачула!
Потым яна падышла да яго бліжэй. Толькі цяпер ён заўважыў, што яна на хаду нешта вязала. У яе ў руках была вялікая полка — мабыць, будучы швэдар ці шалік.
— Мне так шкада, што я сёння ўвечары не змагла быць у тэатры, — сказала яна, гледзячы на сваё вязанне. — Але ж ты ведаеш: у мяне мігрэнь, вельмі блага пачувалася. Як прайшоў спектакль? Вялікі поспех? Ну, раскажы!
Ён адказваў механічна і глядзеў, здавалася, міма яе. Але не, ён пажыраў яе вачыма з нейкай дзіўнай і рассеянай прагавітасцю:
— Так, поспех.
— Я так і думала, — кіўнула яна задаволена. — Але ты стомлены. Табе нядобра? Даць гарбаты?
Ён моўчкі паківаў галавою.
Яна села побач з ім на шырокі падлакотнік фатэля.
— У цябе такія дзіўныя вочы...— Яна заклапочана разглядвала яго. Дзе твае акуляры?
— Разбіліся.
Ён паспрабаваў усміхііуцца. Спроба не ўдалася. Фраў Бэла дакранулася пальцамі да яго лысай галавы.
— Як нядобра! — сказала яна, нахіліўшыся да яго.
I тут ён заплакаў. Ён нахіліўся наперад усім корпусам, уткнуўся лобам у калені маці. Плечы ўздрыгвалі.
Фраў Бэла прывыкла да нервовых прыпадкаў сына. Але тут яна спалохалася. Інстынкт падказваў ёй, што ў гэтага плачу іншыя, больш глыбокія і дрэнныя прычыны, што гэта не тыя маленькія прыступы, якія ён сам сабе часта дазваляў.
— Але што ж у цябе сталася, што?.. — гаварыла яна. Яе твар, такі падобны на твар яе сына, але як бы больш нявінны і разам з тым болын вопытны, быў каля ягонага твару. Яна адчувала на сваіх руках слёзы. Ён моцным рухам абхапіў яе за шыю, быццам хацеў за яе ўтрымацца. Яе прычоска растрапалася. Яна чула, як ён пыхціць і стогне. Сэрца яе разрывалася ад спагады. Спагадаючы, яна зразумела ўсё. Яна зразумела ўсю яго віну, яго вялікае банкруцтва і горыч ад непаўнаты раскаяння. Яна зразумела, чаму ён тут ляжыць і плача.
— Ну, Гайнц, — шаптала яна. — Ну, Гайнц, супакойся ж! He ўсё ж так страшна! Ну, Гайнц! — Пры гэтым звароце, пры гэтым імені юных гадоў, адкінутым яго фанабэрствам і пыхай, плач узмацніўся, але вось ён паступова аціх. I плечы супакоіліся. 1 твар ужо ціха пакоіўся на плячы ў фраў Бэлы.
Прайшла не адна хвіліна, перш чым ён памалу падняўся. На вейках яго віселі слязінкі, і шчокі яшчэ былі мокрыя, пераможны рот, які так многіх спакусіў, скры-
віўся, а высакародны падбародак, які ён умеў так горда падымаць у гадзіны перамогі, цяпер жаласна тросся. I, стоячы так, адкінуўшы стомлены, мокры ад слёзаў твар, раскрыліўшы рукі прыгожым, жаласным, бездапаможным жэстам, ён усклікнуў:
— I чаго ім усім ад мяне трэба? Чаго мяне пераследуюць? Чаму ўсе такія жорсткія? Я ж усяго толькі самы звычайны актор!
ЗМЕСТ
Пралог. 1936 	5
I.	«Г. М.»	28
II.	Урок танца	59
III.	«Кнорке»	82
IV.	Барбара	112
V.	Сужэнец	144
VI.	«Немагчыма апісаць...»	185
VII.	Пакт з д'яблам	227
VIII.	Па трупах	263
IX.	Па многіх гарадах	292
X.	Пагроза	326
Ман Клаўс.
М 23 Мэфіста /Пер. з нямецкай В. Сёмухі.— Мн.: Выдавец Зм. Колас, 2006.— 389 с.— (Літаратурная скарбонка) ISBN 985—6783-05-4
Раман «Мэфіста» (1936) адзін з асноўных твораў Клаўса Мана (1906 1949), пісьменніка і журналіста, сына славутага Томаса Мана. Прататып галоўнага героя — яго сябар актор, але, па сутнасці, гэта гісторыя адной кар’еры таленавітага мастака, артыста, ва ўмовах таталітарнага рэжыму.
Адрасуецца шырокай чытацкай аўдыторыі.
ББК 84 (4) Ням
Літаратурна-мастацкае выданііе
Клаўс Ман
Мэфіста
Адказны за выпуск Зміцер Колас
Падпісана да друку 03.03.2006. Фармат 70x100 V32Папера афсетная.
Гарнітура Балтыка. Друк афсетны. Ум. друк. арк. 15,93. Ум. ул.-выд. арк. 14,3.