Мэфіста Раман адной кар’еры Клаўс Ман

Мэфіста

Раман адной кар’еры
Клаўс Ман
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 389с.
Мінск 2006
76.54 МБ
Зрэшты, як бы няўдала ні выглядала Нікалета на сцэне, яна не страціла б павагі ў калегаў і прэсы. Бо яна лічылася сяброўкай дырэктара. Усе ведалі, што яна мае ўплыў на вялікага чалавека. Усе афіцыйныя гасціны і прыёмы яна адбывала разам з ім. Яна была з ім і на бале прадстаўнікоў прэсы, звінела панцырам металічнага вячэрняга туалету.
Якая пара — Гендрык і Нікалета! Два злавесныя, прывабныя, небяспечныя боствы апраметнай. Паэту Бэньяміну Пэльцу прыйшла ў галаву ідэя назваць іх Абэронам і Тытаніяй.
— Вы правіце баль, падземныя ўладыкі! — захапляўся лірык, ддя якога дыктатура расізму асацыявалася з нейкім крывава-фантастычным варыянтам «Сну ў летнюю ноч». — Вы чаруеце нас сваімі ўсмешкамі, сваімі дзівоснымі вачамі. Ах, з якой асалодай мы давяраемся вам! Вы ведзяце нас у падзямелле, у самыя глыбокія
нетры, у магічную пячору, дзе кроў струменіцца са сцен, дзе хаўрусуюцца адзін з адным ворагі, а каханкі забіваюць адзін аднаго, дзе каханне, смерць і кроў змешваюцца ў вакхічным прычасці.
Такі быў вытанчана-ўзнёслы стыль новагерманскага свету. Паэт Бэньямін Пэльц ствараў новы стыль. Калісьці яго лічылі крыху не таго, а цяпер ён рабіўся ўсё больш свецкім і спрытным. Ён хутка асвойтаўся з норавамі вышэйшых колаў, доступ да якіх яму адкрывала звышмадэрновая любоў да самых глыбокіх нетраў, магічных пячораў і салодкага паху гніення. Ён кіраваў справамі акадэміі пісьменнікаў у якасці віцэпрэзідэнта; пакуль сам прэзідэнт Цэзар фон Мук выконваў місіянерскі абавязак за мяжой, у «Гендрыкхоле» Бэньяміна прымалі як блізкага сябра. Разам з герамі Мюлер-Андрэа, доктарам Ірыгам і П'ерам Ляру ён зрабіўся заўсёднікам у Грунэвальдзе.
Усе кавалеры лічылі за гонар і прыемнасць цалаваць ручку выдалікачанай фраў Бэле і бажыцца фройляйн Ёзі, што яна чароўная. ГТер Ляру крыху прыпадфліртоўваў з маленькім Бёкам. Асабліва вясёлыя выпадалі гадзіны, калі характарны актор Ёахім прыязджаў са сваёй пацешнай жонкай, піў шмат піва, складваў мясісты твар у вельмі выразныя складкі і паўтараў:
— Хлопчыкі, гаварыце сабе што хочаце, але нідзе ў свеце няма такога цудоўнага куточка, як Грунэвальд.
Часам Ёахім адводзіў каго-небудзь у кут і бажыўся, што ў яго «паклаўшы руку на сэрца» ўсё ў парадку!
— Некалькі дзён назад я дабіўся, каб арыштавалі яшчэ аднаго тыпа, які казаў іншае, — гаварыў характарны актор і мружыў маленькія хітрыя вочкі.
Часам паяўлялася Ангеліка Зіберт, праўда, яна змя-
ніла прозвішча. Бо выйшла замуж за свайго кінарэжысёра. Малады муж быў відны з сябе: пышныя каштанавыя валасы, цёмна-сінія сур'ёзныя і вялікія вочы. Ён — адзіны ў гэтай кампаніі вылюдкаў — выглядаў так, як прастадушнае сэрца ўяўляе сабе германскага героя, юнака-рыцара без страху і дакору. Але менавіта ён нечакана праяўляў апазіцыйныя схілкі. Яго дзіцячалетуценны розум не згаджаўся з тым, што сталася ў Германіі. Спачатку ён быў у захапленні ад нацыстаў. Тым большая была яго расчараванасць. Свае недаўмёныя, сур’ёзныя, настойлівыя роспыты ён звяртаў да Гепдрыка, талентам і майстэрствам якога шчыра захапляўся.
— У вас жа ёсць уплыў у высокіх сферах, — казаў малады чалавек. — Няўжо нельга прадухіліць самыя страшныя злачынствы? Ваш абавязак звярнуць увагу прэм'ер-міністра на ўмовы ў канцлагерах.
Светлы, сумленны твар маладога рыцара без страху і дакору чырванеў, калі ён гаварыў гэта.
Гендрык стомлена ківаў галавой.
— Чаго ж вы хочаце, юны дружа? — казаў ён незадаволена. — Чаго вы патрабуеце ад мяне? Хочаце, каб я парасонам стрымаў Ніягарскі вадаспад? Вось так яно, — заканчваў ён зухавата, быццам начыста абверг субяседніка і схіліў яго на свой бок. — Вось так яно, братка! — I пры гэтым сцярвозна ўсміхаўся.
Часам дырэктару падабалася крута мяняць тактыку. Цынічна, задзірыста ён раптам адмаўляўся ад усякіх апраўданняў; твар яго ішоў чырвонымі плямамі — але тое, праўда, не ад сораму, — ён рагатаў, бегаў па пакоі і жаласна, але ж і пераможна выкрыкваў:
— Ну, ці не мярзота я? Ці ж не дзівосны нягоднік я?
Сябры пацяшаліся, Ёзі пляскала ў далоні ад радасці. Але малады рыцар без страху і дакору глядзеў на яго са строгім і непрыступным выразам, Ёганэс Леман, пабліскваючы вачыма, журботна ўсміхаўся, а Ангеліка сумна і збянтэжана глядзела на свайго сябра, праз якога праліла столькі гарачых слёз.
Зразумела, Гендрык ніколі не гаварыў ні пра цяжкасці Ніягарскага вадаспада, ні пра сваю дзівосную подласць пры гасцях, якія стаялі надта блізка да ўлады альбо і належалі да яе. Нават пры графе Донэрсбэргу дырэктар асцерагаўся неасцярожных словаў. Але ён умеў спалучаць асцярожлівасць з бліскучай весялосцю, калі яго дарыла візітам Лота Ліндэнталь.
Светлавалосая матрона не так ужо й рэдка наведвалася ў «Гендрык-хол» на партыю настольнага тэнісу альбо патанцаваць з гаспадаром. Але затое якое гэта было кожнага разу свята! Матухна Бэла выстаўляла ўсе скарбы сваіх кладовак, Нікалета рассыпала кампліменты фіялкавым вачам знакамітай дамы, П'ер Ляру не заўважаў маленькага Бёка, і нават тата Кёбес кідаў позіркі праз шчыліну ў дзвярах на цыцастую даму, якая напаўняла ўсю вілу сваім срэбраным, дзявоцкім, задзірыстым смехам.
Але хто гэта выходзіць з велізарнага лімузіна, які з пагрозлівым рыкам спыніўся каля партала «Гендрыкхола»? Перад кім гэта расчыніліся дзверы? Хто грукоча шабляй у прыхожым пакоі? Хто ўносіць велізарны жываціска над калонамі ног і велічна выгнутыя грудзі, разблішчаныя ордэнамі, у богавыбранае сходзішча? Гэта ён, таўшчэра, які мечам ахоўвае боскі трон. Ён прыйшоў, каб забраць сваю Лоту і ўзычыць свайму Мэфіста добрай ночы.
Ліндэнталь кідаецца яму на шыю. А фраў Бэла, дарма што не млеючы ад гонару і хвалявання, вымаўляе — і гэта гучыць, як стогн:
— Ваша эксэленцыя, гер прэм'ер-міністр, ці можна вам што-небудзь прапанаваць? Што-небудзь асвяжальнае? Можа, келіх шампанскага?
Многія з'язджаліся ў «Гендрык-хол», прывабленыя славай і гасціннасцю гаспадара, смачнай кухняй, вінным склепам, тэніснымі кортамі, рэдкаснымі грамафоннымі плытамі, раскошнай абстаноўкай. Многія бавілі тут прыемныя дзённыя і вечаровыя гадзіны: артысты і генералы, лірыкі і высокія чыны, журналісты і дыпламаты, утрыманкі і камедыянты. Але тыя некалькі чалавек, якія ранейшым часам былі даволі з'інтымненыя з Гендрыкам Гёфгенам, не мелі ўдзелу ў яго цяпершніх вясёлых і раскошных прыёмах. Генераліха не паказвалася ў «Гендрык-холе». Марна чакала фраў Бэла яе візітоўкі. Пажылой даме давялося прадаць свой маёнтак і пасяліцца ў цеснай кватэрцы непадалёк ад Тыргартэна. Яна ўсё больш і больш трацілася сувязь з берлінскім бамондам, дзе калісьці грала такую бліскучую ролю.
— Мне не цікава бываць у дамах, дзе я ў любы момант магу напароцца на забойцаў, злачынцаў і вар'ятаў, — гаварыла яна горда і апускала ларнет, у які разглядвала суразмоўцу. Няўжо яна падазравала, што і ў «Гендрык-холе» рызыкуе сустрэць крымінальнікаў і да таго падобных персанажаў, — падазрэнне не толькі беспадстаўнае, але і злачыннае! Гаворка ж ішла пра дом, дзе пастаянна бывалі члены ўрада.
I яшчэ адзін чалавек трымаўся зводдаль ад уладан-
няўдырэктара — Ота Ульрыхс. Яго і не запрашалі, ды ён наўрад ці прыняў бы запрашэнне. Ён быў вельмі заняты, і заняты так, што гэта патрабавала напругі ўсіх фізічных і душэўных сілаў, ды і вобраз Гендрыка, які так доўга і верна жыў у сэрцы Ульрыхса, паступова мяняўся. Да Гёфгена ён меў вялікі і непахіспы давер.
— Гендрык — наш! — казаў ён цёплым перакананым голасам кожнаму, хто хоць крыху сумняваўся ў маральнай і палітычнай сумленнасці яго сябра.
«Гендрык — наш»... Ці верыў Ота Ульрыхс у гэта сёння? Ён пакончыў з многімі ілюзіямі, у тым ліку з тымі, якія тычыліся Гендрыка Гёфгена. Ён ужо не быў дабрадушны, ён не быў мяккі. Ягоны погляд змяніўся, стаў сур'ёзны, мала што не грозны. 3 вачэй прапала даверлівасць. Яны пачалі дакладна ўзважваць, паспакайнелі, зрабіліся больш пранікальныя. У іх свяцілася сіла.
У Ота Ульрыхса цяпер быў выраз твару, які як бы напружана прыслухоўваецца, былі імклівыя рухі чалавека, які ўвесь час павінен быць напагатове. А так было ці не ўвесь час. Бо Ота Ульрыхс вёў небяспечную гулыію.
Ён заставаўся акторам Дзяржаўнага тэатра, але толькі дзеля таго, каб следаваць парадзе, якую даў яму Гендрык, — хоць той, трэба меркаваць, даваў яе не на поўным сур'ёзе, — выкарыстаць сваё становішча ў афіцыйнай інстытуцыі як свайго роду тылавое прыкрыццё, каб ухіліцца ад занадта пільнага назірання і кантролю агентамі гестапа. Прынамсі, такая ў яго была надзея, такі быў разлік. Магчыма, ён памыляўся. Магчыма, за ім сачылі і толькі на нейкі час давалі магчымасць дзейнічаць, каб потым з большай пэўнасцю
схапіць, сабраўшы супроць яго як мага больш доказаў. Ульрыхс не верыў, што на яго след напалі. Члены трупы, якія спачатку недаверліва яго абыходзілі, цяпер прымалі сардэчна. Яму ўдалося прыхіліць іх да сябе мужным, простым і вясёлым норавам. Ён жа вывучыў майстэрства маскіроўкі. Мэтанакіраванасць, воля, палымяная гатовасць да любых ахвяраў зрабілі яго хітрым. Ён нават навучыўся жартаваць з Ліндэнталь. Ён запэўніваў характарнага актора Ёахіма, што не мае абсалютна ніякіх сумненняў у яго расавай чысціні. Ён дэманстрацыйна вітаў рабочых сцэны прадпісанай формулай «Хайль!», за якой следавала ненавіснае імя дыктатара. Калі ў ложы сядзеў прэм'ер-міністр, Ульрыхс сцвярджаў, што ў яго грукоча сэрца ад хвалявання, ён жа грае перад такім вялікім чалавекам. Сэрца ў яго сапраўды грукатала, але ад гонару і страху. Бо, калі Ульрыхс выходзіў за кулісы пасля сваёй рэплікі, рабочы сцэны, з якім ён быў у змове, шапнуў нешта наконт падпольнага сходу. Ці не на вачах у страшнага таўстуна, самага галоўнага, увешанага ордэнамі ката гэты маленькі артыст, які прайшоў жахі катаванняў і лагера, адважваўся працягваць падрыўную працу.
Сустрэча з жахамі толькі на кароткі час паралізавала ягоныя сілы. У першыя тыдні пасля выйсця з пекла ён быў у стане здранцвеласці, яго вочы бачылі тое, чаго не можа ўбачыць ніякі чалавечы позірк, не мглеючы ад гора: абсаліотна аголеную, абсалютна расцугляную, арганізаваную з жудаснай педантычнасцю подласць; абсалютную і ўсеабдымную подласць, якая, збыткуючы з безабаронных, сур'ёзна праслаўляе «патрыятычнае дзеянне» як «маральнае перавыхаванне разбуральных антынародных элементаў», як высока-