Мэфіста Раман адной кар’еры Клаўс Ман

Мэфіста

Раман адной кар’еры
Клаўс Ман
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 389с.
Мінск 2006
76.54 МБ
бліскучыя, усмешлівыя, навекі звязаныя адно з адным, як навекі звязаныя двое здраднікаў, двое злачынцаў. А повязі, якія лучаць аднаго вінаватага з друтім, абарочваюцца не каханнем, а нянавісцю.
Тым часам як культурны сенат ладзіў інтымныя таварыскія вечарыны, тым часам як вялікія людзі краіны ў вестыбюлях гатэляў збіралі сціплыя ахвяраванні сваім знемагаючым братам па крыві (на гэтыя сродкі, дарэчы, фінансавалася прапаганда Трэцяга рэйха за мяжой). Тым часам, як святкаваліся вяселлі, спяваліся песні і гаварылася процьма розных казаняў, — рэжым татальнай, мілітарысцкай дыктатуры буйнога капіталу ішоў сваёй дарогай, высланай трупамі.
Іншаземцы, якія праводзілі тыдзень у Берліне альбо некалькі дзён у правінцыі, англійскія лорды, венгерскія журналісты альбо італьянскія міністры славілі бездакорную чысціню і парадак, што якраз кідалася ў вочы ў раздушанай краіне. Ім здавалася, што тут ува ўсіх вясёлыя твары; яны зазначалі: фюрэра любяць, ён любімец цэлага народу, апазіцыі няма. Тым часам апазіцыя ў самым цэнтры партыі зрабілася настолькі моцнай і пагрозлівай, што страшэнны трыумвірат — фюрэр, таўстун і кульгавы вымушаныя былі маланкава ўмяшацца. Чалавек, якому фюрэр быў абавязаны арміяй, якога міністр прапаганды яшчэ заўчора спакушаў чароўнай усмешкай і якога кіраўнік дзяржавы яшчэ ўчора называў сваім «самым верным таварышам», быў аднойчы сярод ночы выцягнуты асабіста фюрэрам з пасцелі і праз некалькі гадзін расстраляны. Але перш чым грымнуў стрэл, месія ўсіх германцаў і яго «самы верны таварыш» зрабіліся ўдзельнікамі сцэны, наўрад
ці тыповай для высокапастаўленых асобаў. «Самы верны таварыш» гарлаў на месію:
— Ты гіцаль, прадажнік — вось хто ты!
Ён дазволіў сабе гэтую шчырасць, бо адчуў, што прабіла яго апошняя гадзіна. Разам з ім памерлі сотні іншых старых сяброў партыі. якія зрабіліся занадта наравістымі і непаслухмянымі. Тады ж забілі і некалькі сотняў камуністаў, і, такім чынам, забойствы сталіся даволі маштабнай з'явай. Таўстун, кульгавы і фюрэр прыбралі заадно і ўсіх тых, на каго асабіста мелі зуб, альбо тых, ад каго чакалі непрыемнасцяў у будучым: генералаў, пісьменнікаў, старых прэм'ер-міністраў у адстаўцы — розніцы паміж імі не рабілі, часам за кампанію расстрэльвалі і жанок — хай коцяцца галовы, — фюрэр заўсёды так гаварыў. I вось гадзіна прабіла. Пазней згадвалася пра «невялікую чыстку»; лорды і журналісты знаходзілі, што фюрэр мае проста звышнатуральную вытрымку: ён такі мяккі чалавек, любіць жывёл, не дакранаецца да мяса; і вось не міргнуўшы вокам глядзіць, як канаюць самыя верныя яго сябры. Народ пасля гэтай крывавай оргіі, здавалася, палюбіць божага пасланца яшчэ мацней, і рассеяныя па краіне адзіночкі, што адчулі жах і агіду, адчуюць сябе сіротамі. «Дажыў жа я да таго, — скардзіўся калісьці доктар Фаўст, — што хваляць нахабных забойцаў».
Пакаціліся галовы юных дзяўчатак-арыстакратак, пра іх шапталіся, што яны камусьці выдалі сакрэты таталітарнай дзяржавы. Пакаціліся галовы мужчын, якія не ведалі на сабе ніякай віны, апрача той, што яны не маглі адмовіцца ад сваіх сацыялістычных поглядаў, але ж і месія, які загадаў іх забіць, называў сябе сацыялі-
стам. Месія гаварыў, што ён за мір, і таму катаваў пацыфістаў ў канцэнтрацыйных лагерах. Іх забівалі, родным адсылалі урны з попелам разам з паведамленнем, што пацыфісцкі вылюдак павесіўся ці забіты пры спробе ўцячы. Нямецкая моладзь паўтарала слова «пацыфіст» як лаянку; нямецкай моладзі не трэба было болей чытаць ні Гётэ, ні Платона, яе вучылі страляць, кідаць бомбы; моладзь млела па начных ваенных вучэннях; калі фюрэр балбатаў пра мір, моладзь разумела, што гэта не сур'ёзна. Ваенізаваная, дысцыплінізаваная, вымуштраваная моладзь ведала толькі адну мэту, мела толькі адну перспектыву: рэванш, захопніцкую вайну. Эльзас-Латарынгія — нямецкая зямля, Швейцарыя — нямецкая зямля, Галандыя — нямецкая зямля, Чэхаславакія — нямецкая зямля, Украіна — нямецкая зямля, Аўстрыя — о! Аўстрыя адмыслова нямецкая зямля — гэта і так ясна. Германія павінна вярнуць сабе калоніі. Уся краіна ператвараецца ў ваенны лагер. Ваенная прамысловасць ў росквіце. Суцэльная перманентная мабілізацыя. I замежжа не можа адвесці вачэй ад уражлівага, вусцішнага спектакля. Так і трусік глядзіць на змяю, гатовую вось-вось яго праглынуць.
Але пры дыктатуры ўмеюць весяліцца. Папулярны лозунг «Радасць дае сілу»; ладзяца народныя гульбішчы. Саар — нямецкая зямля — народнае святкаванне. Таўстун жэніцца нарэшце са сваёй Ліндэнталь, дазваляе адорваць сябе мільённымі дарункамі — народнае святкаванне. Германія выходзіць з Лігі нацыяў, Германія зноў «абароназдольная» — суцэльныя народныя святкаванні. Народным святам робіцца кожнае парушэнне дагавору — хай тое Версальскі дагавор. хай
дагавор у Лакарна, — кожны абавязковы «плебісцыт». Асабліва працяглыя святы гэта цкаванні яўрэяў і выстаўленне да ганебнага слупа тых дзяўчат, якія выкрыты ў «ганьбе забруджвання расы»; пераследы каталікоў, якія, як цяпер стала вядома, заўсёды былі не намнога лепшыя за яўрэяў і супроць якіх ладзілі блазенскія «валютныя працэсы», прыдраўшыся да дробязі, тым часам як нацыянальныя правадыры прадавалі за мяжу цэлыя маёнткі; пераследы «рэакцыі», прычым пад гэтым словам нічога пэўнага не мелася на ўвазе. Марксізм выкарчаваны, але застаецца ўсё ж небяспекай і зачэпкай да масавых працэсаў; нямецкая культура «ачышчана ад яўрэяў», але затое зрабілася такой нуднай, што ніхто пра яе нічога і ведаць не хоча; масла не хапае, але гарматы — важней; у дзень першага мая, ранейшага свята пралетарыяту, нейкі прапіты доктар — набрынялы шампанам труп — распісвае радасці жыцця. Ці не стамляецца народ ад такой пропадзі сумніўных святаў? Можа, ён ужо стаміўся. Можа, ён нават стогне. Але грукат мегафонаў і мікрафонаў пакрывае крыкі і скаргі.
Рэжым ідзе і ідзе сваёй крывавай дарогай. Абапал — трупы, трупы...
Хто супрацівіўся, ведаў, чым рызыкуе. Хто гаварыў праўду, павінен быў разлічваць на месца хлусаў. Хто спрабаваў разносіць праўду і змагацца за яе, быў пад пагрозай смерці і ўсіх тых жахаў, якія папярэднічалі смерці ў засценках «трэцяй імперыі».
Ота Ульрыхс быў на пярэднім краі барацьбы, яго аднадумцы і сябры даручалі яму самыя цяжкія, самыя небяспечныя заданні. Усе трымаліся думкі, слушней,
усім хацелася спадзявацца, што ягонае становішча ў Дзяржаўным тэатры да пэўііай мяжы яго абараняе. У кожным разе, гэтае становішча было больш надзейнае, чым становішча многіх яго таварышаў, якія хаваліся пад чужымі імёнамі ў падполлі яны вечна хаваліся ад агентаў гестапа, іх пераследавала паліцыя, як забойцаў альбо злодзеяў, іх пераследавалі ў той краіне, якой кіравалі злодзеі і забойцы. Ота Ульрыхс мог сабе дазволіць сёе-тое такое, што яго сябрам азначала б непазбежную пагібель. Але ён ішоў на занадта вялікую рызыку. I аднойчы раніцай яго арыштавалі.
Гэта быў час, калі ў Дзяржаўным тэатры рэпетавалі «Гамлета». Дырэктар атрымаў галоўную ролю. Ота Ульрыхс павінен быў іграць прыдворнага Гільдэнстэрна. Калі ён без перапросу не прыйшоў на рэпетыцыю, Гёфген спалохаўся. Ён адразу зразумеў, прынамсі, здагадаўся, што здарылася. Ён пакінуў рэпетыцыю. Трупа працавала без яго. Калі дырэктар даведаўся ад гаспадыні, што Ульрыхса раніцай забралі трое ў цывільным, ён тут жа пазваніў у палац прэм'ер-міністра. Сам таўстун падышоў да апарата. Але ён зрабіўся неяк дзіўна рэзкі і рассеяны, калі Гендрык спытаўся ў яго, ці ведае ён што-небудзь пра арышт Ота Ульрыхса. Генерал авіяцыі адказваў, што ён не ў курсе справы.
— Ды я за гэта і не адказваю, сказаў ён даволі нервова. — Калі нашыя людзі забралі гэтага тыпа, значыцца, было за што. Я ж з самага пачатку не давяраў яму. I гэты яго «Буравеснік»! Нейкі мярзотны балаган...
Калі ж Гендрык усё ж адважыўся папытацца, ці нельга чаго-небудзь зрабіць, каб палегчыць долю Ульрыхса, таўстун зрабіўся зусім ужо няласкавы, тлусты голас загучаў неяк асабліва рэзка:
— He, не, дарагі, не лезьце лепей не ў сваю прычыну! Будзьце разумнейшы, трымайцеся далей ад такіх гісторыяў. — Гэта ўжо гучала пагрозай.
А намёк на «Буравеснік»? Сам жа Гёфген выступаў у ролі «таварыша»... Усё гэта было вельмі непрыемна. Гендрык зразумеў, на што тут выходзіць: можа страціць найвышэйшую ласку, калі адразу не адкіне сваіх клопатаў за лёс даўняга сябра. «Хай пройдзе некалькі дзён, — рашыў ён. — Як убачу таўстуна ў лепшым настроі, паспрабую асцярожненька вярнуцца да гэтай справы. I мне ўдасца яшчэ раз выратаваць Ота з «Калумбіі» альбо з лагера. Але тады ўжо баста! Годзе! Трэба адправіць яго за мяжу. Гэтай сваёй бессэнсоўнай неасцярожнасцю, запозненымі дзіцячымі цацанкамі з гераізмам ён натрасе мне кучу ліхаты...»
Праз два дні Гендрыку ўсё яшчэ не ўдалося нічога даведацца пра Ульрыхса, і ён трывожыўся. Непакоіць прэм'ер-міністра тэлефонным званком ён ужо не важыўся. Пасля доўгага роздуму ён рашыўся пазваніць Лоце. Добрасардэчная жонка вялікага чалавека спачатку сказала, што радая зноў пачуць мілы Гендрыкаў голас. Ён крыху паспешліва запэўніў яе, што мае такія самыя пачуцці, калі чуе яе голас. Сёння, аднак жа, у яго асаблівыя прычыны на званок.
— Я непакоюся за Ота Ульрыхса, — сказаў Гёфген.
— Які ўжо тут неспакой? — усклікнула бландынка са свайго будуара ў стылі ракако. — Ён жа памёр! Яна была здзіўлена, яе мала не пацешыла, што Гендрык гэтага яшчэ не ведае.
— Ён памёр...— ціха паўтарыў Гендрык на подзіў фраў генераліхі, павесіў трубку, не развітаўшыся з ёю.
Гендрык адразу выправіўся да прэм'ер-міністра.
Усемагутны прыняў яго ў сваім кабінеце. На ім была фантастычная хатняя вопратка, па манжэтах і каўняры аблямаваная гарнастаем. Каля яго ног ляжаў дужэзны дог. Над пісьмовым сталом на фоне чорнай драпіроўкі блішчаў шырокі зазубраны меч. На мармуровым цокалі стаяў бюст фюрэра, які сляпымі вачыма глядзеў на дзве фатаграфіі: на адной была Лота Ліндэнталь у ролі Міны фон Барнгэльм, на другой — скандынаўская дама, якая калісьці вывезла параненага авантурыста ў сваёй машыне ў Італію; цяпер над яе урнай стаяў велізарны помнік — мігатлівы купал з мармуру і пазалочанага каменя. Так удавец выказваў ёй сваю падзяку, хоць, па сутнасці, гэта быў помнік ягонай фанабэрыі.