Мэфіста Раман адной кар’еры Клаўс Ман

Мэфіста

Раман адной кар’еры
Клаўс Ман
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 389с.
Мінск 2006
76.54 МБ
— Гамлет не слабаволыіы чалавек, — тлумачыў ён калегам і рэжысёру.
Ён і ў гутарках з журналістамі выказваўся ў такім самым духу.
— Меней за ўсё ён жаноцкі, цэлыя пакаленні актораў рабілі памылку, настойваючы на яго жаноцкасці. Ягоная меланхолія — не пусты сплін, у яе рэальныя прычыны. Прынц перш за ўсё помсціцца за бацьку. Ён чалавек эпохі Рэнесансу, вельмі арыстакратычны, не пазбаўлены цынізму. Мне самае важнае — вызваліць яго ад жаласных, плаксівых рысаў, якімі адарыла яго традыцыйная інтэрпрэтацыя.
Рэжысёр, калегі і журналісты лічылі ўсё гэта наватарскім, выключна смелым, цікавым. Бэньямін Пэльц, з якім Гёфген вёў доўгія гутаркі пра Гамлета, быў у захапленні ад Гендрыкавай канцэпцыі.
— Калі ўвогуле мы, сучасныя людзі, людзі цынічна актыўныя, здольныя ўспрымаць дацкага прынца, дык толькі так, як адчувае і перадае яго ваш геній, — казаў Пэльц.
Гендрык Гёфген зрабіў з Гамлета прускага лейтэнанта з неўрастэнічнымі рысамі. Акцэнты, якімі ён спрабуе прыхаваць выпетранасць сваёй гульні, былі неацугляныя, рэзкія, пазбаўленыя пачуцця меры, крыклівыя. Ён выцягваўся, напрыклад, па стойцы смірна,
каб праз імгненне самлець і ўпасці з грукатам. Замест таго, каб скардзіцца, бедаваць, ён крычаў, бушаваў. У яго быў пранозлівы смех, ён увесь час тузаўся. Глыбокай і таямнічай меланхоліі, уласцівай яго Мэфіста, той ненаўмыснай, неабыгранай меланхоліі, створанай паводле загадкавых, ім самім неўсвядомленых законаў, не было ў Гамлета. Вялікія маналогі ён падносіў з узорным уменнем. Але ён іх толькі «падносіў». У ягонай скарзе:
О, каб жа ты, маё тутое цела,
Магло растаць, прапасці, парай стацца! — не было ні музыкі, ні цвёрдасці, ні хараства, ні роспачы; не адчувалася таго перажытага і выпакутаванага, што папярэднічала гэтым словам, нарадзіла іх, ні пачуццё, ні спазнанне не вытанчалі далікатнасці ягоных слоў; ігра заставалася какетлівай скаргай, у ёй гучала спакуса падабацца.
Тым не меней прэм'ера «Гамлета» мела шумны поспех. Дл.я сучаснай берлінскай публікі галоўнай вартасцю актора былі не чысціня і сіла выканаўчага майстэрства, а блізкасць з уладаю. Зрэшты, уся пастаноўка была разлічана на тое, каб зрабіць уражанне на публіку ў партэры высокіх ваенных чыноў, крыважэрных прафесараў, а таксама на іх не менш ваяўнічых сябровак. Рэжысёр груба і дэманстрацыйна падкрэсліў нардычны характар шэкспіраўскай трагедыі. Дзеянне адбывалася на фоне аляпістых, цяжкіх дэкарацыяў, больш прыдатных на стварэнне фону да «Песні пра Нібелунгаў». На сцэне, якая патанала ў змрочных поцемках, увесь час бразгаталі мячы і чуліся хрыплыя крыкі. Сярод гэтых неабструганых тыпаў Гендрык вылучаўся трагічнай напышлівасцю і манер-
насцю. Адзін раз ён дазволіў сабе такі выбрык: некалькі хвілін нерухома сядзеў за сталом і дэманстраваў уражанай публіцы толькі свае рукі. Твар заставаўся ў ценю: рукі, пафарбаваныя ў бела-вапнавы колер — і ярка асветленыя пражэктарамі, — ляжалі на чорным стале. Дырэктар выстаўляў свае непрыгожыя рукі, быццам некія каштоўнасці. Ці тое з гарэзлівасці — каб паглядзець, як далёка можна сабе дазволіць зайсці, — ці тое, каб памучыць сябе. Бо ён сам цяжка пакутаваў, выстаўляючы напаказ свае шырокія, вульгарныя пальцы.
«Гамлет» — гэта сапраўды германская драма, — заявіў доктар Ірыг у сваёй папярэдняй рэцэнзіі, натхнёнай міністэрствам прапаганды. — Дацкі прынц — вялікі сымбаль усяго германскага. У ім выяўлена частка нашай глыбокай сутнасці. Гёльдэрлін гаварыў пра нас:
Бо вы — немцы і вы таксама Бяздзейсныя і думкамі багатыя.
Гамлет выяўляе ў сабе і небяспекі, якія крыюцца ў немцы. Ён сядзіць у кожным з нас, мы павінны яго адолець. Бо цяперашні час патрабуе ад нас дзеяння, a не адных толькі думак і самааналізу. Лёс, які паслаў нам фюрэра, абавязвае нас да дзеянняў на славу нацыі, якіх Гамлет, гэты тыповы інтэлектуал, цураецца, ад якіх сыходзіць далёка ў царства мрояў».
Усе сышліся на тым, што Гёфген у сваёй інтэрпрэтацыі Гамлета даў адчуць трагічны канфлікт паміж прагай дзейнасці і глыбіннай думкай, канфлікт, які так цікава адрознівае нямецкага чалавека ад усіх астатніх жывых істотаў. Бо ён паказаў прынца гэтакім адарвікавалкам, нават хуліганам, які пакутуе ад нервовай неўраўнаважанасці. I гледачы з поўным разуменнем
паставіліся як да хуліганства, так і да істэрыі, бо прывыклі і да таго і да другога.
Дырэктар — касцюм яго і праўда быў так спрытна скроены, што надаваў яму статны юнацкі выгляд, — шмат разоў выходзіў на камплімент. Побач з ім раскланьвалася яго маладая жонка, Нікалета Гёфген, крыху дзіўная і скаваная, але ўражлівая — асабліва ў сцэнах вар'яцтва — Афелія.
Прэм'р-міністр, увесь пурпуровы, залаты і срэбраны, і яго Лота, уся ў мяккім блакіце зіхоткіх вачэй і строяў, стаялі поплеч у сваёй ложы і заўзята пляскалі. Гэта быў знак замірэння ўсемагутнага з яго прыдворным блазнам. Мефістофель — Гендрык успрыняў яго з удзячнасцю. Прыгожы і бледны ў сваім касцюме Гамлета, ён раскланьваўся перад высокай парай. «Лота зноў у мяне ўклюпалася», — думаў ён, прыціскаючы правую руку да сэрца жэстам, які сведчыў пра поўнуіо знямогу і, аднак жа, прыгожа закругленым. Яго вялікі, асабліва старанна загрыміраваны цёмна-чырвоны рот паказаў усхваляваную ўсмешку; пад круглымі чорнымі дугамі броваў блішчалі спакушальныя, салодкія і халодныя агні: запалыя пакутніцкія скроні ўвысакароднівалі твар і надавалі кранальнасць яго зладзейскай абаяльнасці. Фраў генераліха авіяцыі махнула шаўковай хусцінкай таго ж блакітнага колеру, што і яе сукенка. Генерал выскаліўся. «Я зноў увайшоў у ласку»,— з палёгкай падумаў Гамлет.
Ён адхіліў усе запрашэнні, зняможана перапрасіўся і загадаў везці сябе дамоў. Ужо седзячы адзін у сябе ў кабінеце, ён заўважыў, што сну ані ў воку. Ён быў растурзаны і ўзбуджаны. Моцныя апладысменты не заглушалі думкі пра тое, што ён банкрут, што ён не
адбыўся, з яго нічога не выйшла. Добра і важна, што прыхільнасць таўстуна, за якую ён так дрыжаў, зноў заваяваная. Але нават і гэты значны і важны вынік вечара не мог суцешыць і адцягнуць яго ад думак пра фіяска. Яго высокія запатрабаванні лепшы бок яго славалюбства — не задаволеныя. «У мяне не атрымаўся Гамлет, — думаў ён скрушліва. — Газэты пачнуць запэўніваць, быццам я да мозгу касцей дацкі прынц. Але гэта мана. Я быў фальшывы, я быў кепскі — на такую самакрытыку мяне яшчэ стачыць. Калі я ўспамінаю той пусты голас, якім я дэкламаваў «Быць альбо не быць...»,— усё ўва мне сцінаецца...»
Ён апусціўся ў фатэль, які стаяў каля адчыненага акна. Кнігу, якая трапілася пад руку, ён бяссіла адклаў убок: гэта былі «Кветкі зла», яны нагадалі яму пра Джульету.
3 акна быў відзён цёмны сад, адкуль падымаліся пахі кветак і сырасці. Гендрык празяб, ён захінуў на грудзях шаўковы халат. Які цяпер месяц? Красавік? Альбо пачатак траўня? Яму раптам зрабілася журботна, даўно ўжо ён прапускае набліжэнне вясны і момант яе дзівоснага ператварэння ў лета. «Гэты пракляты тэатр,— падумаў ён з болем і злосцю,— ён літаральна з'ядае мяне. Праз яго я трачу жыццё».
Ён сядзеў з заплюшчанымі вачамі, калі яго аклікнуў грубы голас:
Эй! Гер дырэктар!
Гендрык ускочыў.
Нейкі тып залез з саду да яго ў акно; гэта быў акрабатычны нумар; плота не было. Дзіўная постаць паявілася ў аконнай раме. Гендрык страшэнна спалохаўся. Некалькі імгненняў ён рашаў, ці не прывід гэта, ці не
падалося яму, ці не вынік гэта нервовага перанапружання? Але не, гэты тып не быў падобны на галюцынацыю. Было абсалютна ясна: гэта жывы чалавек. На ім была шэрая кепка і брудная блакітная блуза. Верхняя частка твару хавалася ў глыбокім ценю. Ніжняя частка была пакрытая рыжым шчэццем.
— Чаго вам трэба?! — закрычаў Гёфген і пачаў намацваць званок, які стаяў у яго за спінай на пісьмовым стале.
— He крычы ты! — сказаў незнаёмы з грубаватай дабрадушлівасцю. — Я ж табе нічога ніякага.
— Чаго вам ад мяне трэба? — паўтарыў Гендрык крыху цішэй.
Я прыйшоў толькі дзеля таго, каб перадаць табе прывітанне ад Ота, — сказаў чалавек у акне. — Прывітанне ад Ота.
Твар у Гендрыка пабялеў, як шаўковая хусцінка на шыі.
— He разумею, пра якога Ота вы мне талкуеце. — Голас у яго быў амаль бязгучны.
Кароткі смех з акна праіучаў даволі вусцішна.
— Ну што, іду ў заклад, ты яго яшчэ ўспомніш! — падражніў наведнік. I ўжо зусім сур'ёзна: У апошняй запісцы ад Ота было чорным па белым напісана, каб мы перадалі табе прывітанне. Толькі не падумай, што я прыйшоў да цябе дзеля жарту. Жаданні Ота мы паважаем.
Гендрык толькі прашаптаў:
— Я зараз паклічу паліцыю, калі вы не знікнеце. Адказам быў ледзь не задушэўны смех.
— Ты на гэта здольны, таварыш! — усклікнуў той
весела.
Гендрык як мага больш непрыкметна высунуў шуфляду стала і сунуў у кішэню рэвальвер. Ён спадзяваўся, што госць у акне гэтага не змеціць; але той ужо закрычаў, пагардліва ссунуўшы з лоба кепку:
— Гэтую штуку ты мог бы спакойна пакінуць у стале, гер дырэктар. Навошта страляць — адны ж непрыемнасці. Чаго ты баішся? Я ж табе толькі што сказаў, што гэтым разам нічога благога табе не зраблю.
Ён быў маладзейшы, чым спачатку здалося Гендрыку. Цяпер, калі цень кепкі сышла з лоба, гэта стала відаць. У яго быў прыгожы, дзікі твар, з шырокімі славянскімі скулякамі і дзіўна светлымі, вельмі зялёнымі вачамі. Бровы і вейкі былі рыжаватыя, як і густое шчэцце. I сама скура была светлага цаглянага адцення, як ува ўсіх, хто цэлыя дні праводзіць на паветры пад сонцам.
«Можа, ён вар'ят, — падумаў Гендрык, і ў гэтай подумцы, хоць яна і пагражала самымі страшнымі наступствамі, было нешта супакойлівае, амаль суцяшальнае. — Так, вельмі нават можа быць, што ён вар'ят. У здаровым розуме і пры добрай памяці ён не зрабіў бы мне гэтага неразумнага візіту — гэта ж можа каштаваць яму жыцця, а карысці нікому не прынясе. Ніводзін разумны чалавек не будзе ставіць усё на карту дзеля таго, каб мяне крыху папалохаць. Амаль немагчыма сабе ўявіць, каб Ота даў яму такое даручэнне. Ота зусім не быў схільны да эксцэнтрычных выбрыкаў. Ён ведаў, што нам трэба берагчы свае сілы дзеля больш сур'ёзных спраў...»
Гендрык наблізіўся да акна. Ён загаварыў з тым, як з хворым, лічачы, аднак, разумным трымаць руку на дзяржанні рэвальвера ў кішэні халата.