Мяжа
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 264с.
Мінск 2011
Быў у тым забойстве, аказваецца, і інтарэс практычны. «Яблыкі будуць смачныя, — тлумачыў ты, — калі сабак закопваць пад яблыню», прычым, дадаваў ты, пажадапа сабак, пазбаўленых жыцця пад час злучкі.
Колькі яблык вы пераварылі ў сваіх чэравах, колькі перавялі «жывога ўгнаення» для іх — хто падлічыць?.. I не магу згадаць ніводнага выпадку, каб хто пасварыўся з вамі, каб хто заявіў у міліцыю; баяліся вас, як чорт крыжа — і нездарма, бо былі вы акружаныя блатам,
аплеценыя сваякамі, вялікай і дробнай начальніцкай раднёю, як павуціннем; ніткі гэтыя ліпкія цягнуліся ад вас і ў сельсавет, і ў школу, і ў міліцыю, і ў райана, і ў гарана; так што скардзіцца на вас, шукаць якой рады ад вас было сабе ж даражэй.
*
Подласць твая сталела разам з табою і чым далей, тым больш набывала дасканаласці, рабілася не груба-прымітыўнай, не лабавой, а нейкай вытанчанай, усё часцей скіроўвалася не на канкрэтнага чалавека, а на штосьці самае дарагое яму: на любімую рэч, якую можна было зламаць ці ўкрасці, на сябра, на якога можна было ўзвесці паклёп, на бацькоў, сваякоў, настаўнікаў, у якіх абсмейваліся фізічныя недахопы, на каханую дзяўчыну, якой давалася брыдкая мянушка і г. д.
Цяпер, ездзячы з сваім уласным «шохверам», ты, відаць, рэдка ўспамінаеш, калі ўспамінаеш увогуле, пра свой даўні, самы першы транспартны сродак: зялёнага колеру матацыкл «Мінск». Навюсенькага, набылі яго табе з рук, за паўцаны, у суседняй вёсцы ў нейкай жанчыны, адзіны сын якой перад гэтым трагічна загінуў, так ні разу, здаецца, на тым «Мінску» не праехаўшы... і зноў, зноў-такі і ў гэтай пакупцы элемент чагось цёмнага, непрыемнага, на чужым горы замешанага; ты проста народжаны быў пад нейкай паганай зоркай, табе проста наканавана было ўсё жыццё выступаць у ролі Мідаса, з тою розніцай, што ў Мідаса ўсё, чаго ён ні кранаўся, ператваралася ў золата, а ў цябе, выбачай, сам ведаеш, у што...
Але не пра тое рэч. Карацей, матацыкл у цябе з’явіўся. У класе восьмым ці дзявятым, калі забытыя былі ўжо і Цімур з камандаю, і рабінзоны з Палесся, калі цягнула ў суседнія вёскі да дзевак гуляць, а з іншага боку — і дзяцінства не да канца адпускала яшчэ, трымала каля сябе — грыбамі сваімі нязнойдзенымі, рыбамі нязлоўленымі, арэхамі-ягадамі нявыбранымі, галамі не забітымі, кніжкамі не прачытанымі... Ды яшчэ — такім мілым, даўнім тэрмінам як «дай пакатацца!». На кані, на лісапеце, на мапедзе і нарэшце — на гэтай зялёнай спакуслівай штучцы, гаспадаром якой ты з’яўляўся...
«Дай пакатацца...»
Ты даваў. Само сабою, не за бясплатна. Браў выпіўкай, цыгарэтамі, грашыма... Помню, нібы прадчуваючы тое, што здарыцца, я авансам заплаціў табе адразу трайны тарыф: пляшку самагонкі, пачак цыгарэт і рубель грошай. I вось яна, музыка руху, гул матора, напятая ветрам кашуля — як ветразь, як крылы за спінаю! Чацвёртая перадача,
газ да ўпору... Ямка, перакошаны руль, кульбіт «галава-ногі»... Ватная цішыня ў вушах, потым знянацку рэзкі, высокі, як ў бензапілы на халастым ходзе, плач матора... I твае вочы, калі ты падбег і павярнуў ключ запальвання, і ўсё сціхла, а я падняўся, абмацваючы сябе і азіраючыся, — твае вочы, у якіх былі боль, страх, адчай, бяда, а потым, калі ты нарэшце больш пільна паглядзеў на мяне, яшчэ і квёлая надзея: а раптам пакалечыўся?!
На мне не было ні драпінкі. Затое матацыкл... Пагнутае пярэдняе крыло, разбітая фара, скурочаны правы паварот... Пакуль ты з ключом і пасаціжамі кешкаўся каля параненага свайго жалезнага сябра, марна стараючыся вярнуць «усё на месца», я лез табе пад рукі, перашкаджаў і зноў усё стараўся зазірнуць табе ў вочы; зазіраў — і страшыўся таго, што ў іх бачыў — слёз. Ты плакаў, Сцёпа, ад гора, і адначасова спяваў. Цадзіў праз зубы, звякаючы металам аб метал:
— Першым дзелам паламаем ма-та-цы-ыклы...
— Ну, а дзевушкі? — паныла падхопліваў я.
«А дзевушкі — патом, — адказваў ты і загадкава неяк, вельмі сур’ёзна дадаваў: — Патом будзе суп з катом!»
Загадкавасць гэтая растлумачылася неўзабаве. Калі я знайшоў нежывым свайго ката, сібірака, любімца ўсёй вёскі, які ішоў да кожнага, хто паманіць, на рукі. Ён ляжаў мёртвы на дварэ каля ганка. Потым мне расказвалі, ты хваліўся, як спрытна ўсё гэта «аформіў»: ты паманіў яго, ён падыйшоў, думаючы, што, як звычайна, будуць яго гладзіць і захапляцца ім; ты ж падняў яго за заднія лапы і біў галавою аб вушак да таго часу, пакуль ён не аддаў Богу душу.
*
Армія, Сцёпа, армія! Вось што крута змяніла твой лёс, вось што ўзняло цябе над марамі пра «шохверства»... Самая цёмная, самая загадкавая паласа ў тваім жыцці, тайна за сямю пячаткамі.
Пачнем з таго, што пісаць для цябе заўсёды было такою ж пакутай, як і чытаць. За цэлы год службы ты падаў аб сабе ўсяго з пару куцых вестачак кшталту «жыў-здароў», і напалоханыя бацькі (яны думалі, што цябе рыхтуюць да адпраўкі ў Афганістан, і таму такая скупасць інфармацыі) ездзілі спраўляцца ў ваенкамат, нават самі пісалі тваім камандзірам... Усё марна! Аж раптам, на другім годзе службы, пачалася іншая крайнасць: ні з таго ні з сяго ты пачаў літаральна завальваць іх пісьмамі, патры-чатыры натыдзень. Тадыж высветлілася, што служыш ты «ў гаспадарчай роце». Аднак нават гэта было пастаўлена табе ў заслугу. Бацькі ганарыліся сваім
«меншанькім», яго ўменнем уладкоўвацца; калі-небудзь на пошце, ці ў магазіне, ці ў іншым людным месцы бацька пры ўсіх успорваў канверт і зачытваў пра твае поспехі ўголас. Сваім напышлівым стылем, бездакорнай расійскай моваю, граматычна-правільнай пабудоваю сказаў пісьмы тыя настолькі не вязаліся з каснаязыкім тваім мысленнем, тым больш з «троечнай» тваёй арфаграфіяй, што аднойчы я не вытрымаў і папрасіў патрымаць пісьмо ў руках... Так і ёсць. Почырк чужы. Усё было зразумела. He трэба тут вялікай фантазіі, каб уявіць якогась затурканага, няшчаснага салдаціка, уся віна якога ў тым, што загрэблі яго з другога курса ўніверсітэта, што ён — «жыд культурны», а таму ў рэдкія хвіліны свайго вольнага часу вымушаны крапаць за цябе гэтую эпісталярыю...
Усё тут ясна. Акрамя аднаго: чаму, Сцяпан, пасля войска ты не прыехаў ні на адзін дзень дамоў? He прайшоўся вуліцаю, не пакрасаваўся сваім, алюміневымі і меднымі «ўзнагародамі» абчэпленым кіцелем, зухавата збітай набок фурагаю... Ты не зрабіў гэтага, Сцёпа, — ты, для каго падобны шпацыр без аніякай іроніі ўважаўся за трыумф, за адзін з найважнейшых этапаў у жыцці хлопца, мужчыны!
Замест гэтага ты проста знік. Растварыўся без следу. I нарэшце, дзякаваць Богу, надоўга прапаў з маіх вачэй... хачу напісаць, «і з майго жыцця» — але не: час ад часу ў самых розных месцах і ў самых розных сітуацыях ты аб сабе нагадваў. Ты навучыўся змяняць узрост, ты прыкрываўся іншымі імёнамі і прозвішчамі, маскіраваўся пад іншыя нацыянальнасці, выступаў у мужчынскім альбо ў жаночым абліччы... Аднак мурло тваё ўгадвалася з першага погляду, распазнаць цябе было лягчэй лёгкага, хіхіканне тваё ні з чым нельга было зблытаць, твая пагарда да ўсяго «культурнага» была тая самая, твае «духоўныя набыткі» так і засталіся на ўзроўні «Пятрусь Броўка піша лоўка», тваім досціпам было «жыдоўцы на базары чарвівыя грыбы падсунуць», а самай запаветнай мараю — «вывучыцца на шохвера начальнікаў вазіць»...
*
I вось, Kajii ласка, — фота ў газеце! I мае пакуты: а можа, я памыляюся?
Перабіраю, як пацеркі, кожны эпізод, кожны выпадак з нашага агульнага мінулага, перасыпаю, як пясок між пальцаў, успаміны... Можа. штось важнае недагледзеў, недаацаніў, выпусціў з-пад увагі? He. Здаецца, нічога. Акрамя таго, сведкам чаму не быў — тваю
армію. 1 ўпарта здаецца, што менавіта тут, Сцёпа, недзе пад гэтай яблыняю сабака закапаны; тут трэба шукаць прычыны твайго ўзвышэння.
Канечне, вядома — кожная і любая кар’ера прама прапарцыянальная затрачанай для дасягнення яе подласці. Але ў тваім асабіста, Сцяпан, выпадку — ці адна толькі подласць? Дужа неверагодным, да непраўдападобнасці імклівым быў твой узлёт, тут трэба было штосьці звышардынарнае, якісь геройскі подзвіг, альбо наадварот — суперподласць, нават злачынства (пры хаценні якое лёгка можна перакваліфікаваць у «подзвіг»)...
Вось што падаецца мне бліжэй да тэмы.
Ну сапраўды, Сцяпан, — не камандзіра ж ты прыкрыў грудзьмі ад варожай кулі, не таварыша ж параненага з поля бою вынес — тым больш, і не мог гэтага зрабіць, бо два гады пратуляўся на гаспадарцы пры свіннях і ўдзел прымаў хіба што ў іхніх пабоішчах... Дарэчы! Уся ваша сямейка, карыстаючыся блатам у лясніцтве, заўсёды і з поспехам браканьерыла; у цябе было ўласнае ружжо, ты выдатна страляў... Альбо, напрыклад, таго ж кабана забіць адным ударам у сэрца, без піску і шуму, было для цябе раз плюнуць...
Дык ці кабана? А, Сцёпа? Ці не прыехалі неяк уночы (такія заўсёды ездзяць па начах) людцы ў цывільным, з ложка цябе паднялі, у пусты кабінецік завялі... Так і так, слухай і запамінай, заданне няпыльнае, табе прывычнае... завязем і назад прывязем... выканаеш — у даўгу не застанемся... «Чаму я?» — ды таму, што бяспройгрышны варыянт: чым наймаць каго чужога, з вуліцы, дык думай потым, як яго самога нейтралізаваць... А тут — хто ж на салдата падумае? Пяць хвілін на роздум... Усё, усё, маўчу! Прыкладаю палец да вуснаў: цсс! Сапраўды, са свечкаю ніхто не стаяў... хай гэтая чорная тайна так і застаецца толькі тваёю... Для пачатку хопіць і таго, што я хоць крышку павадзіў цябе па закатулках мінулага. Хоць збольшага пастараўся распрануць цябе памяццю, каб убачылі...
(Усё закрэслена).
*
Паважаны Сцяпан Цімафеевіч!
He ведаю, ці помніце Вы яшчэ мяне... На ўсялякі выпадак спяшаюся і свой сціплы голас уплесці ў вянок віншаванняў, якія, несумненна, паступаюць да Вас цяпер у вялікай колькасці. Таксама прашу выбачыць за невялічкае спазненне — не так лёгка было наважыцца патурбаваць Вас, хоць бы і гэтым маленькім пісьмом. He паверыце,
Сцяпан Цімафеевіч, але давялося нават перамараць колькі чарнавых варыянтаў, перш чым спыніцца на гэтым.
Бачу, бачу, як, чытаючы мае радкі, пасміхаецеся Вы сваёй заўсёднай добрай і крыху хітраватай усмсшкаю... Што тут можна сказаць? Віншую. Ганаруся. Зайздрошчу. I глыбока перакананы, што поспех Ваш не выпадковы, але заслужаны ўсім папярэднім жыццём. Як цяпер паўстае перад вачыма нашас сумеснае, на жаль, такое ўжо далёкае маленства, школа, кнігі, гульні, катанне на матацыкле... Дзіўна, але ўжо тады, у тых хлапечых бестурботных забавах Вы чымсьці вылучаліся ад нас, звычайных падшыванцаў. Нават гулыіі былі для Вас не адно забаўкамі, а як бы плацдармам для нечага большага, вышэйшага. Тады неяк не надавалася гэтаму значэння, але цяпер з вышыні пражытых гадоў усё набывае іншы сэнс...