Мяжа
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 264с.
Мінск 2011
Ён раптам хэкае, нібы атрымаўшы далоняю па кадыку, пачынае глытаць словы, захліпваецца імі, кашляе, хаўкае, як рыбіна на пяску. Праз некаторы час, аддыхаўшыся, спачатку з цяжкасцю, па адным слове:
— Адфільтраванага... хвояю... паветра, — а потым, усё больш набіраючы разгон, язык яго зноў пачынае мянціць роўна і гладка: — Але вось парадокс! Любое абмежаванне чалавека ў прасторы, часовае — як у нас з вамі, або поўнае, як, дапусцім, у турме ці ў манастыры, любая адсутнасць фізічнага дзеяння — карацей, пазбаўленне волі, прыводзіць, як ні дзіўна, да разумення ісціны! Згадаем хоць бы антычных мудрацоў. Адзін днямі маляваў дроцікам на пяску свае тэарэмы і доказы іх, другі не вылазіў з ванны, усклікваючы час ад часу: «ЭўрыкаІ», трэці ўвогуле жыў у бочцы і сярод белага дня бадзяўся з запаленым ліхтаром, шукаючы, бачыце, чалавека... Аднак гэта не перашкаджала ім быць геніямі, разумець ісціну. А ісціна, мушу сказаць, гэта зусім не набор пастулатаў, гэта не дубовыя максімы, не псеўдафіласофскія абстракцыі, нават — выбачайце за кашчунства! — не хрысціянскія або любыя іншыя рэлігійныя догмы, а! — драбяза, дэталькі, малюсенькія, штодзённыя, якіх мы амаль не заўважаем, а дарэмна, бо на іх трымаецца свет, на іх стаіць жыццё, з іх сумы ўрэшце і складваецца такое нібыта маленькае, але і такое неабходнае, такое сапраўднае — шчасце...
Паслухаць яго, дык гэты балбатун-«філосаф» і ёсць самы шчаслівы на свеце, гэткі алхімік-вынаходнік, які выпадкова замест вырабу каштоўных металаў адкрыў рэцэпт прыгатавання ні многа ні мала самога шчасця, навучыўся складаць яго з рознай драбязы,
як, напрыклад, з нязграбных, недарэчных аскепак мазаікі пад рукой майстра паступова атрымліваецца гарманічны малюнак, і цяпер не толькі сам карыстаецца сваім вынаходніцтвам, а яшчэ і па дабрыні душэўнай гатовы падзяліцца ім з іншымі, хоць бы з гэтымі вось суседзямі па палаце, якія, канечне, пакуль нават не здагадваюцца, што варта было б запісваць усё чутае, у крайнім выпадку запамінаць, бо такі чароўны і разам з тым просты рэцэпт ашчасліўлення чалавецтва можа прапасці, растварыцца ў словах, развеяцца ў паветры.
— Так, сябры мае, — толькі тут, у гэтай бальніцы ў цэлым і ў гэтай палаце ў прыватнасці, тут, у вымушанай ізаляцыі, і адкрываецца чалавеку сапраўдная мудрасць...
«Сябрам маім» яго словы да лямпачкі. Дзед усё варушыць вуснамі, чытаючы сваю бясконцую малітву, — такому не ў філасофію ўдавацца, не пра глабальнае шчасце думаць, а пра пераход у свет лепшы. У вачах чалавека-лемура поўная прастрацыя, ён па-ранейшаму знаходзіцца ў іншым жыццёвым вымярэнні, дзе з усёй разнастайнасці чалавечых пачуццяў засталіся толькі два: пакута і цярпенне.
Маладога ў сваю чаргу ані не бянтэжыць адсутнасць аўдыторыі.
— Бачыце, сябры, — працягвае ён, звяртаючыся да шыбіны, — імкненне да роўнасці — хімера, такое ж пустапарожняе глупства, як вечны рухавік. He, можна, канечне! — можна якімісь рэвалюцыйнымі зменамі, ці канстытуцыйнымі законамі, ці, урэшце, жалезнай рукою манарха-дыктатара дабіцца адноснай матэрыяльнай роўнасці... Але вось тут акурат і ўмешваецца яе вялікасць прырода, ці Бог, ці лёс — і ўсё ляціць старчаком, усё губляе сэнс! Бо як былі, так і застануцца здаровыя і хворыя, высокія і нізкія, прыгожыя і непрыгожыя, разумныя і дурныя, злыя і добрыя... У вечнай няроўнасці — вялікі неразгаданы сэнс, цэлая філасофія, тут я вам скажу, ёсць над чым паду... паду...
I зноў хэканне, перханне, хліпанне, і зноў кашаль пачынае біць яго так, што ложак трасецца і трубкі разам са скураю паадрывацца гатовы.
Уваходзіць доктар. У пантофлях на босу ногу, у белым халаце, сініх штанах і сіняй, высокай, як клабук, шапцы ён падобны на нясмешнага клоўна. Адразу кіруецца да ложка маладога гаваруна. Дзеду ён не дае ўвагі зусім, чалавеку-лемуру на хаду кідае: «Піць хочацца?»
— Хочацца, — сухім, як наждак, голасам скрыпіць той.
— Цярпі, — і да маладога:
— А ты ўсё гаворыш? А табе ўсё не ляжыцца? А ў цябе да ўсяго рукі цягнуцца? — Падкручвае вентыль, робячы меншым напор кіслароду, і ў бутлі асядаюць на дно чорныя і ружовыя камячкі і перастае так страшна булькаць «брага».
— Якога чорта ты ставіш кісларод на максімум?! Якога хрэна ты яго чапаеш?! 3 цябе ж за гадзіну к чортавай мацеры разам з лёгкімі ўсе вантробы павыдзімае! Дарослы чалавек, а горш за дзіця! Ну вось што ты сам з сабою робіш?
Нягледзячы на грубасць, у яго голасе не дакор, а хутчэй спачуванне, нават пакута, нібы яму баліць больш, чым неразумнаму хвораму.
— Да цябе яшчэ не дайшло, наколькі гэта сур’ёзна? У цябе ж лёгкае, як спечаны яблык, яно ж згарнулася пасля аперацыі! Табе да новай рыхтавацца трэба! Можа, і не адной! А з такімі тэмпамі ты да раніцы не дацягнеш, к чарцям сабачым! Табе не тое што гаварыць — варушыцца не трэба, вачэй не расплюшчваць! Мы ж да цябе сядзелку не прыставім, ты ж сам павінен адчуваць, калі табе горш...
— А мне, наадварот, лепш, доктар! — перабіваючы, радасна паведамляе малады. — Я не маню! А ваша здароўе як? He грыпуеце? Як там цяпер на вуліцы? Нябось, мароз?
Доктар няўцямна пазірае на яго. Разумее, што з гэтым хворым толькі марна траціць час, махае рукою, паварочваецца і моўчкі выходзіць.
He паспяваюць зачыніцца за ім дзверы, як малады зноў прыпадымаецца, лацвей падбівае падушкі і, як ні ў чым не бывала, тым жа ўзнёслым, пранікнёным голасам пачынае па-нову.
— Правільна вы, сябры, кажаце. (Хоць ніхто нічога не кажа.) Мы пазбаўлены самага галоўнага — драбязы, дэталек; мы не можам, напрыклад, зрабіць нават такія простыя рухі, як чырканне запальнічкай, каб прыкурыць цыгарэту і зацягнуцца ёю; мы пазбаўлены такога, я б назваў — культурна-экалагічнага дзеяння, як выкінуць у сметніцу, скажам, абгортку ад марожанага, ці бананавую скурку, ці корак з-пад піва...
— Піва, — са свайго кутка хрыпата паўтарае чалавек-лемур.
Малады ўздрыгвае.
— Так, з-пад піва, — пацверджвае ён. — Здавалася б, драбяза — кінуць корак не пад ногі, а ў сметніцу; але з такой нібыта драбязы і складваецца ўласна жыццё! Мы жывём гэтымі мілымі, прыемнымі, мяшчанска-сентыментальнымі дэталькамі, не заўважаючы іх, не думаючы пра іх, як не думаем пра паветра, якім дыхаем. Але паспрабуй перакрый мне гэты вось кіслародны вентыль...
Пры гэтых словах дзед варочаецца (ён такі лёгкі, бесцялесны, што нават ложак пад ім не прагінаецца і не рыпіць) і пачынае мармытаць гучней.
Малады вытрымлівае пачцівую паўзу, каб даць час чалавеку пагаварыць з Богам, і толькі калі вусны старога на момант перастаюць варушыцца, працягвае:
— Аднаго толькі не разумею: навошта ім, каторыя на волі, здаровым, дужым, гэтая беганіна? Гэтая мітусня? I дзеля чаго? Гэтае ўвесьчаснае жаданне перагнаць адзін аднаго, хутчэй перабегчы вуліцу, у краму заскочыць, у госці не спазніцца, да тэлевізара паспець...
— Пачакай-но, — выразна шэпча дзед. — Сюды ніхто не спозніцца...
Аднак малады, захоплены сваёй новай думкай, не чуе.
— He кажу ўжо, колькі небяспек падпільноўвае іх на кожным кроку! Можна паслізнуцца, зламаць нагу, руку, можна згарэць у пажары... Можа збіць машына... Скіргат тармазоў, удар, крык, боль, кроў, і вынік — у лепшым выпадку балыііца... Можна, нарэшце, у любы момант элементарна захварэць — добра, калі самому, а калі захварэе блізкі? Яшчэ горш... Жыць увесь час з адчуваннем падвешанага мяча над галавою... Гэта ж, калі ўдумацца, суцэльны кашмар! Наколькі ўсё ж крохкае наша жыццё, наколькі хліпкае наша гэтак званае здароўе, наколькі ўмоўнае гэтак званае «шчасце»! I вось вам чарговы парадокс: мы, скрамсаныя скальпелямі, вернутыя з таго свету калекі, цяжка хворыя ў лёгачнай палаце (заўважце гульню слоў), вышмаргнутыя з жыцця, штучна ад яго адгароджаныя, а гэта значыць — застрахаваныя ад выпадковасцей, мы — у адноснай бяспецы! Мы ў больш выгадным становішчы, чым людзі здаровыя, нам няма чаго баяцца, мы, кажучы словамі кепскай эпітафіі, ужо дома, а яны — усё яшчэ ў гасцях, або на поўнай страхаў дарозе...
— Падажджы-но! — ужо не шэптам, а зусім гучна, нечакана звонкім і тонкім голасам устаўляе дзед. — Нейкі канец ды будзе! Даездзяцца, дабегаюцца, даскачуцца, навернуць галовы! Гэтага ложка ніхто не міне!
Цяпер малады чуе. Але ён зусім не здзіўлены, што ў яго, аказваецца, ёсць слухач, ды яшчэ які ўдзячны, які так трапна, па тэме дапаўняе.
— Цалкам вас, дзядуля, разумею, — ветліва адказвае ён, адвярнуўшыся ад шыбы і звяртаючыся да канкрэтнага субяседніка. — I падтрымліваю. Вы маеце на ўвазс адноснасць волі як катэгорыі? Я ваш саюзнік. Увогуле, усе гэтыя тэрміны, калі шчыра, такая штучнасць, размытасць, недакладнасць... Правільна, на першы погляд можа падацца, што тыя, хто на вуліцы, людзі, якіх мы назіраем толькі праз акно, маюць неабмежаваныя варыянты выбару: хачу да сябра паеду, хачу — дамоў, хачу — да цешчы на бліны... Калі ж капнуць крыху глыбей — выбару ў іх, як такога, няма, маршрут іх загадзя прадвызначаны і звярнуць з яго, змяніць яго зусім не так проста,
як ім здаецца. Усе па вялікім рахунку да кагосьці прывязаныя, да чагосьці прыкутыя — як я гэтымі вось трубкамі да гэтага вентыля і да кропельніц. I калі разабрацца...
Пажылая сярдзітая медсястра ўкаціла столік з медыкаментамі, уключыла святло, зашморгнула шторы, і вечар за акном знік, засталася толькі палата.
Гэтая сястра што ні робіць — ніколі моўчкі; так і цяпер — яшчэ з парога пачала сварыцца, што дыхаць няма чым (а кварцавалі нядаўна), хоць бы фрамугу адкрылі (а хто яе адкрые?), што як ёй абрыдзелі ўжо гэтыя хворыя — «і што мне за доля такая — усё жыццё пазіраць на чужыя задніцы!», а заадно і дактары — «каб яны самі ў гэтыя койкі палеглі!», і бальніца — «не згарыць жа яна!», і што «хутчэй бы на пенсію, ды паслаць усіх к ядрэні фені!»
— Піці хочаш? — пытае яна ў чалавека-лемура, набіраючы ў шпрыц лякарства.
— Хачу, — прывычна, па інерцыі адгукаецца небарака. Нават на слых проста фізічнае адчуванне, як ад смагі зашэрх і ледзь варочаецца яго язык, і, як таму сапсаванаму механізму хочацца даць змазкі, каб перастаў скрыгітаць па нервах, так і гэтаму хочацца хутчэй уліць у рот кубак свежай, сцюдзёнай вады, каб разгусціць застылую кроў.
— А не палучыш ты піці! Губы мокрай ваткаю выцеру — і ўся вада... А ты, — пераходзячы з гатовым шпрыцам да маладога, які пры яе з’яўленні лёг і суцішыўся, — ты зноў уставаў? Зноў гаварыў? Вунь крывянкі нацурболіла! Ты ж на вентыляцыі лёгкага стаіш! Ты ж на адных наркотыках жывеш — у чым душа трымаецца? Табе што было доктарам сказана? Нават рота не разяўляць!