Месяц за месяцам
Віталь Вольскі
Выдавец: Народная асвета
Памер: 176с.
Мінск 1969
Такуючы, глушэц нічога не чуе, нічога не заўважае. Таму і называюць яго глушцом. Ён цалкам захоплены сваім спевам. Але, скончыўшы такаванне, ён, перш чым пачаць новую песню, пільна прыслухоўваецца і аглядаецца наўкола.
Разам з белавежскім зубром глушэц з’яўляецца ў нашых лясах жывым прадстаўніком ледніковага перыяду, калі на нашай зямлі хадзілі статкі мамантаў — вялізных, калматых сланоў, якія вымерлі сотні тысяч год назад. I ў тыя далёкія ад нас часы гучаў у вільгот-
ным паветры скрыпучы спеў глушца.
У канцы сакавіка можна ўбачыць у ваколіцах гарадоў драпежнага птаха — каршуна. Ён прылятае сюды шукаць здабычу. У час палёту
каршуна лёгка пазнаць па шырокаму размаху выгнутых крылаў і доўгаму, раздвоенаму на канцы хвасту.
Каршуны ловяць варон, галубоў, галак, дробных птушак, мышэй і жаб. Падбіраюць яны таксама і падліну. На ўскраіне горада каршун ранняй вясной корміцца варонамі. На пацямнелым снезе пад высокімі соснамі відаць у гэты час сляды яго паляўнічай дзейнасці — рэшткі з’едзеных варон.
У лясным гушчары прачнуліся ў сваіх норах барсукі. Вылазіць з бярлогі мядзведзь. У ласёў адрастаюць новыя рогі.
Зайчыхі прыносяць у канцы сакавіка першы прыплод — ма-
лых зайчанят, так званых «марцавічкоў», з якіх рэдка каторы выжывае, бо надвор’е ўсё яшчэ халоднае і няўстойлівае. У гэты ранні веснавы час, калі снег яшчэ не сышоў, у нашых парках, садах і палях з’яўляецца заклапочаны грак.
Хто не ведае карціны мастака Саўрасава «Гракі прыляцелі»? Перад гледачом — характэрны малюнак ранняй вясны. 3-пад пацямнелага снегу ўсюды выступае вада, утвараючы на паверхні мёрзлай зямлі вялікія лужыны. Змрочнае, шэрае неба з цяжкімі дажджавымі хмарамі нізка навісла над шырокай, бясконцай раўнінай. А на пярэднім плане, на голых і мокрых бярозах,— гракі, раннія веснавыя госці. Яны збіраюць на зямлі галінкі, аднаўляюць свае разбураныя гнёзды.
Гракі прылятаюць да нас з цёплых краёў звычайна каля 18—20 сакавіка. 3 шумам і крыкам кружаць яны над гарадскімі вуліцамі і, падзяліўшыся на пары, пачынаюць рамантаваць старыя гнёзды.
Грак любіць жыць па суседству з чалавекам. Гняздзяцца гракі цэлымі калоніямі на старых дрэвах у парках і гарадскіх садах.
Гнёзды іх размешчаны блізка адно ад другога. На адным дрэве можна налічыць больш за пятнаццаць-дваццаць гнёздаў, па некалькі на адным суку.
Кожную раніцу, на досвітку, гракі вылятаюць у поле і на свежаўзаранай раллі дбайна збіраюць лічынак хрушчоў. Для сельскай гаспадаркі
грак — птушка патрэбная і карысная. Ён знішчае ў вялікай колькасці мышэй, хрушчоў, слімакоў і іншых шкоднікаў.
У вырай гракі адлятаюць ад нас позняй восенню. Яны збіраюцца ў вялікія чароды і павольна пасоўваюцца на поўдзень, затрымліваючыся то ў адной, то ў другой мясцовасці. 3 першым подыхам вясны гракі вяртаюцца на радзіму.
Следам за гракамі прылятае да нас і другі доўгачаканы госць — палявы жаваранак. Над чорнымі палямі звініць у высокім небе яго чысты, звонкі і радасны спеў.
Потым чародкамі вяртаюцца з далёкага падарожжа вясёлыя, вёрткія шпакі, і адразу пачынаюцца ў іх заўзятыя сваркі з вераб’ямі. Тыя пасяліліся, пакуль адсутнічалі гаспадары, у пустых шпакоўнях і цяпер
адмаўляюцца пакінуць незаконна захопленыя кватэры.
Шпак — таксама вельмі карысная птушка. Кормячы сваіх малых, пара шпакоў знішчае на працягу адной вясны больш за сем тысяч хрушчоў.
Гракі, шпакі, зязюлі, дзятлы, малінаўкі, ластаўкі, пліскі, берасцянкі і іншыя птушкі ахоўваюць нашы сады, лясы, палі і агароды ад шкодных насякомых.
У канцы сакавіка абуджаюцца да жыцця дрэвы. У ствалах дрэў пачынаецца рух сокаў. Таму гэты месяц і называецца — сакавік.
Красавік
Звоняць рэкі з ручаямі. Расшумеліся дубровы, Над палямі, над барамі Кліч праносіцца вясновы.
Пятрусь Броўка.
Красавік — месяц цёплы і вільготны, месяц першых дажджоў і паводак.
Вясна ўвайшла ў свае правы, адчула сваю моц.
Сонца грэе ўсё цяплей. Зямля вызвалілася з-пад снегу. На вербах з’явіліся на змену «коцікам» маленькія кволыя лісточкі.
Вяртаюцца з цёплых краёў на радзіму жоравы, буслы, гусі, качкі.
У самым пачатку красавіка, цёмнай вячэрняй парой, я пачуў упершыню крык пугача. Раніцай прайшоў
дождж, а пад вечар крыху падмарозіла і мокры снег зацвярдзеў. Увесь дзень над праталінамі спявалі ў небе жаўранкі. Над лесам праляцелі на поўнач дзікія гусі з радасным прывітальным крыкам:
— Гонк, гонк, гонк...
Калі сцямнела, з-пад даху нашага дома выпырхнулі кажаны. „ 0
Вечар быў цудоўны. Тэрмометр паказвау — 1 ■ Вакол было ціха.
Раптам у свежым паветры пачулася:
— У... у... у...
Потым, пасля невялікай паўзы, адрывістае:
— у-
I адразу гучнае, працяжнае, настойлівае:
— Уху — у-у-у... Уху-у — у-у...
Сабакі занерваваліся, забегалі вакол дома. На кожнае «ўху» яны заліваліся трывожным, тужлівым брэхам. Я пайшоў у той бок, дзе крычаў ці, правільней, «спяваў» сваю песню пугач. Па дарозе я кожны раз спыняўся, калі ён пачынаў сваё «ўху» і шпарка пасоўваўся наперад, бліжэй да пугача, калі той змаўкаў.
Па гуку я неўзабаве знайшоў тую высокую старую яліну, на якой сядзеў пугач, але самога яго ў цемры не ўбачыў. Доўга я стаяў перад ялінай і слухаў, нібы зачараваны.
Пугач крычаў з роўнымі прамежкамі. Канцэрт яго цягнуўся б доўта, калі б не вартаўнік Браніслаў. Ён прагнаў пугача двума стрэламі.
У адказ на першы стрэл пугач нібы ў насмешку адразу зноў зацягнуў сваё «ўху». Толькі пасля другога стрэлу цёмны цень аддзяліўся ад яліны, мякка слізгануў над махнатым веццем і бясшумна знік у сінім вячэрнім змроку.
— Навошта вы стрэлілі? — запытаўся я ў вартаўніка.— Пугач птах не шкодны. За лета ён знішчае нямала мышэй.
— Ану яго,— нездаволена адазваўся Браніслаў.— Надакучыў. Усю ноч крычыць, як апантаны. Сабакі брэшуць, спаць не даюць.
Я папрасіў Браніслава больш не страляць, не праганяць пугача.
Амаль кожную ноч крычаў пугач на той жа старой яліне на працягу ўсяго красавіка, і я шмат разоў слу-
хаў яго.
У старыя часы забабонныя людзі думалі, што гэта крычыць не птах, а нейкая міфічная істота — лясун. I цяпер многія лічаць яго крык жудасным, злавесным. А я мушу прызнацца, што мне ён падабаецца.
Голас пугача гучыць моцна, але мякка, крыху прыглушана, аксамітна. Ёсць у ім сапраўды нешта таямнічае, лясное, нешта вельмі сугучнае начной цемры. I на душы ў мяне заўсёды рабілася спакойна і лагодна, калі я чуў крык пугача, яго веснавы спеў. Агортвала зманлівае пачуццё, быццам усё навокал у поўнай суладнай гармоніі, усё на сваім месцы, і быццам нішто не можа парушыць адвечную трываласць светабудовы. I спалася ў такую ноч добра.
Пугач даволі лёгка прыручаецца і прывыкае да чалавека, нават праяўляе да яго прыхільнасць. На выстаўку Таварыства аховы прыроды ў Мінску прывезлі
пугача з Гродзенскага заалагічнага парку. Нерухома сядзеў ён у клетцы, нагадваючы тоўстага ката. He міргаючы, глядзелі яго вялізныя, круглыя, ясныя вочы бурштынавага колеру. Есці пугач адмаўляўся.
— He есць ён таму, што трапіў у незнаёмае памяшканне, у непрывычную абстаноўку,— сказала мне наглядчыца.— Пераезд на новае месца падзейнічаў на яго дрэнна. Вось і прыходзіцца карміць прымусова.
Адной рукой яна адкрывала пугачу рот, а другой засоўвала кавалкі мяса, адзін за адным. Калі мяса трапляла ў рот, пугач яго праглынаў, а галаву ўсё роўна адварочваў.
Твар жанчыны быў перад самай дзюбай птаха, але пугач ні разу не паспрабаваў дзеўбануць яе ці схапіць руку сваёй магутнай лапай з вострымі, бязлітаснымі кіпцюрамі. Ён толькі адварочваў галаву, нібы дзіця, што заўпарцілася і не хоча есці. Пратэст пугача быў пасіўны.
— He можа ён вас параніць? — спытаў я.
— Што вы,— здзівілася наглядчыца.— Ніколі. Ён жа мяне ведае. Ніколі не кране, прывык.
У голасе жанчыны гучала ўпэўненасць.
Пугач не толькі вельмі цікавы і рэдкі, але і карысны птах. Карыснымі з’яўляюцца наогул усе совы, да сямейства якіх належыць пугач. Мышы палёўкі, пацукі — іх асноўны корм. У начной цемры совы ловяць шкодных грызуноў з вялікім майстэрствам і спрытам, не горш, чым кошкі і лісіцы.
Як добра ранняй вясной у сасновым лесе! Якое тут чыстае, празрыстае паветра! Вось прагучаў сярод зялёнай ігліцы звонкі, бадзёры спеў.
Спыніцеся і прыслухайцеся.
Вось паўтарыўся ён яшчэ і яшчэ раз.
Падыдзіце бліжэй да дрэва, адкуль чуецца простая, але меладычная песенька, і вы ўбачыце птушку з грудкай цёмна-цаглянага колеру, з белымі палоскамі на крылах.
Гэта — берасцянка, якая вярнулася да нас з цёплых краёў у пачатку красавіка. Пад дрэвамі трымаюцца яшчэ дзе-нідзе апошнія рэшткі снегу, а яна спявае сабе ў захапленні.
Жыве берасцянка ў сухіх хвойных і лісцевых лясах, яна не любіць вільготных і балоцістых мясцін. Вясной у сасновым лесе гэтую птушку можна пачуць ледзь не з кожнага дрэва. Раніцай берасцянкі наладжваюць тут
цэлыя канцэрты.
На высокіх соснах пастукваюць пярэстыя дзятлы. 3-пад пажоўклай леташняй травы і сухога лісця прабіваюцца маладыя зялёныя травінкі.
Засінелі пралескі — першыя кветкі вясны. А вось і буйныя ліловыя званочкі сон-травы з’явіліся між бярозак і ялінак. Неўзабаве можна будзе пайсці ў лес і па грыбы-смаржкі.
Пад нагамі ў нас — свежаўскапаная, выкінутая на паверхню зямля. Тут правялі свае падземныя дарогі краты. Кучкі рыхлай зямлі сустракаюцца і ў лесе, і ў садзе, і ў полі.
Крот — нястомны землякоп. Сваімі кароткімі, але шырокімі і дужымі пярэднімі лапамі з моцнымі кіпцюрамі ён лёгка пракопвае пад зямлёю складаную сістэму доўгіх хадоў.
Заўсёды злосны і галодны, крот рухаецца па гэтых хадах, шукаючы па дарозе чарвей і лічынак хрушчоў. За адзін дзень ён з’ядае столькі, колькі важыць сам. Па выкінутай на паверхню зямлі, вызваленай ад снегу і не лакрытай яшчэ свежай травой, можна вызначыць напрамак падземных калідораў крата.
Футра ў яго аксамітна-чорнага колеру. Морда вузкая і доўгая, а на канцы морды — хабаток, як і ва ўсіх насякомаедных. Вочкі ў крата такія маленькія, што іх нават цяжка прыкмеціць. Бачыць ён дрэнна, але зрок яму асабліва і не патрэбны, бо жыве крот пад зямлёй, у адвечнай цемры. Востры нюх і тонкі слых з поспехам замяняюць яму слабы зрок.
Жывучы пад зямлёй, крот прывык да вільгаці, цемры і прахалоды. У спякотны сонечны дзень ён не можа доўга заставацца на паверхні і гіне ад сонечнага ўдару. З’ядаючы шмат шкодных лічынак, крот прыносіць карысць сельскай і лясной гаспадарцы.