• Газеты, часопісы і г.д.
  • Месяц за месяцам  Віталь Вольскі

    Месяц за месяцам

    Віталь Вольскі

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 176с.
    Мінск 1969
    51.29 МБ
    Сяджу і цярпліва прыслухоўваюся да цішыні, якая пануе над возерам. Вечар, як і ўчора, халаднаваты, але спакойны. Пакуль усё яшчэ светла, толькі неба пачынае трохі цямнець.	„
    Раптам недалёка ад байдаркі пачуўся ўсплеск. 3 зараснікаў рагозу вынырнула на паверхню андатра. 3 вады відаць не толькі галава, але і верхняя частка спіны звярка. Вось ён падплыў зусім блізка, быццам сам захацеў паглядзець на чалавека, які цікавіцца андатрамі.
    Я не варушуся.
    Андатра агледзела байдарку і паплыла вакол яе, трымаючыся на адлегласці не больш аднаго метра ад бартоў.
    Вось яна плыве пад вяслом, між байдаркай і карчажынай, нібы пад мостам.
    Мне добра відаць, як спрытна яна плыве, прыціснуўшы кароткія пярэднія лапкі да грудзей і вяслуючы толькі вялікімі заднімі лапамі з перапонкамі паміж пальцаў. Здаецца, нібы вакол байдаркі плавае маленькі бабёр.
    Нездарма індзейцы называюць андатру «малодшым братам бабра». Яна нагадвае бабра не толькі сваімі рухамі ў вадзе і на зямлі, але і сваімі хаткамі, і ўсімі звычкамі, і ўсім сваім жыццём. Толькі будаваць грэблі і рэгуляваць узровень вады ў вадаёмах, як гэта робяць бабры, андатра не ўмее. Адрозніваецца яна ад бабра і формай свайго хваста. У бабра хвост шырокі, таўсты і пляскаты, пакрыты дробнай луской, а ў андатры — вузкі, сціснуты з бакоў. Ён пастаўлены да паверхні вады рабром, і андатра карыстаецца хвастом і як вяслом і як рулём.
    Пад вадою і на вадзе андатра плавае заўсёды толькі ўверх спіною. Гэта — не выдра, якая можа плаваць як хоча — і бокам, і спіною ўніз, куляючыся цераз галаву і робячы пад вадою самыя нечаканыя віртуозныя павароты. Выдры гэта неабходна, бо яна ганяецца пад вадою за рыбай і мусіць быць спрытнейшай за сваю здабычу. Андатра корміцца раслінамі; жыццёвая практыка не вымагае ад яе такіх прыёмаў падводнага плавання, якія выпрацаваліся і развіліся ў выдры.
    Смелы звярок
    Я цярпліва чакаў.
    Зрабіўшы вакол байдаркі круг, а потым і другі, андатра нырнула і апынулася пад вадою каля карчажыны.
    3 вады высунуўся hoc, потым паказалася круглая мокрая галава. Маленькія лапкі-ручкі трымаюцца за слізкі, аброслы зялёнай тванню край карчажыны.
    Праз хвіліну, пераканаўшыся, што ёй нішто не пагражае, андатра вылезла з вады і апынулася на вясле. 3 невялікага, прыплюснутага з бакоў хваста сцякае вада.
    Андатра села на лопасць вясла, як на зручную пляцоўку, не вельмі шырокую, але роўную і гладкую. Вочкі звярка, круглыя і бліскучыя, дапытліва паглядаюць на мяне з-пад мокрай карычневай шэрсці.
    Я сяджу па-ранейшаму нерухома.
    Андатра ўзнялася слупком, склаўшы пярэднія лапкі і прыціснуўшы іх да грудзей. Галава яе выцягнулася наперад. Носік увесь час безупынна варушыцца, а доўгія рэдкія вусы тапырацца. Велічынёю звярок быў з маладую кошку.
    Мне ўспомнілася, што расказваў пра андатру Мікалай Антонавіч.
    — Андатра,— казаў настаўнік,— зусім не палахлівая. Пры малейшай пагрозе яна смела кідаецца, не чакаючы нападу, і на чалавека, і на сабаку, хоць і гіне пры гэтым заўсёды.
    У тым, што андатра мала баіцца чалавка, я цяпер і сам мог пераканацца. Праяўляць да андатры варожыя намеры ў мяне не было ніякай патрэбы, навошта крыўдзіць яе.
    Я не крануўся з месца, і гэта супакоіла звярка. Ён перастаў звяртаць на мяне ўвагу і заняўся сваім туалетам. Седзячы на задніх лапках, ён пярэднімі, як рукамі, прыгладжваў мокрыя валасы на схіленай галаве, на шчаках, на патыліцы і на шыі, ачышчаў грудзі і брушка ад твані, раскі і водарасцей, якія прыліплі да мокрай шэрсці.
    Нюх у андатры слабы і зрок таксама не з лепшых. Я для яе больш не існаваў, хоць і знаходзіўся вельмі блізка. Цяпер я для андатры, мабыць, проста нейкая нерухомая рэч, частка байдаркі і ўсяго навакольнага свету. Але слых у звярка неблагі. Час ад часу ён спыняе свае заняткі, прыўзнімае галаву і ўважліва прыслухоўваецца да ўсяго, што робіцца навокал, потым зноў бярэцца за свае ўборы.
    Андатра ўмывалася амаль як чалавек. Пры гэтым яна моршчылася і пазяхала. Пярэднія лапкі яе нагадвалі маленькія чалавечыя рукі, толькі пальцаў на іх было не пяць, а чатыры. Вось яна чухае і скрабе правай пярэдняй лапкай левае плячо, а потым абедзвюма лапкамі чысціць вушы, перабірае шэрсць на жываце.
    Наглядаючы за туалетам андатры, я зноў міжвольна ўспомніў бабра. I ён чысціцца і мыецца гэтаксама, калі вылазіць з вады на бераг.
    Цікава было назіраць смешныя выхадкі і забаўныя паводзіны звярка, але мне надакучыла сядзець нерухома. Я ўжо збіраўся пацягнуць вясло да сябе, каб паглядзець, як будзе рэагаваць на гэта андатра, але яна сама спыніла свае заняткі і слізганула ў ваду.
    У вячэрнім паветры пачуўся ціхі ўсплёск невялікага цела, па вадзе разышліся кругі. Андатра вынырнула і шпарка паплыла да зараснікаў трысця,
    Жыццёвыя клопаты
    Неба пачало цямнець. На супрацьлеглым баку возера ўсё яшчэ ружавела вячэрняя зара.
    Мне ўжо цяжка было бачыць на адлегласці, што робіць андатра ў трысці, але пакідаць занятую пазіцыю і парушаць цішыню азёрнай гладзі я не хацеў.
    Праз некалькі хвілін андатра вярнулася. Яна плыла недалёка ад байдаркі, трымаючы ў зубах кавалак трысцінкі. Сваімі вострымі зубамі яна зрэзала сцябло расліны і спяшалася з ім на кармавую пляцоўку.
    Падплыўшы да берага, андатра выйшла на невялікі выступ, села на заднія лапы і, трымаючы сцябло пярэднімі, спрытна абгрызла яго з усіх бакоў. Неўзабаве яна пакончыла з гэтай закускай, слізганула ў цёмную ваду і паплыла па новы корм.
    Пакуль я наглядаў за вячэрай ці, хутчэй, снеданнем андатры, на спакойнай паверхні возера з’явілася яшчэ некалькі звяркоў.
    Усюды чуліся ўсплёскі і шорганне. Сонная і ціхая дагэтуль вада нібы ажыла. Андатры пакінулі свае хаткі, у якіх адпачывалі на працягу дня. Адна за адной з’яўляліся яны ў валзе сярод трысця і пачыналі сваю начную дзейнасць. Цяпер яны плавалі па ўсіх напрамках, занятыя жыццёвымі клопатамі, ганяліся адна за адной, гуляючы ў вадзе, і шукалі сабе корм.
    Некаторыя з іх вярталіся ў хаткі з пучкамі водарасцей у зубах, з галінкамі лазы і сцябламі трысця. Яны рамантавалі і ўдасканальвалі сваё жыллё. Да бліжэйшай хаткі падплыла андатра з даўгім сцяблом рагозу. Крыху затрымаўшыся, звярок узлез на хатку і палажыў сцябло наверсе, пакорпаўся там яшчэ пару хвілін, выгнуўшы спіну, асцярожна спусціўся і знік у вадзе.
    Сярод дарослых звяркоў, якія плавалі па ўсіх напрамках, я заўважыў і малых. Яны трымаліся на паверхні вады, як круглыя пушыстыя паплаўкі, куляючыся з боку на бок, і веславалі даволі бездапаможна то адной, то другой лапай.
    Старыя андатры плавалі каля іх, нібы ахоўваючы сваіх дзяцей, але ў сапраўднасці малыя былі пакінуты на волю лёсу. У выпадку сур’ёзнай небяспекі дарослыя
    нічым не маглі ім дапамагчы. Андатры не маюць моцных сродкаў абароны ад ворагаў у вадзе, на зямлі і ў паветры. У гэтым я неўзабаве пераканаўся ўвачавідкі.
    Вада каля малых пакрылася раптам рабізною. Адно з андатранят неяк дзіўна закруцілася і знікла пад вадою. На гэтым месцы ўзнік невялікі вір, па вадзе разышлося некалькі кругоў. Гэта вострыя зубы разбойнікашчупака схапілі малога і пацягнулі ў ваду. Яно нават і не піснула. Над вадою мільгануў хвост шчупака, і на гэтым усё скончылася. Андатраня з вады не вярнулася. Астатнія не звярнулі на страту ніякай увагі, быццам нічога і не здарылася. Яны па-ранейшаму былі заняты сваімі справамі. Усюды па вадзе плавалі вузкія лісты асакі, абгрызеныя карэнішчы гарлачыкаў, кавалкі сцяблоў рагозу.
    Над сцяною трысця бясшумна з’явіўся балотны лунь. Усе андатры нібы па камандзе зніклі пад вадой, пахаваліся ў трысці. Лунь паляцеў далей, і на паверхні вады, зноў нібы па нейкаму таямнічаму сігналу, з’явіліся круглыя мокрыя галовы і цёмныя спіны звяркоў.
    Ворагаў у андатры шмат, але асабліва церпіць яна ад балотнага луня. Хапаюць андатру з паветра і арланбелахвост, і каршун, і канюк. У вадзе андатру можа праглынуць тлусты, непаваротлівы сом. Але тут, у Цне, сом для андатры не страшны, тут вялікіх самоў наогул няма. Вусаты сом ляжыць звычайна, як калода, у глыбокай яме на дне, а Цно — возера мелкае. На беразе звярку трэба асцерагацца лісіцы і тхара. Спрытная і злосная норка небяспечна для андатры і на зямлі і ў вадзе.
    Амаль ніколі не дажывае андатра да смерці. Асноўным ратункам гэтага звярка ад поўнага знішчэння з’яўляецца, як і ва ўсіх іншых грызуноў, яе пладлівасць. Андатра размнажаецца вельмі хутка. Некалькі пака-
    ленняў гэтых заморскіх звяркоў нарадзілася і вырасла тут, на Браслаўшчыне. Яны адчуваюць сябе не горш, як іх продкі ў лясных азёрах далёкай Канады.
    Непрыкметна насунуўся змрок і запанаваў над возерам. Цяпер цяжка было наглядаць за андатрамі нават і з блізкай адлегласці.
    Я павярнуў байдарку і паплыў туды, дзе з водамі Цны зліваецца Друйка. Наперадзе цямнела Замкавая гара.
    3 возера дзьмуў ветрык, і я доўга яшчэ чуў з усіх бакоў плёскат, шоргат і тузаніну звяркоў у трысці.
    ЗМЕСТ
    Месяц за месяцам 	 3
    Гадаванцы юных натуралістаў ....	96
    Паводка 	124
    Заморскі госць 	136
    На сініх азёрах 	152
    На белорусском языке
    Вйталйй Фрйдрйхоейч Вольскйй (Зейдель) МЕСЯЦ ЗА МЕСЯЦЕМ
    йздательство <Народная асвета» Государственного комнтета Совета Мнннстров БССР по печатн, Мннск, Ленпнскнй проспект, 85.
    Рэдактар М. Е. Шчарбун
    Мастацкі рэдактар /. М. Андрыянаў
    Тэхнічны рэдактар А. У. Іватка Карэктар ЯУПлясанава
    AT 10788. Здадзена ў набор 27/1 1969 г. Падпісана да друку 26/V 1969 г Фарм«т 70 X 1081/а8. ФІз. друк. арк. 5,5. Ум. друк. арк. 7,7. Ул.-выд. арк. б,оь. Тыраж 20000. Цана 43 кап. Заказ 60.
    Друкарня выдавецтва «Звязда», Мінск, ЛенінскІ праспект, 79.