Месяц за месяцам
Віталь Вольскі
Выдавец: Народная асвета
Памер: 176с.
Мінск 1969
Я праводзіў курапатак здаволеным позіркам. Прыемна было іх убачыць. Гэтыя невялічкія птушкі з сямейства курыных прыносяць нам бясспрэчную карысць, бо кормяцца і шкоднымі для сельскай гаспадаркі насякомымі, і насеннем рознага пустазелля.
Вельмі часта курапаткі гняздзяцца ў збожжавым полі і на лузе з хмызнякамі. У час ранняга сенакосу шмат наседжаных імі яек гіне.
У Чэхаславакіі, каб не змяншалася колькасць курапатак, збіраюць вясною ў палях яйкі гэтай птушкі і вы-
водзяць птушанят у інкубатарах. Потым трымаюць іх некаторы час на двары пад наглядам прьіручанай дарослай курапаткі. Калі малыя пройдуць патрэбны «курс навучання», іх выпускаюць на волю. Частку птушанят пакідаюць на фермах.
У выніку такіх мерапрыемстваў курапатка зрабілася ў Чэхаславакіі распаўсюджанай промыславай птушкай.
Можа і нам варта гэтак рабіць?
Ноччу выюць у лесе ваўкі. Восенню і зімою ваўкі вядуць вандроўнае жыццё. Пакінуўшы свае логавы, яны ходзяць цэлымі вывадкамі, Воўчае кодла складаецца з ваўка, ваўчыхі і ваўчанят.
3 надыходам халадоў белабокія сарокі трымаюцца каля вёсак. Тут ім лягчэй пракарміцца.
Па зялёных, калючых галінках маладой яліны перапырхваюць, ледзь чутна папіскваючы, маленькія каралькі. Прыемна глядзець на мілых, мініяцюрных птушак з такім пяшчотным, меладычным галаском:
— Сі-сі-сі...
Гэтую песеньку, калі можна лічыць песенькай ціхі, тоненькі піск, я чуў не адзін раз у лесе пад Мінскам і ўвосень, і зімой, у марозныя, снежныя дні і заўсёды з яліны. Каралёк, самая маленькая з нашых птушак, нікуды ад нас не адлятае.
Глядзіце, які ён прыгожы! Верх у каралька зялёны, грудка шараватая. На кароткіх крылцах светлая палоска. Уздоўж галоўкі з маленькай, тоненькай дзюбкай праходзіць яркая чырвона-аранжавая палоска, акаймаваная па баках дзвюма чорнымі. За гэтую залатую, агністую «каронку» яго і празвалі каральком. Зялёная афарбоўка каралька зліваецца з зялёнай хвояй яліны.
Маленькая птушка каралёк, і гняздзечка ў яго маленькае. Зробленае з шыпулек, сцяблінак, моху, паву-
ціння і конскага воласу, знаходзіцца яно на яловай лапіне. У гэтым гняздзечку з’явіліся ў маі, а потым і ў ліпені ружовенысія яйкі, кожнае велічынёю з гарошынку. За лета птушаняты-абодвух вывадкаў выраслі і трымаюцца цяпер адной вясёлай чародкай разам з бацькамі і суседзямі.
Вясёлыя і жвавыя каралькі заўсёды ў руху. Уважліва аглядаюць яны кожную шыпульку, спрытна і нястомна ачышчаюць хвою ад дробных, амаль непрыкметных насякомых, ад іх яек і лічынак. Гэтай сваёй санітарнай дзейнасцю каралькі вельмі патрэбны для лясной гаспадаркі.
Маленькія рухавыя птушкі так ажыўляюць зімовы пейзаж! Глядзіш на вясёлую мітусню каралькоў, слухаеш іх тоненькі піск сярод халоднай маўклівасці заснежанага лесу і здаецца, што зрабілася цяплей. I мароз нібыта не такі ўжо суровы.
Восенню на дварах каля хат з’яўляюцца вясёлыя сініцы. Часам у адной чародцы з вялікімі сіне-жоўта-зялёнымі сініцамі знаходзяцца і іншыя прадстаўнікі гэтага сямейства. Тут і крыху меншая блакітніца, і маленькая цёмна-шэрая маскоўка, і грэнадзёр з чубікам на галоўцы, і даўгахвостая сініца, ці апалонаўка. Усе яны жвава скачуць па дрэвах і па зямлі.
Розных насякомых, якія пахаваліся ад холаду, іх яйкі і лічынак сініцы знаходзяць у шчылінах плота, між бярвенняў хаты, пад страхой, між гонтамі, на падаконніку і аканіцах, пад карою дрэў на двары. Гэтыя цікаўныя і задзірыстыя птушкі мала баяцца чалавека.
Лістапад
Зямлі не адагрэць Агнём ліствы апошняй.
I ветру песні пець Над парыжэлай пожняй. У хмарах далячынь, Прасцяг дажджамі повен. He плавае ўначы Маладзіковы човен.
Пімен Панчанка.
Лістапад самы пахмурны месяц у годзе.
Нізкае неба амаль заўсёды зацягнута шэрымі хмарамі. Дзень за днём ад раніцы да вечара — слата, вецер холад, часам выпадае мокры снег. ’
Пад дажджамі і ветрам ападаюць з дрэў апошнія пацямнелыя лісты. Дрэвы ў садах і лясах стаяць чор78
ныя, голыя, мокрыя. Адны юлькі елкі ды сосны ніколі не губляюць сваёй адвечнай зялёнай красы.
Рэзка крычаць і сварацца неспакойныя, мітуслівыя сойкі. Цяпер, у рэдкім лесе, сярод голых дрэў, пазбаўленых лісця, сойкі часцей трапляюцца нам на вочы.
Вось адна з іх апусцілася на лясную сцежку і шукае нешта сярод чорных, жоўтых, чырвоных і карычневых лістоў на зямлі. Вы добра бачыце светла-бурую шыю, грудку і спінку, блакітныя і белыя палоскі на крылах і цёмны хвост.
Заўважыўшы вас, сойка прытаілася. Па колеру і тону яе верху сойку цяпер нялёгка адрозніць ад восеньскіх лістоў, што так густа пакрываюць зямлю. Вы страцілі яе з поля зроку. Няўпэўнена зрабілі вы два-тры крокі наперад. Сойка шумна ўспырхнула і паляцела прэч, крыкнуўшы нездаволена. I тут вы адразу ўбачылі, што знізу крылы ў яе — белыя.
He адзін раз, напэўна, заўважалі вы, што ў лесе бывае часам шмат маладых дубкоў і ні аднаго старога дуба. Якім жа чынам трапілі сюды жалуды, з якіх выраслі маладыя дубкі?
Жалуды занеслі сюды сойкі. Гэта іх работа.
3 надыходам восені заклапочаныя сойкі робяць нарыхтоўкі жалудоў і арэхаў, харчовых запасаў на зіму. Яны зрываюць спелыя жалуды з галін старога дуба, падбіраюць і тыя жалуды, што ўпалі на зямлю і ляжаць пад дрэвам. Сойкі хаваюць прынесеныя жалуды пад мохам, сярод галля, каля старых пнёў і ў іншых сховішчах, вядомых толькі ім.
Здараецца, што ляціць сойка з жолудам у дзюбе за дзесятак кіламетраў ад таго месца, дзе яго падабрала, каб схаваць на зіму. Ляціць яна, а па дарозе нешта яе спалохае ці здзівіць. Сойка крыкне і выпусціць жолуд з дзюбы. Бывае і так, што забудзецца сойка на
які-небудзь са сваіх складаў ці загіне заўчасна, і склад яе застанецца невядомым нікому. Жалуды, занесеныя сойкай у розныя патаемныя мясцінкі, перазімуюць пад снегам і вясной прарастуць. Вось і з’явяцца маладыя дубкі там, дзе старых дубоў няма вакол на вялікай адлегласці.
У лесе ўжо няма грыбоў.
Лістапад апошні месяц восені. Але здараецца і так, што выпадзе ў лістападзе снег, замерзнуць азёры і рэкі, і зіма пачнецца раней, чым вызначана ёй па календары.
А часам бывае і наадварот — спозніцца надыход зімы. Тады і ў снежні, першым зімнім месяцы, трымаецца такое ж восеньскае надвор’е, як і ў лістападзе. з яго дажджом і граззю.
У лістападзе кладзецца ў бярлогу мядзведзь. У гэты час засынаюць таксама ў сваіх норах барсукі. Лісіцы мышкуюць у палях.
Вавёркі змянілі сваё летняе футра на зімняе і з рыжых зрабіліся шэрымі.
Маленькая злая ласка і блізкі сваяк яе гарнастай апранаюцца на зіму ў белае футра. Толькі ў белага гарнастая кончык хваста застаецца чорны. Гэтым ён адрозніваецца ў сваім зімовым убранні ад ласкі.
Зайцы-русакі трымаюцца цяпер бліжэй да чалавечага жылля. Зайцы-белякі змяняюць у лістападзе сваё летняе рыжавата-бурае футра на зімовае — белае і пушыстае. У гэтым ахоўным адзенні іх не лёгка заўважыць на снезе.
Лісіцы восенню і зімой таксама часта жывуць у непасрэднай блізкасці да чалавека. Толькі мы іх не заўважаем, бо звяры ўмеюць добра хавацца. Мы іх не бачым, а яны непрыкметна сочаць за кожным нашым крокам.
Сталовая аднаго невялікага дома адпачынку знаходзілася ў самым лесе. У повара сталовай быў сабака Альтон, з выгляду падобны на лайку — вушкі тырчком, сам белы, а носік чорны, хвост закручаны абаранкам. Неяк у пачатку лістапада знайшоў Алыон недалёка ад сталовай лісіную нару. Залез ён у адтуліну напалову і пачаў раскопваць далей. Раптам выскачыў з запаснога ходу стары ліс. I не падумаў ён уцякаць, а смела кінуўся на Альтона ззаду. Як тут заекатаў Альтон, як завішчаў! Крыку было на ўвесь лес! Што сілы пабег ён да сталовай, а ліс за ім, кусаючы яго за лыткі. Гнаўся ліс за Альтонам ледзь не да самай сталовай.
Перапалоханы Альтон уляцеў праз адкрытыя дзверы на кухню і схаваўся за скрыняй. Толькі тады ліс спыніў пагоню, павярнуў назад і знік у лесе.
6 В. Вольскі
81
Нара, якую знайшоў Альтон, знаходзілася ад сталовай метрах у пяцідзесяці-шасцідзесяці. I ліс, відаць, лічыў такое суседства зручным.
Магчыма, нара не была яго сталым логавам. Можа, гэта быў толькі назіральны пункт ліса — месца, адкуль кемны звер мог сачыць за тым, што робіцца каля ста-
ловай. Тут мог ён цярпліва чакаць зручнага моманту, каб падабрацца бліжэй да кухні. Тут мог ён і адпачыць, і схавацца ў час небяспекі. Лісіцы маюць па некалькі такіх запасных сховішчаў на сваім паляўнічым участку.
Ва ўсякім выпадку жылося лісу каля сталовай зусім няблага. Кожную ноч жывіўся ён аб’едкамі і адкідамі на сметніку каля кухні. Нездарма быў ён такі дужы, гладкі і смелы. Трэба сказаць, што знаходзілася лясная сталовая ў дваццаці кіламетрах ад Мінска, недалёка ад шумнай дарогі з вялікім рухам.
У лістападзе адлятаюць на поўдзень апошнія дзікія качкі. Але часам здараецца, што асобныя з іх застаюцца зімаваць у
нас на рэках і азёрах, там, дзе вада замерзла не ўсюды.
Ва ўмовах цёплай зімы, калі замярзаюць не ўсе вадаёмы і вадаплаўныя птушкі могуць здабываць сабе корм, застаюцца часам на месцы і дзікія гусі. У пачатку студзеня 1952 года дзікіх гусей бачылі на тэрыторыі Навадворскага сельсавета Мінскага раёна.
Цецерукі жывуць у гэты час пераважна ў бярэзніках. Позняй восенню яны кормяцца ягадамі ядлоўцу, а з надыходам зімы асноўным іх кормам з’яўляюцца пупышкі бярозы.
Доўгімі і цёмнымі восеньскімі начамі цецерукі спяць у лясных зарасніках, невысока над зямлёй. Калі ж снег густа і шчыльна пакрывае зямлю, яны начуюць у глыбокім снезе.
Вечарам, з надыходам цемры, цецерукі адзін за адным падаюць, нібы нежывыя, з ніжніх галін дрэва ў сухі, пушысты снег. He пакідаючы слядоў на паверхні, яны пракладаюць сабе глыбокія хады ў снезе і спяць пад яго цёплым і мяккім покрывам. Пры першай трывозе гэтыя дзікія лясныя куры з шумам узлятаюць з-пад снегу ў паветра.
Снежань
Дарожкі і сцежкі занесла віхура, He знаць, дзе балота, дзе лог, дзе папар; Воўк, выйшаўшы з лесу, скуголіць панура,— Каб чым пажывіцца — пакінуў гушчар.
Янка Купала.
Прыйшла зіма. Падаюць з неба чыстыя, белыя пушынкі, усцілаючы зямлю мяккім снежным покрывам. Замерзлі спачатку сажалкі і азёры, а потым і рэкі.
Рыбы пад лёдам трымаюцца ў глыбокіх месцах у стане здранцвення. Плоткі, ляшчы і многія іншыя ляжаць нерухома ў ятлах на дне рэк і азёр, паўсонныя, ахутаныя сліззю, якая ахоўвае іх ад холаду.