Міфы бацькаўшчыны
Уладзімір Васілевіч
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 109с.
Мінск 1994
Паколькі Лознікі зусім бясшкодныя і малыя з выгляду, грамавыя стрэлы забіваюць іх не спецыяльна, а выпадкова. У Лознікаў застаецца адна небяспека, пра якую яны, аднак, зусім не дбаюць. Гэта — асушэнне месца пад іх жытлом і з-за гэтага знішчэнне лазняку, з якім звязана жыццё Лознікаў. У такім выпадку яны гінуць усе разам назаўсёды і бясследна.
Нйкйфоровскйй II, с. 84 —85.
ЛАЗНІК
(ЛАЗЕННІК)
Лазеннік жыве ў лазні пад палком... Гэта злы дух, які выглядам нагадвае Вадзяніка.
Романов, с. 289.
Лазнік любіць парыцца і мыцца; яму пакідаюць дзеля гэтага венік і ваду. Сваё мыццё ён робіць пасля апоўначы, а таму не любіць, каб хто-небудзь заставаўся да гэтага часу ў лазні. Калі ж хто застанецца так доўга, то Лазнік пачынае кідаць з печы камяні, намагаючыся забіць дзёрзкага.
Богдановйч, с. 70.
Лазнік больш злосны за іншых сядзібных нячысцікаў і цярпець не можа гультаёў, а тым больш — несвоечасовых наведвальнікаў, якіх палохае ненатуральным храпам, шыпеннем, паімённымі заклікамі, віскам, стукам у сцяну, варочаннем камянёў у лазні на каменцы, рогатам і інш. Зларадны рогат пужае запозненых у лазні жанчын, вымушаных уцякаць голымі. Ад пужання Лазніка не ўратавацца і тым, хто задумаў бы мыцца ў лазні пасля апоўначы: у іх ён кідае смеццем, нават камянямі, а пры вострым выпадку можа нават загубіць парушальніка спакою.
Нямала злобнага непакою прыносіць Лазніку першапачатковая апрацоўка пянькі і лёну, калі іх мнуць і трэплюць, а таксама папярэдняя сушка іх у самой лазні. Тады Лазніку даводзіцца пераносіць смурод і пыл ад падгнілай кастрыцы. Калі гэта застаецца ў лазні надоўга, Лазнік яшчэ больш злуецца на наведвальнікаў, якім ён помсціць пажарам у лазні.
Еўнікі, ці Асетнікі, Пуннікі і Лазнікі — няпрошаныя сядзібныя госці, без якіх лёгка абысціся, а таму пры пераходзе ў новыя збудаванні іх звычайна не запрашаюць, як Дамавікоў і Хлеўнікаў, яны самі набягаюць туды. Але, сумуючы ад адноснай бяздзейнасці, назойлівасці недарэчных і несвоечасовых наведвальнікаў, гэтыя нячысцікі часам раптоўна пакідаюць будыніну, дзе жылі. Такі зыход нячысціка суправаджаецца пагібеллю ці разбурэннем пакінутага прытулку — ён згарае, раскідваецца бураю ці ў ім правальваецца страха, столь, печка, крывіцца сцяна... У падпраўленае збудаванне нячысцік ўжо не ўвойдзе зноў.
Нйкйфоровскйй, с. 60.
ЛІХАМАНКА
(ТРАСЦА, ШУНЯ, ХОНДЗЯ)
Было дванаццаць сясцёр нейкіх духаў, яны хадзілі па свеце, клікалі людзей, і хто адгукаўся ім, у тым адна сястра адразу пасялялася, і ён
страшэнна мучыўся. Часам яны проста прыходзілі да людзей уночы ў выглядзе прыгожых жанчын; калі той, да каго падыходзілі, не ўставаў ці не гразіў ім, то і ў яго ўваходзіла Ліхаманка. Таксама ўваходзілі яны ў людзей у выглядзе парушынкі або мухі, што ўпала ў малако, калі хто-небудзь еў. I калі той працягваў есці гэта малако, то ў яго адразу рабілася ліхаманка; калі ж ён возьме тую парушынку і кіне ў печ, то яна згарыць, а калі, уклаўшы яе ў яечнае шкарлупінне, павесіць у коміне, то яна надзвычайна мучыцца. Такім чынам, шэсць сясцёр ужо спалены, тры дзесьці мучаюцца, а тры і цяпер блукаюць па свеце.
Запісаў у 1839 г. УлРадкевіч. НАРБ, ф. 2507, eon. 1, спр. 75, л. 62.
Тутэйшы народ адрознівае дванаццаць постацей Трасцы, якіх уяўляе сабе як дванаццаць сясцёр, вельмі прыстойных і падобных між сабою маладых дзяўчат, якія паасобку выбіраюць сабе на пэўны час жытло ў чалавечым арганізме, пераходзячы па чарзе ад чалавека да чалавека і жывучы яго сокамі. Час ад часу збіраюцца яны на сустрэчу звычайна на якой-небудзь лясной палянцы і там расказваюць пра свае справы, складаюць планы на будучае, дзеляць між сабою нагледжаныя ахвяры. Часам з’яўляюцца яны ў сне, прадказваючы хваробу ці зыход яе, або таксама засцерагаюць чалавека ад пагрозы хваробы, напрыклад, т.зв. «Трасца смяротная» гаворыць звычайна: «Ляшчына, не ляшчына, а я цябе насмерць затрасу!»; іншая зноў, калі чалавек засне выпадкова на зямлі ў тым месцы, што запэцкана скацінаю, з'яўляецца чалавеку ў сне і будзіць яго, каб неадкладна ўстаў, а калі не паслухае, Трасца плюе на соннага і той адразу ж захворвае на трасцу. Назвы розных постацей Трасцы наступныя: 1) «Трасца смяротная», якая выклікае смерць без выключэнняў; 2) «Т. ўнутраная», якая паражаё вантробы, у прыватнасці, «кала сэрца нудзіць»; 3) «Т. павярхоўная», «скура выбіваецца наверх...»; 4) «Т. касцявая», якую суправаджае ламата ў касцях; 5) «Т. пудавая», якая ўзнікае з перапуду; 6) «Т. лістаадзеватная», якая пануе ўвесну; 7) «Т. лістаападная», ці восеньская, — адна з найбольш упартых постацей; 8) «Т. гарохавая», якая пануе, калі гарох цвіце; 9) «Т. асінавая»; 10) «Т. ядленьцавая»; 11) «Т. агнявая» і 12) «Т. ледавая». Апошнія чатыры назвы паходзяць ад лекаў, эфектыўных на гэтыя постаці (асіна, ядловец, цяпло, холад).
Werenko, s. 166 — 167.
Ліхаманка або цётка-Ліхаманка выходзіць з зямлі восенню і вясною. Ліхаманка бывае розная, гледзячы на тое, якая цётка-Ліхаманка залезла ў цела чалавека. Усяго гэтых цётак-Ліхаманак 12, якіх таксама завуць дачкамі цара Ірада. Іх колькасць недастатковая для ўсяго свету, таму яны толькі перыядычна наведваюць сваіх ахвяр, адсюль і зменлівы характар Ліхаманкі.
Асеннія Ліхаманкі ўяўляюцца беларусу ў выглядзе кастлявых, агідных старых баб, а веснавыя — надзвычай прыгожых, грацыёзных, але халодных стварэнняў.
Мйнскйй лйсток, 1894, № go.
Вельмі многія хваробы беларус уяўляе сабе ў чалавечым вобразе... Ліхаманку, напрыклад, беларус уяўляе сабе ў вобразе халоднай прыгажуні ці, наадварот, у вобразе злоснай, пачварнай бабы. ЦёткаЛіхаманка, як і шматлікія іншыя хваробы, выходзіць з-пад зямлі якраз увесну і бадзяецца паўсюль, пакуль не натрапіць на каго-небудзь, хто спіць на веснавым сонейку. Калі гэта ёй удаецца, яна падкрадзецца да соннага, пацалуе яго і ўжо не расстанецца з ім. Прачнуўшыся, ён адчувае, што спаў асабліва соладка, і толькі потым няпрошаная госця пачынае заяўляць свае правы. Таму клапатлівыя маткі, калі выводзяць сваіх дзяцей на сонца, у першую чаргу папярэджваюць іх, каб яны не заснулі.
Янчук I, с. 35.
Усіх Ліхаманак існуе семдзесят сем, і яны — дочкі Ірада (лаянка: «ірадава племя»), праклятыя і ператвораныя ў 77 шкодных струменяў паветра. Дочкі надта злоснага бацькі, яны хаця і аднолькава шкодныя, але адрозніваюцца ўласнымі асаблівасцямі, якія выяўляюцца ў той ці іншай ступені жорсткасці ў адносінах да сваёй ахвяры, а таксама ў мужыкаватасці і высакародстве. Таму і сродкі супраць Ліхаманак самыя разнастайныя, а іменна — 77 сродкаў, яшчэ да гэтага часу не вывучаных людзьмі.
Паводле другога падання, Ліхаманкі ператвораны ў 77 мух, якія стараюцца трапіць ў страву і быць праглынутымі тым ці іншым чалавекам, пасля чаго, заразіўшы патрэбную асобу, яны выходзяць нізам. Варта толькі падхапіць такую муху, завязаць у анучку і падвесіць у коміне — ніводная Ліхаманка не прыстане да чалавека ўсё яго жыццё. Акрамя таго, дзякуючы гэтаму, свет вызваляецца ад аднаго мучыцеля.
Нйкйфоровскйй I, с. 274.
«Трасца, шуня або хондзя — такая хвароба, якая мае постаць худое, сіняе старое паненкі. К каму яна дабярэцца да ўссядзе, то той няхутка ад яе адчэпіцца...
Калі Трасца трасе, то яе хутчэй можна атагнаць, чым тую, якая толькі гняце да ломіць крсці.
Калі Трасца толькі гняце да ломіць косці, то трэ напіцца свежага бярозавага соку ці кіслага малака, тагды яна пачне трасці, а як трасе, то хутчэй можна ад яе адчапіцца».
Сержпутоўскі, с. 268—269.
Трасцы сядзяць на асіне, от затым асіна заўжды трасе сваім лістам, бо яе калоціць гэтая погань.
Сержпутоўскі, с. 204.
Ліхаманку нельга лаяць, пра яе інакш не ўспамінаюць, як з прыгаворкаю: «Няхай яна здаровенькая і вясёленькая ходзіць», і нават на Дзяды клічуць на вячэру Трасцухну-матухну.
Суеверйя, с. 139.
ЛОЙМА
(ЧАРЦІХА)
Лоймамі называюць у нас людзі злых духаў, толькі ў бабскай постаці. Яны знойдуцца найбольш у балоце, у лазе і страшаць бабаў, хоць часам і да мужчын прывязуюцца. У Лоймы вечна раскудлачаныя косы і наверху цыцкі вялікія вісяць, а сама страшная.
Federowski, s. 36-
Чарціхі, ці іначай т.зв. Лоймы... могуць выкрадаць у жанчын дзяцей, падкідаць на іх месца сваіх няўклюдаў.
«Чарціцы то ў постаці жаноцкай. Яны ўганяюцца за дзецьмі харошымі, бо чарцяняты, вядома што заўсюды страшныя. To як каторы ўгледзіць дзе дзіця на дарозе або на мяжы, а нат і ў хаце, як матка, адходзячы, не перажагнае яго і адно пакіне, то яна свае прынясе, пакіне, а тое ўхопіць».
Federowski, s. 36.
«Калі ў каго дзіця адменяна, то трэба ўзяць асовых дубцоў, палажыць дзіця на захадзе слонка на парозі і біць, пакуль Чарціха не прыйдзе па сваё тое дзіця, а кабеціна, што замяніла, аддасць. Кажуць, што Чарціха, аддаючы, кажа: «Я тваё так пяленгавала, а ты маё б’еш».
Federowski, s. 273.
ЛЮБМЕЛ
Любмел, здаецца, бог шлюбу, як можна меркаваць на падставе абраду, які і дагэтуль адбываецца пераважна ў Мінскай і Віцебскай губернях у гонар Любмела. У дзень шлюбу апранаюць прыгожага хлопчыка гадоў 10 ці 12 у белую кашулю з прыгожым поясам, у чырвоныя боты ці чаравікі; на галаву надзяваюць вянок з чырвоных кветак ці чырвоны завой накшталт вянка: такі ва ўяўленні беларусаў Любмел.
Древлянскйй, с. 102.
ляля
(ЛЁЛЯ)
Ляля (Лёля), багіня вясны. Беларусы ўяўляюць яе ў выглядзе маладзенькай, прыгожай, стройнай, высокай дзяўчыны. Святкаванне яе бывае напярэдадні Юр’я... Выбраўшы са свайго асяроддзя сяброўку, якая б выражала ўяўленне іх пра Лялю, карагод беларусак адзявае яе ў доўгі, белы саван, перавязвае ёй шыю, рукі і стан рознай зелянінаю, а на галаву кладзе вянок з розных веснавых кветак. Дзяўчыну-Лялю
саджаюць на дзярновую лаву, на якой з аднаго боку пастаўлены гладыш з малаком, сыр, масла, яйкі, смятана і тварог, а з другога — хлеб; ля ног Лялі кладуць вянкі, адпаведна колькасці дзяўчат з карагода. Узяўшыся за рукі, яны танцуюць вакол Лялі і пяюць у пахвалу ёй песню... Ляля раздае ўсім дзяўчатам па чарзе малако, масла, сыр і г.д., пакуль, нарэшце, нічога не застанецца. Пасля гэтага дзяўчаты зноў пачынаюць танцаваць вакол Лялі... Ляля бярэ вянкі і кідае па адным на тых, хто танцуе, пакуль усе дзяўчаты не схопяць па вянку...
Древлянскйй, с. 105—107.