Міфы бацькаўшчыны
Уладзімір Васілевіч
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 109с.
Мінск 1994
Ён рагоча, крычыць дзікім голасам, сцябае пугаю; парою, не паказваючыся з гушчару, кліча падарожніка па імені знаёмым голасам; падарожнік збочвае з дарогі і ідзе на голас, аддаляючыся ўсё далей і далей у глыбіню лесу...
Што трэба рабіць, калі заблукаеш, калі абыдзе цябе Лесавік, або сам пападзеш на яго логава, ці наогул адурманіць нячыстая сіла?
Пераапрані што-небудзь з адзення навыварат, разуй левую нагу і абуй правую, выверні шапку наадварот ці павярні яе брылём назад; прачытай, калі ведаеш, нядзельную малітву тры разы; прыгадай, што напярэдадні Новага года вараць свіную галаву — гэтымі сродкамі ты не дасі пажартаваць з сябе Лесавіку, які водзіць чалавека па самай ускраіне лесу і не дае яму пазнаць, да якога месца ён выйшаў ля паселішча. А злуецца на цябе прыдзірлівы Лесавік за тое, што выпадкова
ты перайшоў яго любімую сцяжынку. Зрэшты, іншы раз Лесавікі збіваюць са шляху тых, хто выпраўляецца ў лес без блаславення, г.зн. не памаліўшыся Богу; яны таксама заводзяць дзяцей, якія зняважылі маці і праклятыя ёю апоўдні. Лесавікі зносяць пераважна хлопчыкаў, Лесавіхі — дзяўчынак. Жанчын Лесавікі заводзяць больш свавольных, якія кепска жывуць з гаспадарамі...
Добры Лесавік корміць палонных абаранкамі, арэхамі, пернікамі, толькі дае ў меру, надта не балуе... Што гаспадар забудзе ці пакладзе абы-як, то Лесавік сцягне...
На думку Лесавіка, пасля вячэры трэба маліцца, кладучыся спаць трэба перахрысціцца, і дзяцей на ноч трэба перахрысціць; трэба быць акуратным і ахайным і гаспадыні і гаспадару. Муку для хлеба трэба прасейваць, з хлебам рэкамендуецца абыходзіцца беражліва і з асаблівай пачцівасцю: расчыняючы хлеб, не лішне працадзіць ваду; хлеб трэба класці на стале, але не на лаўцы. Рэкамендуецца ў засеках накрываць зерне накрыўкаю, каб яно не запылілася. Калі страва згатавана смачна і ахайна, Лесавік, бадай, пакаштуе яе, ад кепскай стравы ён адвернецца, скрывіць морду — і пойдзе...
Лесавік часам прымае блізкі і непасрэдны ўдзел у смутках чалавека — ён закалыхвае хворае дзіця, каб супакоіць схіленую над ім маці і даць ёй адпачыць. Лесавік прадбачыць будучыню, і яму наперад вядомы лёс чалавека; іншы раз ён з'яўляецца ў ролі прадказальніка...
Вяртанню ўкрадзеных Лесавікамі людзей садзейнічаюць ахвяры. Яны кладуцца на скрыжаваннях дарог, дзе збіраюцца Лесавікі. Ахвяраю можа служыць кавалак сала, гаршчок з кашай, хлеб з соллю, a то бабы напякуць бліноў ці пірагоў, загорнуць з соллю ў чыстую анучку, перавяжуць чырвонай нітачкай, занясуць усё гэта ў лес і пакладуць на скрыжаванні лясных дарог...
Знесеныя Лесавікамі дзеці пасля вяртання з цяжкасцю прывыкаюць гаварыць і дзічацца людзей. Лесавікі самі выносяць іх і кідаюць на тое месца, адкуль узялі... Многія, пачуўшы ад Лесавіка ўсялякай прамудрасці, робяцца знахарамі і знахаркамі і падтрымліваюць сувязь з Лесавікамі, Дамавікамі і рознай нячыстай сілай...
Звышнатуральныя веды і багацце атрымліваюць ад Лесавіка тыя, хто зробіць якую-небудзь паслугу яго дзецям, пакрые іх, калі знойдзе ў лесе голых. Усім уласціва павер'е, што ў Лесавікоў ёсць дзеці, а некаторыя нават бачылі іх: ляжаць яны, голыя, у люльках, падвешаных да галін елкі ці хвоі. Калі ўбачыш такое дзіця, трэба што-небудзь з сябе зняць, накрыць дзіця і несці. З'явіцца жанчына, якая будзе ўбівацца, упрошваць аддаць ёй дзіця, абяцаць за яго выкананне любога, але аднаго жадання. I вам раскажуць прыклад, што сапраўды, такі чалавек разбагацеў, дзякуючы знойдзенаму ў лесе дзіцяці, а такі — атрымаў чарадзейныя веды і зрабіўся знахарам...
Хто ўбачыць Лесавіху ў час родаў, той павінен што-небудзь накінуць, не хрысцячыся і не чытаючы малітвы, на ёю народжанае дзіця і адразу ж пайсці. Лесавіха пойдзе за гэтым чалавекам і ўсё будзе пытацца, што яму трэба: грошай ці добрага жыцця. Хто папросіць у яе грошай, то яна адразу ж насыпле яму цэлы прыпол грошай, якія пры выхадзе з лесу ператвараюцца ў вуголле. Але хто будзе гаварыць, што яму нічога не трэба, той усё жыццё будзе карыстацца поспехам
ва ўсіх сваіх справах. Таму народ кажа пра таго, хто жыве ў багацці, што, напэўна, ён бачыў Лесавіху ў час родаў. Толькі шчаслівы чалавек можа бачыць Лесавіка і Лесавіху, апранутымі ў добрае адзенне; калі хто ўбачыць Лесавіка ў кепскім адзенні, не будзё шчасця. Мужчыны, калі ўбачаць Лесавіху і пачуюць яе голас, пачынаюць сумаваць і худнеюць.
Да Лесавіка звяртаюцца з просьбаю вярнуць жывёлу, што заблудзілася ў лесе. Гаспадар згубленай жывёлы кладзе на скрыжаванні дзесятак яек, кавалак сала, бохан хлеба і становіцца да ахвяраванага задам; знахар абводзіць яго і заклінае духаў рознымі галасамі, пасля чаго гаспадар, не паварочваючы галавы, вяртаецца назад дадому.
Жйвая старйна, 1908. Вып. 1, с. 3—8.
Лесавік такі ж вялікі, як самыя высокія дрэвы; ён падобны на чалавека, але можа крычаць, як птушка, выць, як звяры і плакаць, як дзіця... Але гэта толькі ў лесе: як толькі ён выходзіць з лесу, усе гэтыя бачныя грозныя атрыбуты знікаюць, і пра яго прысутнасць можна меркаваць толькі па вялізным цені... У Лесавікоў ёсць жонкі. Яны выглядаюць як звычайныя жанчыны з распушчанымі валасамі, у якія ўплецены зялёныя галіны. Гэта — душы загубленых Лесавіком дзяўчат, якія праклятыя былі бацькамі ці паднялі на іх руку. Па начах яны «хітаюцца», г.зн. гойдаюцца на галінах дрэў, а на дзень разам з Лесавіхамі ідуць пад зямлю, дзе жывуць у палацы. Часта Лесавікі заманьваюць неасцярожнага паляўнічага ў лясны гушчар, падрабляючыся пад птушыны крык, палохаюць яго там, перашкаджаюць яму страляць па дзічыне, адводзяць стрэл у другі бок і, нярэдка здараецца, губяць паляўнічага ў багне пакутлівай і маруднай смерцю.
Ляцкйй I, с. 36.
Лесавік уяўляецца чалавекам вялізнага росту — «з дрэва», у лапцях і з доўгаю пугаю ў руках. Ен звярыны пастух і вечна варагуе з паляўнічымі, усяляк адводзіць іх убок ад дзічыны і дапамагае заблудзіцца. У гэтым яму дапамагаюць і чэрці, адгукаючыся рэхам на воклічы тых, хто заблудзіў. Рэха — гэта галасы чарцей. Калі заблудзішся, трэба сесці і разуцца, левы лапаць абуць на правую нагу, а правы на левую. Тады знойдзеш дарогу. Але да выпадковых наведвальнікаў лесу ён ставіцца лагодна, выводзіць іх на дарогу і нават дзеліцца хлебам. Жыхары лясных мясцовасцей бачаць яго даволі часта, але яшчэ часцей чуваць, як ляскае яго пуга і як ён крычыць на звяроў: го-го-го-го-го!
Романов, с. 289.
«Чарты лесавыя заўсёды анно ўночы лятаюць па лесе і людзям шкоду робяць. He раз чутно, як яны сярод ночы гучаць і смяюцца. Каторы бартнік з імі пазнаецца, то яны яму памагаюць: усё яму ручыцца, і дзе анно борць заложыць, так зараз пчолы прыляцяць. Каторы жа з
імі не пазнаецца, то яму мёд выдзіраюць і так робяць, каб раі ўцякалі».
Federowski, s. 17.
Існуюць розныя віды чарцей. Лясныя чэрці лётаюць па дрэвах, абломваюць галіны, атрасаюць жоўтае лісце, а часам і зялёнае, валяць дрэвы, сеўшы на адно якое цэлым гуртам. Людзей яны заманьваюць словамі: «Хадзі, хадзі!» Каму жыццё дарагое, голасу гэтага не слухае, а толькі ўцякае ад яго, каб не завёў сілаю ў якія-небудзь багны без выйсця.
Kibort, s. 395.
Над лясамі і ўсім, што ў іх, валадарыць Лешы... Ростам ён роўны з дрэвамі таго лесу, у якім разгульвае. Ён можа павялічвацца і памяншацца, прыстасоўваючыся да велічыні дрэў. Ён надзвычай дужы: калі разгуляецца ў лесе ў час буры, то з коранем вырывае магутныя дубы, на кавалкі ламае векавыя сосны, валіць на зямлю мноства дрэў, высцілаючы свой шлях у лесе, каб ніякая сіла не магла дабрацца па яго слядах да яго логава. А жыве ён у так званым «матачніку» — сярэдзіне пушчы, недаступнай для звычайнага смяротнага.
Матачнік абкружаны непраходным лесам, завалены ламаччам, акрамя таго, вакол яго багністыя балоты, якія не замярзаюць і ў самыя суровыя зімы. Там і жыве Лешы са сваімі звярамі і птушкамі. Усе буйныя звяры туды ідуць паміраць: яны толькі ведаюць патаемныя сцежкі, па якіх можна дабрацца да матачніка...
Калі Лешы разгульвае па сваіх уладаннях, яго суправаджаюць зграі звяроў і чароды птушак, асабліва совы, пугачы, вароны і сарокі. Галава яго пакрыта доўгімі кучарамі і нагадвае вершаліну хвоі; вялізнае тулава апранута ў звярыныя скуры — воўчыя і мядзведжыя — поўсцю навыварат; рукі і ногі тоўстыя і моцныя, як ствалы дубоў, вочы гараць, як у ваўка ці савы. Ён «ржэць», рагоча, калі вясёлы; ваўком вые, калі сумны; рыкае, як мядзведзь, калі злосны, а часам дзіка павісквае. Ён пляскае ў далоні, і ад гэтага трэск ідзе па лесе. У руках ён, здараецца, трымае вялізную дубіну, якой стукае па дрэвах, таму, маўляў, і чуецца ў лесе грукат. Паводле другой версіі — у руках у яго доўгі бізун, якім ён стукае, падганяючы сваіх спадарожнікаў.
Такі Лешы водзіцца толькі ў вялікіх лясах і пушчах; з ім надта ўжо небяспечна сустракацца. А ў малых лясах і Лешы бывае меншы. Зрэшты, і яму пальца ў рот не кладзі: можа парадкам напалохаць чалавека і ваўкоў нацкаваць.
Богдановйч, с. 77— 79.
У лесе жыве Лясны дзед. Хаваецца ён у глыбокіх і непадступных багнах і прываблівае да сябе жывёлу, што заблудзілася, так што часта бедная карова хоць і ведае дарогу ў вёску і чуе, што трэба туды паварочваць, але ўсё далей у лес заходзіць і, нарэшце, робіцца ахвяраю ваўкоў, гіне.
Jelenska, s. 503.
MAPA
(MAPA, МАРНЯ)
Mapa — нейкая вялізная жахлівая істота на кароткіх лапах, абавязкова чорная, якую дзеці вельмі баяцца. Калі Мара рухаецца, ад яе зыходзяць металічныя гукі, як аддаленыя ўдары ў чыгунны кацёл. Цяпер Мара — пудзіла з саломы, апранутае ў рвань.
Романов, с. 285.
Марня — нейкі дух ці прывід. Ва ўяўленні беларусаў, Марня праследуе людзей, якія ўчынілі якое-небудзь зладзейства. Для гэтага яна звычайна прымае выгляд таго чалавека, якога праследуе і, выстаўляючы перад ім яго злачынства, не дае яму нідзе і ніколі спакою, так што той вымушаны аб явіць пра сваё злачынства перад начальствам... Марня праследуе злачынцаў і пасля іх смерці: прыняўшы на сябе воблік памерлага злачынца, яна з'яўляецца ў сне родным яго і не дае ім спакою да таго часу, пакуль яны не раскрыюць злачынствы нябожчыка перад народам. Марня вядома па ўсёй Беларусі і, напэўна, паданне пра яе захавалася між беларусамі ў спадчыну ад старажытных славян.