• Газеты, часопісы і г.д.
  • Міфы бацькаўшчыны  Уладзімір Васілевіч

    Міфы бацькаўшчыны

    Уладзімір Васілевіч

    Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
    Памер: 109с.
    Мінск 1994
    42.2 МБ
    дрэвы, каб пагушкацца на галінах і вершалінах. Гэтым Русалкі асвяжаюць успаміны пра пакінутую зямлю і пра людзей, сярод якіх яны абавязкова стараюцца злавіць ахвяру. Гэта робіцца, між іншым, гэтак: спакушальніцы куляюцца, гуляюць, бегаюць навыперадкі, водзяць карагоды, скачуць, рагочуць, пяюць песні і заманлівымі рухамі клічуць да сябе выпадковага гледача. Калі ён паддасца закліку і падыдзе да Русалак ці спыніцца, здранцвелы, яны гуртам абступаюць ахвяру, ціскаюць яе ў абдымках, казычуць да смерці. Пры гэтым, пачуўшы вясёлы рогат і песні, ніхто не ідзе на дапамогу, бо не падазрае небяспеку там, дзе весяліцца моладзь. Адзіным магчымым сродкам выратавання ад Русалак служыць укол хаця б аднае з іх іголкаю ці шпількаю, якія неабходна мець пры сабе напагатове: тады ўвесь гурт Русалак з віскам кідаецца ў ваду, дзе яшчэ доўга чуюцца іх галасы. Аднак і пры такой перасцярозе лепш за ўсё пазбягаць у Русальны тыдзень мясцін каля вады, не мыцца, не праць бялізну і не лавіць рыбу.
    Калі Русалкі завалодаюць ахвяраю, яны заносяць яе ў сваё жытло і тут акружаюць самым пяшчотным клопатам: у ахвяры-жанчыне яны бачаць магчымую жонку свайго ўладара — Вадзяніка, новую сяброўку сабе, а ў мужчыне, асабліва калі той малады і прыгожы, — магчымага палюбоўніка аднае з іх. Зразумела, больш за іншых даглядае загінуўшага тая Русалка, якой ён прыйшоўся даспадобы... Русалка расчэсвае яго галаву, расцірае цела, адганяе вадзяных жывёл, прыбірае ложа лепшымі водарасцямі, а ў Русальны тыдзень выводзіць яго разам са сваім гуртам на сушу, нават дазваляе зазірнуць у родны дом і пабачыць людзей, каб хоць як паслабіць тугу па зямным жыцці. Астатнія ахвяры застаюцца без увагі: Русалкі дазваляюць ракам і насякомым нявечыць іх цела, а калі ахвяра аказалася чаму-небудзь несімпатычнай, яны выштурхваюць труп на паверхню вады, да берага.
    Той, хто выратаваўся ад Русалак, ці нават хто бачыў іх або чуў здалёк, не заўсёды застаецца беспакараны. Так, адзін набывае звычку без прычыны нястрымна рагатаць, другі крывіць паходку, твар, у некаторага прападае тое ці іншае адчуванне, пераважна слых. Характэрна, што чым мацней натура ахвяры, тым большыя ў яе пашкоджанні, з якімі чалавек не можа справіцца ўсё жыццё.
    Акрамя варожых нападаў, калі бязлітасна праследуюцца людзі ўсіх узростаў — ад немаўлят да старых уключна, — вядомы таксама заляцанні Русалак, пераважна тых, хто пры зямным жыцці не ведаў людзей, як, напрыклад, немаўляты. Гэтыя заляцанні менш варожыя і не такія небяспечныя; больш за ўсё яны прыходзяцца на маладых мужчын, асабліва хлопцаў, зносіны з якімі новыя і заманлівыя для Русалак. Тут Русалка падхоплівае які-небудзь яго прадмет — адзежу, абутак, рыбалоўную прыладу і, збіраючыся затапіць яго, тым самым прымушае ўладальніка кідацца без разбору лавіць прадмет, сама ж нябачна падштурхоўвае прадмет усё далей і далей, у небяспечнае месца, куды, зразумела, заманьвае і гаспадара. Калі той паспяхова пазбегнуў небяспекі, вылавіў украдзены Русалкаю прадмет, гэтаму прадмету не пашанцуе: чалавек абавязкова згубіць яго ў будучым, ці яго ўкрадуць, ці ён сапсуецца. Шмат даводзіцца цярпець ад заляцанняў Русалак маладым рыбаловам: кратаючы лёску, Русалкі падманваюць вудзільшчыкаў фальшывым клёвам; у другіх яны выварочваюць сеткі.
    напаўняюць іх цінаю і травою, вырываюць вясло, шост ці разгойдваюць лодку, каб перавярнуць разам з рыбаком.
    Якое б прыгожае жыццё ў Русалак ні было, у іх хапае смутку, які яны не могуць заглушыць забавамі. Перш за ўсё ім з зайздрасцю даводзіцца глядзець на волю сваіх зямных сябровак-жанчын, назіраць за матчынымі ласкамі, якія многім з іх былі не толькі не знаёмыя, але мелі адмоўны характар у адносінах да іх. Самазабойцам даводзіцца перажываць з-за хвіліннага неабдуманага рашэння развітацца з жыццём, каб потым накласці на сябе вечную няволю. Але найбольш прыгнятае паднявольная сувязь з Вадзяніком, ва ўладаннях якога яны жывуць і якому падпарадкаваны з той хвіліны, як трапілі сюды. He толькі жальба, а найвышэйшая ступень бяссільнай злосці павінна ахапіць істоту Русалкі, калі ёй даводзіцца бачыць маладую шчаслівую пару, калі тая гуляе па беразе жытла Русалак ці плавае на лодцы. Затое які радасны крык чуецца тут парою, калі становіцца вядома пра пагібель ненавіснага Вадзяніка! Гэта, аднак, апошні радасны крык, таму што разам з пагібеллю Вадзяніка пачынаецца і іх уласная, калі толькі Русалкі не паспелі сысці з асушанага жытла і перабрацца ў новае. Але тут лёгка можа здарыцца, што з аднае няволі яны трапляюць у новую, магчыма, больш цяжкую.
    У рэдкіх мясцінах жыхарства Балотнікаў, Багнікаў і Аржавеннікаў ёсць асобныя Русалкі, якім гэтае імя даецца хіба што смехам і якія, акрамя жанчынападобнага аблічча, не маюць нічога агульнага з сімпатычнымі ласкавымі Русалкамі. Гэтыя Русалкі старыя, з кульбакамі ў руках, пачварныя, брудныя, як і іх месца жыхарства, злыя і панурыя не менш за сваіх сужыцеляў, з якімі, аднак, яны не маюць зусім ніякіх зносін, а часта і не ведаюць адзін аднаго.
    Нйкйфоровскйй II, с. 85—89.
    Русалкі, што маюць выгляд то прыгожых, то брыдкіх жанчын, выходзяць на бераг, заплятаюць валасы, што свецяцца ў цемры, плятуць і ўпрыгожваюць галовы вянкамі. У гэты час небяспечна з'яўляцца аднаму на бераг ракі ці возера, асабліва, калі бачны рухомыя агеньчыкі і чутна журботная песня. Завабяць яны смельчака гульнёю безлічных агнёў, зацягнуць чароўнай сілаю тужлівай песні, і ён беззваротна загіне ў балотнай багне ці ў глыбіні цёмных водаў. На перадсмяротныя крыкі яго жорсткія жыхаркі вадзянога царства будуць адказваць злосным рогатам, і зноў пальецца сумная песня, якая звініць над вадою і гулка замірае ўдалечыні. Усю ноч да зары гучаць іх песні, зліваюцца з гукамі песень маладых хлопцаў і дзяўчат...
    Ляцкйй I, с. 38.
    Беларусы ўяўляюць сабе Русалак дзяўчатамі, абавязкова голымі, з доўгімі распушчанымі валасамі і з целам зямлістага колеру, пакрытым не скураю, а нечым цвёрдым, накшталт пазногцяў. Расказваюць выпадкі, калі Русалкі заманьвалі людзей, асабліва дзяцей, у лес і там іх казыталі насмерць. Але бывалі выпадкі, што людзі нападалі на паасобных Русалак і прыводзілі іх у вёску. Такія Русалкі працуюць, але моўчкі, не кажучы ні слова. Калі ж праз год зноў наступіць Русальны
    тыдзень, такая Русалка раптам запляскае ў далоні, закрычыць: «Гута-та! Гу-ля-ля!» і ўцячэ ў лес. Тады і на кані яе не дагоніш.
    Романов, с. 204.
    У вадзе жывуць і Русалкі. Яны, аднак, могуць лічыцца «земнаводнымі», таму што жывуць у вадзе толькі з восені да «Русальнага тыдня» (першы пасля Сёмухі). Тады яны выходзяць з вады і пасяляюцца на галінах дрэў, асабліва на бярозах. Русалкі гойдаюцца на іх гнуткіх галінах, заклікаючы прахожых: «Чалавек! Чалавек! Хадзі калыхацца!» А калі хто здуру падыдзе да іх блізка, то яны заказычуць яго да смерці.
    Уяўляюцца яны беларусу прыгожымі жанчынамі, з распушчанымі доўгімі валасамі. Пакуль Русалкі не выйдуць з вады, г.зн. да Русальнага тыдня, лічыцца небяспечным купацца, таму што ці хвароба якаянебудзь здарыцца, ці Русалкі да сябе зацягнуць у глыбіню ракі і ўтопяць.
    Існуе павер'е, што душы дзяцей, памерлых да хрышчэння, ператвараюцца ў Русалак.
    Богдановйч, с. 77.
    Русалкі, на думку народа, гэта душы памерлых: тапельніцы і дзеці, якія нараджаюцца на свет нежывыя ці якія паміраюць нехрышчоныя. Русалкі да Духава дня жывуць у вадзе; у гэты ж час выходзяць са свайго жытла, плешчуцца апоўначы пад месяцам на паверхні вады ці гойдаюцца ў лясах на дрэвах і бегаюць па палях, заманьваючы прахожых, каб потым заказытаць іх да смерці. На Духаў дзень і Сёмуху народ не купаецца, баючыся, каб Русалкі не заказыталі.
    Неверовйч, с. 153.
    Русалкі — маладыя прыгожыя жанчыны з доўгімі, да пят, косамі; жывуць яны ў лясах, балотах, але галоўнае месцазнаходжанне Русалак у рэчцы, у якім-небудзь глыбокім віры. На бераг Русалкі выходзяць рэдка, а калі і вылазяць, то далёка ад вады не адыходзяць. Яны заманьваюць да сябе падарожных мужчын, якіх больш за ўсё прывабліваюць прыгажосцю і стараюцца заказытаць. Ад няма чаго рабіць Русалкі смяюцца з рыбакоў: блытаюць іх сеткі, выцягваюць нерат на бераг...
    Русалкі — душы тапельніц, мёртванароджаных ці дзяцей, памёршых нехрышчонымі...
    Да Духава дня яны жывуць у водах. На Духаў дзень выходзяць са свайго жытла і плёскаюцца на паверхні вады. Тады Русалкі могуць заходзіць і далёка ад месца свайго жыхарства, у лясы і гаі. Чапляючыся валасамі за сукі і ствалы, калі іэтыя дрэвы сагнутыя бураю, яны гойдаюцца, як на арэлях з крыкам: «Рэ-лі, рэ-лі!» ці «Гутынькі, гутынькі!»
    Заходзяць Русалкі на палі і лугі, каб завабіць прахожых бліжэй да вады і потым утапіць іх ці заказытаць да смерці. У любое месца могуць зайсці Русалкі. Асцерагаюцца купацца на Сёмуху і на Духаў
    дзень. На крывым тыдні небяспечна ехаць аднаму цераз жытнёвае no­ne: Русалкі могуць напасці і замучыць... Каб пазбавіцца ад іх у час нападу, трэба начарціць на зямлі крыж, абвесці кругам і ў гэтым крузе стаць. Русалкі тады не падступяцца; паходзяць, паходзяць вакол, a потым і схаваюцца.
    Існуе павер'е, што на Духаўскім тыдні ходзяць па лесе голыя жанчыны і дзеці. Пры сустрэчы з імі трэба абавязкова накінуць на іх хустку ці хоць якую-небудзь анучку. Калі ж нічога з сабою няма, то трэба хаця б адарваць рукаў ад сукенкі і кінуць Русалкам — у адваротным выпадку пагражае непазбежная смерць.
    Паводле народных перакананняў, Русалку можна злавіць і прывесці дадому... Вось адна легенда: «Мой прадзед пайшоў аднойчы на Русальным тыдні ў лес лыкі драць; на яго там напалі Русалкі, а ён хутка начарціў крыж і стаў на яго. Пасля гэтага ўсе Русалкі адступіліся, толькі адна ўсё яшчэ прыставала. Прадзед мой схапіў Русалку за руку і ўцягнуў у круг, хутчэй накінуў на яе крыж, які вісеў у яго на шыі. Тады Русалка скарылася яму. Пасля гэтага ён прывёў яе дадому. Жыла Русалка ў прйдзеда майго цэлы год, ахвотна выконвала ўсе жаночыя работы, а калі надышоў наступны Русальны тыдзень, то Русалка зноў збегла ў лес. Злоўленыя Русалкі, кажуць, ядуць мала — больш падсілкоўваюцца параю, і хутка бясследна знікаюць з чалавечага жытла».
    Жйвая старйна, 1908. Вып. 1, с. 12, 13, 16-
    Небяспецы падвяргаецца той, хто пойдзе ў лес на Русальную суботу (апошняя субота перад Тройцай). У той дзень Русалкі збіраюцца гуртам і гойдаюцца на дрэвах. Бяда, калі яны першыя заўважаць чалавека: зараз жа аблытаюць яго сваімі доўгімі валасамі і заказычуць да смерці. Але іншая справа, калі чалавек сам спачатку заўважыць Русалак і скажа: «Чур мая!» Тады Русалкі для яго бясшкодныя, а адна з іх нават пойдзе за ім у яго дом і будзе выконваць усе хатнія работы, як самая старанная работніца; піць і есці не будзе, а будзе харчавацца толькі параю, што выходзіць з гаршкоў. Гэтак Русалка пражыве год, да наступнай русальнай суботы, а тады абавязкова ўцячэ ў лес.