• Газеты, часопісы і г.д.
  • Міфы бацькаўшчыны  Уладзімір Васілевіч

    Міфы бацькаўшчыны

    Уладзімір Васілевіч

    Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
    Памер: 109с.
    Мінск 1994
    42.2 МБ
    Яны знемагаюць ад аднастайнай дзейнасці, якая закрыла ад іх свет, і ад успамінаў пра вольнае жыццё на вольным свеце. Менавіта гэта і развіло тую жорсткасць, з якою Пякельнікі ставяцца да ахвяр: у енку, стогнах, у пакутных рухах апошніх яны знаходзяць некаторае забыццё ад ранейшага свайго жыцця, да якога ў іх няма звароту.
    Перад тым, як яны былі прыстаўлены да гэтай дзейнасці, Пякельнікі былі вольнымі нячысцікамі, але яны пазбавіліся вольнага жыцця з-за чартоўскіх няспраўнасцей ці сасланы сюды па прычыне старасці, калецтва, дуркаватасці. Прычым выгляд іх прыстасоўваўся да пякельнага жыцця — ападала поўсць, замест капытоў на нагах сталі хваткія кіпцюры, вантробы пачалі змяшчаць найвышэйшы жар, дзе імгненна могуць плавіцца нават камяні. Калі б Пякельнікі папярэдне ведалі пра сваю дзейнасць у пекле, яны прыклалі б усе чартоўскія намаганні, каб не трапіць у пастылае месца, але яны не ведаюць нічога пра пякельнае жыццё і знаёмяцца з ім толькі трапіўшы ў пекла. Здараецца парою, што ў пекла адначасова трапляюць былыя наземныя сябры — чалавек і яго спакушальнік, якія тут сустракаюцца як ахвяра і кат: тут толькі і даведаецца надта позна чалавек, якою цаною купіў ён зямны дабрабыт, чаго каштуюць стасункі з нячыстаю сілаю.
    Нйкйфоровскйй II, с. 36—37.
    ПЯРУН
    Калі загрыміць гром, то мужыкі — і старыя, і малыя — ляцяць стралою па сваіх хатах, прыгаворваючы: «Ай, Пярун заб’е!» На іх думку, гэта Пярун (бог) раз'язджае па небе і дзе ўбачыць, што людзі твораць беззаконне, разбівае скалы і праз гэта пускае на зямлю агонь-маланку. Акрамя таго, кажуць: «Гэта Пярун пускае стралу з неба». Таму і ў будынках, куды яна скіруецца, шчыліны дакладна такія, якія бываюць ад стрэл. Зрэшты, яны не вераць, што гэты агонь (маланка) мае такую ж сілу, як агонь звычайны. Гэта толькі напамінак чалавеку пра яго абавязкі перад Богам.
    Эгйлевскйй, с. 42.
    Пярун — бог нябеснага агню — забівае, пасылаючы свае каменныя, у клубах агню стрэлы; стрэлы забіваюць, а агонь спальвае. Свае ўдары ён скіроўвае часцей за ўсё на горы. У час навальніцы чорт любіць хавацца пад дрэвам, таму небяспечна станавіцца пад дрэвы,
    каб схавацца ад дажджу: замест чорта Пярун можа забіць чалавека. Пры громе і маланцы трэба хрысціцца, каб адагнаць ад сябе чорта.
    ...Пярун трымае ў руках двое велізарных жорнаў, трэ імі і стукае адзін аб адзін; трэннем і ўдарамі ён робіць гром і атрымлівае маланку, падобна да того, як атрымліваюцца іскры ад удараў сталі па крэмені. Драбкі жорнаў, што адскокваюць ад удараў, ляцяць на зямлю і паражаюць, як стрэлы... «Перуновымі стрэламі» народ называе каменныя сякеры і нажы.
    Богдановйч, с. 75 —76.
    Пярун, паводле ўяўленняў беларусаў, велічны, статны, высокага росту з чорнымі валасамі і доўгай залатой барадою. Седзячы на вогненнай калясніцы, ён раз'язджае па небе, узброены лукам і стрэламі. Яго грымотны лук — каменны молат, часам вясёлка. Яго стрэлы — маланкі. Імі ён знішчае варожыя полчышчы Чарнабога. Яны нагрувашчваюць велізарныя хмары, каб затуманіць сонца, сарваць месяц, сабраць у хмары пітво жыцця — ваду. Пярун адным ударам свайго каменнага молата разбівае хмары, і апладняльная вада імкліва льецца на зямлю. Чэрці бягуць на зямлю, але і тут іх даганяюць стрэлы Перуна. Чэрці ведаюць, што Пярун любіць чалавека і беражэ яго, таму яны кідаюцца ў жытло людзей, каб выратавацца сярод іх. Але ў такіх выпадках Пярун знішчае і жытло чалавека, а калі здарыцца, што страла трапіць у чалавека, то богі ўзнагародзяць яго за тое ў будучым жыцці. Вось чаму беларусы не адважваюцца ратаваць таго, хто загінуў ад грому, г.зн. ад выезда Перуна на неба. Духі, падуладныя Перуну, носяцца па палях і лясах на імклівых конях з хуткасцю стралы; іх жа праціўнікі Чарнабогі, г.зн. цёмныя сілы, у вобразе драпежных птушак утвараюць вятры і буру.
    Соболевскйй, с. 24.
    Пярун у народным уяўленні — гэта Божая страла, накіраваная ў д’ябла, калі той Богу надта дапячэ; пры гэтым тая страла часам выпадкова забівае чалавека ці запальвае будынак. Душа чалавека, забітага Перуном, ідзе прама на неба. За страты ад пажару з Перуна Бог таксама багата ўзнагароджвае.
    Werenko, s. 198.
    РАЙ
    Рай — гэта дэман, які клапоціцца галоўным чынам зжатым збожжам, у прыватнасці звезеным у стадолу, дзе знаходзіцца да таго часу, пакуль не будзе ўсё вымалачана. Пажадана, каб Рай усе стадолы адначасова ўзяў пад сваю апеку, то кожны, хто яшчэ не пачаў звозіць, убачыўшы першы воз са снапамі, запрашае яго да сябе, тройчы кажучы: «Рай, Рай, ідзі к нам!»
    Pietkiewicz II, s. 186
    РУСАЛКІ
    (ВАДЗЯНІЦЫ, КУПАЛКІ, КАЎКІ)
    Русалкі — гэта душы дзяцей жаночага полу, якія памерлі да хрышчэння... Але ў вобразе Русалак яны паўстаюць ужо дарослымі спелымі дзяўчатамі, з доўгімі русымі валасамі, якія ўвесь час распушчаныя. Неабходная прыналежнасць Русалак — гэта, на думку пінчукоў і маларосаў, таўкач. Жывуць Русалкі на дне рэк, а ў маі месяцы, раніцой, перад узыходам сонца, калі добрае надвор’е, выходзяць адтуль і голыя, са сваімі таўкачамі, скачуць у жыце і пяюць. Аднак яны паяўляюцца для сваіх скокаў не ў кожным жытнёвым полі а толькі выключна ў тым, якое займае значную плошчу. У час такіх скокаў ніхто з маладых хлопцаў не асмеліцца ў адзіночку праходзіць міма: Русалкі заказычуць яго насмерць.
    Па перакананні сялян в. Азяркі (Навагрудскі павет, Мінская губерня), Русалкі паяўляюцца з вады вясною, каля Вялікага чацвярга, і жывуць на зямлі да позняй восені. У лесе яны жывуць на высокіх дрэвах, як, напрыклад, дуб, ліпа і інш. У гэтых жа сялян існуе павер'е, нібыта Русалкі, седзячы на суках дрэў, разматваюць ніткі, украдзеныя імі ў тых сялянак, што кладуцца спаць без малітвы. Пасля заходу сонца можна часам заўважыць на могілках агонь. Гэта значыць, што Русалкі выйшлі для сваіх забаў, і гора таму, хто ў гэты час асмеліцца пайсці туды: яны адразу ж пачнуць яго казытаць і заказычуць да смерці.
    Жывуць Русалкі ў густым жыце і ў гаросе, і таму імі палохаюць дзяцей, каб туды не хадзілі. Каб пазбавіцца Русалак, неабходна мець пры сабе пэўнае зелле, убачыўшы якое, Русалкі ўцякаюць, пакідаючы падарожніка ў спакоі.
    У гонар Русалак спраўляюцца асобыя святы, як, напрыклад, Сямік, Купала і інш. У гэтыя дні, асабліва ў Сямік, нельга працаваць, і хто парушыць гэта патрабаванне старажытнага звычаю, у доме таго гаспадара Русалкі абавязкова перадушаць усю скаціну.
    Сяляне Бабруйскага павета мяркуюць, што Русалкі залазяць у рэкі з восені і праводзяць там усю зіму. Пад Сёмуху яны выходзяць на бераг і застаюцца там на працягу ўсяго лета. Удзень яны тады ходзяць па палях і лясах і калі каго ўбачаць, то клічуць да сябе, даганяюць непаслухмянага і казычуць яго да таго часу, пакуль ён не памрэ ад сутаргавага смеху. Уночы ж Русалкі робяць на дрэвах арэлі і гушкаюцца на іх, падпільноўваючы ахвяру. Згубнае ўздзеянне Русалак на чалавека мацней за ўсё на працягу наступнага за Сёмухаю тыдня, які таму ў сялян... і называецца Русальны. Ва ўсе дні гэтага тыдня дзяўчаты збіраюцца па вечарах і, як зберагальны сродак ад злых хітрыкаў Русалак, пяюць своеасаблівыя песні, якія таму і завуцца русальнымі. А ў апошні вечар таго тыдня дзяўчаты ходзяць у лес і вешаюць на дрэвы вянкі з кветак, упэўненыя, што Русалкі іх выкарыстаюць і будуць бегаць па палях і лясах у гэтых вянках. Гэтым прынашэннем яны думаюць іх задобрыць.
    III ейн II, с. 196—198.
    ...На працягу гэтага тыдня, які папярэднічае святу Сёмухі, ці Св. Духа (Русальнага), старыя не пускаюць дзяцей купацца: «Не хадзіце, дзеткі, купацца, вас Русалкі пахапаюць. Яны сядзяць на дрэве валасатыя і калышуцца...» Русалкі паказваюцца выключна апоўдні. Яны купаюцца, смяюцца на паверхні азёр і балот, гойдаюцца на дрэвах. Сяляне расказваюць, нібыта Русалкі паявіліся ад таго, «што бываець, вядома, жонка спіць, ды прыспіць рабёнка і робіцца Русалка».
    Шейн J, с. 126.
    Заўсёды іх бачылі голымі, з доўгімі распушчанымі чорнымі валасамі і такога ж колеру вачыма. Жылі ў гаях, гойдаліся на галінах дрэў, і каго толькі заўважаць, клічуць такімі словамі: «Га! Га! Хадзіце к нам на арэлі калыхацца». Няшчасны, хто да іх наблізіцца. Рабілі жудасныя позіркі, ад якіх тыя, хто іх бачыў, адразу скрыўляліся назаўсёды... Русалкі — гэта памерлыя неахрышчаныя дзеці беларусак.
    Czarnowska, s. 406.
    Русалкі — істоты выключна жаночага полу, вечна юныя красуні з чароўным і абаяльным абліччам. Яны альбо вырадкі людскіх дачок ці дочкі, праклятыя бацькамі яшчэ ў матчыным чэраве, альбо тыя, што памерлі нехрышчонымі, загубленыя сваімі маткамі неўзабаве пасля нараджэння абавязкова ў вадзе, ці ж маладыя тапельніцы, што скончылі жыццё самагубствам. Якімі б рознымі ні былі гэтыя ахвяры па ўзросце, стаўшы Русалкамі, яны аб'ядноўваюцца, так што кожная з іх уяўляе істоту ў пару найлепшага развіцця дзявоцтва, і толькі вопытнае вока ўлоўлівае між імі розніцу ўзростаў пры жыцці, хрышчоных асоб. Апошняе выдае ледзь бачнае адценне крыжа між грудзей, што можна назіраць на адлегласці дзевяці крокаў ад Русалкі.
    Русалкі маюць ласкавыя блакітныя вочы, якімі, між іншым, так удала прыманьваюць ахвяру, але, злавіўшы яе, ?ыя ж вочы застаюцца нібы шкляныя і нерухомыя, як у нябожчыка. Па далікатным, амаль празрыстым іх целе рассыпаюцца хвалістыя валасы русага колеру, якія растуць ад маленькай галавы да каленяў; у асобных Русалак гэтыя валасы хутчэй падобныя на пасмачкі зялёнай тонкай асакі.
    Вечна вясёлыя, гуллівыя, рагатушкі Русалкі не пакідаюць свае вадаёмы і жывуць тут у крышталёвых дамах пад доглядам русальскай царыцы, якую звычайна прыводзіць мясцовы Вадзянік. Звычайна Русалкі могуць заставацца без вады столькі часу, колькі патрэбна для асушэння іх цела і валасоў ад макрэчы, пасля чаго яны могуць адразу ж пакутліва загінуць. Русалкі толькі зрэдку на кароткі тэрмін выплываюць на паверхню вады, прысаджваюцца на падводны камень, на бераг, каб заманіць ахвяру ці атрэсці валасы ад вады... Расчэсваючы свае мокрыя валасы, напрыклад, на працягу гадзіны, яна можа вычасаць столькі вады, што яе дастаткова будзе для затаплення цэлай вёскі.
    У Русальны тыдзень (восьмы пасля Вялікадня) Русалак выпускаюць на сушу на больш працяглыя тэрміны, прычым знікае небяспека загінуць на сушы. Яны смела і весела размяшчаюцца на беразе вадаёмаў, нават адыходзяць у бліжэйшыя гаі, на лугі і палі, залазяць на