Міфы бацькаўшчыны
Уладзімір Васілевіч
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 109с.
Мінск 1994
Васйльева, 11.
Русалкамі народ лічыць самазабойцаў, якія ходзяць заўсёды голыя, з доўгімі валасамі, гушкаюцца на дрэвах, гуляюць у жыце. Русалкі ў полі не любяць ніякае збожжа, акрамя жыта, дзе качаюць яйкі на Наўскі вялікдзень.
Першы сродак, каб не зачапіла Русалка, калі чалавек убачыў яе ў жыце, начарціць пальцам ці палкаю кола і ў цэнтры яго стаць. Русалка будзе кружыцца вакол рысы, а пераступіць цераз яе не адважыцца, кідае ў чалавека камяні; а каб яна не папала, трэба кола зрабіць вялікае.
Булгаковскйй, с. 189 — 190.
Калі пачуе паляшук у лесе сваё імя, ён хрысціцца, чытае малітву і з жахам кідаецца ў супрацьлеглы бок, але ні за што не адгукнецца, думаючы, што яго кліча Русалка, якая гойдаецца на галінах дрэў (асабліва бяроз) і заманьвае да сябе прастадушнага, каб заказытаць яго да смерці. Дэман-прыгажуня, з зялёнымі валасамі, наўмысна пералічвае вядомыя мужчынскія імёны для таго, каб трапіць на імя прыведзенага ў лес якой-небудзь крайняй патрэбай чалавека. Пакуль чалавек, названы па імені, не адгукнецца, Русалка з ім нічога не зробіць.
Эремйч, с. 47.
Русалка — гэта дзяўчына, якая была нарачонаю, але не дачакалася шлюбу. На працягу года хаваецца дзесьці па лясах, але вясною выходзіць са свайго сховішча і, поўная кахання, шукае сярод маладых мужчын свайго нарачонага. Аднак і іншых вабіць да сябе, адрываючы іх ад жонак і каханак; адсюль і нянавісць жанчын. Кажуць, што гэта — жанчына надзвычайнага хараства, з поўнымі расцвілымі грудзямі, з расплеценымі валасамі, прыбраная рознымі аздобамі і прыгожымі сукнямі, «вельмі чапурна». Бегае па палях пасярод жыта з «пранікам» у руцэ, схопленага забівае тым пранікам альбо туліць да грудзей і казыча да смерці.
Jelenska, s. 504.
Русалка, або, як яе народ называе ў Сакольскім, Казытка, — гэта мае быць дэманічная істота, якая сцеражэ нівы (у прыватнасці, жыта), каб дзеці, што збіраюць кветкі, не атрасалі пылку з каласоў, калі жыта красуе. Як толькі Русалка ўхопіць неасцярожнага смельчака ў свае абдымкі, то ўжо не выпускае яго датуль, пакуль насмерць не заказыча. Народ уяўляе яе як сапраўдную дзяўчыну, бледную, з распушчанымі валасамі, якая вечна маўчыць. Худзізна яе ўвайшла ў прымаўку: «Худая, як Русаўка»; кажуць таксама: «Як Русаўка, распусціла валасы». Апроч таго, гэта таямнічая істота павінна мець на сабе залацістае адзенне, ад якога зыходзіць такі бляск, што яго ніводнае чалавечае вока не можа вытрымаць... «што аж папрэ слёзы, як глянеш на яе».
Federowski, s. 75—76-
« —He ідзі ў жыта, бо Русаўка заказыча!
— А чым яна, мамачка, заказыча?
— Ля, у яе цыцкі жалезныя, шылаватыя, то імі дзеці на смерць заказытвае».
Federowski, s. 76-
«Кожная дзеўка, што памрэ ў Русальным тыжні, на том свеце жыве Русалкаю, а ходзіць з вянком на галаве голая, штоб відна было, што яна шчэ не саграшыла.
Русалкі сядзяць у жыце, як яно расце, ета Бог іх пасылае пільнаваць, штоб ніхто не тоўкся да не трусіў каласкоў, бо не наль-
юцца. Дак і не дзіва, што як нейкі загавайла ўпрэцца ў пашню, то яго заслакочуць. Хлопца заслакочуць, бо раззявака, а дзеўку, штоб было больш Русалак. Русалкі безнявінна нікому не робяць зла; яны сядзяць і ў вадзе, да ў самых глубінах, у самых кручынах (віры), каб людзі зналі, што туды не лезь, бо ўтопішся. Сядзяць яны і ў лесе да найчасцей паблізу ўсякае твані, усякіх нетраў, асцерагаючы ўсіх, што там найбольш чарцей».
Pietkiewicz II, s. 186.
На думку беларусаў, адзіны сродак вызваліцца ад Русалак — паказаць ім што-небудзь стальное, і Русалкі, кажуць беларусы, нібыта змяя ад медуніцы, адразу ўцякаюць. Медуніца — трава з моцным пахам. Яе змешваюць з тытунём. Дзе расце медуніца, там... змеі не водзяцца. Русалкі лічацца нядобрымі духамі, і беларусы ад Сёмухі да наступнага тыдня не адважваюцца гарадзіць платы, ні рабіць бароны, бо разгневаныя Русалкі сваю злосць перанясуць на кароў і коней.
Кйркор, с. 261-
Паняцце «Русалка» ў Дарашэвічах амаль сінонім паняццяў «ліхі, злы дух» і г.д. Русалкі бываюць мужчынскага полу (даводзілася чуць: «Той Русалка») і жаночага. Жывуць часам на палях, у жыце, часцей у вадзе, яшчэ часцей у лясах.
Дзяўчаты, што памерлі адразу пасля замужжа, а таксама дзеці, якія памерлі нехрышчонымі, робяцца пасля смерці Русалкамі. Даўней расказвалі людзі, што Русалкі з доўгімі валасамі ходзяць па жыце. Найбольш небяспечнымі для людзей Русалкі бываюць у наступны пасля Сёмухі тыдзень (Русальна нядзеля). Апошні дзень Сёмухі завецца «Розыгры» — у гэты дзень Русалкі часта нападаюць на прахожых... Адзін раз Русалкі напалі на селяніна, які ехаў на возе якраз у дзень, званы «Розыгры». Селянін тройчы абвёў сябе сякераю і кінуў яе ў іх бок, тады яны і зніклі.
«Русалка, калі каго схопіць, то можа насмерць заказытаць. Гэта — дзеўка белая з вялікімі цыцкамі, з камлатымі косамі. Калісь хадзіла па шляху, а цяпер ужэ не чутно; пасвяцілі зямлю, так ужэ няма. Даўней не толькі дзеўкі, але і хлопцы хадзілі.
He раз Русалак бачылі. Хадзілі апоўначы і сярод дня. Аднойчы палолі дзякавіцкія кабеты проса. Раптам чуюць: стукае штосьці па лесе і свішчыць; перапужаліся страшэнна, але баяліся адразу ісці дадому, тады яны абвялі вакол сябе і калыскі нажамі. А калі сціхла, уцяклі з поля дадому.
Калі на Русальным тыдні ці яшчэ калі хоча чалавек засцерагчыся ад Русалак, то перад тым, як легчы спаць, ён павінен памаліцца і нажом правесці вакол сябе настолькі далёка, каб Русалка рукою не здолела яго дастаць.
На ўсёй Траечнай нядзелі няможна купацца, бо непраменна ўтоне: Русалкі ўтопяць, багата такіх, што тонуць.
Русалкі вылазяць з вады, бегаюць, скачуць і размаўляюць: даўней і сярод белага дня на Русальным тыдні бегалі. Частавалі таксама салам і булкаю, але калі хто з малітваю да іх звяртаўся — прападалі, а за-
места булкі заставалася ў руцэ губа (драўляны грыб), замест сала — жаба».
Moszynski, s. 172—174.
Русалкі народ падзяліў на тры разрады: вадзяныя, тыя, што ахоўваюць пасевы, і лясныя. Найбольш вядомыя на Беласточчыне Русалкі, што жывуць у жыце... Знаходжанне ў жыце Русалкі адстрашвала дзяцей. Але не яны былі асноўнай мэтай атакі Русалкі. Хапала яна і заказытвала перш за ўсё маладых хлопцаў. Было гэта свайго роду помстай, калі ўлічыць, што ў Русалку замяніў народ душу маладой дзяўчыны, якая, пакінутая сваім каханым, пакончыла з жалю Самагубствам... Русалку ўяўлялі прыгожай і маладой дзяўчынай з доўгімі белымі валасамі, прыбранымі кветкамі...
Найменш вядомы на Беласточчыне Русалкі лясныя. Жывуць яны на дрэвах ды заманьваюць падарожных у непраходныя гушчэвіны.
Шаховіч, с. 133 — 134.
САРЭНЫ
(ЛЮДЗІ МАРСКІЯ,
ВАДЗЯНЫЯ КАРАЛЕЎНЫ, ФАРАОНКІ)
«Сарэны — гэта марскія людзі, яны ў харошы дзень выходзяць на бераг, сядаюць і спяваюць або плачуць, а як угледзяць нашага чалавека, то пытаюцца, ці хутка будзе сканчэнне свету. Як ім хто скажа, што хутка, то яны цешацца, у далоні плешчуць, а як сказаць ім, што не хутка, то яны так плачуць, так лямантуюць; бо як свет скончыцца і другія людзі настануць, то і яны ўжэ не будуць у вадзе, але на зямлі, як цяпер мы, і заміж хвастоў мецьмуць ногі...»
«Песні і ноты ўсялякія выходзяць з мора ад заклятых людзей марскіх, каторых найсвентша матка закляла, каб былі палавінаю рыбы, а палавінаю чалавека. Людзі, што плаваюць па моры, то бачаць і чуюць, як яны часам спяваюць, весяляцца, у далоні плешчуць, а часам плачуць, жалосныя песні спяваюць, а як угледзяць нашага чалавека, то ўсё пытаюць: ці хутка свет скончыцца? Як ім скажуць, што хутка, то яны плачуць, рукі ломяць».
«У моры жывуць Вадзяныя каралеўны, то яны ўночы з вады выходзяць і спяваюць. А ёсць такія пісары, што ўсё гэта запісваюць, і такім спосабам іх песні між людзей разыходзяцца па свеце».
Federowski, s. 108—109.
«Фараонкі жывуць у мору, ест яны такія: да пояса кабета, а далей рыбі хвост, Яны неякі час выходзяць з вады на купы морскія і спяваюць пекнымі галасамі так, што нашы людзі падслухуюць і вучацца ад іх спяваць, і ад іх людзі ўзялі ноту. А скуль яны ўзяліся? To як жыдэ пераходзілі без мора да нас, Фараон казаў усім людзям з свайго кралеўства ганіць жыдоў, жэбы іх не пусціць па гэты бок, то некаторыя, гонячы жыдоў, паўходзілі ў мора, і як Мойжэш лескаю махнуў, вада зышлася ў мору да мейсца і заліла іх там і яны да канца свету будуць у мору. Бывае час, што тыя Фараонкі спяваюць, а іншым часам плачуць, а як забачаць нашага чалавека, то пытаюць, ці хутка свет скончыцца. Як чалавек скажа, што хутка, то пляскаюць у далоні з радасці, а як скажа, што яшчэ не хутка, то заплача і пойдзе ў ваду. Ест паміж імі мужчыны і кабеты, але Фараоны не спяваюць, толькі Фараонкі».
Federowski, s. 109.
СПАРЫШКА
(СПЕШКА-СПАРЫШКА)
«Спешка-Спарышка дае поспех і спор усякай рабоце. Хто яе, пачынаючы работу, папросіць і пажджэ момант на яе, то яна пераляціць перад ім і ўжо яму работа робіцца хутка і лёгка, і хутка дзень мінецца і вечар набяжыць. А якая тая Спарышка, то невядома, бо ніхто яе не бачыў, анно кажуць, што е нейкая, бо ўсе яе просяць...
Бачыце, дзеткі, як жнеячкі пекна Спешкі-Спарышкі папросяць, то яна прыляціць на матыльчыку, абдарыць іх спорам, поспехам, ім сярэдзінка ўжо не забаліць, работанька лёгка зробіцца і не агледецца, як слоненька зойдзе».
Federowski, s. 135—136. Варыянт: Pietkiewicz I, s. 15.
«Спарышка — ета такі кліч або думка; калі ў чом няма спору, да на душы ляжа важкі камень, то як. згадаеш «Спарышка», дак зараз і палегчае, бо пакажацца спор і ў рабоце і ў хлебе».
Pietkiewicz II, s. 186.
СТРЫГА
Стрыга робіць непакой цяжарным і нават можа перамяніць дзіця, замест добрага і тоўстага падкінуць плаксівае, бледнае і худое, калі цяжарная жанчына не звернецца своечасова да знахаркі... Цяжарныя жанчыны бачылі Стрыгу: гэта — жанчына высокага росту, худая, бледная, з праваленымі вачыма; па вечарах яна з аднаго двара пераходзіць на другі. Схапіўшы дзіця, Стрыга шматае яго так, каб маці чула крыкі. Каб пазбегнуць гэтага зла, дзяцей купаюць перад заходам сонца, пасля чаго ваду адразу выліваюць. Але ні ў якім выпадку не
трэба выліваць ваду пасля заходу сонца. У пятніцу дзяцей купаць не варта.
Бобровскйй, с. 823.
Ёсць яшчэ на Беларусі чараўніцы, якія завуцца Стрыгі. Стрыга вялізнага росту, з распушчанымі валасамі, праваленымі шчокамі і зялёнымі кашэчымі вачыма. Стрыга не мае сталага жыхарства; яна ходзіць па вёсках, і яе з'яўленне наводзіць жах на цяжарных кабет. Стрыга падменьвае дзіця, часам знявечвае яго, а калі раззлуецца, то на вачах ва ўсіх разаб'е яму галоўку аб камень. Можна, аднак, задобрыць Стрыгу. Цяжарная кабета, сустрэўшыся з ёю, запрашае яе да сябе ў хату на час родаў. Стрыга з'яўляецца, ёй усе дагаджаюць, аказваюць асаблівую павагу і часам справа наладжваецца: дзіця цэлае. Стрыга не баіцца нават святой вады. Для захавання дзіцяці ад Стрыгі яго купаюць штодзённа да заходу сонца.