• Газеты, часопісы і г.д.
  • Міфы бацькаўшчыны  Уладзімір Васілевіч

    Міфы бацькаўшчыны

    Уладзімір Васілевіч

    Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
    Памер: 109с.
    Мінск 1994
    42.2 МБ
    Нйкйфоровскйй II, с. 53—57.
    ХУТ
    «Хут, у каго ў доме жыве, вельмі таму спрыяцель у гаспадарцы, багацце ў дом прыносіць, снапы з чужых палёў у гумно, золата з няведамых скарбаў. Вечарам яго можна часам бачыць на небе, як ляціць вогненны, чырвоны — золата нясе, як цёмна, чорна — збожжа, снапы. Але яго трэба шанаваць, смачна карміць, яго любімая страва — яечня. Як спячэ гаспадыня яечню, нясе на гарышча, ставіць там і кліча:
    —	Хут, Хут, ідзі сюды, дам яечаньку, абарачаньку.
    Ён тады прыходзіць і есць. I тады ўсё ў дом носіць. На гарышчы Хут жыве, а лятае дзе хоча, ніхто не ведае дзе. Можа перакінуцца ў што хочаш — у корч, у старое калясо, палена.Кажуць, быў такі выпадак. Парабак падслухаў, як гаспадыня клікала Хутка есці яечню, ды з’еў тую яечню сам. Хут вельмі разгневаўся, думаў, што гаспадыня кпіны састроіла, і спаліў увесь двор, і гумно, і дом. Гасілі людзі, гасілі і не далі рады. Стаяць, глядзяць на галавешкі. А тут калясо старое ляжыць (а гэта быў Хут, ён перакінуўся ў калясо, жыць яму ўжо не было дзе). Дык сусед кажа:
    —	А што ж яно тут будзе гарэць — дый перакінуў у свой двор.
    Дак адкуль толькі што ўзялося ў яго! Усё яму пайшло і ўраджай, і ўсялякае дабро».
    Запісала Л.М.Салавей у 1975 г. ў в. Навасёлкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. ад сваёй бабулі Марыі Мацееўны Чарняўскай, 1878 г.н.
    ЦЁЦЯ
    Цёця, багіня лета. Па разуменні беларусаў, Цёця адрозніваецца ад Лялі, багіні вясны, тым, што першая крыху старэй за другую. Цёця — гэта ўжо не маладзенькая, зграбная, тоненькая дзяўчына, а мажная, пажылая, поўная жанчына; яна, кажуць, з'яўляецца на полі ўся прыбраная ў спелыя каласы і са спелымі пладамі ў руках... Яна мала вядома на Беларусі. У гонар яе ніякіх асаблівых цырымоній і песень няма. Яна вядома толькі ў некаторых губернях Беларусі.
    Древлянскйй, с. 120—121.
    цмок
    (СМОК, ЧМОК, ЗМЕЙ)
    Цмок жыве і дзейнічае сам па сабе, яго не любяць іншыя нячысцікі з-за яго фанабэрыстасці. Дзякуючы прыроднай ляноце, нерухавасці зза таўшчыні, Цмок не заўсёды адгукаецца дапамагчы на заклік чалавека ці на заклік іншага нячысціка. Аднак калі ён падступіўся да ахвяры — абавязкова дамучыць яе, папярэдне ўзважыўшы, ці варта яна ўвагі, парушанага спакою; калі не — Цмок пагардліва адварочваецца, пакідаючы яе іншым нячысцікам.
    Знешне Цмок акуратней за астатніх нячысцікаў, любіць купацца, ходзіць у лазню і штодзённа мыецца... Прадбачлівая асцярожнасць захоўвае Цмокаў даўжэй, чым усіх нячысцікаў. Яны рэдка чапляюцца да простых вясковых людзей. На людзей сямейных Цмокі не нападаюць. Затое парушальнікі грамадскіх абавязкаў — першыя іх ахвяры.
    Нйкйфоровскйй II, с. 40—41.
    «Змей, або Смок, вялізны, як будынак, бывае ў яго тры або шэсць, або дзевяць, або і дванаццаць галоў, тыя галовы, як цабры, вялізныя, зубы, як нарогі, пазуры, як сярпы, а крылы, як палашы, вострыя: як дасць імі па чом, так і перасячэ. Гэта найстрашнейшы звер на свеце; дзе ён жыве, ці ў лесе, ці на воблаках, то няведама, бо ён і па паветры лятае».
    Federowski, s. 126.
    ЧОРТ
    (Д'ЯБАЛ, САТАНА, БЕС, НЯЧЫСТЫ ДУХ, ЛЮЦЫПЕР, НЯЛЁГКАЯ СІЛА, ЗЛЫ)
    Чорт, паводле народных уяўленняў, мае цялесны вобраз; ён з выгляду чорны, калматы, на галаве ў яго двое невялікіх рагоў, ззаду хвост, на нагах і руках шмат вострых кіпцюроў. У Чарцей мужчынскага полу ёсць нават барада, але барада гэтая рэдзенькая, казліная. Чорт можа прымаць на сябе розныя абліччы: ён можа з'яўляцца ў вобразе жывёл і нават чалавека. Пераўвасабляючыся ў чалавека, ён з'яўляецца пераважна ў выглядзе пана. Але як бы Чорт ні стараўся падрабіцца пад чалавека, яго ўсё ж лёгка пазнаць па рагах на галаве, кіпцюрах на канечнасцях і па хвасце, таму што гэтыя прыкметы не могуць быць ні скінуты, ні зменены. Таму ён стараецца па магчымасці закрыць гэтыя свае характэрныя прыкметы адзеннем, і заўсёды з'яўляецца ў капелюшы і пальчатках на руках.
    Демйдовйч, гл. I, с. 98.
    На галаве рогі, казліная барада, двухкапытныя ці аднакапытныя ногі, каровін хвост, на руках доўгія кіпцюры, цела пакрыта поўсцю. Хто з Чарцей найважнейшы, той у дадатак яшчэ кульгавы і гарбаты. Чорт таксама часта прымае аблічча казла. У гэтым выглядзе ён любіць жартаваць над прастадушнымі людзьмі. Калі пачнецца навальніца ці дождж, Чорт прыкінецца козлікам і пачынае жаласліва бляяць. Спагадлівы чалавек возьме яго ў крысо і нясе дадому, каб адагрэць. А Чорту толькі гэта і трэба: з хрышчонай душой яму бяспечней ад грымот, а таксама прыемна прымусіць чалавека паднесці сябе. Чым далей ідзе чалавек, тым козлік робіцца цяжэйшы. Чалавек, знемагаючы ад цяжару, ледзьве дыхае, а козліка шкада кінуць — так ён жаласліва бляе. Але вось ужо і дом. Тут козлік, выскачыўшы з крыса, рассмяецца дзікім голасам, зробіць непрыстойнасць — і толькі яго бачылі. Чорт любіць збіваць падарожнікаў са шляху, скідваць колы з восяў у час язды, заводзіць п'яных у балоты ці ў палонкі.
    Богдановйч, с. 128—129.
    Прымаючы чалавекападобны воблік, нячысцік носіць адзенне нямецкага крою — цесную куртачку, вузкія панталоны, чаравікі з высокімі абцасамі і абавязкова — капялюш, які можа хаваць воблік нячысціка. Калі тое трэба, ён апранаецца ў звычайную сялянскую ці мяшчанскую адзежу, але, за выключэннем увасаблення ў жанчыну, нячысцік ніколі не апранаецца ў жаночыя адзежы; як не любіць сатаніць і саму жанчыну. Можна сцвярджаць, што з любой сямейнай пары нячысцік стане выводзіць мужа, следам за якім жонка сама па сабе прыйдзе да наканаванай пагібелі.
    Нйкйфоровскйй II, с. 19.
    Чорт — агідная істсгга з хвастом, казлінымі рагамі і нагамі, а часам у выглядзе пана ў фраку і капелюшы, ці, хутчэй за ўсё, у цыліндры. Казліныя ногі з капытамі прымушаюць Чорта, па магчымасці, хаваць ніжнюю палову свайго тулава. Яго, зрэшты, можна зрэдку бачыць у час моцнага віхру ў паднятым пыле, калі плюнуць тры разы і сказаць: «Чорт, Чорт, пакажы хвост!» Тады можна заўважыць «нячысціка» ў воблаку пылу, які круціцца і ўтварае віхор, толькі і тут доўга глядзець на яго нельга, «бо ён прычэпіцца да цябе і можа схапіць, штоб занесці дзецям на забаву».
    Ляцкйй I, с. 26—27.
    Чэрці падобныя да чалавека, але толькі пакрытыя доўгімі калматымі чорнымі валасамі і жывуць у розных месцах і хатах, лясах, водах, ёўнях, лазнях і завуцца Лесавікамі, Дамавікамі, Лазеннікамі, Авіннікамі. У летні час, а дванаццатай гадзіне дня, усе Чэрці сыходзяцца разам на берагі рэк, азёр; таму народ у згаданы час дня баіцца купацца на рэках і мыцца ў лазнях, асцерагаючыся, каб не загінуць ад Чарцей.
    Добровольскйй I, с. 361.
    Людзей, якія бачылі Чорта, вельмі шмат. Асабліва часта бачаць яго жанчыны: адна выцягне яго вядром з калодзежа ў выглядзе чорнага KaTa; у другой ён у тым жа выглядзе вылез з-пад падлогі; трэція лавілі рыбу брэднікам і выцягнулі Чорта ў выглядзе вялікага сома і г.д. Усе гэтыя Чэрці з рогатам беглі ад жанчын. У 1890 гадах у м. Ветка хадзіла гаворка, што Чорт вылез з Сожа ў выглядзе карліка з паўаршына ростам, у круглай 'шапачцы і ездзіў на палачцы, як гэта робяць дзеці. Пазней бачылі, як ён плавае на маленечкай лодцы. Пасля гэтага прывіду ў Ветцы былі тапельцы. Мужчыны бачаць Чорта звычайна паблізу шынкоў у выглядзе высокага чорнага чалавека, аброслага валасамі, і з хвастом.
    Романов, с. 288.
    Чорт у сваім звычайным вобліку рэдка паказваецца... Можа праціснуцца цераз самую маленькую шчылінку, прасачыцца цераз дрэва, камень, шкло і г.д., але пры сутыкненні з чалавекам без перамены чортавага выгляду траціць гэту здольнасць...
    Чорт часта ператвараецца ў жывёл і нежывыя прадметы. Да абраных жывёл належаць: чорны казёл, баран і кот; з птушак: певень, сава і няясыць; радзей ператвараецца ў іншую істоту. Абарочваецца таксама капой сена, вязкаю гарошын, абгарэлым пнём і г.д., і ўсё гэта вырастае ў адзін момант і знікае, прасоўваецца наперад перад тым, хто едзе ці ідзе пешшу. Часам коціцца, як бочка, незапрэжаны воз ці кола («чортава калясо»), Парою Чорт ператвараецца ў зайца, у селяніна ці элегантна апранутага маладога чалавека.
    Pietkiewicz II, s. 188, 197.
    Чорт ва ўяўленні палешука мае постаць, падобную да чалавечай... Ён худы, тонкі, на казліных нагах, калі жыве ў балоце, ці індычых, калі жыве сярод лясоў, палёў і ў дамах. Mae казліныя рогі, а пад старасць у яго вырастае казліная барада; рукі вельмі доўгія, з вострымі кіпцюрамі замест пальцаў, таўшчынёй з апошнія, але значна даўжэйшыя за іх; звычайна бывае іх па 5, а часам і па 6. Увесь, не выключаючы і твар, аброслы бараняй воўнай, у маладосці рыжай, a потым чорнай, насуперак прыказцы «Усе чэрці аднае шэрсці». На гэтым фоне злавесна блішчаць белыя зубы. Як блісне сваімі чартоўскімі зубамі, ды яшчэ заскрыгоча, то аж сумна робіцца, аж мурашкі па спіне пойдуць...
    Язык Чорт мае вельмі доўгі, спружыністы; карыстаецца ім, быццам якой прыладай. «Уночы як высалапіць язык, да як лясне сам сабе па мордзе, то здаецца, што нехта пачаў паліць з біча, як робяць панскія хурманы, пад’язджаючы к пакоям, або як пастух ляпае пугаю. Падчас ходзіць кругом начэльнікаў з коньмі да й дражніцца: тут лясне, там лясне, а хлопцы думаюць, што ета з іх каторы адбіўся да й кепкуе. Абгукаюцца, да як даведаюцца, што ўсе тут, дак тады як стануць хрысціцца, то сатана зараз у ногі. А чы мала то раз ён падманіў стральца: як зачне ляпаць языком па асіне, бы нача глушэц спявае, то як добра ўдае яго песню, што найстарэйшага стральца ў блуд увядзе...
    Чорт мае вельмі порсткі кашлаты хвост, што адным махам патушыць усе свечкі ў жыдоўскай школе ў судную ноч, як яму трэба ўхапіць жыда».
    Pietkiewicz II, с. 188.
    Усімі Чарцямі кіруе самы старшы Чорт — Анцыпар, «Нічыпар». Ён «прабывае пастаянна ў пеклі, за дванаццаццю дзвярыма, на дванаццаці ланцугах». Пекла знаходзіцца пад зямлёю, у балоце.
    Демйдовйч, с. 99.
    Галава чартоўскай сілы, верхавод злосных дзеянняў у свеце — Люцыпыр (ён жа — «Анчыпыр», «Сатон д'ябальскі») — першы анёл, які адпаў і быў аддалены ад Святла Праўды і... скінуты з першазданнай вышыні... Па знешнім выглядзе Люцыпыр — сатанінскі гігант з буйнымі формамі і выразнасцю, якой баяцца нават падуладныя яму Чэрці; важыць столькі, колькі ўсе нячысцікі, узятыя разам. Як і трэба чакаць, Люцыпыр мае бачныя адзнакі сваёй годнасці — жалезную карону, прыбітую да чэрапа цвікамі, што праходзяць яго наскрозь, і штосьці накшталт жалезных вілаў у правай, з магутнымі кіпцюрамі лапе... Пры кожным выдыху Люцыпыр выпускае з ноздраў і пашчы доўгія пукі вогненных промняў, якія на далёкай адлегласці паляць сустрэчныя прадметы.