Міфы бацькаўшчыны
Уладзімір Васілевіч
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 109с.
Мінск 1994
Балотнік цешыцца, калі на паверхні яго жытла ідзе расліннае і жывёльнае жыццё; па вечарах і раніцамі ён раве як карова (голас птушкі бугая), кракае па-качынаму, булькае, нібы цецярук, каб завабіць сюды паляўнічага ці драпежніка — дзіка, стогне і тут жа раптоўна выбухвае рогатам маладога чалавечага голаса (пардва — белая курапатка), гагоча прыманлівым гудам (бакас на таку) і інш,
Калі прырода расквечвае паверхню жытла Балотніка цудоўнымі кветкамі, ягаднікам (брусніцы, журавіны, марошка), грыбамі (махавікі), нячысцік патаемна вырошчвае паміж іх каварны багун, які нібы чадам задурманьвае галаву наведвальніку. Бавячы свой бясконцы вольны час, Балотнік там і тут прабівае парою балотныя акенцы і акружае іх то здрадніцкай расліннасцю, то падганяе туды рыбу. Tara — сатанінская пастка, якая загубіла не адну ахвяру.
Якім бы чынам ні прыцягвалася ахвяра, Балотнік у стане загубіць яе толькі тады, калі багна дастаткова глыбокая; у адваротным выпадку яму застаецца мучыцца бяссільнаю злобаю і тым мацней, чым надзейней выратаванне ахвяры. Надта злуе Балотніка людское прыстасаванне хадзіць па багне з дапамогаю балотных лыжаў: трасецца глеба, гнецца ўніз, а чалавек смела рухаецца наперад! Верхам жа злобы становіцца спякотнае лета: не толькі сам чалавек смела топча паверхню багны, але нярэдка праводзіць па ёй каня з возам. Што ж датычыцца зімовага часу, то мярзляк-Балотнік курчыцца і трасецца на дне жытла і вымушаны падумаць пра ўласную бяспеку: вымерзне балота — загіне і Балотнік. Праўда, з яго бярлогі падымаецца час ад часу цёплае дыханне, яно ўтварае балотную палонку, але прыцісне новы мароз — Балотнік зноў у трывозе за сваё існаванне, зноў бяссільна злуецца на конскі тупат, што рэхам аддаецца ў яго бярлозе.
Хоць нікому з людзей не даводзілася бачыць Балотніка такім, які ён ёсць на самай сраве, аднак... вядома, што ён страшэнны таўстун, зусім без вачэй, увесь у тоўстым слоі гразі, да якой наліплі ў беспарадку водарасці, мохавыя валокны, смаўжы, жукі і іншыя вадзяныя насякомыя. Усё гэта разам з непаваротлівасцю робіць Балотніка найбольш пачварным з нячысцікаў.
Нйкйфоровскйй II, с. 80—82.
БЯЛУН
Бялун — сівы дзед, які нібыта жыве ў жыце ля дарогі. «Ён, кажуць, паказваецца бедняку, што ідзе па дарозе, і просіць яго ўцерці яму нос, з каторага цякуць возгры; калі гэты згадзіцца да ўтрэць, то Бялун высыпіць яму золата із сваёй торбы».
Носовйч, с. 54.
У ліку старажытных паданняў беларусаў захавалася памяць і пра галоўнага, добрага бога, бацьку неба, Белбога, Прабога, бацьку Перуна, якога завуць Белуном. Пра веліч і высокае значэнне Белбога ў іх самае цьмянае ўяўленне, але паэтычны настрой беларуса і яго здольнасць увасабляць адцягненыя прадметы дазволілі яму надаць нават рэчыўны вобраз Белуну. Беларус пераконвае, што Бялун сыходзіць часам на зямлю; што гэта — стары з доўгай белай барадою, у белым адзенні і з кіем у руках. Ён літасцівы і творыць адно дабро. Белбог, ці Бялун, паказваецца толькі ўдзень, пры сонечным святле, і, калі сустрэне ў дрымучым лесе вандроўніка, які заблудзіўся, ён выведзе яго на вялікую дарогу. Таму існуе і прымаўка: «Без Белуна цёмна ў лесе». У час жніва ён любіць паяўляцца на нівах і нават дапамагае жнеям. Часам Бялун любіць і пажартаваць, але заўсёды як стваральнік дабра, як дарыцель багацця. Парою ён з'яўляецца ў жыце з вялікім мехам на носе. Высачыўшы добрага работніка ці работніцу, ён падманьвае да сябе рукою і просіць уцерці яму нос. Як толькі той дакранецца да носа, з меха раптам пасыплецца золата і Бялун знікне. Пра такога шчасліўца кажуць беларусы: «Мусіць, пасябрыўся з Белуном».
Кйркор, с. 272.
ВАДЗЯНІК
(ВАДЗЯНЫ, ВАДЗЯНЫ ДЗЕД, ВІРНІК, ЦІХОНЯ)
3 нячысцікаў, якія гаспадараць у вадаёмах, неабходна выдзеліць тых, што жывуць у адкрытай чыстай вадзе, таму што яны бліжэй да чалавека, часам нават апякуюць яго амаль з той жа бескарыслівасцю, што і Дамавікі. Такія нячысцікі звычайна завуцца Вадзянікамі. Сярод іх бываюць Вірнікі і Ціхоні, першыя жывуць у рухомай вадзе, а другія — у стаячай (азёрах і ставах). Але гэтая розніца нязначная, адзін і той жа Вадзянік можа займаць бягучыя і стаячыя вадаёмы, абы яны злучаліся адзін з адным.
Па знешнім выглядзе Вадзянік — глыбокі стары сярэдняга росту, з доўгай лапацістай барадою, з такімі ж доўгімі валасамі на галаве ў форме кліна, з гладкай бліскучай скурай, расплывістым тварам, азызлым пузам і непрапарцыянальна доўгімі нагамі, на якіх між пальцаў перапонкі. Акрамя таго і ўсё цела Вадзяніка пакрыта доўгімі валасамі, якія, пры бліжэйшым разглядзе, аказваюцца ці тонкімі струменьчыкамі вады, ці нечым накшталт водарасцяў, што прыліплі да яго скуры. Менавіта ў такім выглядзе Вадзянік паўстае ў момант выхаду з вады:
застаўшыся на сушы столькі часу, колькі трэба, каб сцякла вада з цела і прасохла ціна і водарасці, Вадзянік хутка пачынае губляць абрысы, не можа вярнуцца ў ваду і гіне. Тонкі пласт засохлай ціны і водарасцяў, абцягнуты ледзь прыкметнаю плеўкаю, — вось мізэрныя рэшткі загінуўшага Вадзяніка. Але калі такі пласт, нікім не крануты, будзе падхоплены вадою ці ўкінуты ў ваду чалавекам, Вадзянік аджывае і ў апошнім выпадку застаецца ўдзячным за выратаванне, што зможа даказаць, калі яго выратавальнік пачне тапіцца. Вадзянік не толькі не прыме яго як ахвяру, але нават выштурхне на неглыбокае месца, пасуне бервяно, куст і інш. Ды і пазней Вадзянік будзе выказваць падзяку — напрыклад, заганяючы рыбу ў сетку свайго выратавальніка.
Падзяка Вадзяніка адчуваецца і ў наступным: ён прымае чалавека, якім апякуецца, спаць на сваю пасцель, што знаходзіцца на дне вадаём$, прычым на соннага не ўпадзе нават ні кроплі вады. Пасцель Вадзяніка абавязкова ўступаецца нямногім выбраннікам, яна вельмі мяккая, з чароўнай абстаноўкаю: над тым, хто спіць, тонкая, як павуцінне, засень, скрозь якую ён бачыць жыццё раслін і водных жывёл, пераліванне вады, гульні русалак; калі ж чалавек ткне пальцам у гэтае покрыва — вада адразу прасочыцца ў дзірку і залье неасцярожнага...
Вадзянік можа і жартам і па злосці пужаць рыбу каля сетак рыбакоў, раз'язджаючы на сваім любімым кані (соме), рве і выварочвае сеткі і іншыя прылады, раскрывае плаціны на млынах, псуе і зрывае млыны; уважліва пільнуе тых, хто купаецца, падхопліваючы ахвяры між іх, рыбакоў і людзей, якія ўпалі ў ваду па неасцярожнасці, прычым не робіць літасці і скаціне: сеўшм на жывёлу, якая плыве ці валтузіцца ў вадзе, Вадзянік едзе на ёй і сваёй вагою прыціскае яе да дна. Калі ж ён толькі жартуе, дурэе і забаўляецца, то відаць будзе, як у тым ці іншым месцы нечакана заклубіцца вада, усплывуць на паверхню бурбалкі, пачнуць разыходзіцца кругі, а ўночы, пры ціхім надвор'і, пляскае далонямі па паверхні вады ці раве нібы карова, кракае быццам качка, вішчыць і бляе, падобна да вадзяных птушак. У сваю чаргу ў раптоўным разліве невялікай рэчкі і ручая, у напоры іх вады, у каламучанні чыстых дагэтуль водаў даводзіцца бачыць то жарты Вадзяніка, то яго вяселле: пры апошнім не вытрымлівае самая моцная плаціна, млын, і заўсёды тут павінна быць чалавечая ахвяра.
Вадзянікоў параўнальна няшмат — па адным на кожны вадаём: возера, стаў, раку, лужыну, якая не высыхае, калодзеж — і толькі ля млына іх бывае столькі, колькі паставоў, ці вадзяных колаў, на вяршыні якіх Вадзянікі трымаюцца, калі тыя круцяцца. На працягу дня яны звычайна ляжаць, распластаўшыся на дне, і толькі пасля захаду сонца пачынаюць сваю дзейнасць, але ў тыдзень перад Іллёю Вадзянікі дзейнічаюць і ўдзень — іх незразумелае для людзей узбуджэнне асабліва небяспечна ў гэты час.
Як і Дамавікі, Вадзянікі не сыходзяцца адзін з адным як з-за варожасці, так і з-за немагчымасці перамяшчэння па сушы. Таму часта здараецца, што два Вадзянікі — рачны і калодзежны, што жывуць у двух-трох сажнях, ведаюць адзін аднаго завочна, па голасе і плёску вады, размаўляюць, але ніколі не бачацца. Зрэшты, калі б і магчыма
было перамяшчэнне Вадзянікоў у чужую вотчыну, яны не маглі б вытрымаць уласцівасцей новай вады. Людзі карыстаюцца гэтым для вываду Вадзянікоў і, злучыўшы канаваю ці каналам два вадаёмы, адначасова знішчаюць двух Вадзянікоў. Акрамя гэтага, Вадзянікоў можна выжываць свістам, якога, як і Лесуны, яны не пераносяць. He пераносяць і попелу, які сыплюць раніцай у ваду: Вадзянік атручваецца ад попелу, шалёна рвецца ад свісту і заканчвае тым, што разбіваецца аб падводныя завалы. Шаленства Вадзяніка вельмі небяспечна для таго, хто праходзіць па беразе: Вадзянік хапае яго за крысо, пераварочвае лодку з чалавекам і цягне на глыбіню. Калі такі чалавек здолее ўцячы ад Вадзяніка, ён не пазбегне няшчасця на сушы: сухапутны нячысцік адпомсціць за Вадзяніка, асабліва калі пры свісце і насыпанні ў ваду попелу было згадана імя Вадзяніка.
Якім бы чынам ні замучыў Вадзянік сваю ахвяру, ён доўга цешыцца з яе адчайных парыванняў вызваліцца з вады: то падыме на паверхню, дасць удыхнуць паветра, то зноў яшчэ глыбей апусціць уніз, да таго часу, пакуль канчаткова знясіленая ахвяра не ўпадзе на дно. Але і тут Вадзянік працягвае мучыць ахвяру спадзяваннямі магчымага выратавання. Канчаткова забіўшы сваю ахвяру, Вадзянік зганяе да трупа п'явак, ракаў, жукоў, каб тыя здзекаваліся над целам, якое ён кідае, калі дастане душу — яна ідзе на службу да Вадзяніка. Пасінелы труп тапельца сведчыць пра тое, што ахвяра была вельмі цьмянага, нават сатанінскага паходжання. Вадзянік абыякавы да такіх тапельцаў і аддае перавагу ахвяры з чыстаю хрысціянскаю душою. Труп такой ахвяры часта назаўсёды ўтрымліваецца Вадзяніком у ламаччы, у каранях надбярэжных дрэў, між камянёў і інш.
Вадзянік — стары халасцяк, і ў гэтым асаблівае няшчасце жанчын наогул і дзяўчат асабліва: пры сваёй старэчай несамавітасці ён любіць маладосць і прыгажосць. Калі ў яго ўладаннях ужо было некалькі тапельніц, Вадзянік прытрымлівае толькі самазабойцаў, адпускаючы астатніх выпадковых тапельніц. Але і першых ён воляй-няволяй вымушаны бывае адпусціць (труп іх) — гэта суправаджаецца хваляваннем і бушаваннем вады: так хвалюецца Вадзянік. Што ж тычыцца душы самагубцы, яна робіцца Русалкаю, якая трапляе пад суровую ўладу Вадзяніка, з якім вымушана бывае трываць ненавісную сувязь. Вынікам гэтай сувязі бываюць шматлікія нячысцікі, якія, аднак, больш за свайго бацьку шукаюць сувязей з жывымі жанчынамі: гэтым апошнім і ўсяму іх роду яны дапамагаюць у рыбалоўстве. «Вадзяняты» знікаюць, як толькі дасягнуць паўналецця; іншыя гінуць на сушы, калі спадзе разводдзе; пры праследаванні жывых жанчын яны знішчаюцца сапраўднымі Вадзянікамі ці ўдушваюцца сваімі азлобленымі мацяркамі.