• Газеты, часопісы і г.д.
  • Міфы бацькаўшчыны  Уладзімір Васілевіч

    Міфы бацькаўшчыны

    Уладзімір Васілевіч

    Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
    Памер: 109с.
    Мінск 1994
    42.2 МБ
    Аднак жа гэты Дабрахочы мае адну ў сабе непрыстойнасць. Калі хто-небудзь першым ступіць у яго след, адразу ж заблукае ў лесе і ледзьве вечарам можа вярнуцца дадому...
    Часта здараецца, што селянін п’е некалькі дзён у карчме або дзесьці нейкі час цягаецца, а вярнуўшыся потым да пана, запэўнівае, што Дабрахочы трымаў яго ў лесе, і расказвае пра дзіўныя здарэнні.
    Czarnowska, s. 407—408.
    ДАМАВІК
    (ДАМАВЫ, ДАМАВОЙ, ХАТНІК, ГАСПАДАР, ПАДПЕЧНІК, ХОПЛІК)
    Беларус не толькі ўяўляе сабе Дамавіка ў вобразе змяі, але нават і па паходжанні лічыць яго амаль што змяёю... Трэба пеўня, які заспявае на трэці дзень пасля выхаду з яйка, трымаць сем гадоў. За гэты час ён знясе зносак (маленькае яйка велічынёй з галубінае), які трэба зашыць у мяшэчак і насіць яго пад левай пахаю шэсць месяцаў. Праз гэты тэрмін з яго вылупіцца змеяня, якое, уласна, і ёсць Дамавік. У знак падзякі за прытулак ён будзе чалавеку, што насіў яго, прыносіць дастатак у гаспадарцы.
    Дамавік звычайна жыве ў клеці (у каморы, па некаторых звестках — у падпеччы) і вылазіць адтуль толькі на Дзяды для ўдзелу ў агульнай вячэры. Пры гэтым яму аказваюць усялякую пашану: дарога з клеці да стала высцілаецца белым палатном, стравы прапануюцца самыя лепшыя, пераважна малако.
    Адзін селянін расказваў мне, што ён быў сведкам, як на Дзяды Дамавік з'яўляўся на агульную вячэру ў выглядзе кудлатага сабакі.
    Дамавіка можна бачыць яшчэ і ў Вялікі чацвер; для гэтага трэба толькі ў царкве на вячэрнім набажэнстве ўзяць запаленую свечку і ісці з ёю дадому, беражліва ахоўваючы, каб вецер не затушыў яе. A ўжо дома з гэтай свечкай трэба падняцца на гарышча, і там абавязкова будзе ляжаць Дамавік у вобразе голага чалавека. Тады трэба чым• небудзь прыкрыць Дамавіка, і ён у знак падзякі за гэта спытае ў чалавека, што яму трэба. Чалавек павінен у гэты час шчыра адкрыць Дамавіку свае патрэбы, і ён пастараецца задаволіць іх.
    Дамавік любіць, калі ў гаспадарцы падабрана ўсё адпаведна з яго асабістым густам, тады ён з асаблівай стараннасцю дапамагае гаспадару. У адваротным выпадку ён замест дапамогі прыносіць толькі шкоду: заезджвае ўночы нелюбімых коней, кароў і інш. У гэтых адносінах немалаважную ролю іграе месцазнаходжанне пабудоў у гаспадара, асабліва дома. Каб пазбегнуць магчымай па гэтай прычыне сваркі між Дамавым і гаспадаром дома, апошні перад пабудовай яго павінен зрабіць наступную спробу: у чатырох месцах, дзе прыблізна прыйдуцца вуглы дома, насыпаецца жыта. Калі праз ноч жыта акажацца некранутым, то гэта верная прыкмета, што Дамавіку падабаецца абранае месца. У выпадку, калі жыта акажацца разгрэбленым, то гэта значыць, што Да.мавік супраць пабудовы дома на абраным месцы. Тады гаспадар павінен насыпаць чатыры кучкі жыта на іншым месцы і гэтак працягваць да таго часу, пакуль пасля ночы жыта не застанецца некранутым. Калі выпадкова гаспадар пабудуе дом на месцы, якое
    не падабаецца Дамавіку, то ён будзе ўночы з трэскам і грукатам разгульваць па дому і псаваць у ім рэчы.
    Демйдовйч, гл. I, с. 118—119.
    [Дамавік]. Гэта чалавекападобная істота, чорная, пакрытая валасамі. Месца жыхарства яго ў доме вызначаецца па-рознаму: на печы, пад печкаю, пад падлогаю, у хлявах і іншых забудовах, дзе размяшчаецца скаціна. У апошнім выпадку дамавы дух змешваецца з Хлеўнікам. Пры апякунстве Дамавіка ў доме ўсё ідзе спраўней; у адваротным выпадку ён стараецца шкодзіць гаспадару: уночы б'е посуд, кідае качэргі, нават спрабуе душыць гаспадара, калі той спіць; у доме ўсё не ладзіцца і, галоўным чынам, не вядзецца скаціна. Дзейнасць сваю Дамавік праяўляе выключна ўночы і пераважна ў хлявах, дзе ён ці песціць коней, ці, наадварот, мучыць іх, заезджвае. Каб абясшкодзіць Дамавога, застрэльваюць у першы дзень каляд, 25 снежня, ці ў дзень Новага года, да абедні сароку ці варону і, зачапіўшы вяровачкай за горла, вешаюць яе ў хляве. Іншыя пякуць на поўню хлеб і ад першай булкі (бахонкі, кулідкі) адразаюць акраец, соляць яго і ўночы ідуць з ім у хлеў, дзе гаспадар гаворыцы «Дамавік дамавы’ Прымі ад мяне хлеб-соль, любі маіх коней і жалуй! I я буду цябе любіць і жалаваць!» I кладзе дзе-небудзь пад страхой.
    Романов, с. 289.
    Хатнік ва ўяўленнях беларуса надзяляецца ўсімі якасцямі дбайнага гаспадара. Тыя, каму ён здаваўся, кажуць, што ён мае выгляд старэнькага дзядка, з сівой барадою і доўгімі сівымі валасамі, апрануты ён у насоў, а другія кажуць — у белую кашулю, падперазаны ён дзягай, а па другіх версіях — лыкам. Спіць ён на печы ці пад печчу, таму яго часам называюць Падпечнікам. Устае ён рана і палохае пеўня, штурхаючы яго. Певень з перапуду хлопае крыламі і крычыць, чым будзіць гаспадароў на працу. Часам Дамавы... раздзімае агонь і ідзе ў клець ці ў свіран і прасушвае хлеб, перасыпаючы яго жменямі, заглядвае ў хлеў і дае корм коням і каровам. Гладзіць іх і песціць. Такое дагляданне Гаспадара аказвае добры ўплыў: зерне «спарнее» ад перасыпання Дамавога, скаціна робіцца бадзёрая і вынослівая ад яго пагладжванняў. Гаспадар любіць дружную сям'ю, ён не церпіць сварлівых баб і часам строга карае зачыншчыкаў сямейных нязгод: ноччу, у час сну, ён навальваецца зачыншчыку на грудзі і душыць яго. Калі ўсе справы ідуць добра і добрае прадбачыцца ў будучым, тады ён скача на лаве ў хаце, ці ў клеці, ці ў сенцах. Калі ж сям'ю чакаюць няшчасці, ён у прадчуванні гэтага пачынае завываць па начах і тым папярэджвае гаспадара. 3 Дамавым трэба жыць у згодзе, трэба ўмець яму дагаджаць... Прагнявіш Дамавога — і ён не толькі не будзе спрыяць, але нават можа пашкодзіць у гаспадарцы.
    Богдановйч, с. 66 —67.
    У Дамавіка толькі адна жонка. Пасля смерці яе ён можа ажаніцца да чатырох разоў, але не на сваячках — інакш ён абавязаны пакінуць
    хатнюю службу і паступіць, напрыклад, у Лесавікі, Вадзянікі, Балотнікі. Ад сваёй жонкі Дамавік мае сыноў і дачок. Дасягнуўшы ўзросту, сыны звычайна становяцца Дамавікамі новых пабудаваных дамоў; дочкі ж выдаюццв замуж за Дамавікоў, хоць некаторыя з іх застаюцца ў дзеўках назаўсёды. У гэтым выпадку яны застаюцца вечна юнымі красунямі, чым і зводзяць хатніх хлопцаў і схіляюць на сувязь з сабою, але ў той жа час яны няўлоўныя. Дамавічкі патрабуюць вернасці толькі сабе адным і неміласэрна помсцяць хлопцам пры парушэнні вернасці, нават і тады, калі самі пачалі новую сувязь. Дамавікі спраўляюць вяселлі сваіх дзяцей у залежнасці ад дома, дзе жывуць, — то багата, то сціпла, прычым стараюцца прымеркаваць іх да вяселляў гаспадаровых дзяцей, каб не плаціць асобна музыкантам; адпаведна яны надзяляюць дачок пасагам. Час харчавання, сну і работы Дамавікі размяркоўваюць у адпаведнасці з прынятым у доме распарадкам.
    Улічваючы, што без Дамавіка абысціся нельга і што ён не заўсёды выявіць сваё знаходжанне ў доме, прадбачлівы гаспадар стараецца завабіць яго. Заклік адбываецца ў Велікодную ноч, калі сям'я ў царкве, прыблізна так: «Выбач, дзедзька (ці браток), за трывогу, але толькі прыйдзі ка мне ні зелен, як лісціна, ні сінь, як вална на вадзе, ні панур, як воўк; прыйдзі такей як я сам!» З’явіцца двайнік гаспадара — чалавек таго ж росту, складу, у такой самай адзежы, які перш за ўсё наказвае захаваць тайну спаткання: ні на яве, ні ў сне, ні бацьку, ні маці, ні на споведзі гаспадар не павінен выдаваць гэтай тайны, пад страхам, што Дамавік не толькі перастане пасылаць дабро, але і спаліць дом, якому перад гэтым спрыяў. Іншыя Дамавікі страшаць, што іх гнеў і помста працягнуцца да чацвёртага пакалення гаспадара; усе ж яны помсцяць каварнаму гаспадару, які чамусьці адступіўся ад іх, ды і за розныя абразы ад хатніх гневаюцца і караюць не крыўдзіцеля, а гаспадара...
    He ў кожны дом увойдзе закліканы Дамавік... а толькі ў той, які прыйшоўся яму па нораву і густу, што назіраецца, напрыклад, пры пераходзе гаспадароў у новы дом: як бы ні схілялі яго да пераходу, ён застаецца ў старым доме, пакуль той не разбурыцца. Тады Дамавік пераходзіць у выбраны, да новых гаспадароў, але не сваякоў папярэдняга, увесь час злуецца на сужыцеляў, што кінулі яго, і помсціць ім.
    Пры адваротным стане спраў Дамавік — дабрадзейны слуга дома, якому дастаткова толькі выказаць уголас свае жаданні, але без сведкаў. Тады ён праяўляе незвычайную дзейнасць і ледзь не штогадзіны просіць работы, што, відаць, мала стасуецца з гэтым цельпуком: ён чысціць, мые сцены і мэблю, выконвае работы найбольш любімых ім асоб — шые, прадзе, мые, меле па начах; тады ён закручвае любімчыкам кучары, пляце косы, адганяе ад тых, хто спіць, насякомых і інш. У той жа час Дамавік сцеражэ дом і дабро, папярэджвае пра будучыя няшчасці — пажар, крадзеж ці хваробы — то асобым стукам, то смехам ці плачам, то пагладжваннем галавы і твару соннага, то з'яўленнем жывёлы... Моцны стук Дамавіка, яго плач і стогн прарочаць звычайна хваробу ў доме, з'яўленне ж у сваім сапраўдным выглядзе — смерць гаспадара. Дарэчы дадаць: ён мае стасункі з гас-
    падаром і сямейнымі мужчынамі, і толькі найбольш прыгожыя сямейныя жанчыны карыстаюцца нязначнай яго ўвагаю.
    За ўсю бескарыслівую дапамогу Дамавік патрабуе ад хатніх заўсёды пашаны і таго, каб яны не забывалі дабрадзея ва ўрачыстыя для сям'і дні. Удзячныя гаспадары шануюць Дамавіка просьбаю з'явіцца за стол (у памінальныя дні), пасцілаючы дзеля яго чыстае палатно ад парога да стала; падобнае, але маўклівае запрашэнне робяць яны і збіраючы гасцей на хрэсьбіны, на вяселлі...
    Дамавік капрызны, нават пераборлівы, і не мірыцца з тым, што ідзе супраць яго волі, густаў і звычак. Ён не церпіць у доме люстэркаў, масак, вясёлых зборышчаў; не любіць, калі ля парога ляжыць які-небудзь прадмет, а тым больш — жывая істота, што перашкаджае яго пераходам з хаты ў сенцы і назад. Тады ён пачынае сваволіць і тым самым перасцерагае жыхароў ад свайго далейшага гневу: уночы скідвае посуд у балею, перастаўляе прадметы... ці звальвае грудаю пад лаву, у падпечча, прычым пакідае некранутымі абразы, хлеб і соль на стале.
    Штосьці падобнае робіць Дамавік і ў час сваіх жартаў і заляцанняў з жыхарамі, выказваючы гэтым сваю прыхільнасць: штурхае, нават шчыпае сонных, з-за чаго ў іх бывае нямала сінякоў, якія, аднак, не баляць. Асабліва часта ён жартуе з мужа і жонкі і цешыцца, назіраючы за іх часовымі сваркамі, дзеля чаго нябачна падкідае ў іх страву і пітво «раздорнае зелле». У гуллівым, як і ў абыякавым стане, Дамавік любіць апранацца ў адзежу гаспадара, якую, аднак, паспешліва кладзе на месца, як толькі яна спатрэбіцца...