• Газеты, часопісы і г.д.
  • Міфы бацькаўшчыны  Уладзімір Васілевіч

    Міфы бацькаўшчыны

    Уладзімір Васілевіч

    Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
    Памер: 109с.
    Мінск 1994
    42.2 МБ
    Древлянскйй, с. 107—108.
    Мара... юнакоў і дзяўчат душыць у час моцнага сну; ад яе не можа пазбавіцца і хатняя скаціна. Конь, на якім ездзіла Мара ўночы, мае на сваіх баках знакі, зробленыя кароткімі нагамі гэтага страшыдлы. Мара не пойдзе да скаціны, калі ў хляве вывешана забітая сарока; каб аднадзіць Мару ад людзей, купляюць, не таргуючыся, новы гладыш; хто жадае ад яе пазбавіцца, злавіўшы на сабе ўночы звярка, кладзе яго ў гэты гладыш ці, запрасіўшы Мару на снеданне, кладзе на парозе накрыж мятлу і сякеру.
    Бобровскйй, с. 823.
    Мары мучаць сонных, не перапыняючы іх сну. Звычайна Мара садзіцца на грудзі ці горла соннага чалавека і пачынае душыць, прычым, перашкаджаючы чалавеку дыхаць, яна час ад часу адпускае яго, каб нацешыцца яшчэ большымі пакутамі ахвяры пасля перадыху. Ахвяра, імкнучыся выратавацца, падымае руку, каб адагнаць Мару ці перахрысціцца, але тут вёрткая Мара прытрымлівае занесеную руку, прычым ад дакранання Мары рука млее, чым прычыняе новыя пакуты. Адзіным магутным сродкам выратавання ад Мары лічыцца згадка, што ўсё гэта адбываецца ў сне, а не на яве, пакутнік прачынаецца — і Мара знікае. Але дадумацца да гэтага могуць толькі пажылыя людзі, да якіх, дарэчы, Мара чапляецца наогул рэдка, хаця б яны спалі нават на спіне (любімая Мараю поза соннага чалавека). Людзі ж маладыя, «з цёпленькай крывёю», да якіх любіць прыставаць Мара, звычайна не дадумваюцца да гэтага сродка і вымушаны доўга пераносіць пакуты, якія нясе Мара...
    Яна чапляецца ў сне пераважна да таго чалавека, які шумна правёў час перад сном і, значыць, з цяжкасцю можа разабрацца ва ўражаннях. Мара мяняе свой воблік, калі паслядоўна прыстае да адной і той жа асобы. Воблік Мары вырысоўваецца прыблізна так: яна мае чалавекападобныя формы, ростам з тыднёвае дзіця, з голай скураю ці пакрытая рэдкім кароткім пер'ем, часам поўсцю, мяккая навобмацак, падае на ахвяру неадчувальна і не адразу, а цішком, прычым першае яе дакрананне нават прыемнае. Адступаецца ж Мара ад ахвяры імкліва, пакінуўшы пасля сябе ў соннага знямелыя рукі ці ногі ды вялікі пот на твары і целе.
    Мары не баяцца асвечаных прадметаў і крыжоў і таму свабодна прабіраюцца да соннага чалавека. Ці гінуць Мары і з якой прычыны — застаецца невядомым і дагэтуль.
    Ніікйфоровскйй II, с. 63—64.
    «Калі Мара ўвойдзе, то трэба тую дзірку заткнуць асовым калочкам, каб не выйшла, бо яна іначай не выйдзе нікудэю, толькі як увайшла, каб нават вокны былі паадчыняныя, то ніц не значыць».
    «Як Мара на чалавека наляжа, то трэба варушыць мізіным пальцам, на правай руццэ, то Мара адляціць».
    Federowski, s. 269.
    Некаторы вупыр, званы мясцовымі людзьмі Марою, з’яўляецца ў выглядзе розных мёртвых прадметаў, напрыклад: шкілета, труны, шыбеніцы, асмаленага пня, калоды, што тырчыць, як пень, і г.д. Узнікае неспадзявана, стаіць на месцы ці паволі пасоўваецца за тым, хто ідзе. Мара нічога благога не робіць, але сама яе прысутнасць прыгнятае («сэрца нача каты дзяруць, на душы ляжыць пячаль важкім каменем»).
    Ходзіць таксама апавяданне з мястэчка Петрыкова, дзе штодня ў летнія месяцы на досвітку паяўлялася Мара ў вобразе тоўстай вертыкальнай калоды, удвая вышэйшай за чалавека, на вельмі кароткіх нагах, падобных на барсучыныя лапы. Яна стаяла нерухома пры ўездзе ў мястэчка, енчыла чалавечым голасам і з усходам сонца знікала. Як яе пазбавіліся — нявядома, але народ згадвае яе не толькі ў казцы, але I ў размовах, у прыслоўях. Калі хто каму дакучае, кажуць: «Надаеў, як Мара петрыкоўская. Чаго ты прыстаў, як Мара петрыкоўская? Адчапіся ты ад мяне, Мара петрыкоўская».
    Pietkiewicz II, s. 185.
    Ёй прыпісваюць усе начныя душнасці, прывіды і болі, асабліва болі галавы... Канкрэтнага вобраза яна не мела. У залежнасці ад ваколіц яна ператваралася ў розных звяроў або птушак. Мара ў расказах выступае ці сама па сабе, ці яна — служанка ў чорта. Паяўляецца ноччу. Непрыкметна прабіраецца ў хату або гаспадарчыя пабудовы. Даволі часта з’яўляецца ў стадоле, асабліва, калі там нехта спіць. Таму так часта і старанна, нават цёплай летняй ноччу, замыкалі перад сном у хаце ўсе вокны, закрывалі комін. Закладвалі над дзвярыма абор
    ліпавыя галінкі, што было знакам аховы жывёлы перад Марай. Пра выгляд і характар Мары сведчаць паасобныя згадкі, якія захаваліся ў народзе: «Выглядаеш, як Мара» — у адрас раскудлачанай дзяўчыны, ці «прычапіўся, як Мара» — пра чалавека нахабнага і прычэплівага...
    У ваколіцах Драгічына бачылі Мару на кані. Калі яе злавілі, пачала яна прымаць выгляд усялякіх звяроў і ў пэўны момант змянілася ў каня. Чалавек, доўга не думаючы, узяў ды падкаваў яго. Вярнуўшыся дамоў, убачыў ён, што ў іх у хаце ёсць нейкая жанчына з акрываўленымі рукамі. Прыгледзеўся ён да іх, а там падковы.
    Шаховіч, с. 132.
    МАРОЗ
    (ДЗЕД МАРОЗ, ЛЕДЗЯНЫ ДЗЕД)
    «Мароз — то сівы старэнькі мужчына».
    Federowski, s. 159.
    «Мароз — стары сівы дзед з сінім або чырвоным носам. Замест вусоў і барады ўніз спускаюцца саплякі аж да долу; на галаве ўся гіра пакрыта белым інеем. Ен заўжды любіць дужацца з сонейкам, але не мажэ яго пабароць. Сонейка шуткуе з Марозам, а ён злуе да кліча сабе да памогі вецер...
    Мароз увесь белы, бо ён адзет у снег, лёд да іней, толькі ў яго губы чырвоныя, да нос, бы бурак.
    Зімою Бог пасылае Мароз на карысць людзям, каб ён усюды паслаў масты цераз рэкі, вазёра, балота або якую-небудзь тхлань ці нетру. Людзі дзякуюць Богу, як ён дае «здаравенныя» марозы, бо тагды добрая дарога і здаровае паветра. Калі ж Мароз бывае позна вясною, ці вельмі рана аб восень або ўлетку, то гэта яго пасылаюць ведзьмы або ведзьмакі.
    Калі часамі хопіць сіберны Мароз, як гэта бывае каля Грамніц, то сонейка адразу растопіць яму бораду так, што аж з яе пацячэ».
    Сержпутоўскі, с. 15 — 16.
    Мароз уяўляюць у вобразе велізарнага дзеда з лёду (Ледзяны дзед) у снегавой сярмязе, валасы і доўгую бараду якога пакрывае густы іней.
    Начное стуканне і трэск у кутках у час вялікіх маразоў прыпісваюць Ледзяному дзеду, які мае звычай садзіцца на хаце. Менавіта таму, каб задобрыць гэтага страшнага дзеда, запрашаюць яго на калядную вячэру... «Як дзед Мароз сядзе на хаці, то вуглы трашчаць; затым то яго трэба пасадзіць на куццю, штоб не рассердзіўся, да не разбураў хаты. Такі страшэнны велікан можа не то сракаю да стапою раздушыць усякае кубло; лёд які таўсты, да і то стогне, калі ён па ём
    ідзе. Ета можна пачуць, жывучы паблізу ракі, возера або ставу, на зарэ, або як сонца стане ўсходзіць».
    Pietkiewicz II, s. 19.
    МАРЭНА
    Радаўніца называецца «наўскі вялікдзень». У гэты дзень яшчэ і цяпер дзе-нідзе топяць куль саломы, прыбраны за бабу, у першай за вёскай лужыне, разумеючы, што гэта топяць саму Марэну — смерць, каторая разам з маразамі панавала ўсю зімку над зямлёй і людзьмі; цяпер ужо скончылася яе панаванне, цяпер ужо прыйшла закліканая Ладава дачка, Лёля, каб панаваць над светам.
    Ластоўскі, с. 257.
    МЕША
    Меша — нейкі нячысты дух. Па павер'ях беларусаў нячыстыя духі з’яўляюцца перад людзьмі няйначай як у выглядзе жывёл; калі ж у вобліку чалавека, што здараецца вельмі рэдка, то самага мярзотнага, агіднага. Меша мае выгляд нейкай калматай жывёлы невялікага росту, чорнага колеру. Ён жыве ў руінах якой-небудзь будыніны, шкоды нікому не робіць, а толькі часам палохае прахожых. Гэта, кажуць, злы дух, пазбаўлены Кадуком сілы, шкодзіць людзям і асуджаны на пакуты. Часам Меша прабіраецца ў жылы дом, але тут прытулкам яго бывае падпечак, дзе ён і харчуецца хоць чым. Уночы ён выпаўзае з-пад печкі і нярэдка, пасябраваўшы з хатнім сабакам, спіць з ім на падлозе пасярод пакоя; удзень ён не паказваецца. Пасяленне Мешы ў якім-небудзь жылым доме лічыцца няшчасцем. Меша — амаль агульнавядомае імя ва ўсёй Беларусі: гэтым імем нянькі палохаюць дзяцей.
    Древлянскйй, с. 109.
    НАЧНІЦА
    «Катора кабета ніколі не мела дзіцяці праз сваё шэльмоўства, або яе людзі праклялі, то такая па смерці ходзіць Начніцаю: не дае дзецям спаць, шчыпле іх, дакучае, а дзіця ўсё плача ды плача ўсю ноч».
    «Начніца дае ссаць з свае грудзі, а ў яе цыцках не малако, да атрута, то і дзіця праз тое хварэе, мэнчыцца, а як не дагадаюцца чым лячыць, то і ўмірае...»
    «Начніцы, як толькі ноч настане, то лазяць па гнёздах птушыных, выпіваюць яйца і ядзяць птушанятка».
    Federowski, s. 70—77.
    «Як Начніца пералезе пад калубелю або ў калубель улезе, то дзіця плача па начах».
    Federowski, s. 217.
    «Калі Начніца да дзіцяці падпадзе, то трэба з брудных хустаў нарабіць лялек, папастаўляць на кожным акне па дзве-тры і сказаць: «Глядзеце, лялечкі, каб мой маленькі спаў'» — то і Начніцы мінуцца».
    Federowski, s. 270.
    OX
    Ox — барадаты чалавек, жыве пад зямлёю, а хто, бядуючы, уздыхае: «Ох!», то ён выйдзе з-пад зямлі і папытае: «Чаго патрабуеш?» A як хто ўжэ гэта ведае, да не спалохаецца, да і скажа яму, чаго хоча, то ён яму тое дасць».
    Federowski, s. 236.
    ПАВЕТРЫКІ
    Паветрыкі прыпадаюць да ахвяры выпадкова, не шукаючы яе... Рэючы над багнаю, у глухім месцы, забаўляючыся чартоўскімі пацехамі, Паветрыкі раптоўна падхопліваюцца з месца ветрам і нясуцца, пакуль не закрануць выпадковай ахвяры і не спыняцца на ёй. Злосныя з-за перапыненых забаў, Паветрыкі накідваюцца на ахвяру і пачынаюць губіць яе... Скончыўшы работу, Паветрыкі зноў носяцца ў паветры, гуляюць і забаўляюцца, пакуль вецер не перанясе іх да новай ахвяры.
    Вельмі часта здараецца, што чалавек, знаходзячыся паблізу ад Паветрыкаў ці іх расправы над ахвяраю, не толькі не церпіць ад іх, але нават застаецца па-за іх увагаю ў той час, калі аддаленая ахвяра робіцца раптоўнаю іх здабычаю. Тут усё залежыць ад напрамку ветру і затрымкі яго ў тым ці іншым месцы.
    Паветрыкі прыцягваюцца да сваёй спарадычнай дзейнасці адносна рэдка — праз няроўныя прамежкі гадоў, прычым усе разам, гуртам, таму што адзінаасобная дзейнасць Паветрыка слабая і мэты не дасягае...
    Дзе знаходзяцца Паветрыкі перад пачаткам сваёй дзейнасці — гэта дакладна невядома: адны называюць іх месцазнаходжаннем паветраную вышыню, другія — аддаленыя чужаземныя краіны, трэція — глыбіні балот і багнаў.
    Нйкйфоровскйй II, с. 42—43.
    ПАДВЕЙ
    Падвей — гэта той дух, які круціцца ў віхры. Ён насылае на людзей асаблівую хваробу, якая таксама называецца Падвеем: наляціць віхор