Міфы бацькаўшчыны
Уладзімір Васілевіч
Выдавец: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі
Памер: 109с.
Мінск 1994
на чалавека — і скруціць яму галаву набок, адніме мову, a то скурчыць руку ці нагу. Таму трэба ратавацца ад віхру. Калі ён круціцца, трэба паказваць яму кукіш: гэтага Падвей не любіць і праімчыцца бокам, не закрануўшы чалавека.
Богдановйч, с. 79.
ПАЛЯВІК
Тэрыторыя кожнага Палевіка — палі і лугі адной або некалькіх сумежных вёсак, не раздзеленых адна ад аднае ні лесам, ні вадою — з усімі пагоркамі, нізінамі і ярамі, што мяжуюць з палямі. Тут часта на вялікім абшары Палявік жыве на горцы, у доле, у канаве, ля каменя ці ля палявога дрэва, куста, межавага слупа абавязкова пад прыкрыццём гэтых прадметаў, з якімі абавязкова разлучаецца ў разводдзе, пры вялікіх дажджах, таму што цярпець не можа макрэчы і ўцякае ад яе на вышэйшыя мясціны. Праўда, Палявік клапоціцца пра ўраджайнасць палёў, пра ўкосныя сенажаці, выганяе адсюль шкоднікаў, раўняе сцябліны і лісты раслін, але гэта робіцца дзеля таго, каб прывабіць сюды як мага болей людзей, паміж якімі ён несумненна знойдзе і ахвяры. Але здараецца, што ён гоніць тых непажаданых, хто зайшоў у яго ўладанні дзеля ўласнага спакою. Між іншым, Палявік вартуе палявыя скарбы, якія не выдае ні пры якой здзелцы з чалавекам і неміласэрна помсціць таму, хто выпадкова знаходзіць скарб. Ведаючы гэта, шукальнікі скарбаў не звяртаюцца да Палевіка, а калі зробяцца ўладальнікамі палявога скарбу, стараюцца не трапляць у мясціны, дзе жыве Палявік.
Дзейнасць Палевіка накіравана на адну толькі шкоду палявой гаспадарцы чалавека. Ён разбурае загародкі-, вешкі, прываблівае выглядам хлебных і лугавых раслін, каб прыманіць скаціну ў шкоду, прычым стараецца зрабіць гэта на ўчастку ненавісніка. Тое ж робіць Палявік, калі прыманьвае дзяцей і моладзь у кветкі, палявыя (і агародныя) расліны, як, напрыклад, бульба, бручка, агуркі ці проста — для гульняў і зборышчаў. Замест усяго гэтага Палявік учыняе і прамую шкоду: прыгінае да зямлі збожжа і траву, скручвае расліны, адхіляе дождж, засылае шкодных насякомых, водзіць там і тут да знямогі дзяцей, што заблудзілі; падстройвае каровам «гізы», мучыць жывёл на пашы, як і людзей за работаю, авадамі, сляпнямі, камарамі. He пашкадуе Палявік і сталага нармальнага чалавека: апошні можа заснуць на кучы камянёў ці палявых каранёў, якія збіраюць пасля баранавання, у бруднай канаве, у мокрай лагчыне і інш. Усіх наведвальнікаў палёў і-лугоў Палявік насцярожвае дзікім рэхам, перадражніваннем, свістам, ровам, а галоўнае — страшным выглядам. Ён прымае выгляд пачварнага ценю, які то гоніцца за чалавекам, то ідзе ад яго, заманьваючы ахвяру. Варта толькі паддацца каварнаму прынаджванню, і чалавек шмат пацерпіць за даверлівасць: можа здарыцца, што лашчачы, Палявік раптам паражае чалавека страшэнным санцапёкам і забівае на месцы.
Палевікі... гасцююць адзін у аднаго, дапамагаюць мучыць знойдзеную ахвяру, па-сяброўску пераклікаюцца, асабліва начною парою, калі стаіць пагода. Пры амаль поўнай бяздзейнасці зімою Палевікі сыходзяцца для забаў, любімая з іх — знішчэнне дарожных вешак, зацярушванне дарогі, занос снегам канаў і калдобін, каб туды трапіў прахожы ці праезджы, які збіўся з дарогі. Палевікі доўга водзяць яго ўзад і ўперад, пакуль той не замерзне.
Найгорш жывецца Палевікам вясною і восенню.калі слякоцце і макрэча: якім вялікім ні было б іх сатанінскае жаданне шкодзіць чалавеку і яго дабру, яны не могуць расставацца з утульным сухім месцам, не могуць мясіць нагамі брудную і мокрую глебу. Але тут нярэдка сам чалавек даецца ім у рукі, калі прыходзіць адпачыць на сухадоліну. Каб утрымаць чалавека, Палевікі лашчаць і закалыхваюць яго зацішкам, сонечным цяплом, пакуль у яго не пачнуцца ліхаманкавыя дрыжыкі, якія нярэдка ператвараюцца ў хваравітую ліхаманку.
Як гінуць Палевікі і ці гінуць наогул — цяжка сказаць, хоць вядома, што гэтыя асцярожныя нячысцікі хутчэй за іншых пазнаюць набліжэнне навальніцы, умеюць хавацца ад грамавых стрэл, пры гэтым і сама тэрыторыя Палевікоў, калі там няма высокіх дрэў, якія растуць паасобку, рэдка прымае ўдары грому. Людзі ж пакуль не прыдумалі надзейных сродкаў для пагібелі Палевікоў, ад якіх параўнальна менш церпяць, чым ад астатніх нячысцікаў, бо палі перыядычна асвячаюцца, засяваюцца блаславёным зернем, ды і сама работа тут суправаджаецца малітвамі.
Нйкйфоровскйй II, с. 66 —68.
ПАЛЯНДРА
Паляндра, багіня смерці, тое, што ў старажытных яцвягаў, жыхароў цяперашняй Гродзенскай губерні, была Мажанна. Паляндра, кажуць беларусы, знаходзіцца ў варожых адносінах з людзьмі і таму рада бывае, калі людзі часцей паміраюць: яна адразу ў выглядзе пачварнай жанчыны з'яўляецца ў хатах паміраючых людзей і там забірае душы. Душы гэтыя ў яе забірае Баба-Яга — касцяная нага, з якою моцна сябруе, таму што яны разам раз'язджаюць у адной жалезнай ступе. Прымаўкі: «Багдай цябе Паляндра змарнявала», «Паляндра ўчамерылася», «Каб ты запаляндраваўся». Калі беларусы гавораць пра смерць якога-небудзь дарагога чалавека, то звычайна адплёўваюцца, кажучы: «А кыш, Паляндра, не табе б, а кыш!»
Древлянскйй, с. 110.
ПАРАЛІКІ
Паралікі не ідуць, як іншыя нячысцікі, на заклік чалавека ў тую ж хвіліну, а значна пазней, нават праз гады. Любімымі ахвярамі іх бываюць людзі сталага ўзросту, мужчыны і жанчыны — усё роўна... Паралікі падступаюцца спадцішка, быццам крадучыся (падступіцца і
адступіцца, за кожным разам — усё бліжэй), незаўважна авалодваюць ахвяраю, якая пазнае іх уздзеянне толькі тады, калі яны канчаткова зжыліся з ёю і калі аддаліць іх няма чалавечай магчымасці. Слабыя Паралікі да ахвяры падступаюцца заўсёды па двое-трое: тут яны працуюць папераменна і толькі пры асаблівым супраціўленні ахвяры — разам... Паралікі не кранаюць душу сваёй ахвяры, не нападаюць на яе непасрэдна, яны галоўным чынам даймаюць цела, а душа робіцца іх ахвяраю адначасова... Як паволі падступаюць Паралікі да ахвяры, гэтак жа няспешна, з неаднаразовымі вяртаннямі яны і аддаляюцца ад яе.
Нйкйфоровскйй II, с. 41—42.
ПАЎНОЧНІКІ
Паўночнікі селяцца па ўсіх сядзібных забудовах: дзе жыве чалавек — там ёсць і яны, нягледзячы на прысутнасць сядзібных нячысцікаў, якія не ладзяць з гэтымі гарэзамі. Паўночнікі пачынаюць сваю свавольніцкую дзейнасць у час агульнага людскога спакою, уночы і выяўляюць яе дзікімі воклічамі чалавека, фальшываю просьбаю дапамагчы, свістам і ровам буры, дзіўным рогатам ці плачам. Усё гэта робіцца звонку памяшкання, дзе знаходзіцца чалавек, і тым яно невыноснае, што застае чалавека, калі ён сніць першы сон, і цягнецца ад 11 гадзін вечара да 3 гадзін раніцы.
Дзе жывуць Паўночнікі і як выглядаюць — нікому дагэтуль не давялося ведаць. Можна здагадвацца па хуткіх рухах паўночніка, па голасе, што гэтыя гарэзы маладзей сярэдніх гадоў, што яны вандруюць паасобку і гуртам і што сярод іх ёсць і мужчыны, і жанчыны. Паўночнікаў асабліва шмат разводзіцца там, дзе багата моладзі.
Нйкйфоровскйй II, с. 61-
ПРАХІ
Прахі — гэта ці нячысцікі-пачаткоўцы, ці малаздольныя, ці гультаяватыя, ці тыя, што служаць у іншых чарцей на пабягушках. Самі па сабе яны не нясуць небяспекі — па ўласнай волі не чапляюцца да ахвяры, і пры выкананні даручэнняў перакручваюць чартоўскія намеры, за што часцей за іншых нячысцікаў церпяць расправы ад чарцей...
Якімі б праставатымі ні былі Прахі, яны не пазбаўлены чартоўскай раззлаванасці на людзей, жадання шкодзіць ім...
Нйкйфоровскйй II, с. 43—44.
ПУННІК
Пуннік не такі брудны, як Ёўнік, прынамсі на ім няма слоя сажы, хоць і дастаткова хапае пылу і смецця ад сена і трухі; ён таксама пакрыты запыленымі ніткамі павуціны. Калі ён набывае зрокавы вобраз,
то бачыцца чалавекападобнай істотай, у якой хутчэй можна пазнаць ахапак дробнага забруджанага сена, чым жывую істоту. Матэрыяльнае аблічча прымае, пакуль у пуні ёсць сена, звычайна ж ён нябачна сядзіць на кроквах, бэльках, назіраючы за тымі, хто заходзіць у пуню, завозіць ці забірае сена, цешыцца сцэнамі гульняў і сутыкненняў моладзі, мілуецца, як валтузяцца і вішчаць каты, як ловяць яны мышэй, і цярпець не можа, як у гнёздах выводзяцца птушкі. Дзетак і паасобных прахожых Пуннік звычайна палохае ненатуральным аханнем, хрыпам і свістам ці жаласным енкам цераз шчыліны і шматлікія адтуліны пуні, што ў сваю чаргу прыносіць яму немалую асалоду.
Пуннік туліцца не толькі ў сядзібнай, але і ў лугавой, і лясной пуні, абы толькі яна мела страху і кроквы: любая макрэча, у тым ліку і ад дажджу скрозь страху, дзейнічае на Пунніка разбуральна. Ён паволі марнее, хоць і не даходзіць да пагібелі, якая магчыма ад удару грому і пры неасцярожных рухах Пунніка ў час выхаду з пуні, калі яна запалена маланкаю. Як і Ёўнік, ён ператвараецца тады ў пыл.
Нйкйфоровскйй II, с. 59.
ПУШЧАВІК
Пушчавікі маюць абмежаваную, цесную тэрыторыю — некрануты лес ці лес незцычайнай вышыні («пушча-дрымушча»). Пушчавік перавышае галавою самае высокае дрэва, што дапамагае бачыць навакольныя прадметы на далёкай адлегласці. Ёсць, аднак, Пушчавікі, якім такія дрэвы толькі да пляча...
Пушчавік робіць адно толькі зло, не забываючыся, што яму давялося сысці ў векавыя дубровы толькі з-за чалавека. Ён не шкадуе ні старых, ні дзяцей, ні жанчын, ні знямоглых, ні памочнікаў чалавека — свойскіх жывёл. Калі ахвяра зайшла ў пушчу — яе пагібель непазбежная. Калматы, зарослы доўгім мохам па ўсім целе, не выключаючы носа і вачэй, ростам гігант, Пушчавік здольны забіць ахвяру адным сваім выглядам. Калі дасягнута мэта, ён не рагоча, як Лясун, не здзекуецца з ахвяры, а спакойна ідзе далей, нібы зрабіў звычайную справу, выканаў сціплы абавязак.
На шчасце чалавека, Пушчавікі даволі рэдкія, і сустракаецца нямала пушчаў, дзе гаспадараць адны толькі Лесуны... Пушчавік непаваротлівы, лядашчы, кепска бачыць, што робіцца ў яго пад нагамі. Усё гэта дапамагае чалавеку ўцякаць ад Пушчавіка. Пры непазбежнай сустрэчы з ім трэба рабіць крутыя павароты туды і сюды, ды паспешліва пакідаць тэрыторыю пушчы, далей якой Пушчавік не адважыцца ступіць сваім старэчым крокам.
Нйкйфоровскйй II, с. 72— 73.
ПЯКЕЛЬНІКІ
Месца дзейнасці Пякельнікаў — пекла... сама ж дзейнасць заключаецца ў падтрыманні агню і мучэнні ім грэшных душ. Далей пякель-
ных сцен гэтыя чэрці нічога не ведаюць, не могуць выйсці за іх... Яны маюць напалову сабачы, напалову казіны выгляд, пазбаўлены поўсці на тоўстай скуры, якая нечым нагадвае скуру кажана, пакрытую тоўстым слоем сажы, якою таксама пакрыты доўгі хвост і сярэдняй велічыні прамыя рогі. Сярод пякельнага змроку неяк асабліва рэзка выдзяляюцца белізною іх зубы з доўгімі клыкамі і вялікія бялкі вачэй. У дадатак да ўсяго гэтага Пякельнікі нястомна трымаюць свой высалаплены, вогненнага колеру язык, якім, як і з ноздраў, час ад часу абліваюць ахвяры расплаўленаю смалою і сераю, якія змяшчаюцца ў сярэдзіне Пякельнікаў...