Мой Картаген
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 316с.
2015
— Вот, правоверные хрйстйане. Господь Бог по велйкому смутжу послав нам велйкую радосць; велйкйй Наполеон, як в гэтом указе пйшецца, хвала Богу, воцарйвся в свое государство (с острова Эльбы) й знову мдзець к нам. Помолймся ж Господу Богу о том, чтоб Бог ему помог...»
На гэтым я цытату скончу. Нягледзячы на ня вельмі ўдалую графічную перадачу Насовіча, добра бачна, што ўніяцкі сьвятар Ракоўскі ў 1815 годзе гаварыў на літаратурнай беларускай мове. Калі ўспомніць, што ў той час у нашых краях польская мова была ўжо агульнапрынятай, гэтак сама як сёньня расейская, і што за палітычныя рэаліі панавалі тады ў Расейскай імпэрыі, то мы зразумеем, што Іван Насовіч зафіксаваў у сваіх успамінах выдатны грамадзянскі ўчынак сьвятара. Бо і сёньня яшчэ ў Беларусі, каб загаварыць падчас нейкага афіцыйнага мерапрыемства да прысутнай расейскамоўнай публікі па-беларуску,
чалавеку патрэбная пэўная грамадзянская мужнасьць і адпаведныя патрыятычныя перакананьні, ня кажучы ўжо пра зьмест самой прамовы сьвятара. Айцец Ракоўскі, як бачым, такія перакананьні і мужнасьць меў. Другі важны момант, пра які цытата сьведчыць, — палітычныя антырасейскія погляды ўніяцкага клеру. Якраз пра іх сьведчыць арганізацыя малебну за посьпех Напалеона і за тое, каб ён зноў прыйшоў у Беларусь і вызваліў народ ад расейскага ярма...
Вось такую царкву дапамог зьнішчыць мітрапаліт Іосіф Сямашка.
***
I нарэшце трэцяя цытата. Паходзіць яна з працы беларускага палітычнага дзеяча і гісторыка Аўгена Калубовіча «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства».
«Поруч вывазаў ішло нішчэньне, ад якога найбольш пацярпела пісьменства ў нацыянальнай беларускай мове — дакумэнты беларускай гісторыі й кнігі вуніяцкай (дакладней — былой праваслаўнай і вуніяцкай) літаратуры XVII-XVIII
стст.
Шмат іх было спалена ў агні... У 1832 г., на загад зь Пецярбургу, пачалася акцыя адбіраньня старых вуніяцкіх служэбнікаў і іншых кніжок і замены іх на расейскія праваслаўныя кнігі. 3 цэркваў і манастыроў цэлае Беларусі ў Полацкую духоўную кансысторыю звозіліся для паленьня
выданьні беларускіх вуніяцкіх друкарняў. У дадатках да тых кніг у беларускай мове друкаваліся арыгінальныя навукова-тэалягічныя й мастацкія, галоўна вершаваныя, творы беларускай літаратуры: усе яны, за рэдкім выключэньнем, беззваротна загінулі ў агні, разам з багаслужбовымі кнігамі. Вуніяцкія сьвятары спрабавалі ратаваць іх: ведамы выпадак, калі 2 красавіка 1834 году ў Наваградку на рукі яп. Язэпа (Сямашкі) 56 сьвятароў злажылі пратэст, але, на загад цара, усе былі пакараныя за гэта годам манастырскай турмы.
Аб тым, як «уніатскія кнйгн... преднамеренно унмчтожалмсь», яшчэ лепей сьведчаць паленьні іх у Жыровічах. Туды ўжо па ліквідацыі ў 1839 г. вуніяцкае царквы яны звозіліся з павуніяцкіх (вуніяцкіх і былых праваслаўных) царкоўных і манастырскіх бібліятэк і, на загад праваслаўнага мітрапаліта Язэпа (Сямашкі), у 1841-44 гг. спальваліся ў манастырскіх печках. Дзеля таго, што такі спосаб нішчэньня кніг быў марудным і частка кніг раскрадалася, у 1844 годзе мітрапаліт загадаў вынесьці кнігі на манастырскі пляц і спаліць іх на вогнішчы адразу. У 1853-55 і 1857 гг. паленьне іх зноў працягвалася. Колькі тут было спалена — невядома: афіцыйна называецца лічба каля 2000 кніг, аднак сам мітрапаліт зазначае, што спалена іх было болей, чымся афіцыйна паказана...»
Тут я спынюся, хаця Аўген Калубовіч яшчэ шмат старонак з дакладнымі навуковымі спасылкамі на крыніцы пералічае, як і што палілася
ў наступныя гады і дзесяцігодзьдзі, у тым ліку, як было спалена Тураўскае Эвангельле XI стагодзьдзя, або як наўмысна ў 1898 годзе быў спалены Смаленскі царкоўна-археалягічны музэй зь беларускімі старадрукамі, рукапісамі і дакумэнтамі.
Побач з кнігамі мітрапаліт Сямашка тысячамі паліў і старыя беларускія праваслаўныя і ўніяцкія абразы. У выніку да XX стагодзьдзя, калі абразы пачалі зьбіраць па цэрквах, дайшлі толькі лічаныя зь іх. Пры Сямашку ж пачаліся і першыя перабудовы нашых старых эўрапейскіх цэркваў на расейскі ўзор. Гэта трэцяя цытата сьведчыць пра ролю Герастрата беларускай культуры, якую адыграў мітрапаліт Іосіф Сямашка.
***
3 пункту гледжаньня сьвядомага беларуса (бяз розьніцы веравызнаньняў) мітрапаліт Іосіф Сямашка мае ацэньвацца адназначна: гэта быў зьнішчальнік самастойнасьці беларускай мітраполіі, а таксама магільшчык беларускай мовы і культуры.
I вось сёньня РПЦ задумала Іосіфа Сямашку кананізаваць. Што ж? Расейскі народ мае права ўшаноўваць сваіх герояў, і нават маліцца ім. Але пры чым тут беларусы?..
Часам мне здаецца, што так народы і паміраюць...
3 траўня 2012 году.
Кананізацыя Сямашкі-2
Камэнтары чытачоў да майго папярэдняга тэксту пра кананізацыю мітрапаліта Іосіфа Сямашкі дазваляюць зрабіць дзьве высновы.
Па-першае, многія камэнтатары сваёй рэакцыяй паказалі, што не зусім зразумелі майго тэксту і мэты яго напісаньня. Я прывёў там некалькі малавядомых гістарычных фактаў і прапанаваў новую трактоўку некаторых гістарычных падзеяў зусім не для таго, каб заклікаць некага пераходзіць у каталіцтва ці ўніяцтва. Хай усе ходзяць у тыя храмы, куды іх вядзе сумленьне.
Гістарычныя факты пра хістаньне нашых продкаў і нашай царквы паміж Канстантынопалем і Рымам, згадкі пра сем уніяў XV-XVI стагодзьдзяў спатрэбіліся мне для таго, каб паказаць, якой неадназначнай была наша гісторыя і як яна ня ўпісваецца ў схему, распрацаваную ў XIX стагодзьдзі гісторыкамі Расейскай імпэрыі. Веданьне сапраўднай беларускай царкоўнай гісторыі, на маю думку, павінна выклікаць у людзей павагу да ўсяго, што з намі адбывалася, і даі ўсіх тых, каму сёньня больш падабаецца той ці іншы пэрыяд гэтай гісторыі. Усе мы беларусы, а нашы прыярытэты і перавагі маюць пад сабой гістарычныя падставы. Гэта ўсё — наша пакутная і шматаблічная гісторыя, гэта ўсё — наша Беларусь і мы самі, яе дзеці.
Па-другое, зьмест палемікі пад папярэднім блогам зноў паказаў, наколькі моцна нас усіх трымае канфэсійны падыход да гісторыі. Наогул, канфэсійная сытуацыя ў краіне значна больш важная і значна болын уплывае на нас, чым мы гэта заўважаем і разумеем. Гэта, відаць, сапраўдны праклён Беларусі — яе царкоўная гісторыя.
I як тут зноў і зноў ня думаць пра кананізацыю мітрапаліта літоўскага Іосіфа Сямашкі. Я лічу, што галоўная і найтрагічнейшая «заслуга» гэтага царкоўнага дзеяча ў тым, што беларусы сёньня думаюць, што ходзяць у праваслаўныя цэрквы, хоць, насамрэч, яны ходзяць у цэрквы расейскія...
Нашу гуманітарыстыку, нашу сьвядомасьць і нават мараль наўсьцяж працінае канфэсійнасьць. Тое вынікла з нашай трагічнай гісторыі, і мы сёньня такія слабыя і маніпуляваныя больш моцнымі суседзямі таму, што ня можам гэтай канфэсійнасьці пазбыцца і замяніць яе на адзіна правільны нацыянальны падыход да ўсяго. Падыход усёабдымны і ўсёдаравальны: усё, што з намі было — усё наша.
А ў выніку адсутнасьці такога падыходу і нашай духоўнай несамастойнасьці адбываюцца фатальныя для народнай маралі рэчы. Мараль наогул — ці ня самае важнае, што народу для нацыянальнага існаваньня і нацыянальнага імунітэту патрэбна. Многія знакавыя рэчы, якія з намі адбываюцца і якія сьведчаць пра няўхільны скон
нашай народнай душы і самога нашага народу, маюць найперш маральнае вымярэньне.
Кананізацыю Сямашкі адзін мой праскі сябар назваў чарговай «лініяй Сталіна» ці чарговай вуліцай Суворава, і ён мае абсалютную рацыю. Сапраўды, вуліцы Суворава ў беларускіх гарадах, помнікі Леніну, лінія Сталіна, вандалізм у Курапатах і сама цяперашняя палітычная сыстэма ў краіне — усё гэта найперш праблемы маральнага і духоўнага стану народу. I кананізацыя мітрапаліта Сямашкі — гэта, у прынцыпе, яшчэ адна вуліца Суворава ці яшчэ адна лінія Сталіна. Але ёсьць адно «але», адна папраўка, і сфармуляваць яе можна так: спачатку быў Сямашка, а пасьля зьявілася ўсё астатняе. Калі б не было Сямашкі, не было б і лініі Сталіна, і вуліцы Суворава ў нашых гарадах ужо даўно пазьнікалі б, і цяперашняй улады ў Беларусі магло б ніколі ня быць. Сямашка — галоўны антыгерой беларускай гісторыі XIX стагодзьдзя і галоўны герой Расеі таго часу, гэта менавіта ён, а не Мураўёў-вешальнік зрабіў найболей для перамогі «русского дела в Западном крае»...
А маленькіх «лініяў Сталіна» (або вуліцаў Суворава etc.) у Беларусі ўсё болей і болей. Адну зь іх у лютым 2012 году я знайшоў на Вайсковых могілках у цэнтры Менску.
У 2010 годзе ў сталіцы Беларусі пачалася адбудова царквы Сьвятога Духа на Пляцы Волі. Царква гэтая была храмам двух уніяцкіх базыльянскіх манастыроў, муры якіх шчасьліва захаваліся
побач з царквой да нашых дзён, прычым, адзін зь іх, жаночы, зьяўляецца найстарэйшым мураваным будынкам сёньняшняга Менску — яго аснова сягае ў XVI стагодзьдзе. У 1936 годзе перабудаваная ў XIX стагодзьдзі на расейскі праваслаўны катэдральны сабор Сьвятадухаўка была ўзарваная. Выбух ня толькі разбурыў сьцены, але і пашкодзіў некаторыя пахавальныя крыпты ў лёхах царквы. I вось калі ў 2010 годзе будаўнікі раскапалі падмуркі Сьвятадухаўкі, яны знайшлі і шэраг чалавечых парэшткаў. Да таго ж, будаўнікі разбурылі і непашкоджаныя пахавальныя крыпты ў падмурках, дзе знайшлося і адно нятленнае целаў царкоўным аблачэньні. Бедныя менскія грэка-католікі прасілі ўлады, каб людзкія парэшткі аддалі ім для належнага ўшанаваньня і перапахаваньня, служылі ля будаўнічай пляцоўкі малебны — нічога не дапамагло. Улады круцілі-муцілі, абяцалі вярнуць косьці ў царкву і нават аднавіць крыпту ў лёхах новазбудаванай копіі храму, але ўрэшце нятленнае цела аказалася ў Акадэміі навук «для вывучэньня», а косьці бязь сьледу зьніклі.
Зрэшты, у 2011 годзе яны знайшліся. Аказалася, што праваслаўныя (!) сьвятары пахавалі іх у брацкай магіле на вайсковых могілках у Менску. На маленькай непрыкметнай магіле паставілі крыж зь дзікім, як на маё разуменьне, надпісам:
«Здесь покоятся останкм хрмстман, обретенные прм стронтельстве концертного зала детской фнлармонйн на пл. Свободы в Ммнске».
Крыж той за год ужо двойчы ламалі, ляжыць ён зламаны і цяпер... Нехта ўсё ня можа супакоіцца. Відаць, канфэсійны падыход не дае.
А насамрэч падзея, якую я апісаў, — страшная. Яна паказвае, у якой маральнай прорве знаходзіцца беларускае грамадзтва ў выніку канфэсійнага падыходу да сваёй гісторыі. Заснавальніцай базыльянскага манастыра ў Менску была дачка вялікага канцлера літоўскага, стваральніка Статуту 1588 году Лява Сапегі Кацярына Сапяжанка, яна была першай ігуменьняй менскіх базыльянак і ў царкве Сьвятога Духа была пахаваная. Таксама ў царкве Сьвятога Духа ў палове XVII стагодзьдзя спачыў і фундатар царквы, кіеўскі уніяцкі мітрапаліт Антоні Сялява. Гэта — выдатныя асобы і пэрсанажы беларускай гісторыі без увагі на іх канфэсійную прыналежнасьць, і калі б нават падазрэньне было на тое, што іх парэшткі могуць аказацца сярод адкапаных касьцей, іх трэба было б належным чынам ушанаваць. А тут ніякага падазрэньня — гэта дакладны гістарычны факт, што ігуменьня Кацярына Сапяжанка і кіеўскі мітрапаліт Антоні Сялява былі пахаваныя ў гэтай царкве. I вось іх парэшткі апаганеныя і ананімна пахаваныя ў брацкай магіле пад цынічным надпісам...