Мой Картаген
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 316с.
2015
Але ня толькі шляхецкай... У выніку складанай гісторыі апошніх двух-трох стагодзьдзяў сёньня беларускі народ складаецца амаль выключна з нашчадкаў сялянаў. Менавітва яны менш за іншыя клясы і групы насельніцтва мелі ў апошнія стагодзьдзі індывідуальнай, асабістай свабоды. Прыгон, войны, паўторны савецкі прыгон, эканамічная несвабода (беднасьць). Толькі ўдумайцеся — цэлыя стагодзьдзі нацыянальнай, сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай, моўнай несвабоды... У такіх варунках асоба міжволі павінна была з аднаго боку заглыбіцца ў сябе, стаць больш інтравэртнай, а зь іншага — шукаць і выкарыстоў-
ваць іншыя спосабы рэалізацыі свайго права на асабістую свабоду, сваіх прыродных якасьцяў і схільнасьцяў. Спорт якраз і дае людзям з такой гісторыяй і такой псыхалёгіяй шлях для самарэалізацыі. Спорт — гэта асабістая прастора кожнага з нас, тэрыторыя нашага сувэрэнітэту і самасьцьверджаньня. I вось у спорце многія беларусы бачаць і адчуваюць магчымасьць праявіць максымум асабістай свабоды і асабістага таленту — гэта пляцоўка іх самавыяўленьня. Пагатоў у тых умовах, у якіх наш народ жыве цяпер.
Да гэтага варта яшчэ дадаць, што да спартовых посьпехаў беларусаў схіляе і форма нацыянальнага мэнталітэту, які спэцыялісты залічаюць да вельмі індывідуалістычнага, што можа быць вынікам як геаграфіі (лясы, лясны народ), так і балцкага субстрату ў этнагенэзе беларусаў. У кожным выпадку, такія рэчы, як, напрыклад, беларускі народны танец «Полька на табурэце» сьведчаць якраз пра гэта. У гэтым танцы, як вядома, партнэр з партнэркай становяцца на табурэт і пачынаюць танчыць, утрапёна гледзячы адно аднаму ў вочы і ўвесь час павялічваючы тэмп. Цудоўная мадэль ляснога, індывідуалістычнага мэнталітэту — маленькая прастора для самарэалізацыі і вялікая ўнутраная энэргія ды напятасьць.
Схільнасьць да спорту паказвае і на сапраўдную культурную і мэнтальна-генэтычную пераемнасьць з Антычнасьцю, з антычнымі цывілі-
зацыямі старажытных Грэцыі і Рыму. Паглядзіце на выніковыя табліцы алімпіядаў, і вы ўбачыце, што ня гледзячы на ўсе посьпехі азіяцкіх спартоўцаў, прадстаўнікі менавіта эўрапейскай хрысьціянскай (ці постхрысьціянскай) цывілізацыі і заселеных імі раней заморскіх тэрыторыяў дамінуюць на спартовай плянэце.
Спартоўцы — частка нацыянальнай эліты
Я лічу спорт вялікай і важнай школай жыцьця. Чалавек у камандзе вучыцца жыць і выжываць, гэта школа сацыялізацыі. I менавіта там праяўляюцца і вызначаюцца рысы характару чалавека, яго лідэрскія якасьці і яго амбіцыі. Праведзеныя мной некалькі гадоў у хакейнай камандзе «Тарпэда Менск» (новастворанае «Юнацтва» было тады нашым найвялікшым канкурэнтам) сталі для мяне незабыўнай жыцьцёвай навукай. Вось два прыклады. Брамнікам у нас быў мой найлепшы сябар і аднаклясьнік Алег. Дык вось у яго на вялікіх пальцах ног не было пазногцяў — яны сыходзілі ад удараў шайбы, нягледзячы на плястыкавыя чашачкі ў насках канькоў. Але для Алега гэта нічога ня значыла, ён упарта трэніраваў расьцяжку, каб лёгка сядаць на шпагат і мець магчымасьць адначасова закрываць шчыткамі ніжнія куты брамы, a лавушкай і клюшкай з блінам — верхнія. Лідэрам каманды быў нападнік Сьцяпан. Яго ніхто ня мог стрымаць, ён імкнуўся наперад заўсёды
і ў любой гульнёвай сытуацыі, гэта было ў яго ў крыві. А зборныя каманды якраз і складаюцца з такіх, як наш Сьцёпа. Гэта — найлепшыя гены, гэта сапраўдныя мужчыны. Лёгка зразумець, што прыводзіла самых прыгожых дзяўчат Менску ў пачатку 80-х гадоў у бар Алімпійскай спартовай базы ў Стайках пад Менскам...
Трэба зразумець, што спартоўцы ня проста бегаюць, скачуць, кідаюць і граюць. Яны сьвядома робяць гэта прыгожа і самі маюць ад гэтага вялікую асалоду. Для іх гэта важна гэтаксама, як і дасягнуты вынік. Таму я вышэй і напісаў, што спорт высокіх дасягненьняў сёньня непасрэдна наблізіўся да мастацтва і моды. Менавіта моды, як схільнасьці людзей да стылёвасьці і прыгажосьці. Прычым, у адрозьненьне ад уласна высокага мастацтва, захапленьне якім і тварэньне якога, патрабуюць адпаведнай і доўгай адукацыі і падрыхтоўкі, тварэньне і вызнаньне спартовай прыгажосьці рэалізуецца часта стыхійна і больш шырокім колам творцаў і спажыўцоў. Можна сказаць, што схільнасьць да спорту — гэта праява народнага імкненьня да прыгожага. Гэта, несумненна, частка культуры, толькі іншая — фізычная.
Успомніце прыгожыя, разьвітыя, трэніраваныя, дагледжаныя і здаровыя целы нашых спартоўцаў. Якая асалода проста на іх глядзець і любавацца імі ў часе спаборніцтваў — гэтымі прыгожымі дзяўчатамі і хлопцамі нашых зборных камандаў!
I пры гэтым не забываймася, што асабістая фізычная культура была ўласьцівая людзям антычнай цывілізацыі. Сваёй схільнасьцю да спорту і спартовымі дасягненьнямі мы сьведчым сваю цывілізацыйную і мэнтальную пераемнасьць з антычнай цывілізацыяй старажытных Грэцыі і Рыму.
He забываймася таксама, што нам як аднаму з хрысьціянскіх эўрапейскіх народаў Ісус Хрыстос строга наказваў дапільноўваць і датрымліваць здароўе свайго цела, якое зьяўляецца «сасудам душы», і жорстка забараніў наносіць целу якуюкольвек шкоду.
Нарэшце не забываймася, што сёньняшнія навука і мэдыцына адназначна даказалі, што фізычная культура зьяўляецца абавязковай умовай здаровага, доўгага і шчасьлівага жыцьця.
Спартоўцы несумненна належаць да эліты нацыі. Трэба зь імі кантактаваць, трэба іх любіць і рабіць сваімі саюзьнікамі. Дарыце ім кнігі і карціны, прысьвячайце вершы, запрашайце на прэзэнтацыі і творчыя сустрэчы, пішыце пра іх, малюйце і фатаграфуйце. Яны прэзэнтуюць у сьвеце зусім ня наш аўтарытарны рэжым (як гэта часта можна пачуць у інтэлектуальным асяродзьдзі), яны годна прэзэнтуюць найперш наш народ і нашу краіну.
Гадоў сем-восем назад адзін афіцыянт у Турэччыне, даведаўшыся, адкуль я, зьдзіўлена ўсклікнуў:
— О, вы зь Беларусі!
— Вы ведаеце маю краіну? — спытаўся я.
— Ну вядома, — адказаў турак, — як пачынаецца Алімпіяда, дык толькі і чуваць: Беларусь, Беларусь...
20 студзеня 2014 году.
Як мы дюбім свон краявід
Шмат хто знаёмы з пачуцьцём зьдзіўленай расчараванасьці, якая ахоплівае нас, калі мы трапляем у месцы свайго дзяцінства ці юнацтва і не знаходзім іх такімі, якімі яны некалі былі, і якімі нам запомніліся.
Пачуцьцё гэтае мае падвойнае паходжаньне. 3 аднаго боку, на дзіцячае вока і пагоркі вышэйшыя, і лясы гусьцейшыя, і рэкі шырэйшыя, і азёры глыбейшыя. А зь іншага, краявід вакол нас сапраўды няспынна мяняецца пад уплывам таго, што ў падручніках называецца «гаспадарчай дзейнасьцю чалавека».
I ўсё было б нічога, калі б гэтая самая «гаспадарчая дзейнасьць» не наносіла шкоды культуры і не выяўляла бескультурнасьць самога «гаспадарніка».
На жаль, і ў наш час, пасьля багатага на культуру XX стагодзьдзя, нават адукаваным людзям, якія на словах прызнаюць каштоўнасьць гісторыі і яе веданьня, трэба расказваць пра каштоўнасьць і вартасьць матэрыяльных сьведчаньняў гэтай гісторыі.
Адным з такіх матэрыяльных сьведкаў гісторыі зьяўляецца ляндшафт вакол нас, краявід. Тут таксама, як ні дзіўна, заўсёды былі і ёсьць свае традыцыі, прыярытэты і звычкі. I яны, несум-
ненна, моцна ўплеценыя ў жывую тканку нашай культуры, якая нягледзячы на неспрыяльныя абставіны яшчэ трывае і нават разьвіваецца.
***
У літаратуры апісаны выпадак, як расейскі паэт Сяргей Ясенін менш чым празь дзесяць гадоў пасьля ад’езду вярнуўся ў родную вёску і не пазнаў мясцовасьці. Ён нават не адразу здолеў знайсьці матчыну хату! Настолькі імкліва можа мяняцца краявід вакол нас пад узьдзеяньнем палітычных і эканамічных зьменаў.
XX стагодзьдзе прынесла Беларусі шмат такіх пераменаў і катаклізмаў, пад ударамі якіх няспынна мяняўся наш краявід, трацячы этнічныя, нацыянальныя формы і традыцыі і тым самым зьмяншаючы шчыльнасьць культурнай тканкі і культурнай прасторы вакол нас.
Я нядаўна таксама зазнаў пачуцьцё зьдзіўленай расчараванасьці, пра якое сказаў напачатку. Здарылася гэта на сутыку вёсак Малыя і Вялікія Жухавічы ў Карэліцкім раёне, якія ўжо даўно злучыліся ў адну. Гэта вельмі старыя паселішчы: Вялікія Жухавічы вядомыя з XV стагодзьдзя, Малыя — з XVII-ra. Абедзьве вёскі маюць драўляныя цэрквы XVIII стагодзьдзя. Падлеткам я там часта бываў з бацькамі і запомніў гэтую мясцовасьць вельмі ясна і дакладна. Зь Міра і Вялікіх Жухавічаў дзьве дарогі зьліваюцца ў адну, якая ўздымаецца на пагорак і адначасова закручвае
за паварот у Жухавічы Малыя. Была яна ў тыя часы брукаванаю, а над ёй навісалі кароны высачэзных старадаўніх прысадаў. Тое жухавіцкае скрыжаваньне дарог было чыста местачковае, зь яго так і праменіліся старасьвецкасьць і даўніна. Цяпер жа дарогу заасфальтавалі, дрэвы сьпілавалі, паставілі акуратныя платы замест старадаўніх парканаў ля прысадаў і... чароўнасьць мясьціны зьнікла.
Вядома, па асфальце езьдзіць значна больш зручна, чым па бруку. Але некаторыя знакавыя мясьціны (або іх часткі) варта было б захоўваць у нязьменным выглядзе, зрабіўшы іх сьведкамі нашай матэрыяльнай мінуўшчыны. I, тым самым, элемэнтам культуры.
Дарэчы, пра брукаванкі. Я ўжо неяк пісаў пра старую Радзівілаўскую брукаванку ў цудоўных старых прысадах, што пятляе і віецца ад Нёмна ў бок Гарадзеі насупраць Сьвержаня. Кожнага разу, калі мне даводзіцца там праяжджаць цягніком, я з трывогай кідаюся да акна і гляджу ў бок тае старадаўняе дарогі — ці не заклалі асфальтам брук, ці не пасеклі старыя прысады? I з палёгкай уздыхаю — яшчэ не.
Памятаецца і старая брукаванка Тышкевічаў з Лагойску на Зембін даўжынёй, здаецца, 28 кілямэтраў. Была яна выкладзена з цудоўнага неабчасанага чырвонага каменьня, мела паўкруглы
рэльеф, спускі па баках нагадвалі сабой рышткі для вады, а роўныя лініі большых камянёў паміж палатном і ўзбочынай утваралі акуратныя бардзюры. Што зь ёй зрабілі цяпер?
Варта было б хоць невялікія кавалкі такіх дарог абыходзіць новым будаўніцтвам і пакідаць для ўсеагульнага агляду, ставіць ля іх інфармацыйныя стэнды — хто і калі будаваў, хто і калі па ёй праяжджаў і да т. п. Такія элемэнты краявіду бясспрэчна маюць і культурнае значэньне, і турыстычны патэнцыял. Абавязкова знойдуцца тыя, хто захоча ў брычцы, карэце або верхам на кані праехацца па Радзівілаўскіх або Тышкевіцкіх брукаванках і адчуць сябе падарожнікам XIX стагодзьдзя...