Мой Картаген
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 316с.
2015
3-за катастрафічнай гісторыі XX стагодзьдзя беларусы не да канца рэалізавалі свой патэнцыял як этнічная супольнасьць, як народ. Да самых нашых дзён беларусы не зьяўляюцца гаспадарамі свайго лёсу. Сьцьвярджаць адваротнае — крывіць душой. Роля Масквы ў падзеях восені 1996 году вядомая. Абраныя прадстаўнікі народу паставілі патрэбную колькасыдь подпісаў за імпічмэнт прэзыдэнту, але ўмяшалася Масква, прыехала дэлегацыя на чале з прэм’ер-міністрам, запалохалі старшыняў парлямэнту і Канстытуцыйнага суду... Вынікам стаў канец беларускай Канстытуцыі, канец прававога разьвіцьця па-
дзеяў і згортваньне захадаў у рамках закону аб мовах 1990 году. Пачалася жорсткая русыфікацыя: масавае закрыцьцё беларускіх школаў, перапісваньне падручнікаў гісторыі, ліквідацыя газэт і часопісаў, перавод тэлебачаньня на расейскую мову, разгон Саюзу пісьменьнікаў і г. д.
Можна сьмела сьцьвярджаць, што каб не напалеонаўскія палітычныя амбіцыі нязьменнага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, Масква даўно ўжо змагла б завяршыць працэс «этнічнай кансалідацыі» зь беларусамі. Але Саюзная дзяржава, Мытны Саюз і Эўразійская эканамічная супольнасьць застаюцца зручнымі інструмэнтамі ўключэньня Беларусі ў сацыяльна-гістарычную расейскую нацыю.
А прапанова прызнаньня расейскай мовы адной з моваў беларускай культуры (а фактычна — адзінай у тых умовах, у якіх існуе культура беларускамоўная) непасрэдна накіраваная на ператварэньне беларускай этнанацыі ў нацыю сацыяльна-гістарычную. Вельмі дзіўна (і нават несалідна), што для падмацаваньня гэтай прапановы прыводзяцца вынікі двух апошніх перапісаў, якія, як вядома, праводзіліся паводле розных мэтодыкаў і, адпаведна, ня могуць лічыцца рэпрэзэнтатыўнымі, верагоднымі і дакладнымі, іх нельга параўноўваць.
Пры рэалізацыі гэтай прапановы можна лічыць, што тысячы найлепшых людзей нашага народу, якія паклалі свае жыцьці на справу ажыцьцяўленьня беларускай нацыянальнай ідэі,
паклалі іх дарэмна. Менавіта беларуская нацыянальная ідэя злучала і лучыць нас у адзін народ і ў адну нацыю. Рэалізацыю яе прызнавалі сваёй галоўнай задачай і айцы БНР, і айцы БССР, нацыянал-камуністы. Яе прызнавалі такой і беларускія патрыёты ў савецкім войску, і беларускія дзеячы, якія працавалі ва ўмовах нямецкай акупацыі ў часе апошняй вайны. У пасьляваенны час яе вызнавалі і беларускія інтэлектуалы БССР, і інтэлектуалы беларускай эміграцыі ў Эўропе, ЗША і Аўстраліі. Застаецца яна актуальнаю і для нас, цяпер жывучых.
Этнічныя працэсы — жывыя, зьменлівыя, рухомыя і, галоўнае, абарачальныя. Гэта, паўтаруся, амаль біялёгія плянэты. У нашы дні і на нашых вачах адбываецца пераход гістарычнай формы існаваньня беларускага этнасу са стадыі этнічнай нацыі ў стадыю нацыі сацыяльна-гістарычнай. Гэта этнічны працэс, які адбываецца аб’ектыўна, паміма волі людзей (членаў этнасу), пастаўленых у пэўныя ўмовы. Але якраз умовы гэтыя могуць быць зьмененыя, калі палітычныя ды інтэлектуальныя эліты дасягнуць кансэнсусу і выявяць волю да зьмены сытуацыі. Раней ці пазьней.
(Палітычная апазыцыя ўсяго спэктру, здаецца, з гэтым згодная ўжо цяпер.)
А кансэнсусу мы можам дасягнуць і без прызнаньня расейскай мовы мовай беларускай нацыянальнай культуры. Трэба проста зьняць гэтае пытаньне і перастаць рабіць вострыя заявы з абодвух бакоў, перастаць вымагаць адны ад
адных саступак і кампрамісаў. Наадварот, людзі культуры павінны і могуць дзейнічаць разам. Ці так гэта важна — называць расейскамоўнага аўтаразь Менску беларускім пісьменьнікам? Навошта? Ці не дастаткова разам рабіць прэзэнтацыі, разам выступаць і разам друкавацца ў адных выдавецтвах і выданьнях? Няўжо так страшна, калі аднаго прадставяць проста паэтам X, а другога рускім паэтам (ці паэтам, які піша па-расейску) N? Я ні разу ня чуў хоць бы пра адзін выпадак спрэчкі ці пагарды аднаго літаратара да іншага на падставе мовы... Хіба не на дзьвюх мовах гавораць сёньня ў інтэлектуальных асяродках Менску?
Недаравальна будзе страціць гэты цуд прыроды — цэлы народ зь яго культурай. Банальныя рэчы (і словы): расейскай мове нічога ў Беларусі не пагражае, а беларуская мова знаходзіцца, паводле экспэртаў ААН (і ўсіх нас, хто кожны дзень гэта бачыць на свае вочы) пад пагрозай поўнага зьнікненьня. Дык ці ня справа ўсіх прыстойных людзей ставіцца да яе экалягічна, зь «зялёным» падыходам як да зьявы ня толькі культуры, але і прыроды, якой пагражае сьмерць? Мне здаецца, што сёньня гэта ўжо справа сумленьня.
Можна, вядома, выбраць больш разьвітую расейскую культуру зь яе шэдэўрамі і геніямі ды з пагардай пазіраць на абарыгенаў вакол сябе, a можна і паспрабаваць стварыць шэдэўр па-беларуску, выкарыстоўваючы свой талент і мастацкі вопыт. Любы беларускі расейскамоўны аўтар
аўтаматычна стане дзьвюхмоўным, калі напіша верш, апавяданьне, кнігу (хай адну зь дзесяці) па-беларуску.
Паспрабуйце, і ўбачыце, якая хваля ўдзячнасьці абрынецца на вас...
Што будзе далей?
Застаецца толькі яшчэ раз паўтарыць ужо сказанае. Беларуская нацыянальная ідэя — гэта адначасова і галоўная мара найлепшых нашых людзей з канца XIX стагодзьдзя і да нашых дзён. Мара пра сваю нацыянальную дзяржаву.
У прынцыпе, БНР, і БССР, і РБ — былі і ёсьць нацыянальнымі дзяржавамі беларусаў. Проста натуральны ход падзеяў у гэтых дзяржавах гвалтоўным чынам прыпыняўся з-за мяжы. Таму для нас усё яшчэ актуальнаю задачаю застаецца стварэньне звычайнай нацыянальнай дзяржавы (і нацыі) у цяперашніх межах Рэспублікі Беларусь. У беларусаў няма іншай тэрыторыі ды іншай дзяржавы, тут і толькі тут яны могуць рэалізаваць сваю нацыянальную ідэю. Як няма і іншай мэтраполіі ў беларускай мовы, якая, насуперак экстранеспрыяльным абставінам апошніх трох стагодзьдзяў дажыла да нашых дзён.
Выратаваньне ад пагрозы гістарычнага небыцьця беларусы здабудуць тады, калі «ўздымуць галаву» чацьвёрты раз і гэтым разам... без падзеньня Расеі, насуперак ёй, яе жаданьню і яе кантролю. Уздымуць галаву і створаць нарэшце
сваю паўнавартасную нацыянальную дзяржаву. А зрабіць гэта яны змогуць толькі пры падтрымцы сваіх элітаў, як беларускамоўнай, так і расейскамоўнай. Ніколькі не сумняваюся, што ў гэтай дзяржаве будзе добра ўсім — і самім беларусам, і нацыянальным мяншыням. Можа там будзе некалькі дзяржаўных моваў, а можа і адна, а іншыя мовы (расейская, польская, габрэйская, украінская і інш.) атрымаюць афіцыйны, але не дзяржаўны статус. Галоўнае, там ня будзе моўнага прымусу, а статус нацыянальнай мовы беларусаў будзе датрымлівацца і паважацца ўсімі. Можа быць, праз тры-пяць пакаленьняў беларусам нават удасца істотна пашырыць колькасьць носьбітаў сваёй мовы.
Насамрэч, калі людзі ня маюць падступных мэтаў, гэта ня цяжка — прызнаць відавочнае: моўныя працэсы абарачальныя, і нават без прымусу. Дастаткова разумнай і ўзважанай палітыкі дзяржавы і згоды на эвалюцыйныя шматгадовыя зьмены з боку абедзьвюх інтэлектуальных элітаў.
Кожны больш-менш адукаваны чалавек, які ведае гісторыю, можа ўзнавіць у памяці прыклады і асобных людзей, і цэлых народаў, якія пацьвярджаюць простую ісьціну: мара ня раз перамагала рэчаіснасьць...
Пераможа і яшчэ ня раз.
18 лістапада 2013 году.
Гета або эліта?
Нешта часта ў апошнія месяцы беларускамоўных у Беларусі пачалі называць гетам. Называюць іх так нібыта з добрых меркаваньняў і з тых самых меркаваньняў клічуць з гета выходзіць, маўляў, каб ня ўмёрлі. А выходзіць куды? Кажуць, на шырокія прасторы расейскай мовы і культуры, якія трывала ўжо ўкараніліся ў нашай Беларусі і шкоды ніякай ня робяць. Пішуць і кажуць таксама, што трэба адэптаў гэтай расейскамоўнай большасьці не адштурхоўваць, але прыцягваць. Ня ясна, праўда, куды і да чаго. Бо ж мы, беларускамоўныя і наша культура — гета, нас саміх трэба некуды прыцягваць і ратаваць. А ці можа жыцьцё ў гета быць прывабным для «свабодных»?
Быў я сёлета ў верасьні ў Менску — цэлыя тры тыдні. Паездка гэтая шмат што зьмяніла ў маіх поглядах на сытуацыю на радзіме. Апошнімі гадамі я ня раз пасьля такіх падарожжаў публікаваў змрочныя і пэсымістычныя падарожныя эсэ. I вось сёлета ўпершыню — ня буду.
Нечакана шмат добрых уражаньняў за тры тыдні ў родным горадзе. Добрыя кавярні і рэстарацыі, вышкалены пэрсанал, нядрэнныя тавары беларускай вытворчасьці за невялікія па эўрапейскіх мерках грошы. Вядома, для нашых людзей — дарагавізна, палітычная задуха, сацыяльны раз-
рыў, гонкі мясцовых шэйхаў па праспэкце на спартовых машынах пад аховай міліцыі...
Але мова тут пра мову, а не пра манархію. У Менску я кожны дзень шмат разоў нечакана сутыкаўся зь беларускамоўнымі — у крамах, кавярнях, кнігарнях, хімчыстках... Такога раней не бывала. Многія падкрэсьлена гучна, з выклікам размаўляюць па-беларуску. Едзеш у аўце — заўсёды ў эфіры дзьве-тры ФМ-станцыі на мове. Звоніць слухач, замаўляе Памідорава пра Плошчу — і калі ласка, запускаюць... У кожнай кнігарні, дзе я быў, на маіх вачах людзі куплялі новую кнігу Ўладзімера Арлова «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае».
А ад кантактаў зь беларускай творчай моладзьдзю на працягу некалькіх тыдняў я наогул у поўным захапленьні. Маладыя, прыгожыя, разумныя, таленавітыя, энэргічныя і прабіўныя. У кавярнях, дзе яны сядзяць, ніякага антаганізму паміж беларускаі расейскамоўнымі. Як няма і антаганізму паміж тымі, хто піша зь мяккімі знакамі і бязь іх.
I падумалася вось пра што. Пляваць мне на тэарэтычныя пабудовы і выкладкі сучасных сацыёлягаў і палітолягаў пра нейкія мадэрныя нацыі і шляхі іх фармаваньня. Пляваць мне таксама на ўсіх адэптаў гэтых мадэрных тэорыяў. Як я ўжо пісаў некалі, у Беларусі час ідзе, а Беларусь у часе — не. Для мяне ясна як Божы дзень, што сёньня на сьвеце існуе беларускі наРОД. I народ гэты са сьвету сыходзіць ня хоча. Ён ужо
як бы і забіты суседзямі, але, насуперак іх векавым высілкам, усё яшчэ жывы. I ў гэтага народу ёсьць эліта — беларускамоўныя інтэлектуалы і творцы. А эліта існуе таму, што папярэднія яе пакаленьні перад Курапатамі і ГУЛАГам пасьпелі нешта стварыць на мове, а не на «велмком й могучем». Эліта нашая сёньня сваімі высілкамі і «ня надта цікавымі творамі» ратуе для будучыні ідэю існаваньня нашага наРОДу. I неяк дзіўна (я б нават сказаў, непрыхавана цынічна), што эліце прапануюць апусьціцца да ўзроўню амаль забітай і дэнацыяналізаванай часткі народу... (Я, дарэчы, сустракаў у Менску маладых паэтаў, ад вершаў якіх пахне расейскім Срэбраным векам; я б іх творы назваў «вельмі нават цікавымі...» A гэта значыць, што новае пакаленьне эліты ўжо прыйшло.)