Мой Картаген
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 316с.
2015
Сам сабой нараджаецца іранічны вершаваны дэвіз нашага часу:
Хаос,
анархія.
Прэч
герархію!
Я, я, я...
Людзі страцілі элемэнтарную павагу да калегаў. Баюся, што гэта сьледзтва сялянскага паходжаньня новай эліты. I ня проста сялянскага (бо селянін-гаспадар сябе паважае), але сялянскакалгаснага, бо якраз пазбаўлены ўласнасьці вясковы люмпэн мае мала падставаў для самапавагі. А хто не паважае сябе, той не паважае іншых.
У выніку каго мы толькі ня пляжым! Шчыкаем і зьневажаем творцаў, палітыкаў, эмігрантаў, прымяншаем іх даробак, лічым чужыя грошы, узвышаем сваіх сяброў (бо ўзвышаючы іх, узвышаем сябе), хвалім тых, хто хваліць нас, ставім лайкі тым, хто ставіць нам... Пахваліць калегуканкурэнта? Лепш памерці. Параіць замежнаму перакладчыку для перакладу не сваю кнігу? Лепш засіліцца... Маладое пакаленьне ня ведае, што зрабілі яго папярэднікі і — які жах! — ня хоча ведаць.
Дадайце сюды праблемы маралі і сумленьня — сумленьня ў сэнсе веры (страты яе), і сумленьня як такога, якога шмат хто з нас ужо элемэнтарна ня мае. Яно зьнікла, страцілася за сьцёбам, шчыкамі, злосьцю, зайздрасьцю і самасьцьвярджэньнем. Пры гэтым тыя, хто шчыкае, тут жа нарываюцца на тое самае, і па шмат разоў... Трагікамэдыя і фарс.
Вось прыклад разбурэньня герархіі і страты нацыянальнай салідарнасьці, які ва ўсіх навідавоку і вельмі вымоўны — прыводжу яго толькі таму. Гэта доля беларускага палітыка і культурнага дзеяча Зянона Пазьняка, які цяпер у эміграцыі. Хто яго толькі сёньня ня пляжыць, што яму толькі не закідаюць, хто толькі на яго ня пырскае сьлінай... Проста камічная сытуацыя. Няўжо ён у жыцьці не зрабіў нічога такога, за што яго можна элемэнтарна паважаць? He любіць, не захапляцца, не хваліць, не аблізваць і лабызаць — проста паважаць? Можна не па-
дзяляць палітычныя погляды чалавека, ня быць яго пасьлядоўнікам і прыхільнікам, але ж паважаць трэба нават апанэнтаў. Здавалася б. Але ў нас... Брыдка думаць, як гэтаму радуюцца нашы нядобразычліўцы.
Тым часам, каб нават не было ў Пазьняка пэрыяду палітыкі першай паловы 1990-х гадоў, яго ўсё роўна варта было б паважаць хоць бы за тое, што знайшоў і адкрыў народу цяпер сусьветна вядомы нэкропаль сталінскіх ахвяраў, што бараніў Нямігу, што ў 1970-я гады быў выкінуты з працы ў Акадэміі Навук, што праводзіў у пачатку 1980-х экскурсіі па Верхнім Горадзе, на адной зь якіх давялося быць і мне, а Пазьняк быў апрануты ў стары падраны палітон з чужога пляча і на нагах меў вайсковыя кірзавыя бацінкі...
Успамінаюцца прыклады з гісторыі блізкіх да нас краінаў. Калі ў 1913 годзе ў Расею пасьля амністыі з нагоды 300-годзьдзя Дома Раманавых вярнуўся Канстанцін Бальмонт, на вакзале яго сустракалі тысячы расейцаў. Адзін Маякоўскі, прарваўшыся да паэта, нахаміў яму, маўляў, ваш сымбалізм памёр, цяпер у сіле наш футурызм. Таксама тысячы людзей летам 1917 году сустракалі на вакзале вельмі супярэчлівага апазыцыйнага палітыка, лідэра анархістаў князя Пятра Крапоткіна (дарэчы, крывіцкай крыві, бо ён быў простым нашчадкам князёў Смаленскіх)...
У Чэхіі ў 1991 годзе Грамадзянскі форум заклікаў эмігрантаў вярнуцца і дапамагчы радзіме. Прыехалі амаль усе палітыкі ды інтэлектуалы. У
выніку Эган Ланскі стаў віцэ-прэм’ерам, Карэл Кюнл — міністрам гаспадаркі, а пасьля абароны, Элішка Вагнэрава — судзьдзёй Канстытуцыйнага суду і сэнатаркай, і г. д. і г. д.
Нешта мне падказвае, што калі б заўтра Зянон Пазьняк вярнуўся ў Менск, на вакзале яго сустракала б толькі маленькая купка людзей... I гэта не праблема Пазьняка, гэта праблема ўсіх нас, нашай хворай, амаль пры сьмерці, супольнасьці беларускамоўных.
А каб гэтай сьмерці не наступіла, фігуральна кажучы, трэба навучыцца хваліць сваіх. Або — навучыцца датрымліваць герархію каштоўнасьцяў і аўтарытэтаў. Калі мы народ і культура — то мы народ і культура, а ня толькі я, я, я...
1 гэта стасуецца ўсіх бакоў нашых вялікіх і дробных, асабістых і грамадзкіх, культурных і палітычных канфліктаў. Няма павагі — значыцца, няма культуры.
Герархія — гэта пераемнасьць.
Герархія каштоўнасьцяў — гэта салідарнасьць.
Герархія аўтарытэтаў — гэта цэльнасьць, зьнітаванасьць і сіла.
А пакуль я кажу: «Беларусы — гэта людзі без герархіі ў галаве і салідарнасьці».
Далёка нам яшчэ да нармальнай Беларусі...
14 кастрычніка 2013 году.
Ода спорту
Беларусы — адзін з найлепшых народаў сьвету. Чаму я так лічу? Кароткі адказ наступны. Схільнасыць беларусаў да спорту, нашы спартовыя посьпехі, сярод іншага, паказваюць, што мы зьяўляемся сапраўднымі спадкаемцамі эўрапейскай антычнай цывілізацыі, і выводзяць наш народ у лік дваццаці-трыццаці найлепшых народаў сьвету. Беларусы — у сусьветнай эліце. Менавіта таму за часы незалежнасьці наша каманда на Алімпійскіх гульнях нязьменна займае месца ў верхняй частцы выніковай табліцы.
Тлумачэньне гэтых аргумэнтаў зойме троху болей радкоў.
Мне здаецца, што ў беларускім інтэлектуальным асяродзьдзі гэты аспэкт нашай народнай душы недаацэньваецца. А тым часам схільнасьць да спорту, спартовасьць зьяўляюцца вельмі важнай часткай і характарыстыкай нацыянальнага мэнталітэту. Як чалавек, які некалі меў спартовы разрад у плаваньні, граў за хакейную каманду «Тарпэда Мінск» і быў капітанам зборнай школы ў баскетболе на першынстве раёну і гораду, магу гаварыць аб гэтым амаль прафэсійна.
Калі гавораць і пішуць пра спорт, то часта ўвага акцэнтуецца на духу спаборніцтва, на кульце перамогі. Гэта, вядома, так. Але і не зусім. Спорт — гэта ня толькі і ня столькі азарт.
Спорт — гэта, найперш, стыль, стыльнасьць і дысцыпліна. Бяз схільнасьці да гэтых трох апошніх катэгорыяў высокія спартовыя дасягненьні немагчымыя. Можна сьмела сьцьвярджаць, што сёньняшні спорт усутыч наблізіўся да мастацтва і моды.
Эстэтычны бок спорту
Так, так. Сёньняшні спорт высокіх дасягненьняў несумненна мае эстэтычную складовую частку. Эстэтыка — нязьменная спадарожніца любой каманднай (і ня толькі каманднай) гульні. Футбалісты, хакеісты, баскетбалісты даўно ўжо сваёй тэхнікай, фінтамі, дрыблінгам прыносяць нам ня толькі звычайную задаволенасьць вынікам, але і вялікую эстэтычную асалоду. Высокі спорт — гэта папросту прыгожа, гэта ўжо — таксама мастацтва. А пра фігурнае катаньне, гімнастыку і сынхроннае плаваньне і казаць няма чаго...
Спартовая навука і практыка даўно распрацавалі і ўвесь час удасканальваюць адпаведныя тэхнічныя і стылёвыя парамэтры-стандарты, без датрыманьня якіх нельга стаць прафэсійным, высокім спартоўцам. Калі вы ня выканаеце шэраг тэхнічных прыёмаў, вы ніколі не падымеце штангу. Калі вы перад ударам не занесяце тэнісную ракетку нізам, а пасьля ўдару ня пусьціце яе ўверх аж за плячо — вы не патрапіце туды, куды трэба, а мяч апынецца ў сетцы. Кідаючы «кру-
кам» мяч у баскетбольны кошык, трэба ў скачку адно калена прыцягнуць да жывата — гэтага вымагаюць баскетбольная тэхніка і стыль. У хакеі, у футболе, усюды — свая тэхніка ўдару, кідка, падачы, абводкі, фінтоў. I, адпаведна, свае стылёвыя вымогі. I гэтыя два складнікі ідуць неразлучна побач — тэхніка і стыль. Той, хто не дабірае смаку ў стылі, хто ня мае гэтага пачуцьця — ня стане добрым спартоўцам. Каб датрымаць тэхніку, трэба адчуваць яе стылёвую прыгажосьць і любіць яе.
Вырасшы на спартовых пляцоўках менскай гарадзкой ускраіны, я меў магчымасьць гадамі назіраць схільнасьць нашых хлапцоў і дзяўчат да стылю. Галоўную асалоду гульцам прыносілі ня толькі выйгрышы-перамогі, але і ўдалае выкананьне кідка, ўдару, фінта, абводкі, скачка. Гэта была наша вулічная, дваравая мода, наша стыльнасьць. Несумненна, што беларускія дзеці неўсьвядомлена, нават праз спорт, імкнуліся да эстэтыкі, да прыгажосьці. Гэта — у нас у генах.
Як і імкненьне да моды. Я ўжо неяк прыводзіў у адным са сваіх эсэ гэты прыклад, але з прыемнасьцю прывяду яго тут яшчэ раз для тых, хто не чытаў. Усе мы ведаем, якую ўвагу вопратцы і наогул модзе надаюць жыхары сучаснай Беларусі, асабліва моладзь. Часта мацяркі аддаюць апошнія грошы, каб толькі прыгожа і модна апрануць сваіх дачок-прыгажунь. I зьява гэтая — ня нашага часу. Як ні дзіўна, так у Беларусі было заўсёды. У 1857 годзе паэт Уладзіслаў Сыракомля,
прыехаўшы зь Вільні ў Менск і параўноўваючы насельнікаў абодвух гарадоў, са зьдзіўленьнем заўважыў, што «менскімі мужчынамі і жанчынамі надаецца большая ўвага строям...» А далей Сыракомля, папярэдне папрасіўшы прабачэньня ў «мілых жыхарак Гедымінавага места», наогул заявіў, што ў Менску нашмат больш прыгожых жанчын...
Такім чынам, складовыя часткі беларускай схільнасьці да спорту — гэта імкненьне да стылёвасьці, да прыгажосьці, да моды.
Праява нацыянальнага мэнталітэту
Яшчэ адна складовая частка спорту — дысцыпліна. Бо толькі дысцыплінаваны чалавек можа дакладна і з асалодай выконваць усе парады трэнэра, усе яго тэхнічныя і стылёвыя вымогі і рэкамэндацыі. Трэба задумацца, што ж раней гнала і цяпер гоніць тысячы і тысячы нашых дзяцей ад кампутараў і дваравых кампаніяў у спартовыя сэкцыі да строгіх трэнэраў. Што прымушае іх адмаўляцца ад звычайных дзіцячых забаваў на карысьць даволі цяжкіх, частых і вымотваючых трэніровак. Бацькі? Прынамсі, у мой час і на нашай гарадзкой ускраіне (Аўтазавод, Паўночны пасёлак, вуліцы Енісейскай і Ангарская) простыя, малаадукаваныя бацькі-работнікі мясцовых заводаў дзецьмі амаль не займаліся. Але ў спартовыя сэкцыі былі чэргі — дужаньне, бокс, хакей, усе залі былі перапоўненыя, усе пры-
школьныя спартовыя пляцоўкі былі амаль заўсёды занятыя. Таму я лічу, што і схільнасьць да дысцыпліны, якая конча неабходная ў спорце — гэта таксама эўрапейская рыса нашага нацыянальнага характару, спадчына вякоў, Статуту і магдэбургіі, праява блізкасьці нашай культуры і мэнталітэту да нямецкай і паўночна-эўрапейскай цывілізацыяў.
Няма сумневу, што спорт — гэта і амбіцыя, і дух спаборніцтва, і самасьцьвярджэньне, і асалода ад перамогі над супернікам. За гэтыя матывы беларускай схільнасьці да спорту адказная, на маю думку, вялікая колькасьць шляхецкіх генаў у нашай крыві. Бо названыя якасьці — гэта сымбалічныя пункты ў кодэксе гонару нашай шляхты і рыцарства і частка іх зусім рэальнай мэнтальнай спадчыны, перададзенай наступным пакаленьням народу.