• Часопісы
  • Мой Картаген  Сяргей Абламейка

    Мой Картаген

    Сяргей Абламейка

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 316с.
    2015
    46.53 МБ
    ***
    У XIX стагодзьдзі ўся Беларусь, асабліва шляхецкія сядзібы і маёнткі, а таксама прысады ля брукаваных дарог былі засаджаныя пірамідальнымі таполямі — так званым «лямбардзкім мутантам». Пра гэта засталіся мастацкія сьведчаньні, напрыклад, акварэлі нашага мастака Напалеона Орды. Прычым, якраз са старых малюнкаў вынікае, што пірамідальную таполю любілі і шанавалі ня толькі шляхта і магнаты, але і местачкоўцы, і сяляне.
    Дрэва гэтае мае надзвычайныя дэкаратыўныя вартасьці і паходзіць з Італіі. У XIX стагодзьдзі яно вытрымлівала ў беларускім клімаце 60-70
    гадоў, а затым пачынала выраджацца. Тым ня менш, яго ахвотна высаджвалі і культывавалі. У цяперашнім клімаце пірамідальная таполя магла б існаваць сто і болей гадоў, захоўваючы сваю тонкую і стромкую форму. Але ў пасьляваенны час усю Беларусь, у тым ліку гарады, засадзілі таполямі звычайнымі, якія маюць значна менш эстэтычны выгляд і даюць значна болей пуху. Можна сказаць, што пірамідальная таполя — адзін з асноўных элемэнтаў беларускага нацыянальнага краявіду, але сустрэць яе сёньня ў Беларусі амаль немагчыма.
    ***
    Часам каштоўным можа быць нават рэльеф мясцовасьці. Я заўсёды ежджу ў родную вёску майго бацькі празь мястэчка Мір. Зь дзяцінства памятаю стары рынкавы пляц, шэрагі купецкіх камяніцаў па яго пэрымэтры, царкву і касьцёл, паўразбураны замак і ўвесь мірскі краявід і ляндшафт. Прайшлі гады, у мястэчку адгрымелі чарговыя «Рэспубліканскія дажынкі», да якіх цэнтар паселішча быў ці то адрамантаваны, ці то адрэстаўраваны. У кожным выпадку, некалі з рынкавага пляцу ўніз, да царквы, вяла брукаваная дарога, якая агінала храм сьпераду і заварочвала за яго. Царква была, такім чынам, на невялікім пагорку. I гэтатаксама быўтыповы старасьвецкі пэйзаж і ляндшафт беларускага мястэчка. Цяпер жа там, дзе з пляцу выходзіла брукаванка, —
    мой Картаген
    паркінг на падсыпанай пляцоўцы, а дарогі няма зусім! Царкву адрэзалі ад пляцу схілам, і яна сама па сабе стаіць наводдаль ад рынку, як бы ня маючы ніякага дачыненьня да яго. А гэта ж мураваны помнік рэнэсанснай архітэктуры XVI стагодзьдзя, які некалі стаяў, фактычна, на местачковым пляцы! Таксама культурная страта.
    Рэльеф і ляндшафт застаюцца маўклівымі, але вымоўнымі сьведкамі мінуўшчыны. Іх варта таксама ахоўваць і берагчы. Калі ня ўсюды і ня ўсё, то хаця б іх часткі ці фрагмэнты.
    Хто сёньня ведае, што пагорак на Шпалернай вуліцы ў Менску — гэта рэшткі колішніх гарадзкіх валоў? Неазначанасьць захаванага элемэнту ляндшафту ці рэльефу — культурная страта.
    ***
    Тое самае можна сказаць і пра шматлікія паркі на рынкавых пляцах нашых гістарычных гарадоў і мястэчак. Навошта яны там? Каму патрэбныя? Адзін адказ я дакладна маю. Сьвядома ці несьвядома яны патрэбныя там для таго, каб нельга было ўбачыць архітэктуры дамоў па пэрымэтры і зразумець, што ты стаіш менавіта на старым рынкавым пляцы беларускага мястэчка. Станьце ў парку ў цэнтры Паставаў, і вы зразумееце, пра што мне ідзецца. Ёсьць такі парк і ў Міры, у самым цэнтры рэнэсанснага рынкавага пляцу.
    У XIX стагодзьдзі, пасьля далучэньня Беларусі да Расеі, такі парк зьявіўся на квадратным рэнэсансавым Высокім рынкуўцэнтры Менску. Ёсьць такі парк практычна ў кожным з нашых гістарычных гарадоў, амаль на кожным з гістарычных рынкаў, якія дзе-нідзе яшчэ атачаюць цудам захаваныя гістарычныя будынкі. Паркі нарынках разбураюць гістарычную прастору нашых гарадоў, псуюць пэрспэктыву, разрываюць гармонію гарадзкога краявіду і эстэтычную сувязь паміж асобнымі помнікамі, якія тыя рынкі атачалі.
    ***
    I яшчэ адзін тыповы прыклад незахаваньня краявіду. Я маю на ўвазе колер тынку і колер дахаў. У старых эўрапейскіх гарадах сыдены дамоў фарбавалі ў розныя колеры — жоўты, белы, чырвоны, сіні, зялёны, аранжавы. Так было ў нашай колішняй сталіцы Вільні, так было і ў іншых эўрапейскіх сталіцах. Але вось падарожнікі ў сваіх нататках фіксавалі, што да паловы XIX стагодзьдзя болыпасьць мураваных дамоў у цэнтры Менску былі патынкаваныя ў белы колер, а дахі спрэс былі з чырвонай дахоўкі. Суадносіны плошчы дахаў і сьценаў менскага гістарычнага пэйзажу непазьбежна прыводзяць нашу думку да спрадвечна беларускай бел-чырвона-белай гамы... А гэта ўжо культурная і гістарычная каштоўнасьць, пра якую сёньня ў Менску мала каму ідзецца.
    Чалавечая душа прагне ня толькі новага — новай інфармацыі, новых адчуваньняў і новых перажываньняў. Яна таксама мае кончую патрэбу і ў нязьменных рэчах, пэўных канстантах нашага жыцьця — у любові і падтрымцы родных, у таварыскіх дачыненьнях, у рэалізацыі натуральнага пачуцьця справядлівасьці, у радасьці ад дачыненасьці да свайго народу і сваёй радзімы.
    Адной з такіх канстантаў, на маю думку, зьяўляецца і захаванасьць пэўных элемэнтаў нашага роднага беларускага краявіду. Зь імі. нам будзе і больш культурна, і больш утульна.
    7 ліпеня 2014 году.
    Каб ня справіць хаўтуры па культуры
    He пакідаюць мяне думкі пра культурны разрыў, які намеціўся ў Беларусі і ўсё болей паглыбляецца — разрыў паміж дасягненьнямі беларускай гуманітарыстыкі 1980-х — пачатку 90-х гадоў і цяперашнім часам. Ёсьць некалькі спосабаў, як сытуацыю можна зьмяніць нават у цяперашніх неспрыяльных для беларускай культуры ўмовах.
    Літаратурны працэс
    Быў некалі ў СССР такі забыты цяпер тэрмін — літаратурны працэс. Даводзілася мне чуць, як калегі іранічна і непаважліва выказваюцца пра гэтую савецкую зьяву. Тым часам я пад ім разумею нешта, што не зусім мае дачыненьне да літаратуры. Можа, нават зусім да яе ня мае дачыненьня.
    Пад літаратурным працэсам я разумею страчаную цяпер сытуацыю, калі любы інтэлектуалаўтар (і ня толькі літаратар) меў магчымасьць апублікаваць рэдагаваны тэкст і атрымаць на яго рэдагаваны адказ. Толькі ў тым выпадку, калі апублікаваныя тэксты папярэдне праглядаліся і рэдагаваліся ня толькі аўтарам, можна забясьпечыць прыстойны культурны ўзровень тэкстаў.
    Сацыяльныя сеткі ў значнай ступені нівэлявалі культурную значнасьць публічнага тэксту.
    Цяпер публічным тэкстам зьяўляецца любы запіс у Фэйсбуку ці Вкантакце. Добра, вядома, што па-беларуску пішуцца любыя тэксты, у тым ліку і ў сацыяльных сетках, але для беларускай культуры важна захаваць магчымасьць абмену і рэдагаванымі тэкстамі, каб захаваць інтэлектуальную складовую культуры, яе пераемнасьць і яе энэргію.
    Прывяду тыповы прыклад. Любы апублікаваны на сайце Радыё Свабода аўтарскі тэкст — рэдагаваны. Яго папярэдне праглядае рэдактар. А вось любы камэнтар, апублікаваны пасьля пад гэтым тэкстам, не зьяўляецца рэдагаваным, нягледзячы на тое, што яго, перш чым апублікаваць, таксама праглядае вэб-рэдактар. Розьніца ў тым, што камэнтары праглядаюць толькі на адпаведнасьць правілам форуму, а самі аўтарскія тэксты ў поўным сэнсе слова зьяўляюцца вынікам супрацы аўтара і рэдактара, у іх нярэдка ўносяцца значныя карэктывы, зьмены і дадаткі. Калі ж аднаму аўтару адказвае іншы — гэта і ёсьць літаратурны працэс.
    На жаль, у сёньняшняй Беларусі культурныя сілы настолькі слабыя, што аўтару апублікаванага тэксту вельмі цяжка атрымаць на яго адказ. Часта нават вядомыя дзеячы культуры задавальняюцца актыўнасьцю ў сацыяльных сетках і пісаньнем камэнтараў пад чужымі тэкстамі замест таго, каб напісаць некаму аргумэнтаваны адказ з выкладаньнем уласнай пазыцыі.
    У выніку няма абмену ідэямі, нараджаецца мала новага, ня тчэцца тканка культуры, як гэта адбываецца ў нармальных краінах з сотнямі выданьняў, сотнямі выдавецтваў і сотнямі літаратурных прэміяў.
    Літаратурны працэс ня можа быць адроджаны бяз тэкстаў, якіх сёньня ня пішуць тыя, хто можа іх пісаць.
    Мастацкая літаратура
    Падобная сытуацыя і ў літаратуры. У прынцыпе, сёньня кожны чалавек можа выдаць кнігу. Заманецца некаму стаць пісьменьнікам або паэтам, зьбярэ ён пэўную суму даляраў, прынясе ў незалежнае выдавецтва рукапіс — і кніга гатовая. Пры гэтым задаволеныя і аўтар, які атрымаў кнігу, і выдавец, які атрымаў грошы. Чытач, у прынцыпе, не патрэбны, таму пра яго менш за ўсё і думаюць.
    У выніку — не скажу дакладна колькі працэнтаў (усё суб’ектыўна), але пэўная частка мастацкіх кніг нават у незалежных гандляроў — чыстая макулятура, хай сабе і беларускамоўная. А макулятура не стварае культуру, культурную якасьць.
    Справу магла б лёгка вырашыць літаратурная крытыка. Але гэта прафэсія, а за працу прафэсіяналаў трэба плаціць грошы. Грашовых месцаў у беларускай культуры, тым болын у літаратуры, сёньня амаль няма, таму і тэкстаў крытыкаў так-
    сама амаль няма.
    Раней, калі за публікацыі плацілі прыстойныя грошы, крытыкай займаліся і самі пісьменьнікі. У выніку адна кніга магла сабраць і па некалькі рэцэнзіяў, цяпер добра, калі на дзесяць выдадзеных кніг прыпадае адна.
    Адраджэньне беларускай крытыкі — адзін з самых актуальных выклікаў для сёньняшніх працаўнікоў і творцаў беларускай культуры, бо ў нармальнай, рэгулярнай сытуацыі выдадзеныя кнігі павінны зьбіраць дзясяткі рэцэнзіяў. У прынцыпе нічога не перашкаджае, каб кожнае беларускае выданьне і кожны беларускі сайт сёньня мелі спэцыяльную рубрыку для крытыкі, рэцэнзіяў, кніжных і літаратурных аглядаў.
    Прыклад беларускіх перакладчыкаў мастацкіх тэкстаў, якія цяпер ужо і свой часопіс, і сваю прэмію маюць, сам сабой падказвае крытыкам шлях і формы дзеяньняў. Сайт, зрэшты, у іх ужо зьявіўся. На чарзе задача кансалідацыі высілкаў такіх крытыкаў, як Ганна Кісьліцына, Легал (Леанід Галубовіч), Ціхан Чарнякевіч, чые рэцэнзіі пакуль раскіданыя па розных сайтах і папяровых выданьнях.
    Надышоў час перавыданьняў і перакладаў
    Культура вырастае з культуры, усё новае нарошчваецца і нанізваецца на асноўны культурны стрыжань, якім можна назваць усю сукупнасьць нашых ведаў пра сваю культуру і літаратуру. Той,
    хто ня ведае, асуджаны раз за разам вынаходзіць кола...
    Мне даводзілася сустракацца з выпадкамі, калі ганчар-пачатковец нічога ня ведаў ні пра нашы славутыя ганчарныя цэнтры (Глыбокае, Івянец, Мір, Крычаў, Поразава ды інш.), ні пра такія тыпы беларускай керамікі, як гартаваная, паліваная, чорнаглянцаваная, чорназадымленая. Ня ведаў ён і пра тыпы беларускага посуду, напрыклад, пра макітру. Затое ведаў слова «збан» і прыкметна гэтым ганарыўся. Тысячу гадоў наш народ карыстаўся ганчарнымі вырабамі: разнастайным посудам, паліванай і тэракотавай кафляй для печак і камінаў, тэракотавай і паліванай дахоўкай — гэта цэлы сьвет народнага прыкладнога мастацтва, ён цудоўна распрацаваны, вывучаны і дасьледаваны. Апублікаваныя дзясяткі манаграфіяў і папулярных выданьняў, у 1989 годзе нават выйшлаэнцыкляпэдыя «Этнаграфія Беларусі». А тут людзі ганарацца тым, што ведаюць слова «збан».