Мой Картаген
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 316с.
2015
А я не разумею, чаму мы павінны адмаўляцца ад высокіх дасягненьняў айчыннай этнаграфіі, якую многія дзесяцігодзьдзі распрацоўвалі ў Інстытуце этнаграфіі Акадэміі навук і на шматлікіх катэдрах этнаграфіі. У нашага этнасу ёсьць дакладная тэрыторыя расьсяленьня, ёсьць свая этнічная (нацыянальная) псыхалёгія, ёсьць адзін з самых багатых у сьвеце літаратурных і музычных фальклёраў, свой народны інструмэнтарый, свае тыпы жытла і гаспадараньня, сваё нацыянальнае адзеньне, свае спосабы ткацтва і вышываньня, нарэшце свой антрапалягічны тып. Этнаграфія — гэта дакладная навука, якая апэруе ў тым ліку і матэрыяльнымі артэфактамі.
Другая хібная тэза, якая вядзе ўдзельнікаў моўнай дыскусп да хібных вынікаў, гэта цьверджаньне, што беларускі народ добраахвотна адмовіўся ад беларускай мовы і што Лукашэнку ў 1994 годзе выбралі ў адказ на гвалтоўную беларусізацыю.
Насамрэч, і тое, і тое — непрыхаваная хлусьня.
Беларускі народ ніколі добраахвотна не адмаўляўся ад сваёй мовы. Больш за 300 апошніх гадоў насуперак гвалтоўным і брутальным палянізацыі і русыфікацыі наш народ у кожны спрыяльны момант гісторыі паказваў цуды нацыянальнага адраджэньня і фантастычную волю да жыцьця, вылучаючы са сваіх шэрагаў тысячы і тысячы таленавітых сыноў і дачок, сапраўдную палітычную і творчую эліту краіны. I не віна беларускага народу, што геапалітычны лёс складаўся так, што больш моцныя суседзі перамагалі і выбівалі на Лукішках, у Сыбіры, у Курапатах і ГУЛАГу найлепшых нашых дзеячоў — тысячы і тысячы паўстанцаў, настаўнікаў, палітыкаў і творцаў.
Усе гэтыя апошнія 300 гадоў наш народ змагаецца за выжываньне, актыўна губляючы пры гэтым тэрыторыю і колькасьць.
А ведаючы гісторыю Беларусі XX стагодзьдзя, ведаючы жах нацыянальнага пагрому 30-х і 40-х гадоў XX стагодзьдзя, пра арышты моладзі ў 50-х, ведаючы пра брутальную савецкую русыфікацыю пасьляваенных дзесяцігодзьдзяў, проста дзіву даесься, што ў некага паварочваецца язык назваць гэта добраахвотнай адмовай ад мовы. Аднак жа паварочваецца...
Пасьля ўсяго, што з намі адбылося за гэтыя 300 гадоў, гэта сапраўдны цуд, што цяпер, на пачатку XXI стагодзьдзя, я гэты тэкст пішу па-беларуску і
яго яшчэ нехта можа прачытаць. Інакш як мэтафізыкай і воляй нябёсаў гэта не назавеш...
***
Пра Аляксандра Лукашэнку. Гэта таксама маніпуляцыя і няпраўда, калі кажуць і пішуць, што беларусы абралі Лукашэнку, каб ён абараніў іх ад беларускай мовы і нацыяналістаў. Гэта вельмі падступнае цьверджаньне. Аўтары такіх заяваў карыстаюцца інфармацыйным разрывам, які адбыўся за часы кіраваньня Лукашэнкі паміж даволі высокімі культурнымі і грамадзкімі дасягненьнямі беларусаў канца 80-х — пачатку 90-х гадоў і цяперашнім часам, калі ў выніку палітыкі аўтарытарнага рэжыму і задушэньня свабодаў новае пакаленьне вырасла ва ўмовах вакуўму праўдзівай інфармацыі аб тых часах.
У пачатку 90-х беларускі народ абурана назіраў, як чыноўнікі кінуліся зарабляць грошы. Тысячы і тысячы простых работнікаў на заводах і фабрыках бачылі, як на іх вачах узбагачаецца заводзкае кіраўніцтва. I тут зьяўляецца чалавек, які кажа, што ўсіх карупцыянэраў пасадзіць у турму. Абраньне Лукашэнкі было ў пэўнай ступені рэлігійным актам беларускага народу. Простыя людзі паверылі яго рыторыцы адчайна і незваротна. Да Лукашэнкі панесьлі «чамаданы кампрамату» супрацоўнікі міліцыі, КДБ і пракуратуры. Яму паверылі практычна ўсе. Памятаю, як на адным перадвыбарчым сходзе ў Гомелі жанчына ў рэ-
лігійным экстазе цягнула сваё немаўля на сцэну да А. Лукашэнкі, каб той дакрануўся да дзіцяці... Чым не эвангельская сцэна?
I пляваць было беларускаму народу тады, што А. Лукашэнка нешта там казаў за год перад выбарамі ў Дзярждуме Расеі. Народ прагнуў абаронцы і справядлівасьці.
I што ж ён атрымаў? Атрымаў ён славуты выпадак, калі прэзыдэнцкі памочнік Віктар Кучынскі ў простым эфіры нацыянальнага радыё ішоў з групай міліцыянтаў і пісталетам па калідорах Менгарвыканкаму арыштоўваць аднаго з «галоўных карупцыянэраў» Менску — намесьніка старшыні гарвыканкаму Ўладзімера Ярмошына за «афэры з кватэрамі». А ў гэты самы момант таксама ў простым эфіры, але па тэлебачаньні перадавалі ўказ маладога прэзыдэнта аб прызначэньні таго самага Ярмошына старшынём Менгарвыканкаму... I выпадак гэты быў пасьля паўтораны шмат разоў. Усіх, хто быў «на кручку», прызначалі на пасады, каб трымаць пад кантролем...
Нядаўна давялося прачытаць, як пра гэты час першы пасол ЗША ў Беларусі Дэйвід Суорц сказаў, што А. Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам на «антыкарупцыйнай хвалі»...
I ніякіх пунктаў пра закрыцьцё беларускіх школаў і дзіцячых садкоў у праграме Лукашэнкі тады не было, як не было і абяцаньняў вярнуць старую савецкую сымболіку. Рэфэрэндум
14 траўня 1995 году ня быў вынікам рэалізацыі перадвыбарчых абяцаньняў гэтага палітыка.
Сёньня моладзі ўжо цяжка ўявіць той час, калі супрацоўнікі ДАІ ў Менску гаварылі па-беларуску, калі групы дзетак у дзіцячых садках пад кіраўніцтвам выхавацелек ішлі па вуліцы і шчабяталі між сабой на мове...
I галоўнае. Ніякіх пратэстаў супраць пераводу часткі школаў і садкоў на беларускую мову ў пачатку 90-х гадоў не было, не было дэманстрацыяў, пікетаў, тысяч абураных лістоў у газэты. He было. Народ не абураўся.
Вось дакладныя лічбы. За ўвесь час так званай «гвалтоўнай беларусізацыі» (студзень 1990 году — травень 1995 году), калі па ўсёй краіне школы пераводзіліся на беларускую мову і працэнт беларускамоўных першых клясаў быў даведзены да 80-ці, у Камісію па адукацыі Менскага гарадзкога савету прыйшло 9 (дзевяць) скаргаў ад незадаволеных бацькоў, а ў Камісію па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны Вярхоўнага Савету XII скліканьня — ніводнай!
Узяўшы за аснову хібныя тэзы, «мадэрныя» аўтары робяць і хібныя высновы. Апошнімі гадамі ня раз даводзілася чуць і чытаць, што моўная сытуацыя ў Беларусі незваротная, што расейская мова застанецца ў Беларусі ўжо назаўжды, што
трэба ствараць беларускую тоеснасьць і культуру на расейскай мове і г. д.
А я не разумею, а чаму яны незваротныя? Сусьветная гісторыя, у тым ліку і найноўшых часоў, толькі і робіць што дае прыклады зьменлівасьці і рухомасьці моўных працэсаў, у тым ліку і іх нярэдкай зваротнасьці. Чаму ж нас пераконваюць у тым, што моўную сытуацыю ў Беларусі зьмяніць немагчыма? I што расейская мова застанецца ў Беларусі назаўжды?
Адказаў на гэтыя пытаньні можа быць шмат. У кожнага такога «сьцьвярджальніка» свой інтарэс. Нехта плача па трыадзінай Расеі; нехта па СССР; нехта ненавідзіць незалежнасьць, бо не разумее яе каштоўнасьці — для такіх гэта наогул ніякая не каштоўнасьць, бо не ўсьведамляецца сваёй; нехта проста ня хоча мяняцца; а нехта спадзяецца, замацаваўшы шматмоўны характар беларускай культуры, знайсьці там месца і для мовы сваёй нацыянальнай меншыні.
Заклікі да прызнаньня расейскай мовы мовай нацыянальнай культуры Беларусі — згубныя, шкодныя і да нічога добрага не прывядуць. Русыфікаваны беларус — гэта расеец. I толькі. Расейскамоўная Беларусь — гэта частка Расеі. I толькі. Гэта не мая ўласная выснова, гэта — рэальнасьць. Тысячы і тысячы русыфікаваных беларусаў апошнімі дзесяцігодзьдзямі эмігруюць і зьнікаюць у Расеі, у Эўропе і ў ЗША. У Празе жыве 5000 беларусаў, а на беларускія сьвяты прыходзіць 30-40 чалавек. Астатнія беларусы — гэта
чэскія расейцы. I якую там расейскамоўную беларускую тоеснасьць вы зь іх вытварыце, спадарства? Яны — расейцы. ГІрыцягнуць іх магла б свая пасьпяховая нацыянальная дзяржава са сваёй культурай, стварэньне якой вы сваімі заклікамі адцягваеце і ўскладняеце.
Тым часам мы жывем у пэрыяд новага ажыўленьня нацыянальных рухаў у Эўропе. Прыкладаў — процьма. Каталёнцы, баскі, шатляндцы... Ніхто ня хоча сыходзіць з гістарычнай арэны, усе хочуць рэалізаваць сваё прыроднае права на самабытнасьць і моўную асобнасьць, на стварэньне культуры і нават каханьне на роднай мове.
***
Апошнія 7-8 гадоў я з прыемнасьцю і зьдзіўленьнем назіраю, як беларушчына няўхільна заваёўвае пазыцыі і перамагае ў дэмакратычным апазыцыйным асяродзьдзі Беларусі. Цяпер ня ўмець даць інтэрвію або выступіць па-беларуску сярод апазыцыйных палітыкаў лічыцца дрэнным тонам. Было цікава назіраць, як многія былыя члены каманды Лукашэнкі і выхадцы з намэнклятуры вучыліся гаварыць на мове, перайшоўшы ў апазыцыю.
Гэтыя працэсы — сьведчаньне небывалай маральнай сілы беларушчыны. Сьведчаньне вялікай жывучасьці нашай нацыянальнай ідэі, нашага нацыянальнага гістарычнага міту і прыцягальнасьці для беларусаў іх нацыянальнай мовы
і культуры. Уся арганізаваная альтэрнатыва цяперашняму рэжыму — беларуская. I гэта дае нам самы дакладны адказ на пытаньне, што будзе пасьля Лукашэнкі.
А будзе ўсё, як у іншых краінах Эўропы. У Гішпаніі дзяржаўная мова — гішпанская, у Італіі — італьянская, у Францыі — француская, у Нямеччыне — нямецкая, у Польшчы польская, Чэхіі — чэская і г. д. I гэта пры тым, што ў большасьці гэтых краінаў існуюць і іншыя мовы і этнасы. Аднак права меншыні на выкарыстаньне сваёй мовы ў рэгіянальных органах улады не закрэсьлівае адзіны дзяржаўны статус тытульнай нацыі. Так будзе і ў постлукашэнкаўскай Беларусі. Ніхто нікому ня будзе дыктаваць, на якой мове размаўляць дома з жонкай і дзецьмі, на якой мове глядзець тэлевізію і чытаць сайты або газэты. Але адзінай дзяржаўнай мовай будзе беларуская.
Я думаю, што не дапамогуць нават крывадушныя апэляцыі да дэмакратыі і правоў чалавека. У прыстойных людзей няма іншага выйсьця, як дапамагчы зьбітаму ў кроў хуліганамі падняцца, абцерці яго, абмыць і дапамагчы пайсьці далей. Нацыянальная праблема ў посткаляніяльнай краіне ня можа вырашацца чыста дэмакратычным шляхам, бо не дэмакратычным шляхам яна стваралася. Яна стваралася гвалтам, расстрэламі, Курапатамі і ГУЛАГам. I новы ўрад мае права і павінен паставіць раней гнаную культуру і мову ў больш выгаднае становішча. Комплекс такіх захадаў называецца пазытыўнай дыскрымінацыяй
і даўно выкарыстоўваецца ў сусьветнай дзяржаўнай практыцы. Паставіць мовы ў Беларусі ў роўнае становішча — значыць пагубіць аслабленыя беларускую мову і культуру. I дзіўна, што якраз гэта прапануюць зрабіць некаторыя ўдзельнікі моўных спрэчак у інтэрнэце і фэйсбуку ў апошнія месяцы. Тое самае прапанаваў зрабіць у траўні 1995 году на рэфэрэндуме адзін вядомы палітык, і ўсе мы бачым, што з гэтага атрымалася. Дзіўнае (а можа і ня надта) супадзеньне ўдзельнікаў цяперашняй дыскусіі з ППРБ.