• Газеты, часопісы і т.д.
  • Мой Картаген  Сяргей Абламейка

    Мой Картаген

    Сяргей Абламейка

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 316с.
    2015
    46.53 МБ
    Да другой паловы XIX стагодзьдзя расейская мова разьвілася настолькі, што зрабіла магчымым паўстаньне вялікай літаратуры і культуры. Расейскія паэты, пісьменьнікі, мастакі і кампазы-
    тары ня толькі дасягнулі эўрапейскіх вышыняў, але і самі сталі прыкладам для эўрапейцаў.
    Тым часам расейскія інтэлектуалы сярэдзіны XIX стагодзьдзя ўхапіліся за нямецкі «асаблівы шлях» з той самай мэтай — каб кампэнсаваць сваё спрадвечнае адставаньне ад Эўропы. Гэтак пачаўся новы этап збліжэньня расейскага і нямецкага сьветаў, якое было запачаткавана на глебе антыкаталіцтва яшчэ Пятром I. Гэтаму спрыялі і немцы, якія ў «расейскай душы» імкнуліся знайсьці зьмякчэньне для свайго рацыянальнага пазытывізму. Русафіламі былі Ніцшэ і Бісмарк. А Мёлер ван дэн Брук у сваім русафільскім традыцыяналізьме ледзьве ня стаў бацькам нацызму.
    Але і Малія, і Бэзансон ня лічаць немцаў і расейцаў вінаватымі ў нараджэньні фашызму і камунізму, якія яны называюць сіямскімі блізьнятамі. Акцэптацыю гэтых ідэалёгіяў абедзьвюма краінамі яны лічаць выпадковасьцю гісторыі. За фашызм і камунізм яны лічаць адказнымі Францускую рэвалюцыю, якая нарадзіла нацыяналізм і сацыялізм. Тым ня менш, гэты працэс нямецка-расейскага збліжэньня шмат што тлумачыць нам і ў нашы дні.
    А ў XIX стагодзьдзі эўрапейская літаратура Расеі прычынілася да нараджэньня інтэлігенцыі, якая, на падставе тэорыі «асаблівага шляху» вырашыла, што адставаньне Расеі — не недахоп, але здабытак, бо зьяўляецца лепшай глебай для
    сацыялізму, які ўсё роўна чакае ўсю Эўропу. Так і пачалося...
    У XX стагодзьдзі расейскі філёзаф Фёдар Сьцяпун пісаў пра тыпалягічнае падабенства Расеі і Нямеччыны, паказваючы тым самым, што і расейцы падсьвядома адчувалі да немцаў асаблівую блізкасьць.
    Загадкавая «руская душа»
    I Малія, і Бэзансон думку пра існаваньне нейкай асаблівай і загадкавай «рускай душы» лічаць поўнай лухтой, мітам. Яны ўважаюць Расею звычайнай краінай, а расейцаў — звычайным народам. Іншымі словамі, Цютчаў памыляўся. Гісторыкі перакананыя, што толькі расісты або людзі, якія вераць у асаблівае прызначэньне асобных нацыяў, могуць адмаўляцца разглядаць шлях Расеі з дапамогай параўнаўчых мэтадаў. На іх думку, успрыманьне Расеі ў Эўропе (як яе найбліжэйшага суседа і кантакцёра) залежыць найперш ад эвалюцыі самой Эўропы.
    Для ілюстрацыі падыходзіць прыклад усходніх эўрапейцаў, якія ведаюць Расею знутры. Яны ня маюць да Расеі нянавісьці, часта яны яе нават любяць, але яны ніколі ня згодзяцца з тымі, хто ім скажа, што Расея — гэта Эўропа. Бэзансон прыводзіць тут імёны Густава Хэрлінга-Грудзінскага, Чэслава Мілаша, Адама Чапскага і ангельскага пісьменьніка польскага паходжаньня Джозэфа Конрада.
    Адставаньне Расеі ад Захаду
    На думку гісторыкаў, Расея стала ахвярай свайго геаграфічнага разьмяшчэньня — занадта далёка яна была ад цэнтраў цывілізацыі. Калі большасьць гісторыкаў схілялася да думкі, што Расея адставала ад Захаду прыблізна на 50 гадоў, дык Бэзансон паказвае, што сельская гаспадарка Расеі ў 1913 годзе дасягнула ўзроўню, на якім ангельская гаспадарка была ў часы вайны Чырвонай і Белай ружы (XV ст.), а ў некаторых духоўных аспэктах Расея адставала ад Захаду на тысячу гадоў. Таму ён робіць выснову, што Pa­cefl была Эўропе чужой не таму, што адставала ад яе, але таму што даганяла, і гэта ўплывала на яе разбуральна.
    Даганяць даводзілася з дапамогай экстэнсіўных мэтадаў. У Эўропе чыноўнікі былі свабоднымі, у Расеі, пры Пятры I — рабамі. Бэзансон прыводзіць знакамітыя словы Ключэўскага аб тым, што Пётар хацеў, каб рабы заставаліся рабамі, але пры гэтым дзейнічалі свабодна. Памылкі Пятра I хацела паправіць Кацярына II, збудаваўшы манархію эўрапейскага ўзору, але не пасьпела. Здарылася Француская рэвалюцыя, якая прымусіла Расею абараняцца пры дапамозе экстэнсіўных сродкаў. Русо, які тонка разумеў Расею, задоўга да 1789 году сказаў, што «Расея згніла, не пасьпеўшы сасьпець».
    «русскнй мнр»
    Кампэнсацыя непаўнацэннасьці рэлігіяй
    Гэта адно з разыходжаньняў паміж Малія і Бэзансонам. Бэзансон надае расейскаму рэлігійнаму пачуцьцю значна большае значэньне. На яго думку, гонка за Эўропай — адна з галоўных прычынаў няўдачы Расеі. 3 аднаго боку расейцы разумелі, што адстаюць і трэба даганяць. А з другога— яны ў межах імпэрыі гэтую Эўропу мелі самі — Прыбалтыку, Польшчу і Беларусь, якія стаялі на значна болын высокім узроўні культурнага і гаспадарчага разьвіцьця; што дапамагала расейцам саміх сябе лічыць Эўропай. Калі б яны своечасова здагадаліся адмовіцца ад захопленых імі кавалкаў эўрапейскай цывілізацыі, то гэта магло б даць ім шанец на пазытыўныя зьмены ўнутры сваёй краіны.
    Тым ня менш, гэтага ня здарылася ў XIX стагодзьдзі, адставаньне працягвалася і патрабавала нейкай кампэнсацыі. Расейцы яе прыдумалі — не на справе, а на словах. Бэзансон сьцьвярджае, што расейская манія велічы ня мае сабе роўных і мае карэньні выключна ў асаблівасьцях рэлігійнага духу. Усе падарожнікі адзначалі панічны страх расейцаў перад лацінскім сьветам і каталіцкай культурай. Пётар I разбурыў гэты мур, гвалтам правёўшы «рэфармацыю» і «сэкулярызацыю» Праваслаўнай царквы, але ў XIX стагодзьдзі яна зноў аджыла і другі раз дапамагла расейцам (пасьля Філафея) кампэнсаваць ва ўласным уяўленьні сваё зусім ня ўяўнае адстава-
    ньне. «Мы ня горшыя за эўрапейцаў, мы проста іншыя», або — у нас свой шлях, Sonderweg. I ня толькі іншыя. Паколькі Эўропа сама сябе спрэс крытыкуе ў сваіх артыкулах і кнігах, то мы нават лепшыя за яе, бо ў нас адзіная сапраўдная вера — праваслаўная. Бэзансон піша, што Гогаль і Дастаеўскі апраўдвалі ўсё расейскае мярзоцьце яго нацыянальным характарам. А раз нацыянальнае, значыць прасякнутае рэлігійным духам, што карысна ўдвая. Іншымі словамі, на Русі процьма грэшнікаў, але сама яна чыстая і бязгрэшная, як чыстая і бязгрэшная сама Царква.
    Паводле Бэзансона, такое дзіўнае перапляценьне рэлігійнага і нацыянальнага пачаткаў (уласьцівае ў значна больш вытанчаных формах і ангельцам) зрабіла расейскі нацыяналізм адзіным нацыяналізмам, якім лёгка «заражаюцца» іншаземцы. Ён вельмі справядліва піша, што большасьць дасьледчыкаў, якія вывучаюць Расею, пранікаюцца расейскім духам. Мне таксама ўжо даводзілася пісаць, што супрацоўнікі шматлікіх катэдраў славістыкі па ўсім сьвеце зьяўляюцца сёньня добраахвотнымі адвакатамі Расеі перад сваімі ўрадамі і ва ўсіх палітычных ды інтэлектуальных спрэчках. А Бэзансон сьцьвярджае, што так было і раней, і прыводзіць прыклад харвацкага ксяндза Крыжаніча, які ў XVII ст. паехаў у Расею, каб навярнуць яе на каталіцтва. Яго арыштавалі і на 15 гадоў адправілі ў Сыбір, адкуль ён вярнуўся яшчэ больш закаханым у Расею.
    Нават сёньня пераход расейца ў пратэстанцтва або каталіцтва шмат каму ўяўляецца самай сапраўднай здрадай. Салжаніцын пісаў, што Польшча была для расейцаў значна большай пагрозай, чым татара-манголы, бо магла прымусіць Расею зьмяніць веру.
    Сёньня зноў назіраецца адраджэньне праваслаўнай царквы (ужо трэцяе), каб дапамагчы Расеі кампэнсаваць адчуваньне непаўнацэннасьці, выкліканае адставаньнем ад Эўропы. Сёньня зноўрэлігійнае атаясамліваецца з нацыянальным, а нацыянальнае з рэлігійным.
    Кампэнсацыя непаўнацэннасьці імпэрыяй
    Імпэрскае пачуцьцё расейцаў зьяўляецца другім спосабам кампэнсацыі ўласнай непаўнацэннасьці.
    На думку нашых гісторыкаў, расейцы так і не навучыліся выкарыстоўваць захопленую прастору з карысьцю для сябе, ня кажучы ўжо пра тое, каб нармальна яе засяліць. На думку Малія, роля велізарнай тэрыторыі Расеі зводзіцца выключна да таго, каб сілкаваць пыху расейцаў: «Мы займаем шостую частку сушы». У людзей узьнікае пачуцьцё, што гэты геаграфічны размах аказвае ўплыў на расейскую гісторыю, робіць яе больш велічнай і гераічнай. I яно ж зьяўляецца пажыўнай глебай для нараджэньня хімэраў «эўразійства».
    Бэзансон, разважаючы пра імпэрскае пачуцьцё расейцаў, раз за разам вяртаецца да сваёй (і Малія) думкі, што валоданьне больш разьвітымі Прыбалтыкай, Польшчай і Беларусьсю замінала расейцам рэальна рухацца ў бок Эўропы. Да 60-х гадоў XIX стагодзьдзя патрэба ў палітычнай рэформе стала зусім відавочнай, але, каб яе правесьці, трэба было адпусьціць на волю Прыбалтыку і Польшчу. Мэханізм тут быў такі. Адмовіўшыся ад заходніх губэрняў, Расея траціла імпэрскае пачуцьцё, а кампэнсаваць гэтую страту магла б толькі лібэральная або нават дэмакратычная рэвалюцыя, якая магла прывесьці краіну да росквіту. Але гэта быў занадта балючы і доўгі шлях, на што расейская эліта згодная не была. Усе расейскія пісьменьнікі і гісторыкі (за выключэньнем Талстога і Чэхава) апраўдвалі ўладу Расеі над Польшчай, Украінай і Беларусьсю. Пушкін нават напісаў оду ў гонар здушэньня паўстаньня 1831 году.
    У выніку Другой сусьветнай вайны Расея вярнула сабе былыя калёніі і нават пашырыла зону свайго ўплыву, і гэта тут жа паставіла яе перад старой дылемай, якая зноў асудзіла СССР на стагнацыю. Фраза маркіза дэ Кюстына пра «раба, які стаіць на каленях і марыць пра ўладу над цэлым сьветам» апісвае гэтую сытуацыю надзвычай дакладна.
    Кампэнсацыя непаўнацэннасьці хлусьнёй
    Трэцім спосабам кампэнсаваць уласную непаўнацэннасьць — і пры гэтым самым простым і самым даступным — стала для расейцаў хлусьня, або адмаўленьне насуперак відавочным фактам нейкага адставаньня Расеі ад Захаду. Вядома, Малія тут жа агаворваецца, што гэтая выснова зусім ня сьведчыць пра нейкую прыродную схільнасьць рускіх людзей да хлусьні. Проста разрыў паміж марамі, ідэаламі і праектамі расейцаў — і рэальнасьцю заўсёды быў і застаецца такім вялікім, што лячыць раны, нанесеныя ўласнаму гонару, даводзіцца з дапамогай хлусьні.
    Традыцыя хлусьні нарадзілася тады, калі і жаданьне дагнаць Захад — у XVIII стагодзьдзі. Адзін зь яркіх прыкладаў, заўважаны яшчэ Кюстынам, Марксам і Мішле, гэта зьява, калі пісаныя законы і правілы застаюцца дзеючымі толькі на паперы і не знаходзяць ніякага рэальнага ўвасабленьня ў рэальным жыцьці. «Закон что дышло: куда повернул — туда м вышло». А з гэтым суседнічаюць і цьверджаньні пра прагрэс і шлях наперад, якога ў сапраўднасьці няма. Няцяжка заўважыць, што гэта мае месца ня толькі ў Расеі, але і ў сучаснай Беларусі, што сьведчыць, наколькі глыбока яна русыфікаваная.