Мой Картаген
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 316с.
2015
Калісьці заснавальнік СССР назваў кіно «найважнейшым з мастацтваў». Яму цяжка адмовіць у празорлівасьці. Сапраўды жывая карцінка за наступныя 100 гадоў, памалу перамяніўшыся ў тэлебачаньне і зросшыся зь ім, дашчэнту апанавала мазгі народных масаў практычна ва ўсіх краінах сьвету. Сёньня тэлебачаньне (разам з інтэрнэтам і ўжо зрастаючыся зь ім) — валадар думак, мараў і памкненьняў новых пакаленьняў.
Крамлёўскія валадары вельмі добра адчуваюць трэнды часу. Апошнія гады пра патрэбу змаганьня з «фальсыфікацыямі гісторыі» ў Расеі ня раз гаварылася на самым высокім узроўні, уключаючы і прэзыдэнцкі. Валадарам не падабаюцца спробы сумленных гісторыкаў паказаць адмоўныя бакі расейскай гісторыі савецкага часу, Айчыннай вайны, расейкай тэрытарыяльнай экспансіі, канфэсійнай гісторыі Расеі і інш. I вось адкрыцьцё новага каналу азначае, напрыклад, і тое, што там ужо ніколі не пакажуць фільм пра славутую танкавую бітву пад Прохараўкай (1943 г.)> які я глядзеў на РТР гадоў пяць назад і зь якога даведаўся, што страты савецкага боку ў той эпахальнай і, галоўнае, пераможнай бітве склалі 500 танкаў, а нямецкага — 3 (тры)...
У пачатку 80-х гадоў, калі мяне разам зь іншымі першакурсьнікамі гістфаку БДУ пасьвячалі ў студэнты, дзяўчаты са старэйшых курсаў прышпілілі нам на лацканы пінжакоў жоўтых папяровых куранятаў з чырвоным лацінскім надпісам «Historia est magistra vitae». Гісторыя сапраўды
зьяўляецца настаўніцай жыцьця, але ня толькі ў тым сэнсе, што яна вучыць не паўтараць памылкі мінуласьці. Гісторыя — наогул вучыць, нясе культуру ў простым, непераносным сэнсе гэтага слова. Адукаваны чалавек — адукаваны і гістарычна, а можа — і найперш гістарычна.
Як павінны былі б адказаць на адкрыцьцё вяшчаньня новага расейскага тэлеканалу суседнія краіны, асабліва тыя, што маюць адрозныя ад расейскага погляды на ўласнае мінулае? Натуральна, або забараніць нацыянальным апэратарам уключаць яго ў свае пакеты, або не забараняць, але адкрыць уласны аналягічны канал, які мог бы годна прадставіць нацыянальную альтэрнатыву расейскай гістарычнай экспансіі. Зразумела, ні таго, ні другога не адбудзецца ў Беларусі. Таму і шкада нашых дзяцей (і ня толькі іх).
Калісьці ў савецкія часы ў акадэмічных інстытутахрэальнай навукай займаліся 10-20 працэнтаў супрацоўнікаў — астатнія былі, як тады казалі, «дочкамі партыйных сакратароў», яны ціха баранілі свае бляклыя, кан’юнктурныя дысэртацыі і карысталіся ўсімі выгодамі акадэмічнага статусу, у тым ліку і правам на 20 лішніх мэтраў жылой плошчы, належных кандыдатам навук.
Здаецца, што цяпер сытуацыя яшчэ горшая. Штаты і фінансаваньне гуманітарных інстытутаў Акадэміі скарацілі, некаторыя інстытуты зусім ліквідавалі, а тыя, што застаюцца, заціснутыя не слабейшымі за часы СССР ідэалягічнымі абцугамі. За апошнія 10-15 гадоў нямала гісторы-
каў было выкінута з акадэміі і ўнівэрсытэтаў. Па прыклады далёка хадзіць ня трэба, дастаткова згадаць нядаўні пагром гісторыкаў у Горадні... Вядзецца наступ і на незалежную гуманітарную супольнасьць — зачынілі, напрыклад, часопіс «АРХЭ», які адзін выконваў ролю акадэмічнага гістарычнага інстытуту...
Тым большая адказнасьць кладзецца на нешматлікіх беларускіх незалежных гісторыкаў, якія, ня гледзячы на звальненьні і рэпрэсіі, не пакідаюць сваёй сумленнай працы. Здымаю перад імі капялюш.
Здымаю капялюш... і ўспамінаю пра двух сваіх унівэрсытэцкіх выкладчыкаў, жыцьцё і дзейнасьць якіх могуць стаць для цяперашніх гісторыкаў сапраўдным і вартым перайманьня прыкладам.
Гэта дацэнты Юры Драгун і Леў Міхайлоўскі.
Абодва гэтыя выкладчыкі былі на гістфаку БДУ як бы маргіналамі. Калі пра іх гаварылі іншыя выкладчыкі, то давалі зразумець, што гэта, мякка кажучы, дзівакі, і намякалі, што яны, як тады, казалі, «злоупотребляют...» У сэнсе, злоўжываюць алькаголем. Для студэнтаў гістфаку курсы гэтых выкладчыкаў сапраўды не былі прыярытэтнымі. Дацэнт Драгун выкладаў гістарыяграфію і крыніцазнаўства, а дацэнт Міхайлоўскі вёў у нас практычныя заняткі па гісторыі СССР.
Тым больш было дзіўна слухаць тое, пра што яны нам расказвалі. I адбывалася гэта не ў сучаснай Беларусі, дзе выкладчыка за такое могуць звольніць. Гэта адбывалася ў СССР 80-х гадоў, дзе за гэта можна было пацярпець і значна больш сур’ёзна.
Свае лекцыі па гістарыяграфіі і крыніцазнаўстве Юры Драгун, высокі, сівы, стрыманы чалавек, ператварыў у дзівосныя аповеды пра паўставаньне расейскай вэрсіі гісторыі Беларусі пачынаючы ад XVIII стагодзьдзя. Павольна, раскладаючы ўсё па пэрыядах і датах, імя за імем, публікацыю за публікацыяй, кнігу за кнігай ён паказаў нам, як імпэрыя паступова выпрацоўвала сваю канцэпцыю беларускай гісторыі і фальсыфікавала нашу мінуўшчыну, як выбарачна публікавала крыніцы, а непатрэбныя — зьнішчала падчас працы розных археаграфічных камісіяў. Нецікавы на першы погляд прадмет — гістарыяграфія — ператварыўся для нас у найцікавейшую гісторыю гістарычнай навукі, гісторыю гісторыі. Тады мы даведаліся, напрыклад, што агульнавядомы тэкст ліста канцлера Лява Сапегі да архібіскупа Язафата Кунцэвіча з папрокамі за перасьлед праваслаўных быў сфальсыфікаваны расейскім гісторыкам Бантыш-Каменскім яшчэ ў канцы XVIII стагодзьдзя, калі Кацярына II даручыла яму скласьці для яе гісторыю Уніі. А насамрэч канцлер Сапега ўзначаліў камісію па расьсьледаваньні забойства Кунцэвіча і пакараў бунтаўшчыкоў сьмерцю. Даведаліся мы і пра 20-гадовы
пэрыяд антыалькагольных паўстаньняў у Беларусі ў XIX стагодзьдзі пад кіраўніцтвам рымскакаталіцкіх і уніяцкіх сьвятароў і пра шмат што іншае. Наогул зь лекцыяў Юрыя Драгуна вынікала, што самым галоўным часам у духоўным занявольваньні беларускага народу, сапраўднай нашай катастрофай стала XIX стагодзьдзе.
Леў Міхайлоўскі, стомлены, сівы, лысаваты чалавек з пацёртым партфэлем прыйшоў неяк да нас замяніць хворага выкладчыка. На нашу ўдачу, хварэў малады выкладчык доўга, таму дацэнт Міхайлоўскі практычныя заняткі замест яго вёў таксама доўга. I расказваў ён нам тое, пра што яшчэ і сёньня нельга прачытаць у працах гісторыкаў, а тым больш у падручніках. Ад яго мы, напрыклад, даведаліся страшныя падрабязнасьці таго, што прынята называць Патопам сярэдзіны XVII стагодзьдзя. Спакойна, бяз патасу і надрыву, дацэнт Міхайлоўскі пералічаў, колькі дзясяткаў або сотняў жыхароў засталося пасьля праходу войскаў расейскага цара Аляксея Міхайлавіча ў тым ці іншым беларускім горадзе або павеце. Цяпер дакладна ня памятаю, у Менску, здаецца, засталося каля 170 чалавек. Але больш важнымі былі іншыя падрабязнасьці тае вайны. Я цяпер называю гэта імпартам тэхналёгіяў.
Кожны расейскі ваявода, казаў нам дацэнт Міхайлоўскі, меў у сваім абозе спэцыяльныя брыгады для росшуку майстроў. Прыходзіла такая брыгада, скажам, у нейкую вёску ці мястэчка. I калі забіралі каваля, то разам зь ім забіралі і яго
жонку, дзяцей, усіх яго падмайстраў і вучняў, забіралі, дэмантаваўшы, усё начыньне кузьні і ўсё жалеза ў навакольлі, нават завесы зь дзьвярэй зрывалі. Усё гэта грузілася і вывозілася ў Расею. I так ва ўсіх сфэрах матэрыяльнага і культурнага жыцьця. Грандыёзнае, плянэтарнага маштабу абрабаваньне аднаго народу другім. Сотні тысяч зьняволеных людзей панура брылі за падводамі, на якіх везьлі на ўсход прылады іх працы — размаітыя варштаты, адліўныя формы, друкарскі, ткацкі, сьлясарскі, плотніцкі, сталярскі, брукарскі, мулярскі рыштунак... Беларусь перадала тады Расеі болып высокую матэрыяльную і духоўную культуру барока, а сама пасьля той катастрофы так ніколі ўжо і не паднялася.
Той грандыёзны імпарт тэхналёгіяў даў штуршок наступным матэрыяльным і палітычным посьпехам Расеі ва ўсіх сфэрах. А прафэсар Лаўрэн Абэцэдарскі пасьля захапляўся дасягненьнямі беларускіх майстроў у Расеі XVII стагодзьдзя, ня кажучы сваім студэнтам, як гэтыя майстры туды трапілі. Затое ён усьлед за расейскімі фальсыфікататармі XIX стагодзьдзя вывучаў нейкую неіснуючую «барацьбу беларускага народу за ўзьяднаньне з Расеяй».
Спадзяюся, некалі напішу больш падрабязна пра двух сваіх выдатных настаўнікаў — дацэнтаў Юрыя Драгуна і Лява Міхайлоўскага.
А ў сучаснай Беларусі гісторыкі кшталту маіх выкладчыкаў жывуць таксама. He сумняваюся,
што нягледзячы ні на што яны не складуць рукі і працягнуць сваю высакародную справу.
А справа гэтая — глядзець на гісторыю сваімі ўласнымі вачыма.
20 траўня 2013 году.
Бунт маленькіх чалавечкаў або людзі-трава
Прыпавесьць, расказаная аўтару самім яе героем.
Жыў-быў чалавек. I ўсё ў яго было добра. Ня ў сэнсе шчасьця або багацьця, аяе ў сэнсе сьветапогляду, разуменьня сябе, краіны, сьвету і людзей. Цешыўся чалавек, што ясна і зразумела ўсё вакол яго, усе цаглінкі ляжаць на сваіх месцах. Ну і трохі з гэтай прычыны ганарыўся сабой, бо наўкола былі людзі, якія ня ўсё так ясна і добра разумелі, як ён.
Аж аднаго дня пачаў ён сумнявацца, што ўсё вакол разумее правільна. Сталася гэта тады, калі суседняя краіна Р напала на суседнюю краіну У. Ну ня так каб зусім адкрыта напала, але неяк спакваля, нібыта нерашуча, але разам з тым настойліва, і пад грукат хлусьні і прапаганды адняла ў суседкі вялікі і прыгожы кавалак зямлі. Самае дзіўнае для чалавека было тое, што краіна У як бы і не супраціўлялася. На словах яна супраціўлялася, рабіла заявы і нават пагражала, але на справе — не рабіла нічога.
Нейкія сумненьні пачалі варушыцца ў душы чалавека, але яшчэ не ўсьвядомленыя. He зусім дабіраў ён ладу, як гэта можна саступіць кавалак сваёй зямлі і ні разу ня стрэліць. Ну але адабраны кавалак краіны У быў хоць і ласы, але
не такі вялікі. Чалавек думаў, што краіна У наўмысьля абрала такія нерашучыя паводзіны, каб не справакаваць краіну Р на адкрытую вайну, каб вылузнуцца з-пад яе ўплыву і ўцячы назаўсёды да сябрыны краёў, што згуртаваліся за заходняй мяжой. Тым больш што і сама краіна У пагрозьліва папярэджвала суседку, што калі той заманецца яшчэ нешта адхапіць у яе, то ўжо тады вайна немінучая.
Краіна Р аднак жа і ня думала спыняцца. ГІайшла яна прыхавана і спакваля на іншыя кавалкі краіны У. Забіраць не забірала, але памалу пастрэльвала і людзей патроху парэзвала. Захапіла адзін горад, другі, трэці... дзясяты. Усюды вывешвала свае сьцягі, настаўляла трансьляцыі сваёй тэлевізіі і ў вялікай колькасьці завозіла ў захопленыя гарады свае аранжава-чорныя стужачкі. Чалавек зь дня на дзень чакаў адпору, стрэлаў, захопу засланцаў краіны Р. Але краіна У і гэтым разам не адказала сілай на сілу. Яе палітыкі зноў сталі рабіць рашучыя і пагрозьлівыя заявы, езьдзіць па сьвеце і агітаваць за сябе іншыя краіны, яе сьледчыя сталі заводзіць сотні новых крымінальных справаў за хваляваньні, сэпаратызм, захоп адміністрацыйных будынкаў, забойствы і выкраданьні. He было толькі таго, што звычайна бывае ў выпадку такіх сутыкненьняў — не было стрэлаў. А нейкія кволыя і нерашучыя спробы краіны У ўдаць рашучыя дзеяньні нязьменна заканчваліся ганебнымі ўцёкамі, капітуляцыяй або палонам яе вайскоўцаў.