• Часопісы
  • Мой Картаген  Сяргей Абламейка

    Мой Картаген

    Сяргей Абламейка

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 316с.
    2015
    46.53 МБ
    Тое, што дзеецца цяпер у Менску, уражвае. Усё больш вакол нас прыкметаў сапраўднай культурнай катастрофы, культурнага краху Беларусі. Яны праяўляюцца і даюць аб сабе знаць ва ўсіх галінах жыцьця і ва ўсіх сфэрах культуры. Але мне ў гэтым тэксьце найперш ідзецца пра архітэктуру, якая сама па сабе зьяўляецца ня толькі тэхналягічнай, прыкладной сфэрай чалавечай дзейнасьці, але і мастацкай формай арганізацыі прасторы.
    Тут крах асаблівы. Сёньня на грамадзкім небасхіле Беларусі не назьбіраецца і дзясятка чалавек, якія б баранілі гістарычны Менск. У 1960-я гады побач зь Зянонам Пазьняком і Лявонам Баразном можна было назваць дзясяткі імёнаў, а ў 1980-я, калі справу пераняла «Талака», такіх абаронцаў былі сотні. Цяпер такіх адзінкі, і ўсе іх магчымасьці зводзяцца да рэдкіх публікацыяў у незалежных мэдыях.
    А справа ж ня толькі ў абароне старога, што само па сабе першасна для культуры, бо ніякая культурная якасьць не ўзьнікае на пустым месцы — культура вырастае з культуры, ёй патрэбныя пераемнасьць і глеба. Справа яшчэ і ў эстэтыцы, у тым, што Максім Багдановіч назваў «красой». Сёньня ўсе менскія навабуды дэманструюць убогасьць эстэтычных уяўленьняў іх стваральнікаў і заказьнікаў. Якраз пра эстэтыку і мела б падбаць культурная эліта краіны, але беларуская эліта драбнее на вачах.
    Пад нацыянальнай элітай звычайна разумеюць інтэлектуалаў, якія адчуваюць адказнасьць за краіну і дзейнічаюць адпаведна з гэтай адказнасьцю. Раней у Беларусі існавала моцнае акадэмічнае кола людзей, якія баранілі Менск. Эфэктыўна дзейнічалі іх калегі з рэстаўрацыйных структураў. Нарэшце, найлепшыя людзі народу, такія як Уладзімер Караткевіч ці Гаўрыла Вашчанка, асабіста ангажаваліся ў справу абароны старога Менску ад зьнішчэньня.
    Цяперашнія прадстаўнікі беларускамоўнай эліты пішуць тэксты, называюць сябе журналістамі, мастакамі, паэтамі, эсэістамі ды раманістамі... Некаторыя нават мімаходзь згадваюць у сваіх творах пра Стары горад, але ніякага сапраўднага клопату пра яго як артэфакт сапраўднай культуры не дэманструюць — яны думаюць, што самі яе ствараюць, і гэтага дастаткова. Мне такія людзі ўяўляюцца нястомнымі працаўнікам над уласным іміджам, якія не забываюць напісаць
    пра сябе пыхлівыя артыкулы ў Вікіпэдыі, але забываюць пацікавіцца, што дзеецца з рэштаю старога Менску і іншых гістарычных гарадоў краіны. He хапае адказнасьці, а значыць — не хапае культуры... Тым часам гатэль на Сьвіслачы яшчэ больш зьмяншае колькасьць чытачоў беларускіх кніг, якія і без таго ўжо выдаюцца накладамі па 100-300 асобнікаў.
    I мой клопат тут — не пра грамадзкую актыўнасьць. Мой клопат — пра мастацкую творчасьць. Неразумна клікаць інтэлектуалаў на дэманстрацыі пратэсту, на пікеты, на адкрытую барацьбу з нашай бязьлітаснай і малаадукаванай уладай. Інтэлектуалы прыходзяць у гэты сьвет для іншага. Але сумна, што лірычнаму герою большасьці сучасных мастацкіх тэкстаў усё роўна, што за банкі і офісы паўстаюць, напрыклад, на вуліцы Сурганава ці на новым праспэкце Машэрава (колішняй Варвашэні) — прыгожа гэта ці брыдка, эстэтычна або ня надта, адпаведна нашай традыцыі ці не арганізавана там прастора.
    Архітэктурная катастрофа Менску ня стала фактарам, матывам і тэмай сучаснай беларускай культуры, хоць даўно ўжо зьяўляецца яе відавочным фактам. Большасьць творцаў гэтую катастрофу не перажывае псыхалягічна і творча, яны рэальна застаюцца да яе эмацыйна халодныя.
    I гэта асабліва сумна.
    27 сакавіка 2013 году.
    Беларусаў накрыла зялёнай бляхай
    Якога колеру маюць быць стрэхі ў беларускіх гарадах? Для некага гэтае пытаньне можа падацца дзіўным і недарэчным. Для некага — несвоечасовым. Нехта можа адказаць, напрыклад, гэтак: абы якога, як захоча ўладальнік будынку.
    А мне вось адна з барваў апошнія гады моцна муляе вока. I ня толькі вока, але і душу. Гэта — барва зялёная.
    Зялёнай барвы на нашых стрэхах апошнія 20 гадоў стала нечакана і непрапарцыйна шмат. Можна нават сказаць, што спакваля яна робіцца дамінуючай на пэўнага тыпу будынках. Найперш гэта — барокавыя і клясычныя спаруды былых каталіцкіх і ўніяцкіх кляштараў, якімі цяпер валодае Расейская Праваслаўная царква. Пранікла гэтая барва і ў гістарычныя цэнтры нашых местаў, дзе яе раней ніколі не было.
    Але паддацца спакусе абвінаваціць толькі Праваслаўную царкву ў навязваньні гэтай барвы было б няправільна. Сапраўдныя прычыны тут ляжаць значна глыбей. Гэтая барва цяпер падабаецца нашым людзям і вока ім не муляе. Яна ўжо — у нашым гусьце.
    А як было раней? Якія ў нас тут традыцыі?
    Вось якім убачыў Менск у 1853 годзе Павал Шпілеўскі:
    «Раскннутый на горах м крутмзнах Мннск почтй co всех трактов йлй в-ьездов представляет прекрасный вмд... По горам, по прмгоркам красуются зданмя то высокме н шмрокме, то узкме й продолговатые, с черепмчнымм крышамм во вкусе среднмх веков...»
    А вось гістарычны факт: да самага пачатку вайны ў 1941 годзе ў сталіцы БССР Менску працавалі два чарапічныя заводы. I больш за тое. Гэтыя заводы працягвалі працу і пасьля вайны. Зь сёньняшніх менчукоў мала хто ўжо памятае, што раёны Трактарнага і Аўтамабільнага заводаў адразу пасьля пабудовы ў 40-50 гады былі спрэс накрытыя дахоўкай — і трох-, і двух-, і аднапавярховыя дамы.
    Дацэнт Смаленскага ўнівэрсытэту Юлія Грыбэр зацікавілася тэмай характэрных для гістарычнага Смаленску колераў. Вось што ў яе атрымалася:
    «Начяная с XV века, когда Смоленск стал частью Велмкого княжества Лнтовского, в теченме почтм трех столетмй архмтектура города мспытывала снльное западноевропейское влмянме. Это заметно сказалось на колорнстнке города. Сохранмвшнеся графмческме йзображенмя показывают, что в цветовом облмке Смоленска этого пермода стало болыпе красного цвета. Теплый красновато-розовый оттенок городу прмдавалм кмрпмч, розовая штукатурка й черепнца»’.
    Гл.: http://www.journalsmolensk.ru/08_108_09/15/15.PHP
    Такой была наша традыцыя. Але пасьля таго, як Беларусь трапіла ў склад Расеі, гэтая традыцыя стала мяняцца. У Расеі ўсё было моцна рэглямэнтавана. У XIX стагодзьдзі там зьявілася некалькі рэдакцыяў «Стромтельного Устава Россмйской нмпернн». У 1818 годзе цар Аляксандар I забараніў фарбаваць дахі ў пануючы да таго ў Расеі чорны колер і загадаў фарбаваць іх зялёнай, чырвонай або шэрай фарбай. Так нарадзілася цяперашняя зялёная бляха.
    Чырвоныя і шэрыя дахі ў Расеі паступова сталі рэдкімі, затое зялёныя — распаўсюдзіліся вельмі шырока. Я ня ведаю сапраўднай прычыны гэтага, але ўлічваючы, што колер расейскіх дахаў ня проста зялёны, але сьветлазялёны, салатавы, можна выказаць меркаваньне, што гэта як бы імітацыя пазелянелае медзі. У Эўропе медзьдзю пакрывалі купалы, радзей стрэхі. А ў Расеі купалы звычайна залатыя або блакітныя (у храмах), а дахі — зялёныя.
    Зялёныя дахі цяпер маюць галоўныя будынкі Расеі. Напрыклад, Крэмль або Эрмітаж і ўвесь гістарычны цэнтар Санкт-Пецярбургу.
    Нельга здымаць адказнасьць і з Расейскай Праваслаўнай царквы. Яна сёньня — актыўны і дзейсны ўдзельнік гэтага працэсу. Катэдральны Сьвята-Духаў сабор у Менску, які месьціцца ў барочных мурах колішняга жаночага бэрнардынскага кляштару, новазбудаваныя карпусы навучальнай установы РПЦ і нават гандлёвыя рады і шэраг будынкаў Верхняга гораду маюць ужо на
    дахах неўласьцівую ім зялёную бляху. Гэтаксама выглядае і галоўны аб’ект РПЦ у Кіеве — КіеваПячэрская лаўра, і тысячы іншых царкоўных будынкаў па ўсёй тэрыторыі былога СССР.
    I што ж гэта за працэс? Я думаю, што зялёная бляха на месцах, дзе раней была дахоўка, гэта сымбалічная матэрыяльная адзнака «русской цмвнлйзацйн». Гэта — адзін з сымбаляў, якім памячаецца тэрыторыя распаўсюджаньня таго, што сёньняшнія валадары Крамля і РПЦ называюць «русскмм ммром».
    Гэты «ммр» сёньня жыве ў шмат якіх беларускіх галовах... Мне могуць запярэчыць, што гэта справа густу. Я ахвотна згаджуся, але нагадаю ў адказ, што ў гэтым канкрэтным гусьце навідавоку ідэалягічны складнік.
    I хто б мог падумаць, што справа зойдзе так далёка? Я маю на ўвазе факт, што зялёная бляха ўжо красуецца ня толькі на праваслаўных будынках, але і на некаторых каталіцкіх. Напрыклад (які кашмар для эстэтаў і нацыяналаў!), на гарадзенскім Фарным касыдёле — шэдэўры віленскага барока.
    Але і гэта яшчэ ня ўсё. У Беларусі на дахах апрача сьветлазялёнай бляхі зьявілася і цёмназялёная!! Ёсьць такія дахі ў гістарычным цэнтры Менску, але мяне найболей уразіў накрыты цёмназялёнай бляхай дом насупраць шыкоўнага помніка беларускага барока — былой уніяцкай Уваскрасенскай царквы ў Віцебску. Гэты дом
    выглядае як будынак у вайсковым гарадку памежнікаў.
    Магчыма, гэтае параўнаньне з памежнымі войскамі выпадковае. А магчыма — і не. Усе мы ведаем пра аўтарытэт і вагу, якімі сёньня ў Беларусі карыстаецца гэты род войскаў і, як бачым, ягоныя колеры... Навакольнае асяродзьдзе ўзьдзейнічае на людзей на ўзроўні культурнага коду. Калі яны зь дзяцінства бачаць вакол сябе зялёныя бляшаныя дахі, то такія дахі ўрэшце ня толькі стануць лічыцца сваімі, але могуць падацца яшчэ і прыгожымі...
    Пры гэтым сам я нічога супраць уласна зялёнага колеру ня маю. Я нават ведаю, што некаторыя беларускія замкі і багатыя дамы накрывалі некалі цёмназялёнай паліванай керамічнай дахоўкай. I тым ня менш, маё эстэтычнае і нацыянальнае пачуцьцё пакутуе кожнага разу, калі я бачу пляскатыя стрэхі зь зялёнай бляхай там, дзе некалі былі стромыя схілы, накрытыя чырвонай дахоўкай.
    Нашы густы хаваюцца ў самых глыбінных спратах сьвядомасьці. А якія гэта глыбіні, якія густы і якая сьвядомасьць — з гэтых нататак, думаю, зразумела.
    Таму я і кажу, што нас усіх сёньня накрыла зялёнай бляхай. Зрэшты, як бачым, мы і самі ўжо накрываемся ёй...
    27 ліпеня 2013 году.
    Сьмерць архітэктара
    У Беларусі памірае архітэктура... Як мастацтва. А разам зь ёй зьнікаюць і тыя, хто гэтае мастацтва ствараў — архітэктары. Застаюцца аўтары праектаў.
    Вось мае думкі з нагоды нядаўна ўбачаных двух менскіх навабудаў. Гэта гандлёвы цэнтар «Замак» і новы Палац незалежнасьці.
    Гандлёвы цэнтар «Замак»
    Думка пра тое, што ў Беларусі памірае архітэктура, прыйшла мне ў галаву два месяцы таму адразу, як толькі я ўпершыню ўбачыў гандлёвы цэнтар «Замак» на праспэкце Пераможцаў.
    А якая яшчэ можа нарадзіцца думка, калі вы бачыце будынак 2013 году, а ў яго над гатычнымі стральчатымі вокнамі ідзе раманская аркатура з раманскімі ж зубцамі-блянкамі на вежы?! (здымак №2)