Мой Картаген
Сяргей Абламейка
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 316с.
2015
Чалавек пачаў траціць упэўненасьць у сваёй карціне сьвету. Ён стаў яшчэ больш уважліва прыглядацца да стужак навінаў, яшчэ больш часу праседжваў на інфармацыйных сайтах і ля экрана тэлевізара, бясконца пераключаючы каналы краіны У, каб дабраць усё ж ладу, што адбываецца і чаму. I чаму менавіта так, а не іначай. Адказу не было. Тады ён стаў пытацца ў знаёмцаў з краіны У, прасіў патлумачыць, чаму іх вайскоўцы не страляюць у вайскоўцаў краіны Р, дарма што тыя як захопнікі прыйшлі на іх тэрыторыю. Але цямнага адказу не было і тут. Калегі паціскалі плячыма і — хто больш упэўнена, а хто менш — казалі пра заклікі сяброў з Захаду ўстрымацца ад гвалту, пра вычэкваньне часу да выбараў, маўляў прыйдзе новы прэзыдэнт, то ўжо ён дасьць захопнікам з усходу належнага адлупу; хтосьці казаў пра слабасьць войска, раскраданьне дзяржаўнага скарбу, карупцыю...
Але чалавека гэта не пераконвала, нешта тут было іншае, глыбокае і схаванае. Страціўён сон і супакой, страціў упэўненасьць у сабе. А тут яшчэ і яго ўласная краіна С пачала падкідваць сушнячку ў цяпельца сумневаў і згрызотаў. Чалавек дзень пры дні на замежных радыёхвалях слухаў апытаньні людзей з розных гарадоў сваёй краіны. I настрой ягоны горшаў. Суайчыньнікі казалі, што краіна Р забрала тое, што ёй належыць, што ў сталіцы краіны У да ўлады прыйшлі фашысты і нацыяналісты, што кіраўніцтва краіны Р усё правільна робіць, што Захад са сваімі санкцы-
ямі хай нават ня сунецца, што ў нас, у краіне С такога ня будзе, бо ў нас бацька і парадак і ўсё такое іншае.
I пачаў тады чалавек думаць пра людзей і краіны ў ягонай частцы сьвету. I стаў рабіць страшныя высновы. Да прыкладу, зразумеў ён, што ў ягонай краіне і ў суседніх нічога не закончылася і нічога новага не пачалося, усё толькі працягваецца. А пад краінай Р у ягонай сьветабудове мелася на ўвазе краіна Русія, пад краінай У — Ускраіна, якую яшчэ называюць МалаРусіяй, а пад яго ўласнай краінай С — СьветлаРусія.
Пачаў наш чалавек адкрываць сабе вочы на свой народ і сваю краіну, як і на суседнія. Стаў ён думаць, што народ ягоны жыве як трава — дзьме вецер, трава калышацца, куды дзьме — туды хіліцца. Пакосяць яе — адрасьце зноў. Шмат косяць — менш зь зямлі вытыркаецца, баіцца новых пакосаў. А некалі ж тая трава буяла, не раўнуючы раскашавала, каліва да каліва былі стромкія, стойкія ды высокія. Але пакосаў было аж зашмат, як нідзе. I з часамі штораз болей каліваў заставаліся пры зямлі, усё менш іх імкнулася да сонейка і блакітнага небачка. А тыя, што вытыркаліся, мусілі прыгінацца, каб не патрапіць пад касу суседзкую.
Але бяда адна ня ходзіць. Суседзі з усходу і захаду пакосамі не здаволіліся. Пачалі хвалямі завозіць сваё насеньне, каб перабіваць траву сьветларусіянскую. I не бяз посьпеху. А яшчэ пачалі за-
ліваць траву чалавечую сваёй ідэйнай вадзіцаю, каб калівы болей да іх хіліліся. I таксама ім тое пашчасьціла. Шмат каліваў сталі адмаўляцца ад сваёй зямлі-краіны і зракацца свайго назову.
I сталася так, што людзей-травы ў краіне сьветларусіянскай стала расьці-нараджацца трох кшталтаў. Былі людцы маленькія, людцы сярэднія і людцы высокія. Высокіх стала радзіцца зусім мала, троху болын было сярэдніх, але болей за ўсё раджалася людзей маленькіх, не раўнуючы нізкіх каліваў, што і выжылі адно дзякуючы таму, што не захацелі расьці і вытыркацца. А пакосы ўсё доўжыліся, ідэйная вадзіца суседзкая ўсё лілася на галовы маленькіх, адрываючы іх ад карэньня апошняга.
I тут здарылася свабода — разваліўся Зьвяз Рэспублік, у які разам зь іншымі ўваходзіла СьветлаРусія. I сталі правадыры ўдаваць дэмакратыю і выбары наладжваць. А каго болей за ўсё ў краіне? Вядома, маленькіх людзей — нізкага каліва. I каго ж яны абраць могуць? Толькі такога, як самі. I абралі. I ня толькі ў СьветлаРусіі, але і ў Русіі, і на Ўскраіне. I слухаюць іх песьнібайкі, і цешацца, і любяць таго, каго правадыры любяць, і ненавідзяць таго, каго правадыры ненавідзяць.
А калівам-людзям высокім няма куды падзецца. Большасьць ідзе ў пісьменьнікі ці ў журналісты. Сярэднія калівы затаіліся, прыгнуўшыся. Ці мала тых і тых паехала куды далей, за мяжу, за акіян. Маленькія толькі жывуць,
і цешацца, і памнажаюцца. Але ня толькі. Яны яшчэ і ў эліту зьнясіленай пакосамі краіны актыўна прабіваюцца, пасьля сядзяць там, творы ствараюць і ўдаюць калівы высокія. Сядзяць і ва ўрадзе.
I так ня толькіў СьветлаРусіі, але і ва Ўскраіне, і ў Русіі, якую яшчэ Большай Русіяй завуць. Усюды маленькія калівы-людцы дамінуюць і манеру свайго жыцьця іншым навязваюць.
Думаў так наш чалавек і бедаваў. Ды ня ўсё яшчэ гэта было. У сваіх пабудовах думкі недахоп чагосьці істотнага стаў яму вычувацца ды бачыцца. Яшчэ нешта болын глыбокае і схаванае стала мроіцца яму ў навакольных людцахкалівах. Ці то гены тут знайшліся агульныя, ці то хвароба спадчынная, ці то пошасьць ідэйная пакасіла людзей-траву кшталту нізкага?
Стаў здагадвацца чалавек, што краіна У не змагла адказаць на навалу краіны Р праз сваю бяду, і што бяда тая — як і ў СьветлаРусіі. Там таксама і пакосы былі, і насеньне завозілі, і вадзіцай ідэйнаю абалонь залівалася. Зразумеў чалавек таксама, што вадзіца, якую лілі апошнія гадоў 300 з усходу — ня толькі з ідэйкамі была, але й зь вірусам РПЦ або Русіянскай Правільнасьці Царкоўнай. Вірус той невылечную мутацыю пад назвай «русіянства» выклікае і дзейнічае на ўсе без разбору калівы — і малыя, і сярэднія, і вялікія. I хвароба тая ўжо далёка зайшла. Адно высокія на Ўскраіне супраціўляюцца і троху сярэдніх у сталіцы і на захад ад яе, дзе пакосаў і
залівак было ня так шмат. Астатнія сярэднія затаіліся, а маленькія на ўсходзе да сваіх усходніх братоў-пацыентаў цягнуцца. I зразумеў ён, што дацягнуцца.
Зразумеў таксама, што ва ўсіх трох краінах бунт адбываецца — бунт маленькіх людзей, паўстаньне нізкага каліва. I бунт гэты з той хваробай наўпрост завязаны. Хвароба дзіўная, выклікае нецярпімасьць і нянавісьць да іншага, a таксама патрэбу хлусіць і хлусьні верыць. Вось чаму правадыры краіны Р хлусяць, здагадаўся ён. I вось чаму яны на ўсходзе Ўскраіны свае антэны тэлевізійныя ўсталёўваюць — каб хлусіць ня толькі сваім калівам, але і тым, каго зьбіраюцца да сябе забраць. Нізкія калівы ўскраінныя спрэс усяму, што з тых антэнаў гавораць, вераць.
Зразумеў чалавек, што ягоная краіна С чыста ўся, як усход Ўскраіны. I што каб прыйшла сюды вялікая Р са сваімі танкамі ды балалайкамі, дык ці ня ўся трава СьветлаРусіі затрымцела б радасна. Некалькі сотняў (ці тысяч) высокіх каліваў і які мільён-два сярэдніх увагнуліся б, папрысядалі б дый скарыліся.
I заплакаўтады наш чалавек, бо зразумеў, што пошасьць гэта а) невылечная, б) што стрымаць яе ніхто ня можа. Невылечная яна таму, падумаў ён, што вунь, у іншай суседцы — краіне Паляніі, ля гораду Белы Стак таксама расьце троху сьветларусіянскіх каліваў. Там нібы вальней заўсёды жылося, менш пакосаў і менш залівак з усходу было. Але і там нашы калівы праз русіянскую
правільнасьць царкоўную сталі нізкімі. Ды ня проста нізкімі, а найніжэйшымі, найрусіянейшымі. Чалавеку было нават дзіўна — людзі нібыта на захадзе жывуць, сярод моцных каліваў і здаровых дажджоў, а такія праўсходнія, што самі ў пятлю лезуць і галовы сваіх пабрацімаў з астатняй СьветлаРусіі туды ж пхнуць.
А стрымаць тую навалу, што хваробу сваю нясе, магла б сябрына краін на Захадзе. Ды ня можа. Бо сядзіць на градах шчодра ўгноеных, плёну шмат мае, ураджаі вялікія зьбірае і баіцца лішні раз паварушыцца дзеля некага. Угнаеньні ёй завозяць з Русіі, якая сама настолькі гаспадарыць ня ўмее, што ўгнаеньні тыя сама сабе на карысьць пусьціць ня можа — адно прадае. Калівы-людзі там здрабнелі зусім празь лютыя пакосы стагодзьдзямі, праз ваду РПЦ і праз гарэлку белую, якая русіянскаму ўраду траціну даходу ў дзяржаўны бюджэт прыносіла ўжо ў XVII стагодзьдзі. А Захаду гэта добра, што калівы русіянскія толькі п’юць і ўгнаеньнямі гандлююць. Разьеўся ён настолькі, што пра будучыню зусім ня думае, толькі пра цяпершчыну, маўляў, хай сабе на лесьвіцы нехта лямантуе: «Ратуйце», а я лепш каля тэлевізара паляжу, можа які іншы сусед выйдзе. А ня выйдзе — значыць некаму не пашанцавала... У выніку Р забрала кавалкамі ўсю суседнюю МалаРусію.
Зразумеў чалавек, што Ўскраіну аддалі вялікай Р, аддадуць і ягоную С без шкадобы і ваганьняў.
Неўзабаве так і сталася. Прыйшлі ў СьветлаРусію танкі, прыйшлі і балалайкі. Сядзеў у акупацыі наш чалавек і думаў, што лідэры яго былой краіны, як і лідэры суседніх русіянскіх дзяржаваў, зразумелі гэтую найвялікшую (толькі для высокіх каліваў) таямніцу — маленькае маленькага і патрабуе, а тое, што пры зямлі, да зямлі і хінецца. I ня трэба ім вышыняў завоблачных. Салодкія словы — гэта тыя, што хочуць чуць, a ня тыя, што хочацца вымаўляць...
Задумаўся тады наш чалавек, горка плачучы, што ж рабіць яму ў навале гэтай? Думаў-думаў, плакаў-плакаў — няма выбару. Прыгнуўся тады ён, прысеў на ўсколенцы і пайшоў на ўсход, насустрач нізкім братам-калівам. Балюча было на згібнутых нагах ісьці, моцна хацелася выпрастацца, але неяк даў ён рады і да сталіцы ўсходняй, да Масквы датэпаў. Думаў: прарасьце ён на глебе той, стане русіянінам, навучыцца радавацца іхным радасьцям і душой шырокаю разам зь імі нудзіцца. Яму, сьветларусу, і раней часам здавалася, што хвароба «русіянства» з самой глыбіні стагодзьдзяў ідзе, што сапраўды ёсьць нейкае генэтычнае адзінства травы-каліваў у трох суседніх краінах. Але трапіўшы ў Русію Большую, зразумеў ён, што ў сталіцы іх расьце трава жорсткая, пераважна асот, чартапалох і бадыльле ўсякае. He раслося яму там і не жылося. I ў правінцыю русіянскую падавацца не выпадала, бо там спрэс малое каліва, а ён, нават прыгнуўшыся, калівам ня менш за сярэдняе выглядаў. Ня латва яму было
долу падаць, у правінцыю плыткую, да маленькіх каліваў.
Тады ён уцёк і адтуль. На захад. Ці на ўсход. Залежыць як глядзець. Там таксама яму жылося ня надта, але прынамсі не было вакол шмат русіянскай прапаганды, русіянскай правільнасьці царкоўнай і русіянскіх нізкіх каліваў. Там, на Захадзе-Ўсходзе, мы зь ім і сустрэліся. Пасядзелі дзень-другі за півам ды каваю, так памалу і распавёў ён мне гісторыю сваіх пакутаў, падарожжаў, перажываньняў і сваіх адкрыцьцяў-высноваў пра народ і траву родныя.