• Часопісы
  • Мой Картаген  Сяргей Абламейка

    Мой Картаген

    Сяргей Абламейка

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 316с.
    2015
    46.53 МБ
    Захапленьне Італіяй і Захадам выхавала расейская клясычная гімназія зь яе добрай адукацыяй, якой цяпер не даюць нават гуманітарныя факультэты БДУ. Клясычныя мовы, міталёгія, філязофія. Вэргілій, Дантэ, жывапіс і архітэктура Рэнэсансу. А пасьля Новы час — Гётэ, Бэтховэн, флямандзкі жывапіс, французы. Усё працавала на празаходнія памкненьні расейскіх інтэлектуалаў. Акмэісты наогул задумвалі паяднаць у
    сваёй паэзіі архітэктуру зь літаратурай, для чаго спэцыяльна падарожнічалі па Італіі і Францыі, апісваючы і асэнсоўваючы ў вершах убачаныя помнікі готыкі і рэнэсансу. Быў гэта ня толькі пошук фармалістычны і тэматычны. Найперш, гэта быў іхны, як бы сёньня сказалі, эмацыйны дыскурс.
    Наш Максім Багдановіч быў беларускім адраджэнцам і, адначасова, постацьцю расейскага Срэбранага веку, бо вучыўся ў клясычнай гімназіі, чытаў сымбалістаў і акмэістаў, захапляўся імі, і, натуральна, быў іх пасьлядоўнікам-спадкаемцам, а лепш сказаць — аднадумцам і калегам. Гэта быў вялікі шанцунак для Беларусі, што Адам Багдановіч адвёз сына ў Расею. 3 1902 да 1911 году наш паэт вучыўся ў мужчынскай гімназіі спачатку ў Ніжнім Ноўгарадзе, а пасьля ў Яраслаўлі. Якраз з расейскай гімназіі Максім вынес захапленьне антычнымі літаратурамі Грэцыі і Рыму, любоў да лацінскай мовы, а таксама добрае веданьне моваў нямецкай і францускай. Таму ён і перакладаў Гарацыя, Авідыя, Вэрлена, Вэрхарна, Арвэра, Шылера і Гайнэ. Але наш Максім у нас адзін, а ў расейскай літаратуры тады працавалі дзясяткі творцаў яго кшталту.
    Расейская гімназія працавала так магутна, што перацягнула ў расейскую культуру і нацыянальнасьць украінцаў Ахматаву, Валошына і Катаева, спольшчаных беларусаў Хадасевіча і Алешу, габрэяў Мандэлыптама, Пастэрнака, Ва-
    лынскага і яшчэ шмат каго... Дзякуй богу, што наш Максім застаўся беларусам.
    Навошта нам Срэбраны век?
    Сёньня Беларусь сілаю адрываюць ад яе заходняй спадчыны. Гістарычна Беларусь мела заходне-ўсходні характар культуры, які сынтэзаваўся ў Уніі, мела заходнія дзяржаўныя інстытуты, і доўгі вопыт кантакту з заходняй цывілізацыяй, захоўваючы свае ўсходнехрысьціянскія асаблівасьці. Цяпер гэта сіламоц замоўчваецца, праваслаўнасьць падкрэсьліваецца, і акцэнт робіцца на так моцна любімай сучаснымі расейскімі ўрапатрыётамі ды імпэрыялістамі ідэі «трыадзінай Русі», на «праваслаўнай усходнеславянскай цывілізацыі» і на «рускім сьвеце».
    3 усходу нам сёньня кажуць, што ва ўмовах сьмерці Захаду, «самагубства» заходняй цывілізацыі праз паліткарэктнасьць і эмансыпацыю сэксуальных мяншыняў, «праваслаўная ўсходнеславянская цывілізацыя» зьяўляецца зарукай палітычнага і духоўнага сувэрэнітэту «ўсходніх славян». Насамрэч, вядома, гэта ідэя імпэрская і крывадушная. Няма ніякай «праваслаўнай усходнеславянскай цывілізацыі», ёсьць расейская традыцыя чарнасоценства і цемрашальства, зь якой змагаліся дзеячы Срэбранага веку, якой яны пагарджалі.
    Мне зразумела, што ў Беларусі свой шлях, трэці — не заходні, і не расейска-праваслаўны.
    Мы іншыя. Мы можам захаваць здаровы хрысьціянскі кансэрватызм сваёй гістарычнай традыцыі, зьвязанай у значнай ступені з хрысьціянскім усходам (але ня чыста праваслаўны), і, адначасова, зрабіць крок да Захаду і яго культуры, улічваючы свой гістарычны досьвед і лёс.
    Я, вядома, не заклікаю мяняць веравызнаньне. Я проста лічу, што вопыт Срэбранага веку і жыцьцёвы ды інтэлектуальны прыклад творцаў таго часу для цяперашняй Беларусі ўсё яшчэ актуальны. Гэта — тое самае галоўнае і, магчыма, адзінае, што нам варта браць з расейскай культуры. Гэта — наша неабжытая спадчына, бо мы валодаем расейскай мовай, мы былі часткай гэтай краіны на працягу больш чым 200 гадоў і можам выкарыстаць вопыт яе інтэлектуалаў ды іх творчы даробак. Яны ўжо прайшлі гэты шлях. У нас ён — яшчэ наперадзе, бо нельга паступіць ва ўнівэрсытэт, ня скончыўшы школы. Гэты вопыт для нас цікавы яшчэ і таму, што ў адрозьненьне ад Расеі, заходняя частка нашай гісторыі і культуры падспудна, падсьвядома ў нас саміх жыве, яна проста схаваная пад грузам савецкай неадукаванасьці і за ідэалягічнымі наслаеньнямі апошніх дзесяцігодзьдзяў.
    I ў часы Срэбранага веку ў Расеі існавала так званая новасялянская плынь у паэзіі — Мікалай Клюеў, Сяргей Клычкоў, Сяргей Ясенін, Сяргей Гарадзецкі. Гэта былі нацыяналісты-славянафілы, якія славілі «Русь мзбяную». У нашай жа паэзіі паэтаў такога пляну праз усё XX стагодзь-
    дзя было непараўнана больш, а знаўцаў эўрапейскай культуры можна пералічыць на пальцах адной рукі...
    Для сучасных маладых пісьменьнікаў і паэтаў гэта можа стаць і добрай самаадукацыяй, і творчым даробкам — перакласыді на беларускую мову па кніжцы найлепшых творцаў расейскага Срэбранага веку. А там, глядзіш, нехта зь іх і за якасныя пераклады антычных і рэнэсансных аўтараў — першакрыніцы творчага натхненьня паэтаў Срэбранага веку — возьмецца. У нас тых перакладаў і выданьняў вобмаль, тоё-сёе загінула пры арыштах 30-х, а бяз добрай антычнай бібліятэкі на нацыянальнай мове, культура — не зусім культура.
    Карацей, калі адказваць на пытаньне, пастаўленае ў загалоўку, то мой адказ такі: з расейскай культуры нам варта ўзяць Італію, Рэнэсанс і Антычнасьць.
    2 сьнежня 2013 году.
    СЬМЕРЦЬ АРХІТЭКТАРА
    Дэфлярацыя Менску
    Ехаў я ў палове сакавіка 2013 году па праспэкце Незалежнасьці ў Менску ў бок вакзалу. У раёне Пляца Перамогі душа адчула дыскамфорт, нешта нябачна пачало замінаць, муляць вока. Адразу ж за Круглай* перад цыркам я раптам убачыў шэрую шматпавярховую аграмадзіну, якая цалкам закрыла пэрспэктыву на схіл ад Гарадзкога сквэру — ваколіцы былога будынку ЦК КПБ, Дому афіцэраў, цэкоўскі дом прыступкамі на схіле... У Менску я ня быў зь верасьня. Аказалася, гэта будуюць гатэль на месцы нэагатычнага будынку першай менскай электрастанцыі пазамінулага стагодзьдзя... Крах.
    Праз усё XX стагодзьдзе савецкаму архітэктару было значна лягчэй зьнесьці ў цэнтры гораду нейкі непрыкметны (а часам вельмі нават прыкметны) гістарычны дамок і пабудаваць на яго месцы нешта новае, чым убіцца з навабудам у зону «зялёных насаджэньняў». Гэта было табу, санітарныя нормы (!) ніяк не дазвалялі такога свавольства. I вось у сёньняшнім Менску стала магчымым і такое.
    * Колішняя народная назва Пляца Перамогі.
    Нават тыя, хто бараніў Менск гістарычны, не маглі не прызнаць, што многія мясьціны адноўленага пасьля вайны савецкімі архітэктарамі гораду былі стылёва і эстэтычна вытрыманыя і прывабныя. Адным з такіх месцаў была пойма Сьвіслачы ў раёне паркаў Горкага і Янкі Купалы. Там было хараство пэйзажу і, што яшчэ больш важна, хараство пэрспэктывы.
    I вось цяпер цнатлівы пэйзаж поймы Сьвіслачы ў Менску згвалцілі. У галаву прыходзіць слова «дэфлярацыя». Гвалтоўная дэфлярацыя некранутай яшчэ цяперашнімі «ўмельцамі» часткі савецкага Менску... (здымак №1)'
    ***
    Праблема пэрспэктывы ў горадзе можа вырашацца па рознаму. У старых, гістарычных гарадах Эўропы пры цеснаце забудовы важна было разьмясьціць дамінанты на ўзвышшах або на пляцах, якія завяршалі сабой пэрспэктывы вуліц. Напрыклад, у Празе пасьля аднаўленьня незалежнасьці краіны ў 1918 годзе чэскія архітэктары збудавалі на ўзвышшах паўдзясятка нэагатычных храмаў, якія завяршаюць сабой пэрспэктывы важных вуліц. У некаторых выпадках (Вышаград) такая нэагатычная чорная дамінанта завяршае сабой пэрспэктыву вуліцы, якая сама
    * Нумары здымкаў тут і далей даюцца паводле іх нумарацыі на ўклейцы.
    па сабе, фізычна, знаходзіцца вельмі далёка, за шырокай рэчкай.
    У паваенным Менску архітэктары мелі разьвязаныя камуністычным кіраўніцтвам рукі і ня мелі ніякага рэспэкту да гістарычнай гарадзкой забудовы. Але яны ў большасьці мелі густ. Нашаму праспэкту цяжка адмовіць у стылёвасьці. Нядрэннымі былі і пэрспэктывы, якія адкрываліся з поймы Сьвіслачы ў розныя бакі. I вось у адну з гэтых пэрспэктываў усадзілі аграмадны шэры бэтонны зуб...
    I ня важна, што ў поймах рэчак не прынята будаваць высокія дамы, што парушаюцца там нейкія санітарныя нормы, што нішчацца выгляды і пэрспэктывы. Хто ж тут і каму так шмат плаціць?
    Мне было падумалася, што не знайшлося ў Менску сьмелага прафэсара архітэктуры, які б прабіўся да Лукашэнкі і сказаў: паглядзіце А.Р., з праспэкту будзе зусім не відаць вашай рэзыдэнцыі... Але мяне асадзіў калега — ён нагадаў, што для А.Р. цяпер будуецца новая рэзыдэнцыя, бліжэйшая да Драздоў, і на віды на сваю старую рэзыдэнцыю яму, хутчэй за ўсё, напляваць.
    ***
    Тое, што пачало будавацца ў цэнтры Менску пачынаючы зь мяжы 1970-80-х гадоў — гэта антыкультура. Была яна ў старым цэнтры і раней. Дастаткова згадаць пра праектны (!) інсты-
    тут на былой Школьнай і перабудову езуіцкага касьцёлу пад спартовы комплекс. Але тое, што пачало рабіцца ў апошнія дзесяцігодзьдзі, наогул ня мае прэцэдэнтаў. Вось толькі некаторыя з «шэдэўраў» нашай антыкультуры.
    Змрочная шумерская аграмадзіна Палацу рэспублікі, якая прыдушыла сабой, падмяла пад сябе Верхні горад...
    Гандлёвы дом на Нямізе, які разарваў рэшткі Старога гораду, аддзяліў Ракаўскае прадмесьце ад іншых старых кварталаў.
    Аграмадны паркінг на Нямізе са зьдзеклівай візуальнай алюзіяй на той двухпавярховы габрэйскі дамок з гадзіньнікам, што стаяў на рагу Камсамольскай і Няміскай.
    Вераломна пабудаваны на месцы падмуркаў дому Максіма Багдановіча кватэрны гмах Чыжа, што зьнішчыў сабой пэрспэктыву Траецкага прадмесьця.
    I нарэшце хмарачос на скапаным у 1950-я гады Замчышчы, які забіў сабой магчымасьць аднаўленьня Старога гораду і вычварным, інфэрнальным чынам завяршыў пэрспэктыву вуліцы Леніна (!). Гэты цьвік у труну Старога гораду ў Менску бачны нават з гарадзкіх ускраінаў.
    Я разумею, што мы ніколі не былі ў архітэктурным сэнсе на першых ролях — ні ў мінулыя стагодзьдзі, ні ў савецкі час. Бо мы ніколі, па вялікім рахунку, не былі культурна моцныя. Напрыклад, у 1920-я гады і ў Беларусі, і ў Чэхаславаччыне вяліся пошукі нацыянальнага стылю ў архітэктуры.
    У нас гэтыя пошукі скончыліся ўсяго толькі сьціплым і ніколі не ажыцьцёўленым праектам менскага вакзалу і даваеннымі карпусамі БДУ. A вось у чэхаў зьявіліся фантастычныя шэдэўры рондакубізму — дамы-палацы, перад якімі ад зьдзіўленьня і захапленьня займае дух...
    Тым больш мы павінны былі б калаціцца над кожным старым каменьчыкам, які дастаўся нам ад продкаў. Але замест гэтага ў нас калоцяцца над «інвэстарам»...