• Часопісы
  • Мой Картаген  Сяргей Абламейка

    Мой Картаген

    Сяргей Абламейка

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 316с.
    2015
    46.53 МБ
    I Малія, і Бэзансон згодныя, што камунізм не выцякаў з нацыянальнай прыроды Расеі. Але Бэзансон трапна заўважае, што якраз камунізм валодае інфэрнальнай здольнасьцю неверагодна
    абвастраць у нацыянальным характары і нацыянальных формах дзяржаўнага кіраваньня самыя горшыя рысы. Камунізм ня толькі затармазіў разьвіцьцё Расеі, ён зь неверагоднай хуткасьцю і сілай абвастрыў усё тое кепскае, што эўрапейцы заўважалі ў расейскім дзяржаўным уладкаваньні і ладзе жыцьця. Малія піша, што ніколі Расея не стаяла так блізка да Эўропы, як у 1913 годзе. Прайшло ўсяго пяць гадоў, і аказалася, што ніколі яна не была такою ад Эўропы далёкаю. На зьмену некалькім тысячам вязьняў прыйшлі мільёны, на зьмену некалькім тысячам супрацоўнікаў тайнай паліцыі — мільёны гэбістаў, на зьмену звычайнай хлусьні — хлусьня плянэтарнага, усяленскага маштабу, якая стварыла, фактычна, іншую рэальнасьць. Камунізм давёў да жахлівай мяжы ўсе рысы расейскага характару, як гэта сталася і ў Кітаі пры Мао Цзэдуне.
    Усе доўгія 70 гадоў камуністычная ўлада СССР была апантаная імкненьнем «дагнаць і перагнаць» Захад. Справа скончылася тым, што яна пабудавала дзяржаву некапіталістычную і ультра-расейскую.
    Але і пасьля распаду СССР аказалася, што хлусьня ў Расеі жывая і захоўвае свае старыя пазыцыі. Былыя камуністы-апаратчыкі і генэралы адміністрацыйнай эканомікі вокамгненна ператварыліся ў дэмакратаў-рыначнікаў, якія зь вялікім спрытам сталі выдаваць уласнае ўзбагачэньне за прыватызацыю, засваеньне крэдытаў МВФ і заходніх банкаў. Усё гэта, паводле Бэзан-
    сона, сьведчыць, што яны па-ранейшаму дасканала валодаюць сваім старажытным рамяством і хлусяць іншаземцам так жа ўдала, як і раней.
    Які шлях Расея выбірае
    I Малія, і Бэзансон згодныя, што Расея больш ніколі ня вернецца да камунізму. Але праблема палягае ў тым, што яна ад камунізму цалкам не ачысьцілася, не забыла яго і не пракляла. Помнікі Леніну на плошчах гарадоў і яго мумія ў цэнтры Масквы некранутыя. Камунізм успрымаецца ў Расеі ня як паталягічная, злачынная памылка, але як адзін з пэрыядаў расейскай гісторыі, у якім было і добрае, і дрэннае. Расея амніставала камунізм, а Захад, які ратыфікаваў гэтую амністыю і падзяліў з Расеяй яе бяспамяцтва, таксама нясе сёньня адказнасьць за тое, што адбываецца.
    Абодва нашы гісторыкі згодныя ў тым, што існуе толькі адзін шлях, па якім Расеі варта было б ісьці — шлях эўрапеізацыі, рэфармаваньня на заходні лад. Аднак Бэзансон піша, што гэтая мэта ўяўляецца яму амаль недасяжнай. Ён піша, што калі багацьця Заходняй Нямеччыны не хапіла, каб дацягнуць да свайго ўзроўню Нямеччыну Ўсходнюю, дык усяго багацьця сьвету ня хопіць на тое, каб перамяніць Расею. У сваёй грунтоўнай акадэмічнай рэцэнзіі на кнігу Малія «Расея вачыма Захаду», якую я зрабіў адной з асноўных крыніц для напісаньня гэтага тэксту, Бэзансон несуцяшальна піша:
    «Камунізм у Расеі панаваў так доўга таму, што ставіў сабе на службу некамуністычныя інтэлектуальныя сілы, самы абмежаваны нацыяналізм і самую фанатычную рэлігію. Гэты сплаў існуе дагэтуль, і тое, што сёньня называецца Камуністычнай партыяй, ёсьць ні што іншае, як бязладнае зьмяшэньне гэтых трох элемэнтаў. Занадта доўга трэба чакаць таго часу, калі Расея зробіцца краінай па-сапраўднаму эўрапейскай, а пакуль тое, ёй зноў можа захацецца выкарыстаць клясычныя спосабы кампэнсацыі “адставаньня” і зьвязанага зь ім адчуваньня непаўнацэннасьці. Некаторыя легкаверныя людзі сур’ёзна спадзяваліся, што ў Расеі вось-вось наступіць “хрысьціянскае адраджэньне”. Замест гэтага ў Расеі на нашых вачах выбудавалася царкоўная герархія значна больш прадажная, нецярпімая і сэктанцкая, чым расейская царква да 1917 году. Імпэрыя распалася, гэта вельмі добра для Расеі і можа прынесьці ёй вялікую карысьць. Аднак людзі, якія цяпер жывуць у Расеі, па-ранейшаму мараць пра ўваскрашэньне імпэрыі, і самыя спрытныя дыпляматы, гэтак жа, як і самыя вопытныя супрацоўнікі “органаў”, таемна рыхтуюць яе аднаўленьне. Існаваньне незалежнай Украіны здаецца большасьці расейцаў ненатуральным кашмарам, ад якога яны вось-вось прачнуцца. Нарэшце, гатовая ўступіць у свае правы і хлусьня...»'
    * Ален Безансон. Россмя — европейская страна? http:// www.strana-oz.ru/2004/5/rossiya—evropeyskaya-strana#sl
    Гэта напісана больш за дзесяць гадоў таму. У нашы дні, у 2014 годзе, гэта ўсё ўжо здарылася і стала сумным пацьверджаньнем неверагодных, бліскучых аналітычных здольнасьцяў Алена Бэзансона і яго настаўніка — Марціна Малія.
    Малія заклікаў Захад паважаць даўняе і ўпартае імкненьне Расеі зблізіцца з Эўропай, злучыцца зь ёй. Але Бэзансон кажа, што форма і роля расейкай дзяржавы, форма і сутнасьць расейскага рэлігійнага пачуцьця заўсёды заміналі Расеі дасягнуць гэтай мэты. He гісторыкам вырашаць, належыць Расея да Эўропы або не (спрэчка пра гэта доўжыцца ўжо тры стагодзьдзі). Гэта павінна вырашыць сама Расея. Затое расейская гісторыя, піша Бэзансон, вучыць ня верыць ёй на слова, варта меркаваць толькі па справах.
    16 траўня 2014 году.
    Як даўно Расея хлусіць
    Пасьля анэксіі Расеяй украінскага паўвострава Крым сьвет быў уражаны ўпартай і нахабнай хлусьнёй расейскай прапаганды, якая не спыняецца і дагэтуль. Мне ўжо давялося пісаць пра тое, каму Расея хлусіць, і чаму яна хлусіць. Але маштабы расейскай прапаганды, яе ўменьне фальсыфікаваць факты і складаць праўду і ману ў выгодныя для сябе камбінацыі вымагаюць і трэцяга тэксту — пра тое, як даўно Расея хлусіць.
    Засьцярога
    У камэнтарах і аналізах многіх назіральнікаў, асабліва ў суседніх з Расеяй краінах, часта можна сустрэць паблажлівае і нават пагардлівае стаўленьне да расейцаў як да «крохкай імпэрыі перад сконам», «калоса на гліняных нагах», «азіятаў», «сьпітага і дэградаванага народу», які ня можа выставіць дастатковае колькасьці баяздольнага войска і г. д. Гэта вялікая памылка. Насамрэч расейцы ў сілу пэўных асаблівасьцяў сваёй гісторыі і сфармаванага пад яе ўплывам мэнталітэту зьяўляюцца вельмі моцным, рашучым і сьмелым народам. Іх гісторыя паказала, што яны нашмат больш за ўсе суседнія народы здольныя да дзяржаўнага існаваньня, яны стварылі вялікую
    імпэрыю, моцныя армію і флёт, захапілі вялізныя тэрыторыі і заўсёды былі гатовыя ахвяраваць для гэтага асабістымі свабодамі і асабістым жыцьцём. Гэта праўда, што ў сілу цалкам так і не засвоенага за стагодзьдзі хрысьціянства расейцы да нашых дзён не пакаяліся за злачынствы імпэрыі, за шавінізм і за камунізм. Але важна разумець, што імпэрскасьць і шматэтнічнасьць у нашы дні зьяўляюцца ня толькі прыкметай слабасьці, але і крыніцай вялікай унутранай сілы расейскай нацыі і яе ўстойлівасьці. Працэс асыміляцыі працягваецца і ў нашы дні, расейцы ўсмоктваюць у сябе актыўныя гены падбітых народаў. Гэтым яны сапраўды моцна адрозьніваюцца ад усіх сваіх заходніх суседзяў, у тым ліку і ад беларусаў.
    Нехта называе гісторыю настаўніцай жыцьця, нехта кажа, што яна зусім нічому ня вучыць. Але ўкожным выпадку, гісторыя сьведчыць, што ўсё, што адбываецца цяпер, ужо было і раней. Як пра гэта пісаў яшчэ Эклезіяст.
    Мы, напрыклад, зьдзіўляемся, як рашуча і жорстка расейцы правялі эвакуацыю падчас дзьвюх Сусьветных войнаў у XX стагодзьдзі (вываз сотняў тысяч людзей, цэлых заводаў, культурных каштоўнасьцяў), або як яны вывезьлі зь Нямеччыны цэлыя заводы ў 1945 годзе і як цяпер вывозяць з усходу Ўкраіны высокадакладнае абсталяваньне вайсковых заводаў. I забываемся, што так расейцы рабілі заўсёды. Ужо ў XVI стагодзьдзі пры наступленьні ліцьвінскіх войскаў
    (напрыклад, падчас паходу на Вялікія Лукі ў 1580 годзе) расейцы выводзілі нават сельскае насельніцтва ўглыб краіны разам з усім каштоўным, што на тых абшарах было. I ўжо ў XVII стагодзьдзі пры сваіх захопніцкіх паходах у Літву-Беларусь расейцы ня толькі рабавалі і забівалі, але і вельмі акуратна і пэдантычна вывозілі да сябе абсталяваньне, майстроў і тэхналёгіі.
    Так што сапраўды няма нічога новага: «Што было, тое і цяпер ёсыдь, а што будзе, тое ўжо было». Так і з расейскай хлусьнёй.
    Даўнія часы
    Традыцыя расейскай хлусьні сягае ў глыбіні стагодзьдзяў. Каб ня лезьці ў зусім ужо сівую даўніну, пачну з часоў цара Івана IV Жахлівага.
    У часы Інфлянцкай вайны 1558-82 гадоўгэты расейскі манарх вельмі ўдала прымяняў хлусьню, калі цярпеў паразы пад ударамі нашага караля і вялікага князя Стафана Баторыя. У 1580 годзе падчас паходу Баторыя на Вялікія Лукі цар выкарыстоўваў спэцыяльна падрыхтаваных лазутчыкаў, якія «траплялі» ў літоўскі палон і там на допытах расказвалі пра незьлічонае войска хрышчонага татарскага царэвіча Сімяона Бекбулатавіча, якое нібыта ідзе на дапамогу Івану Жахліваму.
    А ў 1581 годзе падчас Пскоўскага паходу Баторыя маскоўскі цар абяцаў папу рымскаму Рыгору XIII прызнаць Флярэнцкую Унію 1439 году і
    злучыць цэрквы, а ўзамен прасіў паспрыяць міру з ВКЛ. Папа паверыў абяцаньням і паслаў езуіта Антонія Пасэвіна пасярэднічаць у перамовах. Гэта была хітрасьць, бо Уніі Масква не прыняла, а мір у студзені 1582 году быў такі заключаны і на даволі выгадных для Масквы ўмовах.
    XVIII стагодзьдзе
    Падчас беларуска-маскоўскай вайны сярэдзіны XVII стагодзьдзя жыхары захопленага расейцамі Магілёва ў 1661 годзе паўсталі супраць акупантаў, цалкам выразалі расейскі гарнізон колькасьцю дзьве тысячы чалавек і вярнулі свой горад у склад Вялікага Княства Літоўскага. Маскоўцы ніколі пра гэта не забывалі і марылі пра адплату 47 гадоў. Нарэшце падчас Паўночнай вайны расейскія войскі ў 1708 годзе занялі Магілёў. На досьвітку 8 верасьня 1708 году ў горад з розных бакоў на загад Пятра I увайшлі аддзелы калмыкаў, татараў і маскоўцаў. Іх задачай было поўнае зруйнаваньне Магілёва. Пачаліся падпалы і парахавыя выбухі. Да канца дня справа была скончана. Самы вялікі, багаты і прыгожы пасьля Вільні мураваны беларускі горад, славянская Вэнэцыя, гандлёвы канкурэнт Данцыга, Рыгі, Вільні і Масквы быў ператвораны ў попел і руіны і ніколі ўжо ня здолеў аднавіцца ў тым выглядзе — далей яму была наканаваная роля занядбанага правінцыйнага места Рэчы Паспалітае і шараговага губэрнскага цэнтру Расейскай імпэрыі.
    Менш чым праз два месяцы пасьля апісаных падзеяў, 6 лістапада 1708 году, Пётар I выдаў «Указ всему малороссмйскому народу», у якім абвінаваціў у разбурэньні Магілёва... швэдаў. Пры гэтым загад аб зруйнаваньні Магілёва Пётар I аддаў генэралу Радыёну Боўру праз свайго ад’ютанта Фёдара Барценева вусна, а абвінаваціў швэдаў у разбурэньні сталіцы беларускага праваслаўя пісьмова, ва ўказе... 3 таго часу і да нашых дзён гісторыкі раз за разам паўтараюць вэрсію Пятра I аб гібелі славянскай Вэнэцыі. Добра, што ў беларускай гістарыяграфіі знайшоўся гісторык (А. Катлярчук), які апісаў гэтую падзею праўдзіва.