Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

Мой сябар Дон Кіхот

Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
50.59 МБ
— Санча Панса сёння невясёленькі. Яму мамачка настрой сапсавала,— чмыхнуў Стасік.
— Чаго маўчыш? — лыпнуў на мяне Валік.
Яму мову адняло. У нядзелю яму заўсёды мову аднімае! — зноў зарагатаў Стасік.
Хлопцы, чаму вы так? — не вытрываў Дон Кіхот.— Тут мы як адна сям’я. Мы ж на дзень народзінаў сабраліся.
— Але, адна сям’я. А ў той сям’і кот і сабака,— свае тры грошы ўткнуў Стасік.
Валіку, відаць, спадабаўся ягоны жарт. Ён адкінуўся на спінку крэсла і затросся ад смеху:
— Кот і сабака!.. Ха-ха-ха... Кот і сабака дружна жывуць. Ха-ха-ха...
Вось каб стукнуць па ножцы крэсла! Няхай ляцеў бы пад стол.
Я абавязкова так зрабіў бы, калі б не пабаяўся, што, падаючы, Валік-таўстун стол перакуліць.
— Вы дужыя хлопцы,— прагаварыў я.
Стасік задаволена ўсміхнуўся.
— He скардзімся. Ёсць сіла.
— Вам толькі мяхі цягаць,— спакойна сказаў я.
Стасік адразу перастаў смяяцца, скрывіўся, нібы яму слон на нагу наступіў. Вядома, на злодзеі шапка гарыць.
— Якія мяхі?
— Звычайныя. 3 ячменем, напрыклад.
Стасік збялеў, а Валік адкрыў рот і зяўнуў, нібы рыба, выцягнутая з вады:
— А-а-а...
Здавалася, вось-вось лопне з натугі. Дайшло, хоць і галава дубовая.
Я знарок надзьмуў шчокі.
— Ух і цяжка цягаць мяхі з ячменем!
Валік зноў зяўнуў:
— А-а-а...
Сядзіць як курыца на яйках.
Да Валіка падскочыў Дон Кіхот.
— Што з табою?
Валік замахаў галавою, як конь у гарачыню.
— Нешта ў горла трапіла. Быццам засела там... Прайшло! Ужо прайшло.
— Ты пра якія мяхі кажаш? — спадылба зірнуў на мяне Стасік.
А сам то адною, то другою рукою пот з ілба выцірае, быццам мыецца. He любяць, калі супроць шэрсці гладзяць. Падціснулі хвасты. Кпіць з мяне надумаліся! Я вам не Дон Кіхот. Лягчэй на паваротках. He з вашымі лыткамі ў крапіву лезці.
— Проста так сказаў,— прамовіў я. Вырашыў да канца не раскрываць свае карты.— Для параўнання. Разумееце? Каб паказаць, што вы дужыя. He скажаш жа: «Вам толькі камяні цягаць».
— Проста так? — нарэшце з’явіўся голас у Валіка.
— Чаго вочы вытрашчылі? — працягваю, перайшоўшы ў наступленне.— Грошы ў вас пазычыў?
— Проста так,— сказаў Стасік.
Цяпер і я даў волю смеху:
— Ха-ха-ха... Вы проста так, і я проста так! Ха-ха-ха... Усё ў нас сёння проста так.
— Ха-ха-ха...— падхапілі за мною Стасік і Валік.
I Дон Кіхот усцешыўся.
— Вось весела! Малайцы! Ха-ха-ха...
Я на Стасіка і Валіка пазіраю, смяюся. Яны на мяне зыркаюць і смяюцца. А Дон Кіхот, на нас гледзячы, радуецца. Мне прыемна, што напалохаў Стасіка і Валіка. Яны стараюцца не паказаць, што трасуцца ад страху. А Дон Кіхоту здаецца, што нам весела. Цешыцца...
Хлопцы, хлопчыкі,— прагаварыў Дон Кіхот, паціраючы рукі,— я калонкі ўключу, класічную музыку паслухаеце.
Стасік з Валікам усталі з-за стала.
— Куды вы? — кінуўся да іх Дон Кіхот.— Няўжо дамоў сабраліся? Пабудзьце. Класіку паслухаеце.
Ледзь не цалуе, ледзь не абдымае сваіх непрыяцеляў.
— На стале чагосьці не стае,— нечакана заявіў Стасік.
— Угу,— пацвердзіў Валік.
— Чаго? Чаго? — захваляваўся Дон Кіхот.
Я рот адкрыў, слухаю.
— Яечні не хапае,— ухмыльнуўшыся, сказаў Стасік.
Пра гэта і я хацеў сказаць,— кіўнуў Валік.
— Вы любіце яечню? — усклікнуў Дон Кіхот.
Стасік аблізнуўся.
— Яшчэ як!
— Будзе яечня. Зараз газ уключым і падсмажым,— паведаміў Дон Кіхот.
Давай на пліце падсмажым,— прапанаваў Стасік.— Калі пліта ці печка гарыць, у хаце ўтульней. Мы пры стале сядзім, а ў кухні дровы трашчаць!..
— Можна і на пліце,— пагадзіўся Дон Кіхот.
Пайшлі яны на кухню, а я ў пакоі застаўся. «Яечні ім захацелася! Няхай смажаць. Калі яечні наядуцца, то менш торту з’ядуць»,— думаю. А сам то з аднаго боку торт калупну, то з другога.
Раптам Валік выкаціўся з-за парога, як з патэльні блін.
У руках талерку з яечняй трымае. Падскочыў да мяне.
— Пальчыкі абліжаш!
А за ім Дон Кіхот ідзе, хваліць:
— За вушы не адцягнеш!
Радуецца, як малы.
Стасік дык на крэсла сеў, зірнуў на мяне як воўк на авечку і сказаў:
— Трашчаць дровы, патрэскваюць!..
Пра ячмень яму хацеў нагадаць, а бабка Волька тут як тут. На галаве новая хусцінка, у руках вялікі пакунак. Сама, здаецца, на дзесяць гадоў памаладзела.
— Гасцей з усіх валасцей! Цукерак вам прынесла. Частуйцеся. За гасцямі і нам добра.
— Цукеркі мы ў талерку пакладзём і на стол паставім,— прапанаваў Дон Кіхот.
— Я талерку прынясу! — ускочыў Стасік.
— Прынясі, унучак,— кіўнула бабка Волька.
Стасік збегаў на кухню, прынёс талерку, паставіў яе на стол і прагаварыў:
— Сыпце. Усе ўлезуць. З’ямо.
I так на мяне зірнуў, што млосна стала. «Прыкідваецца добранькім! — падумалася.— Як воўка ні кармі, ён усё ў лес глядзіць».
Дон Кіхот узяў у бабкі Волькі пакунак і цукеркі ў талерку пачаў класці, стараючыся, каб прыгожа выйшла. A мы пазіраем, стаіўшы дыханне.
I тут на кухні як гром з яснага неба: бах! Нібы з вінтоўкі стрэлілі.
Бабка Волька ўсклікнула:
— Авой!
Мне здалося, што Стасік усміхнуўся ў рукаў. Ды пра гэта не было калі думаць, бо на кухні яшчэ двойчы бабахнула: бах! бах!
Бабка Волька, як і першы раз, усклікнула:
— Авой!
— Стра-ля-юць! — працягла вымавіў я.
— Бах! Бах! Бах! — пачулася некалькі разоў.
— Бабка Волька, у вашай пліце снарады ляжаць! — крыкнуў Стасік.
— Снарады? — бабка Волька так і села на крэсла.
— Вы тут заставайцеся, а я на кухню! — гукнуў Дон Кіхот.
Бабка Волька (не ведаю, адкуль у яе сіла з’явілася) ускочыла з крэсла і схапіла яго за рукаў.
— He пушчу! Заб’е!
Усё-такі вырваўся Дон Кіхот — і маланкаю на кухню. Ну і мы ўсе за ім. Хіба ўседзіш? А на кухні — бах-ба-бах, бах-ба-бах!..
Дон Кіхот адчыніў дзверцы ў пліце. Што ж, думаеце, там убачылі? Ампулы з лекамі. Некаторыя разарваліся. Вось яны і стралялі так гучна.
Пліту разарве! — падняла крык бабка Волька.
Дон Кіхот адштурхнуў нас, схапіў вядро з вадою і плюхнуў у пліту раз, другі. Пякучы дым папоўз па хаце...
— Акно, акно адчыніце! — папрасіла бабка Волька.
Я адчыніў акно. А дым, нібы бязлітасны змей, сцелецца і па столі, і па падлозе.
— Бабка Волька, вы ампулы ў пліту кінулі? — запытаўся Дон Кіхот.
— Я іх не купляла! — замахала рукамі бабка Волька.— Я не памятаю, калі ў доктара была. Мне ні адзін зуб ніколі не балеў.
— Запрасілі на дзень нараджэння, а самі страляніну ў хаце распачалі! — папракнуў Стасік.
— Гэта яны салютавалі нам,— са здзекам падхапіў Валік.
— He думала я, што так будзе! He думала! — пляснула рукамі бабка Волька.
Стасік і Валік павярнуліся і выйшлі з хаты. Як гаворыцца, і дзякуй не сказалі, і ў руку не плюнулі.
Нечаканая разгадка
Мінула некалькі дзён. Я не забыўся пра тую страляніну ў хаце. Хто і чаму? Вось якія два пытанні не давалі мне спакою. Бабка Волька сама кінула ў пліту ампулы? He. Казала ж, што нават у доктара не была, не купляла іх. Дон Кіхот купіў, кінуў? Але навошта яны яму? На працу ходзіць, як усе, ані разу не хварэў. Хто яшчэ ў той дзень быў у хаце? Стасік і Валік. Яны кінулі? Здаецца, не. Спачатку за сталом сядзелі, потым з Дон Кіхотам яечню смажылі. Ці маглі тады кінуць ампулы ў пліту? Заўважыў бы Дон Кіхот. Дый пабаяліся б пры ім. Яны любяць шкодзіць цішком. А калі б нават не пабаяліся, калі б тады кінулі, то ампулы, напэўна, раней сталі б рвацца, яшчэ да таго, як бабка Волька ў хату прыйшла. Выходзіць, няма вінаватых? Такога не можа быць. Ампулы ў пліту не самі заскочылі.
Дык хто? Хто ж кінуў? Хто ўсім нам у душу напляваў? Так шчасліва пачынаўся дзень! I жанчын-ветэранаў павіншавалі, і торт купілі, і кветкі. Душа проста радавалася, спявала. А пасля... Нават не хочацца ўспамінаць пра тое, што было пасля. Яшчэ пашанцавала Дон Кіхоту. Іншая гаспадыня сказала б, што ён вінаваты, вытурыла б з хаты, не разбіралася б. А бабка Волька крыху павойкала ды супакоілася.
Але не супакоілася мая душа. Такога, як цяпер, ніколі не адчуваў. Кулакі проста самі сабою сціскаліся.
Я зноў і зноў прыгадваў той дзень, пракручваючы ў памяці, як гэта робяць вопытныя разведчыкі ў фільмах.
Значыць, усе разам сядзелі за сталом, пасля Дон Кіхот, Стасік і Валік адправіліся на кухню. Прыйшла бабка
Волька, Дон Кіхот паклаў у талерку цукеркі. У талерку... Хто ж яе прынёс?.. Хто з кухні прынёс талерку? Стасік?.. Так, Стасік. Ён паставіў талерку на стол, а вочы бегалі як у злодзея. Ці не здалося мне? He, не здалося. Ён нават усміхнуўся ў рукаў, калі першы раз стрэльнула. Усміхнуўся. Радаваўся. Яшчэ перад гэтым сказаў з’едліва: «Трашчаць дровы ў пліце, патрэскваюць...» Прадчуваў, што будзе. I чаму я раней не ўспомніў гэта? От галава!
Выходзіць, іхняя работа — Стасіка і Валіка. Падрыхтавалі падарунак на дзень нараджэння! Дон Кіхот радаваўся, лічыў, што перавыхоўваюцца... Камень за пазухай прынеслі. Алік навучыў, калі даведаўся, што Дон Кіхот на дзень народзінаў кліча. Самі не дадумаліся б.
Яны! Толькі яны напаскудзілі. Але ж як даказаць? У іх запытацца? He прызнаюцца. Сябрам прыкінуцца? He выйдзе. Пасля гэтай страляніны і блізка да сябе не падпусцяць.
Жыццё ў вёсцы ішло сваім парадкам. He ведаю, ці даказаў бы я, што Стасік з Валікам ампулы ў пліту кінулі, калі б не выпадак.
У суботу пасля заняткаў я ішоў да Дон Кіхота. Бачу: цётка Ганна каля хаты свайго Андрэйку валтузіць. Трымае за каўнер і на ўвесь голас крычыць:
— Ты ўзяў?
Андрэйка трапечацца.
— He!
— Узяў! Прызнавайся!
— He браў! — пусціў слязу Андрэйка.
— Два пачкі ў шуфлядзе ляжалі. Куды яны падзеліся?
— He ведаю.
— Прызнавайся, злыдзень!
— He браў! — заенчыў Андрэйка.
— Пачакай. Яшчэ дабяруся да цябе! — прамовіла цётка Ганна і, буркаючы пад нос «узяў, а не прызнаецца», пасунулася ў школу мыць калідоры.
Я наблізіўся да Андрэйкі.
— Выкруціўся, жэўжык?
Андрэйка выцер слёзы. Вочы свецяцца. А нядаўна ж плакаў, як бабёр.
— Выкруціўся!
— Значыць, не прызнаўся?
— He.
— А што ўзяў?
Андрэйка прыжмурыў вочы.
— He скажаш маме?
Я стукнуў сабе кулаком у грудзі.
— He скажу!
— Нагніся. Шапну на вушка.
Я хуценька нагнуўся.
— Уколы ўзяў.
У мяне аж дыханне перахапіла.
— Што, Андрэйка? Што?
— Уколы. Мама два пачкі ў аптэцы купіла.
Я нейкую хвіліну глядзеў на яго і моргаў вачыма. Потым выдыхнуў:
— Навошта яны табе спатрэбіліся?
Стасік папрасіў. Сказаў, што сцізорык дасць, але не даў. Ён жулік.
Жулік. Яшчэ які жулік! — кіўнуў я.— Ты, Андрэйка, не вер яму.