Мой сябар Дон Кіхот
Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
Папіхаючыся доўгімі шастамі (рака разліла свавольную гладзь аж да лесу), мы неўзабаве прыткнуліся да палянкі, парослай ядлоўцам. Дзе-нідзе сасонкі стаўбунамі высяцца. Адразу ж за палянкай — балотца, уквечанае чаромхай.
Адметны рыбны подых падсохлага балота, цягучы смалісты пах сасны, кіпень чаромхі і нават прыветная лясная ціхмянасць — усё спрыяла легкадумнай узбуджанасці, і непрыязь, што нядаўна хадзіла за намі ценем, забылася, як выпадковая недарэчнасць, як неспакойны сон. Выбіраючы найпрыгажэйшыя галінкі, мы перасмейваліся, зноў адчуваючы сябе дружбакамі, гатовымі і ў агонь, і ў ваду.
- Косця,— сказаў я, калі вярталіся назад з поўнымі бярэмямі чаромхі,— давай заўтра за табою сяду. Я ўраўненне рашу, а ты задачку. Памяняемся імі. Згода?
— Згода,— трохі падумаўшы, пагадзіўся Косця.
Пільна сачыла камісія, нават інспектар з раёна прысутнічаў, але, падпільнаваўшы момант, усё ж памяняліся рашэннямі, і я, надта не ўнікаючы ў вылічэнні, перапісаў пададзеную Косцем задачу.
Чакаючы вынікі, мы, хлопцы, адасобіўшыся ад дзяўчат, перакідвалі на валейбольнай пляцоўцы мяч.
— Цябе класны шукае, у настаўніцкую выклікаюць,— паклікаў мяне хтосьці з сяброў.
He падазраючы благога, я адчыніў дзверы настаўніцкай і гучна прывітаўся:
— Добры дзень!
У пакоі цішыня, усе позіркі скіраваныя на мяне, аглядаюць дапытліва. Інспектар з раёна дык акуляры зняў, пакруціў у руках, зноў на нос начапіў, дзівіцца, нібыта перад ім не дзевяцікласнік, а сапраўдны прафесар.
— Добры дзень,— другі раз прывітаўся цішэй, разгубіўшыся.
Матэматык Ілья Васільевіч паказаў на крэсла, прысунутае да стала.
— Сядай, Дзяніс.
— Дзякую,— сказаў я і адступіўся далей ад стала, бліжэй да сцяны.
— Дзяніс, ты сам рашыў задачу? — глуха кашлянуў Ілья Васільевіч.
— Сам,— прашаптаў я па-здрадніцку задрыжэлым голасам.
— He разумею! — развёў рукамі Ілья Васільевіч, найперш звяртаючыся да інспектара.— За год моцную чацвёрку меў, а тут абсалютна няправільнае рашэнне.
— Рашэнне... няправільнае? — у маім роце перасохла, шурпаты язык ледзьве варочаецца.
— Усе змаглі рашыць задачу. Аты!.. Расчараваў, расчараваў! — голас дырэктара далятаў нібы здалёк.
I хоць дырэктараў голас не строгі, наадварот, быццам вінаватасць чуваць у ім, але цяжка яго слухаць.
Вочы мае заплылі слязьмі, і я, згорбіўшыся, пакінуў настаўніцкую. Ногі скіравалі ў клас. Там лёг ніцма на парту: брыдка ж, калі табе пятнаццаць, паказваць слёзы — слёзы адчаю, слёзы крыўды.
Як каля безнадзейна хворага, абмінаючы парту, прасоўваліся каля мяне аднакласнікі.
...Хістаецца Косцева галава (адтапыраныя вушы набрынялі чырванню), хістаюцца постаці таварышаў, хістаюцца ўсе: прыязны твар інспектара, букеты чаромхі, экзаменацыйная ведамасць у руках дырэктара школы.
— Пра Якубоўскага Дзяніса скажу асобна. Безумоўна, ён вучань здольны, але з невядомых прычын не справіўся з рашэннем задачы... Улічваючы...
Словы дырэктара незвычайна цягучыя, і слухаць іх — нясцерпны боль і пякельны сорам, а яшчэ — надзея на лепшае, што пракралася з дырэктаравым «улічваючы».
— ...Камісія вынесла рашэнне ацаніць работу на тройку.
Узняўшы вочы, упершыню за апошнюю гадзіну, убачыў, як пасвятлеў твар матэматыка, дагэтуль сухі і непадкупны, як распраміліся спіны аднакласнікаў, нібыта вялікі цяжар яны скінулі. А вось Косцевы адтапыраныя вушы дык як не болей пачырванелі: тыцні — кроў пырсне.
Ад школы да вёскі рукою падаць, кіламетра паўтара.
— He бядуй. Усё яшчэ наперадзе, пакажаш сябе,— ідучы, падбадзёрвалі хлопцы.
Мы мінулі калгасны стадыён, гарбаценькі мосцік перайсці — і хаты побач.
Уперадзе Косця дыбае. Галаву роўна нясе, хоць кубак з вадою стаў — ні кроплі не разальецца.
I тут я не стрываў, хоць даў слова пазней, пасля экзаменаў, разабрацца.
— Гэты гад,— паказаў на Косцю,— мне няправільнае рашэнне падсунуў. А я паверыў, перапісаў.
Косця павярнуўся, каб агрызнуцца, і я, даючы волю прыхаванаму гневу, накінуўся на яго, малоцячы кулакамі.
Пэцкаючы белыя кашулі ды адпрасаваныя да стрэлак нагавіцы, мы клубком качаліся па дарозе, зацята, бязлітасна біліся.
Косця быў дужэйшы і неўзабаве падабраў мяне пад сябе, намагаючыся заламаць рукі, але я здолеў вызваліць іх і, злаўчыўшыся, знізу, наколькі ставала сілы, ударыў, пацэліўшы ў нос. Косця адваліўся, закрыўшыся далонню, і праз ягоныя пальцы прасачылася, распаўзаючыся, кроў.
Ніхто не дапамог Косцю, ніхто нават і хусцінкі не падаў, каб выцерся. Так і пакінулі на ўзбочыне.
Пасля дзявятага я паступіў у каледж на механізатара. У дзясяты, у райцэнтр, дакументаў не панёс, бо там быў Косця.
Калі зрэдку наведваўся дадому, сябры не праміналі паведаміць, што Косця не адыходзіцца ад Аленкі, след у след за ёю бегае, нікога і блізка не падпускае. I я аднаго разу вырашыў: усё, болей не паеду туды, у вёску. Цяжка мне. Разумееш?
У КЛУБЕ
Я не мог зразумець Дон Кіхота, таму сказаў:
— Але ж твая маці там.
— Маці ў сталіцу пераехала. У старэйшага брата жыве.
— А чаго ты ўцякаеш ад той Аленкі? Ты ж Дон Кіхот. Ты павінен змагацца.
— He магу. I болей не пытайся пра гэта,— пачуў я ў адказ.
«Не магу...» Калі я чытаў аповесць Сервантэса, думалася, што Дон Кіхот нічога не баіцца, што для яго няма «не магу». Магчыма, гэты наш не падобны да таго, літаратурнага... He, здаецца, падобны. I са злом змагаецца, і ў недарэчныя сітуацыі трапляе, як нядаўна, калі Андрэйку хацеў дапамагчы. Нават на экзамене ледзь двойку не атрымаў. Шчасце, што пашкадавалі. Відаць, някепска вучыўся. Паверыў, даверыўся злосніку, нібы асляпіла яго.
— Хацеў спісаць! — парушыў маўчанне Дон Кіхот.— Лёгкага хлеба шукаў. Спалохаўся...
— Даўно тое было,— сказаў я, каб суцешыць.
— Мне помніцца,— прамовіў Дон Кіхот.— I дадому цягне. Вокны ў бацькавай хаце дошкамі забітыя...
— Куды ты цяпер? — пацікавіўся я.
— У клуб схаджу.
У клуб? Там жа Алік. Дон Кіхот яго паскуднікам абазваў. He даруе яму Алік. Вядома, напралом не палезе. He такі ён. Здараецца, кажа, усміхаючыся: «3 добрым падыходам і кот гарчыцу з’есць». Так зробіць, што Дон Кіхота з вытворчага ўчастка вытураць. Нават пракгыку не пройдзе. А вунь як стараецца! Далі не трактар — сапраўдную ламачыну. Шануе яго, поўзае пад ім, быццам на гэтым трактары яму не адзін сезон працаваць, а дзесяць, не меней.
— I я з табою пайду,— сказаў я.
Дон Кіхот не пагадзіўся са мною.
— Табе заўтра ў школу.
— Вывучыў урокі.
— Ранавата табе на танцулькі хадзіць,— нахмурыўся Дон Кіхот.
— Я не танцаваць. Я проста паглядзець. У нас многія школьнікі ходзяць.
— Кепска, што ў вас ходзяць.
— Дон Кіхот, я ж твой збраяносец!
— Адпачывай, сіл набірайся. Збраяносец Санча Панса мусіць быць дужым. Іначай які ён збраяносец? — прамовіў Дон Кіхот.
He пераканаць яго. Упарты. Нездарма пад трактар кінуўся, не спалохаўся. У лоб не возьмеш. Трэба хітраваць.
— Добра, пайду дадому,— нібыта пагадзіўся я.
— Малайчына, Санча Панса,— усцешыўся Дон Кіхот.— Такога збраяносца, як ты, век шукаў.
Я павярнуўся і паціхеньку паклыпаў. Адышоўся і каля плота прысеў, цікую. Дон Кіхот крыху пастаяў і, насвістваючы пад нос нешта вясёлае (відаць, рады, што мяне дамоў
выправіў), накіраваўся ў клуб. А я за ім назіркам, заціснуўшы рот далонню. Неяк смешна: ён ідзе, пасвіствае, а я за ім каля плота. Быццам у хованкі гуляю.
У клубе дзверы насцеж. 3 дзвярэй музыка — хоць вушы затыкай. Здагадаўся я, што Алік свае калонкі прынёс. Ён і калонкі, і новы матацыкл мае. А запісы! Паўгадзіны паслухаеш — потым два дні ў вушах гудзе. Метал!
Дон Кіхот зайшоў у клуб, а я каля дзвярэй прытуліўся. Выцягнуў шыю, пазіраю. Дзяўчаты, хлопцы ўздоўж сцяны на крэслах сядзяць. На сцэне — Алік, заклаўшы нагу за нагу, са сваімі калонкамі рассеўся. А пасярод клуба хлопцы-падлеткі Стасік і Валік танцуюць, калі так можна сказаць. To ўбок падскочаць, то ўгору, то назад, то на падлогу ўпадуць, чарвякамі выгнуцца. Абое рабое. У дзясятым класе вучацца. Праўда, не вучацца, а мучацца. Самі пакутуюць ды іншых даймаюць. 3 тройкі на двойку, з двойкі на тройку перабіваюцца. Стасік тоўсты, як бочачка. Аршын з шапкаю. А Валік дзябёлы хлопец, шырокі ў плячах. Чырвань на ўвесь твар, валасы вожыкам.
Выгінаюцца чарвякамі Стасік і Валік. 3 калонак нясецца: «Гэй! Вэй!» I яны галёкаюць: «Гэй! Вэй!» He заўважаюць, што хлопцы і дзяўчаты ад смеху заходзяцца.
Што ж будзе? Ці не Алік арганізаваў усю гэтую камедыю? Відаць, арганізаваў. Ведае, што Дон Кіхот не стрывае, паспрабуе спыніць Стасіка і Валіка. Надаюць тады яны яму па карку.
Сапраўды, Дон Кіхот падышоў да Стасіка і Валіка і ціха сказаў:
— He шалейце. Смяюцца з вас.
Алік у рогат:
— Хочаш, каб народныя песенькі ўключылі ды полечку станцавалі?
— Я не супраць гэтай музыкі...— пачаў Дон Кіхот.
Алік перапыніў яго:
— А мы не хочам слухаць народных песенек. He патрэбныя яны нам, як і полечка!
Я не супраць вашага «металу». У яго свая гісторыя. Як і іншая рок-музыка, яна прыйшла да нас з Англіі і ЗША. Мелодыі розныя павінны быць, як і мова. Адна адну не павінны знішчаць,— сказаў Дон Кіхот.
Ён нашу музыку жадае паслухаць! — крыва пасміхнуўся Алік і на ўсю моц калонкі ўключыў.
3 калонак нясецца:
— Гэй! Вэй!
Стасік з Валікам стараюцца перакрычаць тэхніку:
— Гэй! Вэй!
Дон Кіхот залез на сцэну і звярнуўся да Аліка:
— Выключы калонкі! Дай пагаварыць.
— Пан Дон Кіхот моцна нервуецца? — усміхнуўся Алік.
А сам глядзіць на Дон Кіхота, як воўк на казу. Ціха стала ў клубе. Вось-вось на беднага Дон Кіхота накінуцца вясковыя сябрукі. Няўжо за яго ніхто не заступіцца? Напэўна, не. Хто ён у нашай вёсцы? Як кажуць, прышыйпрысцябай. Што ж рабіць мне? «Калі што, закрычу, каб дарослыя пачулі, пазбягаліся»,— вырашыў я.
— Што пан Дон Кіхот яшчэ мне хоча сказаць? — усміхнуўся Алік.
Кошка вочы жмурыць, а кіпцюры вострыць.
— Я ім хачу сказаць, а не табе! — Дон Кіхот рукою паказаў на Стасіка і Валіка.
— Скажы. Няхай паслухаюць.
Стасік і Валік быццам чакалі гэтага. Як апантаныя, рвануліся на сцэну. Кожны жук хоча паказаць свае рогі. Скачуць каля Дон Кіхота, сціснуўшы кулакі, крычаць, стараючыся адзін перад адным. He зразумець, калі Стасік крычыць, а калі Валік. Злыя, нібы восы.
— Моладзь не паважаеш?
—Музыка твая?
— Чаму музыку не даеш паслухаць?