• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

    Мой сябар Дон Кіхот

    Аляксей Якімовіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 333с.
    Мінск 2018
    50.59 МБ
    — He буду,— паабяцаў Андрэйка.— Маме не скажаш?
    — He скажу. He бойся.
    — Я паляцеў! — усміхнуўся Андрэйка і пабег, падскокваючы.
    Усё-такі яны: Стасік, Валік і Алік. Нягоднікі! Што ў іх цяпер на душы? Няўжо кошкі не скрабуць?
    Апусціўшы галаву, я паволі цягнуўся вуліцай.
    — Санча Панса, ау! — раптам данёсся да мяне вокліч.
    Я ўзняў галаву. Стасік стаіць, лёгкі на ўспамін. Быццам з-пад зямлі выскачыў. Глядзіць нахабна, хвігай носа не дастаць.
    — Санча Панса, чаму ты такі перапалоханы? Ці не ад страляніны нядаўняй?
    Цвіце, свеціцца. Трымае хвост трубою.
    — He твайго носа палоса! — з выклікам прамовіў я.
    Стасік ступіў на крок бліжэй. Вочы халодныя, працінае, нібы вострымі льдзінкамі.
    — Несцерку сустрэнеш — прывітанне перадай!
    — Якога Несцерку? — не зразумеў я.
    — Дон Кіхота. Твайго начальніка.
    Я адступіўся.
    — Ён мне не начальнік.
    Стасік патрос кулаком перад самым маім тварам.
    — I чаго ты выслужваешся перад ім? Ты, ты!..
    Я не вытрываў і на ўсю вуліцу гукнуў:
    — Чаго тыкаешся? Я з табою свіней не пасвіў. Ён табе што-небудзь кепскае зрабіў? Ён вораг табе? Вораг?
    Стасік, відаць, спалохаўся, бо азірнуўся.
    — Трымай язык за зубамі. Я цябе папярэдзіў. Блін зраблю. Запомні!
    Баюся цябе, як воўк ягняці! — ледзь раскрываючы вусны, прашаптаў я.
    Стасік засунуў рукі ў кішэні, павярнуўся і пайшоў, задраўшы галаву.
    Я паглядзеў яму ўслед і прагаварыў:
    — He дарую!
    Помста
    Як я вырашыў адпомсціць Стасіку, Валіку і Аліку? Ведаў, што ў суботу яны начуюць у Аліка на гарышчы, на сене спяць. А ў нашай школе ў кабінеце біялогіі ёсць шкілет чалавека. Яго ўвечары задумаў паставіць у Аліка на гарышчы. Яны палезуць на гарышча, а там — шкілет. Перапалохаюцца, немаведама што ім здасца. Няхай згадаюць страляніну ў хаце, няхай успомняць і пра Несцерку, і пра мех ячменю. Няхай падрыжаць. Потым, канечне, шкілет у школу занясу. Але як вынесці яго са школы?
    He папросіш жа ў дырэктара: «Дайце, калі ласка, на адну ноч ваш шкілет». Можна геаграфічную карту папрасіць, нават глобус. А шкілет? Яго, відаць, за ўсю гісторыю школы ніводнаму вучню не давалі на дом. Што заставалася зрабіць? Самому ўзяць. Так, каб не бачылі. У меху прынесці.
    Я прыйшоў дадому і стаў шукаць мех. У адрыне ўсё перарыў, нават у хаце. Ёсць мяхі, ды невялікія, на пяцьдзясят кілаграмаў. У такія шкілет не ўлезе. Нарэшце ў каморку зазірнуў. I адразу пашанцавала. За куфрам, які калісьці вынеслі з хаты, убачыў вялікі белы мех з зялёнымі палоскамі. Яго, відаць, мама пашыла. Пасля кінула і забылася.
    Я згарнуў мех, узяў пад паху і пацёпкаў у школу. Нязвыклая цішыня ў школе. Толькі цётка Ганна калідор швабраю старанна шаруе.
    — Добры дзень,— прывітаўся, хоць сёння ёй вочы прамазоліў.
    — Настаўнікі даўно дома, а яны ўсё ходзяць! — незычліва прамовіла цётка Ганна.
    «Настаўнікі даўно дома...» Мне гэта якраз і трэба. Як жа забраць шкілет чалавека? Сказаць цётцы Ганне, што біялагічка папрасіла, каб ёй прынёс? А ці паверыць? Магчыма, паверыць, а магчыма, і не. Яшчэ патэлефануе біялагічцы, запытаецца.
    Што ж прыдумаць? Што?.. Цётка Ганна хутка памые калідор, замкне дзверы і дахаты пойдзе. Тады ўсё прапала.
    — Чаму ты з мехам прыйшоў? — зірнула на мяне цётка Ганна.
    Я разгубіўся.
    — Лопуху трусам хачу нарваць.
    — Цэлы мех?
    — Прывык у мех рваць.
    — Дык ірві на двары. Чаго па школе поўзаеш? Тут лопух не расце.
    — Ваш... Ваш Андрэйка плача! — вырвалася ў мяне. Відаць, таму, што часта бачыў, як сырасць разводзіць гэты хлопчык. Адклалася ў галаве.
    — Мой Андрэйка плача?
    — Плача, як бабёр. На выгане.
    Праўду кажуць: калі пачаў хлусіць, то ўжо не спынішся. Вось і ў мяне цяпер. Словы з рота нібы самі сабою вылятаюць. Нібыта хто за язык цягне.
    — Плача. Яго, напэўна, пакрыўдзілі. Можа, пабілі.
    — Ён, злыдзень, заўсёды плача, калі што-небудзь кепскае зробіць. Ратуецца слязьмі!
    — Відаць, ратуецца,— пагадзіўся я.— Моцна плача!
    — Пабягу! Пагляджу! Спакою не дае. Яму хоць галаву прабі, а ён усё роўна сваё права будзе правіць.
    Цётка Ганна выбегла са школы. А я, азірнуўшыся, як злодзей, у кабінет біялогіі шмыгануў. Паваліў шкілет на падлогу — і ў мех. Ногі ўлезлі, а рукі... To правая, то левая не лезе. Разагнуўся на хвілінку. Ну й змакрэў! Відаць, больш, чым тады, калі на возіку ячмень вёз. Змахнуў з ілба пот і зноў за сваю працу ўзяўся. Нарэшце ўмясціў шкілет, закінуў мех за плечы і з усіх ног на двор. Выскачыў на вуліцу і трушком-трушком.
    — Міколка, пачакай! — пачулася ззаду.
    Ад страху здалося, што нехта з настаўнікаў даганяе. Я шпарчэй прыпусціў. Як там кажуць? Горш, калі баішся: і ліха не мінеш, і надрыжышся. Так і ў мяне выйшла.
    — Міколка, пачакай! Куды ляціш?
    Азірнуўся — дзядзька Тодар, загадчык вытворчага ўчастка, на возе едзе, гнядога коніка паганяючы.
    — Тпру-у-у! — спыніўся каля мяне.— Залазь на воз.
    — На сваіх двух прайдуся,— пакруціў я галавой.— Вам, мабыць, на поле трэба?
    — Дадому еду,— весела сказаў дзядзька Тодар.— Па дарозе нам. Сядай. Падвязу.
    «Сядай. Падвязу...» Залезь — пачне распытваць. Што? Адкуль? Куды? Дарослыя гэта любяць. Але здзівіцца, калі
    не сяду. Як у нас разважаюць? Ісці добра, а ехаць яшчэ лепей.
    — Сядай! Чаго топчашся?
    Уздыхнуўшы, я паклаў мех са шкілетам ззаду, а сам сеў каля дзядзькі Тодара.
    — Но! — махнуў пугаю дзядзька Тодар і пачаў: — Міколка, што табе такое вялікае ў школе далі?
    Як жа змахляваць, каб паверыў? Цяжка, вой як цяжка махляваць!
    — Што ў меху? Пахваліся.
    — Робат,— сказаў я і павесялеў.
    — Робат? Сапраўдны?
    — Сапраўдны. Мы яго ў школе зрабілі. Ды не вельмі... He вельмі слухаецца нас. Гэтыя, як іх... каманды не жадае выконваць. Настаўнікі папрасілі, каб падвінціў.
    — Падкруціў? — паправіў мяне дзядзька Тодар.
    — Але, падкруціў. Розныя гайкі каб падкруціў.
    Лепей не казаў бы, што робат у меху ляжыць. Зарупіла дзядзьку Тодару паглядзець, які ён, гэты робат.
    — Міколка, пакажы!
    — Па тэлевізары часта паказваюць. Хіба не бачылі? — сказаў я дапытліваму загадчыку ўчастка.
    А ён мне ў адказ:
    — Па тэлевізары чужыя паказваюць, а тут, можна сказаць, свой. Пакажы! Чаго нос задзіраеш?
    He, не адчэпіцца. Вунь як вочы гараць! I сам аж трымціць, аж падскоквае. Нічога не зробіш. Трэба паказваць.
    Я крыху расхінуў мех.
    — Дзівіцеся.
    — Лысы! — усклікнуў дзядзька Тодар.
    — А як жа! — прамовіў я.— У робатаў валасы не растуць.
    — У такога яны ніколі не вырастуць,— скрывіўся дзядзька Тодар.— Міколка, болей не паказвай яго, бо конь спалохаецца, панясе.
    Далей дзядзька Тодар ехаў моўчкі. Hi слова не сказаў.
    — Тпру! — спыніў каня каля нашай хаты.— Злазь, Міколка. I свайго робата хутчэй забірай.
    Я саскочыў з воза і закінуў мех за плечы. Але ў гэты дзень мне не вельмі шанцавала. Як знарок, мама з хаты выйшла.
    Маруся, твой Міколка робата са школы прынёс! — паведаміў ёй загадчык участка.
    — Якога робата?
    — Лысага. Но-о-о! — свіснуў пугай дзядзька Тодар.
    Мінуўшы хату, я рвануў у адрыну. Думаў, што схаваюся. Але мама мяне і там знайшла.
    — Міколка, якога робата ты прынёс?
    Зараз і яна пачне: «Пакажы. Пакажы, не хавай». Як у ваду глядзеў.
    — Міколка, пакажы. He хавай у меху.
    — Мама, не трэба. Спалохаешся, калі пакажу,— ледзь чутна прагаварыў я.
    — Пакажы. He спалохаюся.
    — Мо не трэба?
    — Пакажы!
    Я паставіў шкілет чалавека на ногі, прыхінуў да сцяны і сцягнуў мех.
    — Авой! — войкнула мама, закрыўшы твар рукамі.
    Спалохалася. Яшчэ не цёмна, а спалохалася. Што калі Алік, Стасік і Валік увечары ўбачаць гэтае страшыдла? Відаць, адзін за адным пападаюць з лесвіцы, як даміно.
    — Міколка, што гэта?
    — Шкілет чалавека. Ты не бойся,— супакоіў я маму.— Яго першакласнікі паламалі, а настаўніца папрасіла мяне, каб адрамантаваў.
    — Міколка, у школе яго рамантуйце,— прагаварыла мама і пайшла на двор.
    А ў мяне на душы стала цяжка. Я сеў на парог і заплакаў. Гарачыя слёзы цяклі па шчоках, спаўзалі на падбародак. Я выціраў іх рукамі, а яны ўсё цяклі. Няма з каго спаганяць, калі сам вінаваты. Горка было мне. Я ж ніколі не
    хлусіў гэтулькі, як сёння. Усім-усім, каго ні сустрэў. Горка, цяжка... Раз няпраўда ці ашука, а сумленню на век мука.
    Доўга сядзеў і плакаў. А ўвечары... Увечары закінуў мех са шкілетам за плечы і агародамі панёс да Аліка.
    СпРЭЧКА 3 ДОН КІХОТАМ
    Гэтым вечарам я здзейсніў задуманае. Але асаблівай радасці не адчуваў. А вось выказацца хацелася. Вельмі доўга насіў у сабе тое, што было на душы. Я пайшоў да Дон Кіхота. Убачыўшы мяне, ён, як заўсёды, радасна ўсклікнуў:
    — А-а, Санча Панса!
    — Выйдзем на хвілінку,— папрасіў я.
    — Пачакай, пачакай! — замітусіўся Дон Кіхот.
    Ён адчыніў шуфляду і... дастаў Несцерку. Саламяны брыль, вышываная кашуля, доўгі каптан, торба праз плячо, рудыя вусы, вочы з хітрынкаю. На якую секунду падумалася, што Несцерка не гарэў, абліты бензінам, што цэлы застаўся. Але я адагнаў гэтую думку. Цудаў, як вядома, не бывае.
    — Новага Несцерку зрабіў? — запытаўся.
    Бровы ў Дон Кіхота сышліся на пераноссі.
    — Чаму новага? Несцерка жывы і будзе жыць, пакуль мы ўсе жывём.
    Так, будзе жыць. У легендах, у паданнях. У маёй душы. У душы Дон Кіхота. Мы пранясём яго, зберажом, як людзі некалі зберагалі агонь, той маленькі вугольчык, які, разгараючыся, даваў цяпло.
    — Доўга стараўся?
    — Стараўся! — прамовіў Дон Кіхот.— У нас неўзабаве будзе свая батлейка. Цяпер нам не толькі інтэрмедыі, але і цэлыя п’есы патрэбныя. Дапаможаш напісаць?
    — Выйдзем на хвілінку,— у другі раз папрасіў я.
    — Нешта па сакрэце скажаш? — здагадаўся Дон Кіхот.— Тут кажы, не бойся. Бабка Волька да суседзяў пайшла.
    Я сеў на табурэтку.
    — Можна і тут.
    — Ну, ну,— падахвоціў мяне Дон Кіхот.
    — Ведаеш,— пачаў я,— быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы.
    — Што? — наставіў вуха Дон Кіхот.
    — Сёння Аліку, Валіку і Стасіку бокам нахабства вылезе. Ад страху заікамі стануць.
    — Чаму?
    — Я да Аліка на гарышча шкілет зацягнуў. Яны палезуць на гарышча, а перад імі шкілет, быццам прывід. Як мяркуеш, спалохаюцца?
    — Які шкілет? Дзе ты яго выкапаў? — скорагаворкаю прагаварыў Дон Кіхот.
    — Шкілет чалавека,— усміхнуўся я.— У школе ўзяў, у кабінеце біялогіі. Нядаўна на гарышча да Аліка зацягнуў. Там Алік, Стасік і Валік кожную суботу начуюць.
    Дон Кіхот схапіў мяне за плячо.
    — He жартуеш? He хлусіш?