Мой сябар Дон Кіхот
Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
— Братка, чаму ты раней пра гэта не казаў? — не вытрымала Мар’яна.
— Бо вас не хацеў палохаць.
— Русалку трэба было ўкалоць іголкаю ці шпількаю, і яна адразу пад ваду схавалася б,— падказала Яніна.
Петрык устаў і зайшоў на ўскраек жытнёвага поля. Паверылі дзяўчынкі ў баечку пра русалку. «Укалоць іголкай ці шпількай...» Ну й Янінка! Можна падумаць, што ён, Петрык, носіць з сабою шпількі і іголкі. Яшчэ крыху трэба чмуту напусціць.
Хлопчык узяў зялёную жытнёвую сцябліну і, каб не бачылі Яніна і Мар’яна, завязаў яе вузлом.
— Дзяўчаткі, хадзіце сюды,— паклікаў.
Тут як тут сяброўкі. Наставілі кірпатыя носікі.
— Чаго клікаў?
— Петрык, чаго?
Петрык паказаў на завязаную сцябліну і таямніча прамовіў:
— Тут нядаўна была русалка. Бачыце? Залом зрабіла. Калі яго сажнуць і з’есць яго карова, вялікую бяду ён выкліча ў гаспадарцы.
— 3 русалачкамі забаўляешся? — пачулася над галавой, як гром.
Петрык павярнуўся і ўбачыў Вацлава Станішэўскага. Ён слупам сядзеў на кані. Захапіліся гульнёй, не заўважылі, як пад’ехаў.
Петрык непрыкметна зірнуў на Яніну. Стаіць, згорбіўшыся, сцішыўшыся, нібы мышанё, якому перарэзалі дарогу і няма куды падзецца.
— Такі ж галаварэз, такі ж расколіна, як і бацька!..
— Дзядзька Вацлаў, вы майго бацьку не чапайце,— не сцярпеў Петрык.
— Я табе не дзядзька, а пан!
— Дзядзька!
Вацлаў Станішэўскі вялізнаю валасатаю рукою схапіў Яніну і, бы пушынку, падняў і кінуў у сядло. Потым знячэўку свіснуў Петрыку бізуном па плячах і паскакаў.
Петрык стаяў, разгублены, і пазіраў услед Вацлаву Станішэўскаму.
— Братка!..— усклікнула Мар’яна.
Петрык сціснуў кулакі.
— Ён у мяне!.. Я яму!.. Я!..
— Братка, табе вельмі баліць?
Петрык скінуў кашулю. Праз усё плячо працягнуўся чырвоны рубец-пісяг. Петрык дакрануўся да яго пальцам, паморшчыўся і папрасіў Мар’яну:
— Hi мамцы, ні бацьку не кажы. Добра?
Душой адчуваў хлопчык: быць бядзе, калі бацька ўмяшаецца.
Тры стрэлы
Вечарам, калі клаліся спаць, маці заўважыла пісяг на плячы Петрыка.
— Сынок, хто ж цябе так? — захвалявалася яна.
Няма як казаць праўду. Чаго добрага, пабяжыць бацька ў маёнтак да Станішэўскіх. А там яго сустрэнуць, прывецяць як след. Сіла на іхнім баку.
Да Петрыка падышоў бацька, зірнуў на плячо.
— След ад бізуна,— сказаў.
— Сынок, хто ж цябе так? — зноў усклікнула маці.
— Мама, мне не баліць,— прамовіў Петрык. А сам пазірае на Мар’яну.
Каб толькі яна не прагаварылася! Паабяцала, што будзе маўчаць. Але дзяўчынкам хіба можна верыць?
Мар’яна сядзіць за сталом, увагнуўшы галаву. «Што ж мне сказаць, калі запытае мяне мама? Я ж ёй ні разу не схлусіла»,— думала яна сама сабе.
«У-у-у-у...» — пачулася на двары працяглае воўчае выццё.
— Няўжо воўк ходзіць каля хаты? — страпянулася маці.
Петрык заўважыў, як насцярожыўся бацька. Канешне, ён добра ведае, што ўлетку ніводзін воўк, нават самы галодны, не падыдзе да людскога жытла. Нехта знарок завыў павоўчы. Мо які-небудзь жартаўнік ад няма чаго рабіць? Усякія людзі сустракаюцца. Нездарма кажуць: свет вялікі.
«У-у-у-у...» — пачулася другі раз. А праз хвіліну данёсся стукат капыт.
— Яны! Прыехалі! — асела на лаву маці.
Да маці падбегла Мар’яна. Моўчкі абняла за шыю, прытулілася.
Петрык здагадаўся, хто палохае, выючы па-воўчы. Яны — гэта Вацлаў Станішэўскі і ягоная хеўра. За Адама помсцяцца. Знайшлі прычэпку.
— Гы-гы-гы-гы...— данёсся дзікі Адамаў рогат.
А затым — крык Вацлава Станішэўскага:
— Здраднік, выходзь!
Бацька адчыніў шуфляду стала і выняў з яе пістолю.
— Зося, я пайду.
Пасадзіўшы на лаву Мар’яну, маці падбегла да бацькі і ўхапілася за рукаў.
— Паўлюк, не пушчу! Яны ж панапіваўшыся!
— Заўтра з мяне будуць смяяцца, па ўсёй ваколіцы разнясуць, абняславяць.
— Няхай разносяць! — Маці тыцнула рукою, паказаўшы спачатку на Петрыка, а потым на Мар’яну.— На каго іх пакінеш?
— Татачка-а!..— заплакала Мар’яна.
Бацька сеў на ўслон.
— За кожную слязінку яны мне заплацяць. За кожную!
— Паўлюк, супакойся! — горача, як малітву, зашаптала маці.— Вазьмі сябе ў рукі. Няхай скачуць, няхай катаюцца, пакуль не нацешацца.
— Здраднік! — данёсся са двара дзікі крык.
«Каля самага агарода яны»,— падумаў Петрык. Усёй душой ён іх ненавідзеў. Напрадвесні, вось гэтак жа, напіўшыся, прыскакалі яны сюды. Той раз доўга не гарцавалі: пакрычалі, некалькі разоў стрэлілі і паімчалі назад, у маёнтак, дапіваць гарэлку.
— Здрадні-ік!.. Здрадні-ік!..
— Зося, я ўсё-ткі пайду. Ім толькі раз паддайся...
Петрык у душы пагадзіўся з бацькам. Няма як ім паддавацца. Адчуюць слабінку — не адстануць. Няўжо не разумее гэта маці? А ў бацькі пістоля. I яшчэ адна, якая засталася ад дзеда Харытона, ляжыць у шуфлядзе. Трэба папрасіць бацьку, каб даў. Ён, Петрык, ужо не малы. Чатырнаццатае лета яму пайшло. Умее страляць. Праўда, не так трапна, як бацька, ды не прамахнецца, калі сунецца ў хату каторы з гэтых пярэваратняў. У самую зяпу ўсадзіць кулю.
— Здраднік!.. Здраднік!.. У-у-у-у!..— завыла п’яная хеўра.
— Зося, пусці. Пайду! — рвануўся бацька.
— Татачка, міленькі, не хадзі! — мацней заплакала Мар’яна.
Петрык думаў, што маці зноў пачне прасіць бацьку, каб не йшоў на двор, а яна на ўвесь голас песню завяла:
Жавароначкі, прыляціце, Цёпла лецейка прынясіце, А зімачку прыбярыце, Бо зімушка надаела,— Нам хлебушкі пераела.
На двары перасталі крычаць, прыслухоўваючыся да песні, якую дзяўчаты і маладзіцы звычайна спяваюць, падкідаючы ўгору выпечаных з цеста птушачак і заклікаючы вясну.
He чакалі яны, нязваныя госці, што сустрэнуць іх веснавой песняй — песняй надзеі, песняй-гімнам жыццю.
Жавароначкі, прыляціце, Землю-матухну абудзіце I дожджыкам напаіце, Каб травачкі нарасціла, Каб волікаў накарміла,—
на ўсю моц, звонкім, як у юнака, голасам падхапіў бацька.
Спяваюць Паўлюк і Зося на злосць ворагам. Жыве беларуская шляхта, хоць і пры лучыне, хоць і абкладзеная
зграяй ненавіснікаў. Жыве, родную песню пяе, сябе і свой край славіць.
Мар’яна ўзіраецца на бацьку і маці, моргае вочкамі-вішанькамі. А Петрык сядзіць, задумаўшыся. За што мучыць іх Вацлаў Станішэўскі? Зямлю забраў, дом спаліў. А колькі нерваў пераеў!..
Скончылі спяваць бацька і маці.
— Здраднік! Здраднік! — пачулася няўпэўнена, а потым злілося ў адзіны роў: — Здрадні-ік! Здрадні-ік!..
Бацька ірвануўся, адчыніў дзверы і праз імгненне з грукатам — ажно пясок пасыпаўся са столі — зачыніў іх за сабою.
Маці ўкленчыла перад бажніцай і пачала маліцца. Мар’яна таксама стала на калені каля яе.
А Петрык ціха адчыніў шуфляду, дзе ляжала запаветная пістоля.
— Гэй, вы! — закрычаў на падворку бацька.
Грымнуў стрэл.
— Ой! — усклікнула маці, перапыніўшы малітву.
— Татачка-а!..— працягнула рукі да бажніцы Мар’яна.
Зноў грымнуў стрэл.
Схапіўшы пістолю, Петрык выскачыў на падворак. Каля парога стаяў бацька. 3 дула ягонай пістолі віўся дымок.
Петрык з абедзвюх рук, не цэлячыся, стрэліў туды, дзе вылі, вухкалі па-савінаму.
П’яная хеўра, завыўшы, панеслася ў ноч, паганяючы коней. Бацька, як відаць, толькі цяпер заўважыў, што побач з ім Петрык.
— Сынок, чаму ў хаце не сядзеў? — з папрокам прагаварыў ён.
— Татка, такі ж прагналі мы іх! — патрос пістоляй Петрык.
На небе палыхнула бліскавіца, воддаль глуха завуркатаў гром.
Пажар
У гэтую ноч Зося доўга не магла заснуць. На двары грымеў гром, неба праціналі маланкі, па страсе сцёбаў дождж.
«Божа, чаму ты ўзнагародзіў нас такім суседам? Божа, за што?» — час ад часу бязгучна шаптала яна і пад гэты шэпт непрыкметна заснула, забылася мройным сном.
I прыснілася ёй тая страшная зімовая ноч, калі гарэла іхняя сядзіба, калі з дымам пайшло ўсё дабро.
У тую ноч, як і ў гэтую, яна таксама не магла заснуць. На стале роўным агеньчыкам гарэла свечка. Зося сядзела на крэсле, а на ложку спаў маленькі Петрык, раскінуўшы на падушцы пульхныя ручкі.
«Дзе ж цяпер Паўлюк? Што з ім?» — падумалася. Зося чула ад людзей, што войска Януша Радзівіла зачынілася ў Тыкоціне. А сёння яе сустрэў Вацлаў Станішэўскі. Загарадзіўшы канём дарогу, зірнуў на яе асалавелымі вачыма і сказаў: «Жонка здрадніка... Нядоўга табе засталося панаваць».
Уся ў слязах прыбегла Зося дадому, упала на грудзі Харытону, які яшчэ з Юстынам хадзіў у паходы. Ад’язджаючы, наказаў Юстын Харытону: «Беражы маю нявестку і ўнука. Глядзі, каб аніводзін волас з іхняй галавы не ўпаў».
— Дзеду, хіба мой Паўлюк здраднік? Чаму Вацлаў Станішэўскі яго зневажае? — горка ўсклікнула Зося.
— He катуй сваю душу, дачушка. He ведала б гора здратаваная наша старонка, калі б усе шляхціцы былі такія, як Паўлюк і Юстын,— прамовіў стары Харытон і заплакаў.
— Дзеду, чаму плачаш? Чаму? — дапытвалася Зося.
He хацеў казаць Харытон, але давялося-такі апавесці, што ўчора прывезлі Кліма Станішэўскага, забітага на двубоі Юстынам, што і сам Юстын склаў галаву, так і не даехаўшы да Сіняўкі.
Невідушчымі вачыма глядзела Зося на Харытона.
— А Паўлюк? Ён жа з бацькам быў!
Хваліліся Харытону гайдукі Вацлава Станішэўскага, што і Паўлюка пусцілі на той свет, у снег утапталі, ды сказаў Зосі, што ў крэпасці застаўся Паўлюк.
Узіраецца Зося ў цёмнае акно, слёзы набягаюць на вочы. Забілі свёкра... Забілі!.. Няхай заўтра ж паедзе Харытон, няхай пашукае цела забітага Юстына і прывязе ў Сіняўку. Людзі падкажуць, дзе ляжыць Юстын. Людзі ўсё ведаюць. А разам з тым і пра Паўлюка распытае. He верыцца, што бацьку ён пакінуў, што ў крэпасці застаўся.
He спіцца Зосі. Па шчоках коцяцца слёзы, капаюць на вышываны васілёчкамі абрус...
He спіцца і старому Харытону. He выходзіць з галавы, як шалёна крычаў Вацлаў Станішэўскі: «Спалім ваша асінае гняздо! Дачакаецеся!»
Такія пярэваратні слоў на вецер не кідаюць. Цягне іх туды, дзе чуюць пажыву, дзе беспакарана можна нашкодзіць.
Як ваўкі, у чыстым полі сустрэлі, падпільнавалі Юстына і Паўлюка. Як жа адпомсціць за іхнюю пагібель? Як пакараць злыдняў, каб суцішыць боль?
Наставіўшы каўнер кажуха, Харытон сядзіць каля стайні. Верны сабака Чорны, паклаўшы на калені галаву, дрэмле, прыплюшчыўшы вочы.
Харытон пагладзіў сабаку па спіне, а той страпянуўся і з пагрозай забурчаў.
«Яны прыйшлі. Зосю і Петрыка збіраюцца знішчыць. Мала ім, не наеліся»,— здагадаўся Харытон.
За сябе ён не баяўся. Даў Бог пажыць на свеце. Шосты дзясятак ужо размяняў. Пабачыў рознага: і добрага, і ліхога. Збярог яго Бог у гэты неспакойны, бурлівы час.