Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

Мой сябар Дон Кіхот

Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
50.59 МБ
Уздыбіўшы на загрыўку поўсць, Чорны без брэху рынуўся ў цемру. Неўзабаве пачуўся чыйсьці крык, а потым данеслася жаласнае скавытанне сабакі.
«Засеклі Чорнага»,— адзначыў сам сабе Харытон і, хаваючыся за дрэвамі, пабег у дом. Яму абавязкова трэба
было зберагчы сваё жыццё. Дзеля таго, каб засталіся жыць Зося і Петрык. Каб іх выратаваць.
Загарэліся свіран і стайня. Заіржалі, загрукалі капытамі коні, адчуўшы бяду. Харытон на хвілінку прыпыніўся. Мо выпусціць коней? Яны ж усё разумеюць... He... Ужо позна...
I Зося заўважыла, як цемру прарэзала шырокая паласа агню. Усхапіўшыся, падбегла яна да акна. Здрыганулася, часта-часта забілася сэрца. Гарыць стайня, гарыць свіран... Усё гарыць... Нават дрэвы, здаецца, курчацца ў агні.
Яны прыйшлі... Яны і дом не пашкадуюць, спаляць. Трэба ратавацца, уцякаць. А куды?
— Божачка мой! — вырвалася ў Зосі.
А сын спіць як нічога ніякага. Пацягнуўся ў сне, прыцмокнуў ружовымі губкамі. «Ма-ма»,— сказаў, не расплюшчваючы вачэй.
— Родненькі мой! Крывіначка мая! Чаму ж і на цябе каменем бяда навальваецца? — прашаптала Зося і, узяўшы сына за цёплую ручку, тарганула.
— Сыночак, уставай.
На шчасце, Петрык адразу расплюшчыў вочы.
— Ма-ма...
— Сыночак, уставай. Будзем апранацца. Сыноча-ак!..
Спяшаючыся, Зося пачала апранаць Петрыка. Ён не плакаў, не запытаў, чаму пабудзіла. Быццам адчуў, што прыйшла бяда.
Дзверы адчыніліся, і ўбег Харытон.
— Зося, трэба ўцякаць.
Харытон ніколі не называў яе паняй. Заўжды вось так, як цяпер: Зосяй. Нібы ўнучку ці дачку.
— Дзеду, пабеглі...
— Куды ты? У адной сукенцы на мароз? — Харытон накінуў на плечы Зосі кажух.
У дзверы раз, другі грукнулі.
— Здраднікі, адчыняйце!
«Бярыце, біце, катуйце мяне. Толькі майго сыночка не чапайце!» — хацелася крыкнуць Зосі.
Зараз адчыню вам. Крыху пачакайце,— спакойна, бы да гасцей, звярнуўся Харытон і, ручкай пістолі выбіўшы шыбу, стрэліў з акна.
Каля дзвярэй хтосьці вохнуў, а праз акно пацягнула дымам і пахам гарэлага мяса.
Зося мацней прытуліла да сябе Петрыка.
— Дзеду, што ж будзе з намі?
— Выратуемся.
— He выпусцяць яны нас.
— А мы ў іх не станем пытацца.
За акном грымнуў стрэл. Куля са свістам калупнула сцяну. Харытон упіхнуў амаль непрытомную Зосю ў бібліятэку. У шафах, на паліцах роўнымі шэрагамі стаяць кнігі. У некаторых надпісы на тоўстых вокладках, ціснёных золатам.
— Знойдуць яны нас тут,— збялелымі вуснамі прашаптала Зося.
Харытон пацягнуў на сябе кніжную паліцу. Паліца адышла ад сцяны, і Зося ўбачыла ў сцяне праём у рост чалавека.
— Зося, ідзі з сынам за мною, не бойся. Уніз вядуць прыступкі,— прагаварыў Харытон.
— У падземны ход? — здагадалася Зося.
Харытон лёгенька штурхнуў Зосю ў плечы.
— Ідзі, ідзі. Падземны ход нас у парк выведзе.
Зося ступіла на прыступку і, несучы Петрыка, пачала спускацца ўніз. А Харытон, зачыніўшы паліцай праём, дагнаў Зосю і павёў яе за сабою.
3 падземнага ходу, як і казаў Харытон, яны вылезлі ў парку. Зося азірнулася і ўбачыла, як гарыць дом, гулка страляючы дахоўкай. У крывавым водбліску пажару бегалі, мітусіліся людзі-постаці з абвязанымі па самыя вочы тварамі.
— Вось каб цяпер з гарматы па вас! — прастагнаў Харытон.
Зосю чамусьці працяло холадам. Яна задрыжала. Зубы ў яе застукалі, як у хворай.
— Ма-ма,— падаў голас маленькі Петрык.
Зося нагнулася, пацалавала сына ў шчочкі, і адразу ёй стала цёпла. Дзіўна, але гэты маленькі камячок ca­rpay яе.
— Зося, хадзем,— занепакоіўся Харытон.
— Дзеду, дзе ж мы будзем жыць?
— Зямлянку выкапаем.
— А яны?..
— Яны нас у зямлянцы не крануць. Задаволіліся яны.— Харытон цяжка ўздыхнуў і скончыў: — Пакуль задаволіліся.
У гэтую зіму Зося з малым Петрыкам перабралася жыць у зямлянку.
Новая хата і смерць Харытона
Неспакойна спалася і Петрыку. Яму здавалася, што едзе на санках з горкі. Санкі імчацца ўсё хутчэй, хутчэй... Вецер свішча ў вушах...
— А-а-а!..— ад страху крычыць Петрык, а санкі ўязджаюць у нейкі цёмны падземны ход і там спыняюцца.
З’яўляецца маці. Яна бярэ яго на рукі і штосьці шэпча, супакойваючы. Санкі кудысьці згінулі, як і не было іх.
Мама ідзе, трымаючы Петрыка на руках. «Тук-тук, туктук...» — гулка гучаць маміны крокі. I яшчэ нечыя крокі даносяцца да Петрыка.
Петрык прыглядваецца. Гэта ж дзед Харытон ідзе наперадзе!
— Зараз мы выйдзем адгэтуль,— кажа дзед Харытон.
Маці ўздымаецца па прыступках. У вочы Петрыку рэзнула чырвона-барвовым святлом.
Петрык бачыць, што вакол гарыць снег. Дзіўна гарыць. Узлятае ўгору, быццам рознакаляровыя бурбалкі. Снежныя бурбалкі ўзлятаюць і з трэскам разрываюцца ў паветры.
Гарыць снег. Усё наваколле занялося пажарам, гарыць...
Растапіўшыся ад агню, снег бяжыць ручайкамі. Цурчаць ручайкі, спяшаюцца...
Так беглі яны і ў той вясновы дзень, калі ён з маці сядзеў каля зямлянкі. Млеў пад сонцам снег, і цяклі ручаі.
— Сыночак, чамусьці дзеда Харытона доўга няма. 3 самага ранку з дому пайшоў. Дзе ж ён? — журыцца маці.
А дзед Харытон лёгкі на ўспамін. Едзе дарогаю на санях, нагружаных тоўстымі бярвёнамі-круглякамі. I яшчэ адны сані з бярвёнамі з’яўляюцца з-за павароткі. I яшчэ...
На санях сядзяць барадатыя дзядзькі, паважна нокаюць, падганяючы коней.
Пнуцца коні, разбіваючы капытамі мяккі снег, які за зіму напластаваўся на дарозе. Натужна рыпяць палазы, праразаюць снег да самай зямлі.
— Зося, прымай гасцей! — весела крычыць дзед Харытон.
— Куды ж гэта вы едзеце? — анічога не разумее маці.
— Хату будаваць.
— Каму?
— Нам. He век жа тузацца ў зямлянцы.
— Адкуль гэтыя людзі?
— 3 суседняй вёскі.
— Добры дзень, пані! — гукае чорны, што цыган, мужчына і паварочвае каня да зямлянкі.
Маці мітусіцца, бегае сюды-туды, а мужчыны звальваюць у кучу бярвёны.
— Перакур, мужычкі! — камандуе дзед Харытон.
Мужычкі перакурылі, пастаялі, пагаманілі і за новую работу ўзяліся: бярвёны абчэсваюць. Звонка, весела стукаюць сякеры. Добра Петрыку. Трэсак вакол! Любую выбірай. Трэску можна і як човен па ручаі пусціць, a можна і адмысловую запруду з трэсак зрабіць. Вада каля запруды збіраецца, пеніцца, а потым, прарваўшыся збоку, прабівае сабе новую дарогу.
Увечары мужчыны тут жа, каля зямлянкі, садзяцца за стол, вымаюць з торбаў хлеб, сала, салёныя агуркі, яйкі...
Хтосьці з іх ставіць на стол пузатую бутэльку...
Маці таксама сядзіць пры стале.
— Даруйце,— кажа,— што няма чым пачаставаць. Усё з дымам пайшло.
А Петрыку бяды мала. Ён за абедзве шчакі аплятае хлеб з салам.
Давай, давай,— падахвочвае яго дзед Харытон.— Набірайся сілы.
Ён, Петрык, стараецца, есць. Яму хутчэй трэба стаць такім жа дужым, як і гэтыя дзядзькі. Тады ён абароніць і маму, і дзеда Харытона, і хату пабудуе, калі некаму спатрэбіцца.
Гамоняць мужчыны, жартуюць, яго, Петрыка, падхвальваюць, быццам гэта не яны, а ён бярвён з лесу на хату прывёз.
— Сасоначка зялёная, Малодачка маладая, Чаго плачаш і рыдаеш, На доўгу дарожку пазіраеш? —
заспявала маці.
Сцішыліся мужчыны, слухаюць. Спявае маці, пазіраючы кудысьці ўдалеч:
— А як жа мне не рыдаці, На доўгу дарожку, эх, пазіраці? А ўсе дружкі з вайны ідуць, Майго дружка каня вядуць.
He вытрымалі мужчыны, падхапілі песню. I дзед Харытон зацягнуў тоненька, як малады пеўнік:
Ой, кося мой вараненькі, А дзе дружок маладзенькі? А ці ўбілі, ці ўстралілі, А ці ў плен забралі? А не ўбілі, не ўстралілі, А не ў плен забралі,
А твой дружок ранен ляжыць, Праваю рукою каня дзяржыць, Праваю рукою каня дзяржыць, Леваю рукою ваду грабець...
Ваду, ваду... Здаецца, вада нахлынула, усю хату заняла, а з вады галава дзеда Харытона паказваецца.
— Дзеду-у! — крычыць Петрык і хоча падаць яму руку.
Калі ж ён дзеду Харытону падаваў руку? Ці было гэта? Усё-ткі было. Ужо ў новую хату яны перабраліся, ужо бацька з вайны вярнуўся. Мар’янка нарадзілася...
Як і сёлета, напачатку лета ён, Петрык, з дзедам Харытонам на балота пайшоў. Дзед Харытон застаўся на балоце, а Петрык у лес падаўся, каб суніцамі паласавацца. Прысеў на палянцы, рве сунічку за сунічкай, кідае ў рот.
Наласаваўшыся, назад пабег. Выбег з кустоў — і аслупянеў. У возеры (яно было пры лесе) дзед Харытон топіцца: то з вады, то пад ваду, як паплавок.
Петрык як быў, у нагавіцах і ў кашулі, так і ўскочыў у ваду, забрыў па шыю і працягнуў руку.
— Дзеду, бярыцеся!
— Петрык, не!..— гукнуў дзед Харытон і схаваўся ў вадзе.
Крыху пачакаўшы, Петрык нырнуў раз, другі... Ды, як ні стараўся, не змог выцягнуць дзеда Харытона.
Змучаны, сеў на беразе, уткнуў галаву ў калені і горка заплакаў, развітваючыся з тым, хто выратаваў яго той страшнай зімовай ноччу...
Ужо потым бацька бусаком выцягнуў дзеда Харытона з возера. Да яго ног былі прывязаныя камяні.
— Яны ўтапілі. Яны! — прамовіў бацька.
Петрык з жахам глядзеў на пасінелы твар дзеда Харытона. Дайшло да яго, чаму дзед Харытон не падаў руку: баяўся, што і яго, Петрыка, пацягне за сабою на дно. He пра сябе думаў, гінучы.
— Татка, за што яны яго? — заплакаў Петрык. Ён ведаў, што яны — гэта Вацлаў Станішэўскі са сваёй хеўрай.
— За тое, што хату дапамог нам пабудаваць, што на гэтай зямлі засталіся. He плач, Петрык. Дзед Харытон сумленна пражыў. Hi сябрам, ні свайму краю не здрадзіў.
«Не здрадзіў... He здраднікі мы»...— шэпча ў сне Петрык.
А з вады высоўваецца рука. Ужо не дзеда Харытона, a Янінчіна. На прыдалонне вяночак надзеты.
— Янінка!.. Янінка!..— кліча Петрык.
Яніна высоўваецца з вады: «Я тут, Петрык. Даруй мне. Русалкай я стала, бо бацька і мяне пракляў».
Вада запаўняе хату. I няма куды ўцячы. Вада... Вада...
Маленькі чалавечак у шэрай сутане
I Яніне снілася вада. Снілася, што яна стаіць у парку каля сажалкі, дзе плаваюць лебедзі з падрэзанымі крыламі.
Стаіць, скрыжаваўшы рукі на грудзях, і думае: «Зараз кінуся ў сажалку і буду ляжаць на мяккім глеістым дне, як мая мама ляжала на мяккім ложку».
Раптоўна памерла мама. Войкнула, схапілася за грудзі і асунулася на ложак, на развітанне нават слоўца не сказаўшы.
«А-а-а!» — варочаючыся, стогне Яніна, а ў вушах гучыць музыка, дзікая, шалёная. Разрывае перапонкі...
Музыка даносіцца з вялікай залы, дзе сабраліся бацькавы госці. Трэці дзень яны не адыходзяць ад сталоў, усё балююць. Ва ўсіх гасцей твары азызлыя, апухлыя. Цягаюцца па маёнтку, нібы вар’яты, штосьці незразумелае шэпчуць сабе пад нос.