Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

Мой сябар Дон Кіхот

Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
50.59 МБ
— Паўлюк,— кліча бацька,— хадзі сюды.
Паўлюк борздзенька падбягае да яго.
— Чаго клікаў, тата?
Бацька садзіцца на лаўку.
— Сядай і ты, сынок,— запрашае.
Паўлюк прыладжваецца побач. А так хочацца хутчэй дазнацца, чаму паклікаў бацька! Няўжо падорыць сапраўдную шаблю? А мо цікавай гісторыяй парадуе?
— Паўлюк, што трэба сапраўднаму вою? — пытаецца бацька.
— Вострая шабля,— імгненна адказвае Паўлюк.
— Так,— пагаджаецца бацька.— Шабля патрэбна, каб ад чужынцаў свой край бараніць. Але гэта яшчэ не ўсё, сынок...
— I дзіда патрэбна,— стараецца дапамагчы бацьку Паўлюк.
Бацька вымае з торбы тоўстую кнігу.
— Яшчэ кніга патрэбна. Без кнігі ты як сляпы. Можа так стацца, што зблудзіш у цемры.
-— Ыгы,— пагаджаецца Паўлюк, бо ведае: бацька не любіць, калі яму пярэчыш.
Бацька адкрывае кнігу і паказвае, тыцнуўшы пальцам.
— Пра век мінулы напісана тут. Чытай і ў памяці адкладвай.
Паўлюк кладзе кнігу на калені і чытае...
Крывавае полымя бачыць ён. Усю родную зямлю яно ахапіла. Войскі Масковіі нішчаць Вялікае Княства Літоўскае. Гараць вёскі, дымяцца гарады. Людзей сілком вядуць у няволю, у Масковію. I ўдзень, і ўночы. I ў мароз, і ў спёку. Абязлюдзелі гарады. Шлюць ваяводы Вялікага Княства Літоўскага пасланцаў у Польшчу: «Дапамажыце. Мы ж не раз і не два вам дапамагалі». Але дарэмна. Карона чакае, пакуль зусім абязлюдзее, аслабне Княства, каб потым далучыць яго да сябе.
I настала лета 1569-е. Едуць паслы Княства Літоўскага ў Люблін: і Радзівіл Мікалай Чорны, і Радзівіл Мікалай Руды, і Іван Хадкевіч, і Яўстафій Валовіч... Хмурныя едуць паслы. Цяжкія думы адольваюць кожнага з іх.
He йдзе на саступкі польскі кароль, не йдуць на саступкі і польскія шляхціцы. Паціраюць рукі, задаволеныя. Нарэшце без вайны, без бою забяруць яны зямлю беларускую. Пеніцца крыштальнае віно ў кубках. Яшчэ не падпісаная дамова, а польскія шляхціцы ўжо святкуюць перамогу. Дамаўляюцца, як падзяліць калісьці магутную дзяржаву, якія землі забраць, якія купіць.
Задумаўся Іван Хадкевіч. Яму даручана перад самім каралём выступаць. Што ж сказаць каралю Кароны? He
так даўно ён, Іван Хадкевіч, выступаў і сказаў: «Вы ўжо абрэзалі нам крылы».
Але, абрэзалі. Многія ваяводы і сенатары паспелі дамовіцца з каралём, саступілі яму, на ягоны бок перабеглі. Ka­ni б не гэтыя перабежчыкі, то можна было б і сваю вайсковую сілу паказаць.
Дык што ж сказаць? Палякі дамагаюцца злучыць дзве дзяржавы ў адну. Вялікакняскі Статут ліквідоўваюць і землі свабодна змогуць набываць, і даставаць усялякія пасады на абшарах Вялікага Княства.
«Ганьба! Ганьба! Навошта я дажыў да гэтага дня?» — з горыччу думае Іван Хадкевіч.
Няўтульна яму ў раскошных пакоях, міласціва прапанаваных каралём. Мулка спаць на мяккім ложку. «Буду прасіць караля, каб не губіў нашую дзяржаву»,— думае ён, забыўшыся кароткім сном.
Выбліснула сонца, як звычайна, прынесла новы дзень. Пануры стаіць Іван Хадкевіч прад Сігізмундам Аўгустам. «Нам ужо няма да каго звярнуцца па дапамогу,— кажа са слязамі на вачах.— Хіба што да Бога і да вас, ласкавы васпан... Прыносім вам просьбу: так правесці да канца гэтую справу, каб яна не цягнула за сабою рабства і ганьбы нам і нашчадкам нашым... Мы цяпер даведзеныя да таго, што мусім з пакорнаю просьбаю ўпасці да ног вашай вялікасці».
He хаваючы слёз, схілілі галовы беларускія паслы і ўпалі на калені.
He, не перад каралём, а перад спакутаваным і абрабаваным краем сваім стаяць яны на каленях.
«...Імем Бога просім цябе, васпан,— кажа далей Іван Хадкевіч,— помніць нашую службу, нашую вернасць табе і нашую кроў, якую мы пралівалі дзеля тваёй славы».
Петрык на хвілінку адарваўся ад кнігі, зірнуў на бацьку.
— Дарма прасілі нашыя паслы караля,— кажа бацька.— Па-свойму ён зрабіў, як і задумваў, але ў лета 1576-е наш новы вялікі князь Сцяпан Батура сваім першым
Прывілеем адмяніў пастановы таго Люблінскага сойму, заявіўшы пра поўную незалежнасць Вялікага Княства ад Польшчы. Калі б не пярэваратні, то гаспадарамі жылі б...
Гаспадарамі, гаспадарамі...
Паўлюк расплюшчыў вочы. Здаецца, хтосьці на двары ходзіць. Няўжо яны вярнуліся?
Паўлюк устаў. Спіць Зося, спяць дзеці. Мар’яна кінулася ў сне, усклікнула.
«Перапалохалася яна ўвечары. Трэба сказаць Зосі, каб пярэпалахі выкачала»,— падумаў Паўлюк.
«Туп-туп-туп»,— затупацеў хтосьці, прабегшы па падворку.
Усё-ткі прыйшлі. Вывіжоўваюць. Каб хоць не спалілі. Што ж рабіць? Будзіць Зосю і дзяцей? Але ж Мар’яна зусім перапалохаецца.
Паўлюк узяў са стала пістолю, ціха адчыніў дзверы і выйшаў на двор. Удалечыні яшчэ вуркоча гром, а тут пахне мятай, аерам, на балоце крумкаюць жабы, выводзяць сваю адметную песню.
Паўлюк нагнуўся, прыглядаючыся. На зямлі, шчодра напоенай дажджом,— сляды, вялікія, мужчынскія, ад ботаў. Тут былі яны, пярэваратні. Да самых дзвярэй падыходзілі. Няўжо стаіліся ў цемры і чакаюць?
Зусім з глузду з’ехаў Вацлаў Станішэўскі. Нянавісць і гарэлка асляпілі яго.
Успомнілася, як пасля смерці бацькі ён, Паўлюк, вярнуўся сюды. Закалацілася сэрца, калі ўбачыў спалены дом. А потым даведаўся ад Зосі, што і зямлю адсудзіў Вацлаў Станішэўскі.
«Праз суд назад забярэм»,— сказаў Зосі.
Дурань, які дурань ён быў! Паверыў у справядлівасць суда. I суд захапілі, засеўшы ў ім, гэткія ж пярэваратні, як Вацлаў Станішэўскі. А чым ён, Паўлюк, мог даказаць сваё права на зямлю? Усе дакументы ў агні згарэлі.
«Бяздомнік ты. У Януша Радзівіла праўду шукай, у таго, каму служыў»,— заявіў яму адзін з суддзяў.
Зразумеў Паўлюк, што хочуць выжыць яго. «Нікуды я адгэтуль не паеду, на злосць вам»,— даў сабе слова.
Балюча бачыць, як польская і спольшчаная шляхта землі скупляе альбо вось так, як у яго, падманам, гвалтам забірае і, усеўшыся на зямлі, за просты люд бярэцца: на свой лад перавыхоўвае, апалячвае. Шмат хто і з простых людзей запісаўся ў палякі, абы выжыць, уратавацца, абы пана свайго не гнявіць.
Сціснуўшы ў руцэ пістолю, Паўлюк з аглядкай накіраваўся за хлеў. Сапраўдная вайна распачынаецца. Было перамір’е, ды скончылася. Калі б не Зося і дзеці, то і дом Вацлава Станішэўскага пажарам засвяціўся б.
He паказваюцца, не азываюцца... Кепска, што сабакі не завёў...
He, быў сабака. Мінулай восенню Адам яго застрэліў. Каб злосць сваю сагнаць.
Ён, Паўлюк, якраз з лесу вяртаўся. Пад’язджаючы да дому, стрэл пачуў. Адчуўшы нядобрае, хутчэй пагнаў каня і, мінуўшы паваротку, убачыў пры дарозе свайго Буяна. Сабака ляжаў скрываўлены. Бег да лесу, каб сустрэць гаспадара, як звычайна сустракаў.
Паўлюк злез з воза і прысеў каля сабакі на кукішкі. Буян гарачым языком лізнуў руку і сканаў.
Няўцешна плакала Мар’яна, усё не верачы, што не стала Буяна, з якім бегала і на рэчку, і ў лес. А Петрык некалькі дзён ні з кім не размаўляў. Хадзіў, зацяўшыся, боль у сэрцы насіў.
Затое Адам радаваўся, хвалячыся гайдукам, як з аднаго стрэлу сабаку ўлажыў...
Каля хлява Паўлюк заўважыў вывернутую бурай яблыньку. Ён прысеў каля яе, каб паглядзець, ці моцна пашкоджаныя карані, і ў гэты момант патыліцу апякло болем.
Паўлюк упаў, ухапіўшыся за ствол яблынькі.
«Няўжо і гэта благі сон?» — надосталь прамільгнула ў галаве.
Частка другая
ГОРА
Пляма крыві
Зося прачнулася на світанні. Паўлюка побач не было. Прыгадаўся ўчарашні вечар: як скакалі шалёныя коннікі, як прагучалі тры стрэлы...
Петрык зусім дзіцё, а ўжо ўзяў у рукі зброю. He, дабром гэта не скончыцца.
Баліць галава, усё цела як пабітае. Нават рукой не хочацца варушыць. Прасіла Паўлюка, казала яму, што трэба выехаць адгэтуль. «Сваёй дзедзіны не пакіну»,— заявіў.
Калі вярнуўся з суда, які пакінуў зямлю за Вацлавам Станішэўскім, яна ледзь пазнала яго: счарнеў так, нібы пахаваў самага блізкага. А Вацлаў Станішэўскі вырашыў яшчэ на нервах пайграць, па сэрцы рэзнуць. Вечарам сабраў усю сваю хеўру на лузе непадалёк ад хаты.
Гарэлі вогнішчы, іграла музыка, спявала, балявала хеўра. Здавалася, не песні, а крыкі-пракляцці нясуцца ў прастору.
Калі яна сказала пра гэта Паўлюку, ён адказаў: «Хто праклінае, той сам будзе пракляты».
Хоць і ў самой сэрца разрывалася ад болю, але як магла, суцяшала Паўлюка: «Не бяры ў галаву. Скінь з душы цяжкі камень. He ў адных нас бяда. Па ўсім нашым краі яна разлілася».
Зося бяду зазнала, калі дзявятае лета ёй мінула. Атрад маскоўцаў напаў на бацькаў маёнтак. Абараняючыся, загінуў бацька. I маці куля не мінула. А двух старэйшых братоў-блізнятаў пагналі ў Масковію. Мабыць, і цяпер яны там.
Ёй жа, калі так сказаць, пашанцавала. Папрасілася яна ў стральца-вартавога: «Дзядзечка, адпусціце мяне». Стралец азірнуўся і ціха прамовіў: «Бяжы».
Паляцела яна ў цемру.
Браты навучылі, каб папрасілася менавіта ў гэтага стральца. Чулі яны, як, жалячыся, расказваў стралец, што і ў яго дома засталіся дзве дзяўчынкі. Сказалі: «Прасіся, Зоська. Мо і адпусціць ён. Невядома, куды нас вядуць. Мажліва, на загубу».
Паблукала яна па свеце, не раз і не два слязьмі ўмывалася, пакуль не падабраў яе, пашкадаваўшы, Юстын Кравец.
3 таго дня ў іхным маёнтку стала жыць, паняй хадзіць. 3 Паўлюком пасябравала, потым пакахалі яны адно аднаго. I настаў дзень, калі кінуліся ў ногі Юстыну, просячы, каб дазволіў пажаніцца...
Госці спявалі, жартавалі, гуляючы на вяселлі, а яны, Зося і Паўлюк, анікога, акрамя сябе, не заўважалі. Сядзелі пры вясельным стале, нібы голуб і галубка.
Непрыкметна, як вада ў рэчцы бяжыць, прабеглі тыя шчаслівыя дні... Дзе ж падзеўся Паўлюк? Чаму яго так доўга няма?
Зося прыўстала, прыслухоўваючыся.
Зараз бразне клямка, адчыняцца дзверы. З’явіцца Паўлюк і радасна скажа: «Не вешай носа, Зоська. Будзем жыць-пажываць і дабра нажываць».
Дабра... He, няма дабра.
Зося ўстала, апранулася і выйшла на двор. Сонца яшчэ не ўзышло, але ўжо чырванела на ўсходзе.
На мокрай ад дажджу зямлі Зося заўважыла чужыя сляды і зразумела, што ўначы яны, гэтыя злыдні, былі тут.
— Паўлюк! — паклікала, падышоўшы да хлява.
Ціха вакол. Толькі карова ў хляве рыкнула, падала голас.
«А сляды на падворку свежыя, пасля дажджу іх пакінулі,— падумала Зося.— Зранку яны тут круціліся. Паўлюк, няйначай, пачуў, што каля хаты ходзяць, і выйшаў на двор».
Зося азірнулася і ўбачыла паваленую яблыню.
Што ж гэта блішчыць каля яблыні? Няўжо Паўлюкова пістоля? Відаць, яго... Пляма крыві каля пістолі...