Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

Мой сябар Дон Кіхот

Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
50.59 МБ
Яніна разам з мамай сядзіць у мамінай спальні. Мама час ад часу ўздрыгвае і разгубленымі вачыма глядзіць на Яніну. Яна, як і Яніна, што агню баіцца п’яных гасцей.
— Усё здароўе яны ў мяне аднялі,— скардзіцца мама.
У пакой уваходзіць маленькі чалавечак у шэрай манаскай сутане. Твар у яго анёльскі, галасок ціхі, але і Яніна, і мама баяцца яго яшчэ болей за п’яных гасцей.
He так даўно прывёз бацька маленькага чалавечка ў шэрай сутане ў маёнтак, але хутка ён тут прыжыўся, стаў як гаспадар. У кожную дзірку суне свой востранькі лісіны носік.
«Святы айцец», — з нейкай асаблівай павагай аднаго разу сказаў пра яго гайдук Адам.
Пасля першай жа сустрэчы з маленькім чалавечкам у шэрай сутане прызналася Яніне мама:
— Накліча ён на нас бяду. Адчувае мая душа.
— Пані Хрысціна, вы дазволіце? — расцягвае ва ўсмешцы тонкія вусны маленькі чалавечак у шэрай сутане і без дазволу сядае на крэсла.
Мама маўчыць, толькі дыхае часцей, быццам пад горку пабегла.
— Многія людзі на Бога забыліся, супраць свайго караля ідуць,— распачынае маленькі чалавечак у шэрай сутане.
Яніна ведае, што надоўга ён завёўся, не хутка спыніцца. Іншы раз прысунецца ў маміну спальню і цэлы вечар вядзе сваю гаворку, прыплюшчыўшы вочкі.
— Ваш сусед Паўлюк Кравец...
— Паўлюк не йдзе супраць караля. Ён за свой край стаіць,— не стрываўшы, пярэчыць мама.
— Пані Хрысціна, за каго вы заступаецеся? Бога пабойцеся!
Пасля таго, як, уволю нагаманіўшыся, пойдзе маленькі чалавечак у шэрай сутане, мама будзе скардзіцца, што баліць галава, коле сэрца. Яніне хочацца затупацець нагамі, нарабіць крыку, каб прагнаць маленькага чалавечка ў шэрай сутане, але яе чамусьці апаноўвае такі жах, што пашчэнкі дзервянеюць. Так, здараецца, яны дзервянеюць, калі ўкусіш вельмі кіслы яблык.
— Пані Хрысціна, я ведаю, што вы, як і Паўлюк Кравец, да замужжа былі праваслаўнай...
— Была!
— Пані Хрысціна!.. Пані Хрысціна!..— У голасе маленькага чалавечка ў шэрай сутане гэтулькі асуджэння, што можна падумаць: мама самая вялікая на свеце грэшніца.
Мамін твар пабіла на чырвоныя плямы.
— Усе мы пад Богам ходзім.
— Пані Хрысціна, вы, як мне здаецца, ерэтычка.
«Вон!» — хацела крыкнуць Яніна, але дзверы з грукатам адчыніліся, і ў пакой уваліўся сухарлявы, як жарабец, пан Кахноўскі, які не прапусціў ніводнага бацькавага застолля. Азызлы ад трохдзённай п’янкі, ён ледзь стаяў на нагах.
— П-пані Х-хрысціна... К-каханая...
Мама наставіла рукі, спрабуючы затуліцца.
— Пан Кахноўскі!.. Пан Кахноўскі!..
Маленькі чалавечак у шэрай сутане шмыгнуў у дзверы.
— П-пані Х-хрысціна!.. К-каханая!..— затрос галавою пан Кахноўскі.
Мама ўзялася за грудзі.
— Пан Кахноўскі, выйдзіце з маёй спальні. Пан Кахноўскі, зараз жа!..
У пакой уварваліся бацька і гайдук Адам.
— Па чужых спальнях цягаешся, прайдзісвет? He падмануў мяне манах! — крыкнуў бацька.
Пан Кахноўскі павярнуўся да бацькі і загудзеў, як чмель: — М-м-м...
— Адам, цягні яго! — закамандаваў бацька.
Пан Кахноўскі не даваўся, размахваў доўгімі рукамі, але бацька і Адам схапілі яго і вывалаклі з пакоя.
На калідоры пачуўся крык, падобны на ўсхліп.
— Мама, што там? — сцялася ад страху Яніна.
У дзвярах вырас маленькі чалавечак у шэрай сутане.
— Зарэзалі!
— Karo? — спалатнела мама.
— Пана Кахноўскага.
Мама павалілася на ложак.
— Сэрца!..— прашаптала ўраз пасінелымі губамі.
— Тата! — на ўсю сілу закрычала Яніна. Пасля гэтага яна ніколі не звала яго на дапамогу.
Бацька, пачуўшы, убег у пакой. Яго правая рука была ў крыві.
— Хрысціна!.. Я!.. Хрысціна!..
— Сэрца... Лекара... Хутчэй...
Адапхнуўшы Яніну, маленькі чалавечак у шэрай сутане пралез наперад.
— Святую веру ў сэрцы трэба насіць, пані Хрысціна.
— Вацлаў! — ціха паклікала мама.
Бацька пацягнуўся да яе акрываўленай рукой.
Мама войкнула і закінула галаву.
Потым мама ляжала ў труне. Прыгожая, нібы жывая. Седзячы побач, бацька размазваў па шчоках слёзы. Непадалёк стаяў маленькі чалавечак у шэрай сутане і ўсё махаў галавою, як махае конь у гарачыню.
Яніна туліла да грудзей белую ружу, маміну любімую, сарваную з куста, які мама сама пасадзіла каля сажалкі з лебедзямі.
На ружы яшчэ блішчалі буйныя кроплі расы.
Яніна ўзялася за маміну руку і хацела расшчаміць пальцы, каб пакласці ружу ў маміну руку. Але маміны пальцы былі як касцяныя...
Яніна войкнула, як мама перад смерцю, і ўпала на падлогу, страціўшы прытомнасць.
На другі дзень яна пайшла да сажалкі, каб навек пахаваць сябе на яе дне, каб ніхто-ніхто не праведаў, дзе і як яна загінула.
Яна склала рукі на грудзях, сабраўшыся скокнуць у сажалку, але з-за куста выйшаў Петрык. Яніна да гэтага бачыла яго толькі здалёк.
— He бойся мяне.— Петрык пераступіў з нагі на нагу.— Забег у ваш парк, а тут ты стаіш...
Пасля яны сядзелі на лаўцы, абсаджанай бэзам, дзе так любіла сядзець мама. Петрык апавядаў ёй пра асілкаў, якія
калісьці жылі на гэтай зямлі. Самыя глыбокія рэкі былі ім да калена. Усіх у страху трымалі асілкі. Заганарыўшыся, самому Богу сталі пагражаць. Бог жа адняў у іх розум, і яны лбамі пачалі разбіваць каменныя горы, нібы бараны. Так і загінулі ўсе.
— Усіх, хто ў страху трымае, хто гора нясе, гэткая доля чакае,— скончыў Петрык.
Спіць Яніна. Залацістыя валасы, такія ж, як і ў мамы, па падушцы рассыпаліся.
«Божа, пакарай ліхіх людзей. Божа, пакарай іх!» — просіць яна ў сне.
А потым ёй здалося, што з неба сарвалася зорачка і ўпала каля яе акна. Цёплая, прыгожая, як маміны рукі. Жывыя рукі.
Сяброўкі на ўсё жыццё
А Мар’яне сніўся лес. Снілася, што яна з Янінай ідзе па бярозавым гаі. Яніна вясёлая, шчабеча, як птушка ўвесну. I ў Мар’яны радасць на душы. Слухаючы Яніну, яна гучна смяецца. Смех звонкім рэхам перабягае ад бярозкі да бярозкі, заміраючы ў гушчары.
«Калі ж мы з Янінай былі ў бярозавым гаі? — варочаючыся, думае Мар’яна.— Ці не на Тройцу? Так, на Тройцу, мінулым летам».
Тады на маладзенькай кучаравай бярозцы яны завілі вянкі і праз гэтыя завітыя вянкі пацалаваліся, такім чынам пакуміўшыся, як звычайна робяць на Тройцу дарослыя дзяўчаты.
— Мар’яна, цяпер мы на ўсё жыццё сяброўкі. Ніхто нас не разлучыць,— сказала Яніна.
Гэта яна прапанавала Мар’яне пакуміцца.
Затым яны селі на траву. Яніна развязала вузялок, у якім былі яйкі, паляндвіца, каўбаса, акраец хлеба.
А Мар’яна прынесла яешню. Яешню бяруць і дарослыя дзяўчаты, калі завіваюць на бярозцы вянкі.
— Мар’яна, чаго табе найбольш хочацца? — запытала Яніна.
— Пеўніка на паленцы,— прызналася Мар’яна.
Перад гэтым бацька ўзяў яе ў горад. На рынку вясёлая, прыгожая цётка ў квяцістай хустцы прадавала пеўнікаў. Насаджаныя на тонка выструганае белае паленца, яны былі як сапраўдныя: з дзюбай, з вялікім грэбенем.
Бацька адлічыў грошы і падаў жанчыне ў квяцістай хустцы, а яна працягнула Мар’яне пеўніка на белым паленцы.
— Бяры, дзяўчынка.
— He,— сумеўшыся, закруціла галавою Мар’яна.
— Мар’яна, бяры! — падахвоціў бацька.
Мар’яна заціснула пеўніка ў кулачок і схавалася за бацькаву спіну. Так, у кулачку, і прывезла яна пеўніка дамоў. Удваіх з Петрыкам частаваліся. А Петрык Яніне пахваліўся.
— Пеўніка? — Яніна разгарнула хусцінку, якую трымала ў руцэ. На хусцінцы ляжаў пеўнік, рыхтык той, які ў горадзе купіў бацька.
— Мар’янка, бяры.
Мар’яна ўзяла пеўніка і падняла ўгору. Чароўнымі агеньчыкамі заіскрыўся пеўнік на сонцы.
— Бацька мне яго з горада прывёз,— паведаміла Яніна.
— Добра табе. Прысмакі бацька купляе,— пазайздросціла Мар’яна.
На вачах у Яніны выступілі слёзы.
— He, Мар’янка. Нялюдскі мой татка.
Да гэтага Яніна ні разу не сказала пра бацьку кепскага слова. Калі, здаралася, заходзіла пра яго размова, яна альбо адмоўчвалася, альбо адразу ж бегла дадому.
Як цудоўна распачаўся дзень! Навошта было нагадваць Яніне пра бацьку? Як гаворыцца, Бог яму суддзя.
Мар’яна ўзяла пеўніка ў рот і ўкусіла. Пеўнік хруснуў на зубах і раскалоўся.
— Мар’яна, мне без мамы сумна. Калі б не вы з Петрыкам, то я, мусіць, рукі на сябе наклала б. Вы мяне не пакінеце? Га?
Мар’яна шырока расплюшчанымі вачыма глядзела на сяброўку. Зразумела, чаму яна прапанавала пакуміцца. Баіцца, што адна застанецца.
— Янінка, хіба ж ты не ведаеш, як мы цябе любім?
У Яніны, як у дарослай, на пераноссі сабраліся зморшчынкі.
— Але ж і мой тата маму калісьці любіў, добры быў.
— А потым?
— Потым у нас з’явіўся маленькі чалавечак у шэрай сутане.
— Святы айцец?
Мар’яна чула, як маленькага чалавечка ў шэрым, які пасяліўся ў Станішэўскіх, бацька неяк назваў святым айцом і скрывіўся, бы ад зубнога болю.
— Маленькі чалавечак у шэрым казаў тату, што мама не мае Бога ў сэрцы, а яна штодня малілася, прасіла Бога, каб тата дабрэйшым стаў.
Мар’яна са страхам азірнулася. Што калі маленькі чалавечак у шэрай сутане, падкраўшыся, падслухоўвае іхную размову?
He, здаецца, няма яго паблізу. Можна перавесці дух. Яна, Мар’яна, маленькага чалавечка ў шэрай сутане і блізка не падпусціць, калі раптам прычэпіцца. Ён, чаго добрага, з Янінай разлучыць.
— Янінка, хочаш, я прысягну, што ніколі не пакіну цябе?
— He трэба,— краёчкамі вуснаў усміхнулася Яніна.
— Цяпер верыш, што не пакіну цябе?
— Веру.
— На ўсё жыццё мы з табой сяброўкі.
— На ўсё жыццё.
«На ўсё жыццё!» — шэпча Мар’яна. А Яніна адплывае ўдалячынь. Адплывае, адплыла, згінула ў густым тумане. А з туману выплыў Вацлаў Станішэўскі. Цягнецца да Мар’яны валасатаю рукою.
— Аддай пеўніка!
— Няма яго ў мяне.
— Аддай!
Няма! З’ела я. Дальбог! — клянецца Мар’яна.
Твар у Вацлава Станішэўскага быццам неба перад навальніцаю. Няма літасці на ім.
— Майго пеўніка з’ела?
— З’ела...
— Лезь у мех. 3 сабою забяру.— Вацлаў Станішэўскі, як казачная Баба Яга, настаўляе вялікі мех.— Лезь! Тут не толькі табе, але і твайму Петрыку месца хопіць.
— Вы і Петрыка ў мех хочаце пасадзіць?
— Усіх вас пасаджу і вяроўчынай завяжу, каб не дыхнулі.
— Вы ж мяне з Янінай разлучыце. А мы з ёю сяброўкі на ўсё жыццё!
Вацлаў Станішэўскі гучна рагоча. 3 ягоных вачэй сыплюцца іскры, змеямі рассякаючы паветра.
Удар ззаду
А Паўлюку прысніўся бацька, Юстын. Жывы і здаровы прыехаў ён дадому. He, не ў гэтую хатку, зробленую талакоўцамі, а ў прыгожы і прасторны дом, спалены зімовай ноччу.