Мой сябар Дон Кіхот
Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
Толькі ў Сіняўцы, каля роднага дома, дзед Юстын расплюшчыў вочы і вымавіў: «Я жывы?.. Жывы...»
— Той раз пад Смаленскам нашыя атрымалі перамогу,— кажа бацька.
— А што было потым? — цікавіцца Петрык.
— А ў лета 1651-е і я з тваім дзедам выправіўся да Януша Радзівіла. Разам з ім вялі бой супраць казацкіх атрадаў Нябабы, завалодалі Чарнігавам, у жніўні былі пад Кіевам і праз некалькі дзён узялі яго без бою. He аднойчы вызначыўся Януш Радзівіл, ды не любілі яго ганарлівыя польскія шляхціцы.
Петрык уявіў Вацлава Станішэўскага, бацьку Яніны. Тоўсты, непаваротлівы, ён нават па баках не глядзіць, калі едзе дарогаю. Густыя, як шчотка, бровы заўжды нахмураныя, кончыкі рудых вусоў узнятыя ўгору, галаву трымае роўна, як на калку.
— He любілі яго польскія шляхціцы,— паўтарыў бацька.
— Такія, як Вацлаў Станішэўскі?
Бацькаў твар перасмыкнуўся.
— Станішэўскі гэткі ж паляк, як я татарын.
— Але ж ён называе сябе палякам.
— Адно што называе.
У Петрыкавай галаве ўсё пераблыталася. Канечне, бацьку цяжка згадваць мінулае. Але ён, Петрык, датуль не адступіцца, пакуль пра ўсё не дазнаецца. Альбо сёння, альбо ніколі.
— Татка, Вацлаў Станішэўскі пабіў бы таго, хто сказаў бы, што ён не паляк.
— Пабіў бы, бо праўду хоча схаваць. Ён, як і я, беларускі шляхціц. I ягоны бацька, Клім, як і дзед Юстын, быў беларускім шляхціцам, пакуль не перайшоў у каталікі. А як перайшоў, дык і палякам запісаўся.
— Чаму?
Каб здабыць прывілеі. Яшчэ ў лета 1569-е ў Любліне нашае Вялікае Княства Літоўскае, якое вяло цяжкую вайну
з Масковіяй, мусіла заключыць ваенна-палітычны хаўрус з Каронай Польскай. Ён ліквідаваў звычайны парадак абрання нашага князя і дазволіў палякам свабодна набываць землі, даставаць усялякія пасады на абшарах Вялікага Княства. He ў пашане стала беларуская шляхта. А на нашую зямлю палякі пачалі глядзець як на сваю вотчыну, уласнасць. Аднаго разу Януш Радзівіл, які заўжды стаяў за незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага, не стрываў і перад самым каралём Кароны Уладыславам прыгразіў палякам: «Прыйдзе час,— паны-палякі да дзвярэй не патрапяць: праз вокны іх выкідваць будзем». Потым звялі яго са свету. А падобныя да Станішэўскіх супраць караля не пайшлі. Прынялі каталіцтва і ў палякі запісаліся.
— Дык хто ж каму здрадзіў?
Зноў ціхім ручаём льецца бацькаў голас. Праўда, бывае, зазвініць, нават загрукоча, болем прарваўшыся. А перад Петрыкавымі вачыма зноў малюнкі бягуць, трывожаць, бацькавым болем у сэрцы адгукаюцца.
Уварвалася ў Вялікае Княства войска Масковіі. Здаўся на літасць цара Смаленск, адступаюць воі Януша Радзівіла, які стаяў на чале войска нашай дзяржавы. Радуюцца яго непрыяцелі-пярэваратні — колішнія беларускія шляхціцы. I Карона не спяшаецца на дапамогу. Няхай яшчэ болей крыві праліюць нашыя ваяры, няхай знясіліцца, абязлюдзее дзяржава. Слабога лягчэй падабраць пад сябе. Слабы сам папросіцца пад крыло.
Пацямнеў твар Януша Радзівіла, сінява пралегла пад вачыма. Цяжкія думкі яго адольваюць. Як уратаваць дзяржаву? Што зрабіць, каб не прапала, знічкай не згінула?
Няма спадзявання на Карону. «Час настаў адлучыць нашае Княства ад Кароны,— сказаў сябрам Януш Радзівіл,— Шведскі кароль нам абяцае дапамогу».
У лета 1655-е бацька і дзед Юстын разам з Янушам Радзівілам ужо ў Яшвойнях, пад Кейданамі. Прыехалі сюды, каб заключыць саюз са Швецыяй — акт пра выхад Вялікага Княства Літоўскага з Кароны Польскай.
Сядзіць пісар, пад дыктоўку старанна, аж скрып ідзе, выводзіць пяром: «...Мы, кіраўнікі і шляхта Вялікага Княства Літоўскага, вымушаныя да таго неабходнасцю, аддаёмся пад апеку яго вялікасці караля шведскага на пералічаных ніжэй умовах:
1) разам ваяваць супраць агульных ворагаў, выключаючы караля і Карону Польскую;
2) Вялікае Княства Літоўскае не будзе прыяднана да Швецыі, але злучана з ёю тою самай уніяй, якая дагэтуль была з Каронаю Польскаю, гэта значыць, народ ва ўсім будзе роўны народу, сенат — сенату і воі — воям;
3) свабода голасу будзе абавязковаю;
4) свабода рэлігіі будзе непарушнаю...»
Пастаўлены подпісы, замацаваныя пячаткамі...
Радуецца бацька, час ад часу паўтараючы: «Народ ва ўсім будзе роўны народу». Цяпер беларус зноў стане гаспадаром у сваім краі. Каб толькі выстаяць. А потым можна даць сквапным ворагам адпор, вызваліць страчаныя гарады і вёскі, адпомсціць за бязвінна пралітую кроў.
Ды не радуецца дзед Юстын. Ходзіць хмурны, долу апусціўшы вочы. He вытрываў бацька. Цёмнай кастрычніцкай ноччу, калі сядзелі каля цяпельца, запытаў у дзеда Юстына: «Татка, чаму ты не радуешся?» «Не веру я каралям»,— адказаў дзед Юстын.
Як у ваду ён глядзеў. Шведскі кароль не выплаціў воям Вялікага Княства Літоўскага абяцаных грошай, не забяспечыў порахам ды іншым неабходным вайсковым рыштункам.
Узбунтаванае войска пакінула Януша Радзівіла і рушыла на поўдзень Княства.
3 тым войскам, што засталося пры ім, Януш Радзівіл кінуўся наўздагон, заняў замак у Тыкоціне і пачаў там рыхтавацца да абароны.
Снежань... Вакол крэпасці аблога. Нудна цягнецца доўгая зімовая ноч. He спіцца бацьку і дзеду Юстыну. Са сваімі давядзецца ваяваць, з тымі, хто адступіўся, хто пакінуў гетмана.
Гарыць агеньчык у акне Януша Радзівіла. I яму не спіцца. Разбураюцца ягоныя планы. Няўжо прыйшоў канец таму, за што змагаўся? Цвіло, красавала, папараць-кветкай ззяла Вялікае Княства Літоўскае... Чаму так рана адцвіла цудадзейная папараць-кветка? Няўжо так наканавана? Стынуць у магілах-курганах косці загінулых... Мёртвыя праклянуць жывых! Доўга смугою будзе вісець пракляцце над гэтай зямлёй. Чаму адступіліся? Чаму не абаранілі годнасць сваю і гаспадарства сваё? Чаму паквапіліся на ўзнагароды і пасады? «I роды вашыя згінуць, пракляццем, як іржой, з’едзеныя. Нат не ўспомняць пра іх»,— у скрусе шэпча гетман.
Зграя ваўкоў падышла да замка, завыла. Адзін стрэл, другі... Заенчыла воўчая зграя, паімчалася ў ноч, уздымаючы снежную віхуру.
На бяду выла воўчая зграя. У ноч з 30 на 31 снежня ў лета 1655-е Януша Радзівіла не стала.
Дзеда Юстына дапусцілі да цела нябожчыка. Зірнуў ён на даўняга баявога сябра і жахнуўся: цёмнымі плямамі пабіты мёртвы твар. Прытуліўся дзед Юстын шчакой да халоднай рукі Януша і прагаварыў, плачучы: «Атруцілі яны цябе, княжа. Атруцілі!»
Бацька скончыў апавядаць, зірнуў на Петрыка.
— Дык хто здраднік, сынок?
— Татка, не дамося воўку жыўцом у зубы! — як дарослы, адказаў Петрык і, памаўчаўшы, дадаў: — А як дзед Юстын загінуў? Раскажы.
3 дзедам Юстынам
(Успамін Паўлюка)
Пасля пахавання Януша Радзівіла бацька сказаў:
— Паўлюк, заўтра ж едзем у Сіняўку.
Паўлюк пачаў збірацца ў дарогу. А думкамі ўжо там, у Сіняўцы, дзе ўсё знаёмае, дзе так добра, так міла.
Як жыве каханая Зося? Што робіць яна? Мусіць, дайшла да яе вестка пра смерць гетмана. Гэткія весткі хутка разносяцца па гарадах, па вёсках, па маёнтках.
Напэўна, выглядае, бедная, ці не пакажуцца ўдалечыні, на заснежанай дарозе, вершнікі...
А што ж робіць сынок Петрык, якому толькі чацвёртае лета пайшло? Мабыць, пытаецца ў сваёй мамкі, ці хутка прыедзе татка.
Паўлюк міжволі ўсміхнуўся.
Ноч прайшла неспакойна. Сніўся Януш Радзівіл. Нібыта ідзе, працягваючы рукі ў цёмных атрутных плямах, рот адкрывае, штосьці хоча сказаць, а слова не можа вымавіць.
А пад ранак, калі яшчэ не развіднела, прыйшоў да іх ваявода, сеў на лаву.
- Мы з гетманам былі рознай рэлігійнай веры. Я праваслаўны, а ён кальвініст, ды іншая вера нас яднала — вера ў родны край, у Бацькаўшчыну нашу,— сказаў бацька.
- Юстын,' заставаліся б. Сцены ў крэпасці моцныя, адседзімся,— уздыхнуў ваявода.
Бацька пакруціў галавою.
— He.
— 3 крэпасці мы дапаможам вам вырвацца, але ж на дарогах наша апалячаная шляхта. Як ваўкі, палююць яны на такіх, як ты. Літасці не даюць,— нагадаў ваявода.
Сапраўды, пярэваратні — ворагі Януша Радзівіла — перакрылі дарогі. Каля крэпасці стаяць у аблозе. Добрых вояў братоў Стасевічаў, якія прабіраліся ў крэпасць, злавілі, распранулі на дарозе і, паздзекаваўшыся, чацвертавалі. Крычалі, хваліліся: «Усіх вас, здраднікаў, такі канец чакае!» Нахваліліся на сваю галаву. He мінула кара катаў. Уначы ваяры ваяводы знянацку напалі на іхны перадавы атрад і пасеклі без літасці. I ён, Паўлюк, біўся з імі, як з лютымі ворагамі. He было ў сэрцы жалю, шкадавання, сумленне не мучыла. «Вы першыя напалі»,— прамаўляў ён, направа і налева раздаючы смяротныя пачасту
Праўда, пасля той ночы стала торгацца ў яго правае вока. «Сынку, стаміла цябе крывавая бойня»,— заўважыў бацька.
— Юстын, адседзіцеся ў крэпасці, а як усё ўляжацца, паедзеце дадому,— кажа ваявода.
Бацька рэзка ўстаў
— He прывык я адседжвацца. Людзей трэба збіраць, бо неўзабаве не толькі Княства, але і сваёй мовы пазбавімся мы. Безгалосыя станем.
Меў рацыю стары вой Юстын. Беларуская мова, дагэтуль дзяржаўная ў Вялікім Княстве Літоўскім, напрыканцы сямнаццатага стагоддзя была пазбаўлена права дзяржаўнасці, стала непажаданай. Вось што напісаў у сваім Універсале толькі што абраны польскі кароль Фрыдрых Аўгуст: «У справах і пасольствах Рэчы Паспалітай мы, згодна даўнім законам, не будзем карыстацца сваёй пакаёвай пячаткай або сыгнетам, і абяцаем выдаваць усе лісты, справы і публічныя легацыі толькі на мове польскай і лацінскай, а не іншай».
...Ваявода болей не ўгаворваў бацьку. Абняў на развітанне. Над сцяной крэпасці грымнулі стрэлы. На загад ваяводы абаронцы Тыкоціна адкрылі агонь па ворагах. Усчалася перастрэлка, падчас якой Паўлюку і Юстыну ўдалося вырвацца з аблогі.
Юстынаў Гняды і Паўлюкоў Вараны прыпусцілі рыссю, пакідаючы на перамеценай снежнымі сумётамі дарозе глыбокія сляды.
Мароз абдаваў холадам, кусаў за шчокі, за нос, імкнучыся прабрацца пад кажух.
Паўлюк дагнаў бацьку, і яны паехалі стрэмя ў стрэмя. Шмат вёрстаў праскакалі вось так, побач: і як цяпер, узімку, і ў спякотнае лета, і ў дажджлівую восень, і ў мілую вясну. Калі б скласці гэтыя вёрсты, то доўгай-доўгай ніткай выцягнуліся б яны.
Падзьмуў вецер, тужліва галосячы, быццам хаўтурную песню заспяваў. Стомленыя коні перайшлі на крок.
Паўлюк зірнуў на бацьку. Шчокі ў бацькі расчырванеліся ад марозу, на бровах, на вусах белы, што малако, іней.
— Тата, зараз завіруха разгуляецца,— парушыў маўчанне Паўлюк.