Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

Мой сябар Дон Кіхот

Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
50.59 МБ
Бацька перасек на парозе дванаццаць дубчыкаў ад старой мяцёлкі, каб вылечыць яе перапуд.
Дапамагло. Страх як рукою зняло. Перастала яна баяцца натапыранага індыка. Часта ганяла яго з дубцом у руках. Уцякаў ён, балбочучы, як бы агрызаючыся.
He давялося ёй, Зосі, пайсці замуж з бацькоўскага дому, не давялося, як звычайна рабілі нявесты-дзяўчаты на
развітанні з бацькоўскім гняздом, пакланіцца да самай зямлі парогу, сказаўшы пры гэтым: «Парогу, парогу! Я па табе хадзіла, ножкамі таптала — прабач мне, больш не буду!» Каб хоць Мар’яна пайшла замуж з гэтай хаткі! Ці дажыве яна, Зося, да таго дня? Ці дадуць яны тут пажыць?
— Мама,— пытаецца Мар’яна,— а душа дзеда Юстына жыве ў нашым парозе?
— Жыве, дачушка.
Зося ледзь стрымлівае даўкія камякі, якія душаць горла. Кожную восень, на Дзяды, яны ўсёй сям’ёй едуць на магілу дзеда Юстына. Гэтай восенню Паўлюк новую агародку збіраўся паставіць. Дубовыя слупы падрыхтаваў, жэрдкі абчасаў...
— Мама, далёка ж дзед Юстын пахаваны...
— Ну і што?
— Яго душа знайшла дарогу да нашай хаты, прыляцела?
— Прыляцела. Душа заўжды да роднага парога спяшаецца.
— Як і мы?
— Але, дачушка.
— Мамка, добра было ў нашай хаце! — абхапіўшы маці за шыю, прамовіла Мар’яна.
Зося праглынула даўкі камяк. Было добра... Было... Як за каменнай сцяной была яна за Паўлюком. Дзе ж ён, каханы? Мо яшчэ жывы? Мо яны яго трымаюць?.. Але, трымаюць. Гвалтам. Як жа раней не здагадалася? Трэба ісці яго выручаць, цяпер жа трэба ісці.
— Дзеці,— гучна сказала Зося,— зараз мы пойдзем да Вацлава Станішэўскага.
— Мамка, ты ж туды ніколі-ніколі не хадзіла,— здзівілася Мар’яна.
— He хадзіла, а сёння пайду. У яго наш татка. Папросім, каб адпусціў. Папросіце?
— Я папрашу,— адразу ж пагадзілася Мар’яна
А Петрык прамаўчаў. He па душы яму матчына задума. Да каго з паклонам ісці? Да найзлейшага ворага? У ваўчынае логава не з паклонам, а са зброяй ходзяць.
— Петрык, чаму ты маўчыш? — занепакоілася Зося.
Петрык дакрануўся да падрапанай шчакі і паморшчыўся.
— Я да яго не пайду.
— Пойдзеш!
— He пайду.
Упершыню ён, Петрык, вось так, адкрыта, спрачаўся з маці, упершыню не паслухаўся яе.
— Петрык, пойдзеш!
— He!
— Дзеля бацькі пойдзеш, сынок...
Петрык заўважыў, як задрыжаў у маці падбародак.
— Мама, я пайду,— ціха прамовіў ён.
Падслуханая размова
Яніна нездарма адразу паслухалася Петрыка і пабегла дадому. He страх яе гнаў. Да страху яна ўжо прывыкла, нават зжылася з ім, як, бывае, не бачачы ў жыцці прасвету, зжываешся з бядою.
«Няўжо дзядзька Паўлюк у нас? Як жа даведацца, дзе яго трымаюць, як дапамагчы яму?» — думала яна.
О, як хацелася ёй не толькі дапамагчы Петрыку і Мар’яне, вызваліўшы іхняга бацьку, але і зрабіць наперакор свайму, нарэшце адпомсціўшы за смерць маці!
Часта, прачнуўшыся сярод ночы, яна ляжала на шырокім няўтульным ложку і паўтарала адно і тое ж: «Мамачка, міленькая, прыйдзі, хоць зірні на мяне!..»
Мама ні разу не прыйшла, не з’явілася. Але мамін голас часам даносіўся да Яніны: «Дачушка, крывіначка мая, ён вінаваты ў маёй смерці, ён!..» Да самага світання стукала ў скронях, нібы кувалдай: «Ён!.. Ён!.. Ён!..»
Бацька стаяў на шырокім каменным ганку.
— Яніна, дзе ты так доўга бавілася? — запытаў, скрывіўшы ва ўсмешцы вусны.
«Не сварыцца, не злуецца. Выходзіць, не ведае, дзе была. Яшчэ не прыскакаў Адам, не данёс яму»,— здагадалася Яніна. Яна даўно навучылася хітраваць, ці не з таго самага дня, як з мамай першы раз схавалася ў зямлянцы. Сваім маленькім сэрцайкам яна адчула: у гэтым доме няма як казаць праўду, бо праўда бокам вылезе.
I цяпер яна схлусіла:
— На рэчку бегала.
Бацька падазрона зірнуў на яе.
— Адна там была?
— Адна. А потым, калі вярталася дамоў...
У парку пачуўся стукат капыт, і неўзабаве паказаўся Адам. Саскочыўшы з каня, ён прывязаў яго да дрэва і падбег да Вацлава Станішэўскага.
— Ну? — хіснуўся бацька, перавёўшы позірк на гайдука.
— Я ў адно месцейка зазірнуў, а паненка апярэдзіла мяне, ужо тут,— апраўдваючыся, пачаў Адам.
— Дзе яна была? — перапыніў яго бацька.
— 3 тымі абшарпанцамі, са здраднікамі забаўлялася.
Бацькаў чырвоны твар, здалося Яніне, яшчэ болей пачырванеў.
— Падманула?
— Я ж хацела сказаць, што сустрэла Петрыка і Мар’яну, калі дахаты вярталася. Крыху пастаяла з імі. Ну і што? — не паказала свайго страху Яніна.
У Вацлава Станішэўскага бровы папаўзлі ўгору. Паказвае характар дачка. На вачах мяняецца. He, не ў нябожчыцу маці ўдалася яна. Мо так і лепей. He прападзе ў гэткі смутны, як сёння, час. Хлопчыкам, а не дзяўчынкай трэба было ёй нарадзіцца.
Вацлаў Станішэўскі зноў хіснуўся.
— Марш у дом і носа не высоўвай!
Узрадаваўшыся, што міма прайшла навальніца, Яніна шмыгнула ў дзверы. Але не пабегла ў свой пакой, а схавалася за камодай, які з самай мамінай смерці чамусьці стаяў у калідоры за дзвярыма.
— Пан Вацлаў, я ледзь і малодшага са свету не звёў,— пачула яна, як пахваліўся Адам.
— Якога малодшага? — не дайшло да бацькі.
— Краўцовых... Петрыка...
— Ну, ну, раскажы падрабязней,— падахвоціў бацька гайдука.
— Пасмяяўся з яго, падбухторыў, каб на вершаліну бярозы залез. I далез-такі, сабачая косць! А вершаліна як трэсне!.. Ён і паляцеў уніз...
— I не забіўся?
— Дзе там! За галіну ўхапіўся.
— Шкада, шкада,— уздыхнуўшы, два разы паўтарыў бацька.
«Бацька шкадуе, што Петрык не забіўся. Ён і маму не шкадаваў, калі памерла. Знарок да смерці давёў. Перашкаджала яму мама. Як бяльмо на вачах была. He раз жа яна прасіла, каб абдумаўся, не піў, каб з Краўцамі перастаў ваяваць,— з горкасцю думала Яніна.— Мама!.. Мамачка!.. Чаму ж ты не ўцякла адгэтуль? Навошта цярпела, сэрца сваё ад’ядаючы? Разам уцяклі б, у лесе пасяліліся. Там ён нас не знайшоў бы. Дзед Міхал нам у лесе зямлянку выкапаў бы... Знарок, знарок!.. Як і дзядзьку Паўлюка... Дзядзька Паўлюк, відаць, ужо нежывы. Нездарма Адам сказаў: «I малодшага...». Што ж скажу Петрыку? Што скажу Мар’яне? Ці захочуць яны сустракацца са мною, калі пра ўсё дазнаюцца? Адна-адзінюткая на гэтым белым свеце застануся».
— Паглядзі, дзе Яніна! — перапыніў думкі бацькаў голас.
— Пан Вацлаў, пабегла яна.
— Паглядзі! Каму кажу? — Яніна пачула, як бацька тупнуў нагою па ганку.
«Баіцца ён мяне»,— з нейкай асаблівай радасцю падумала дзяўчынка.
На калідор лёг доўгі няўклюдны цень, падобны да калматага д’ябла, пра якога ёй, Яніне, некалі расказвала мама.
— Ну? — запытаў бацька.
— Няма яе. Пабегла,— адказаў Адам.
— Сюды ідзі.
Цень калыхнуўся і выпаўз з калідора.
— Пан Вацлаў, што будзем рабіць?
— Галава трашчыць... Хоць адарві яе ды сабакам выкінь,— паскардзіўся бацька.
— А вы пахмяліцеся. Палягчае,— параіў Адам.
— He вучы! I табе на дно сажалкі захацелася? Глядзі ў мяне! Там усім месца хопіць.
Яніна прыўстала. Няма сумневаў. Яны ўтапілі дзеда Міхала. Яны... Мо і сам бацька ў сажалку яго штурхнуў. Лепей не слухала б, не чула...
— Пан Вацлаў,— заенчыў Адам,— даруйце мне! He падумаўшы, ляпнуў. Я ў ручку вам плюсну, у ручку... Дазвольце...
— Ну, годзе, годзе цалаваць. Чамусьці неспакойна ў мяне на душы.
— Пройдзе, пан Вацлаў. Так і ў мяне заўжды бывае, калі справу да канца не давяду. А як давяду, анічога тады не адчуваю. Пусцютка на душы.
— Збегай, глянь, ці не ачомаўся ён.
— Даб’ём, калі ачомаўся?
— He на адкорм жа мы яго прывезлі.
— Пан Вацлаў, лячу...
Яніне нібы кулаком стукнулі па галаве. Выйсці і выказаць бацьку ўсю праўду ў вочы? А калі ён і яе, як дзеда Міхала, у сажалку кіне? He, не асмеліцца крануць, не паднімецца яго рука... У Варшаву завязе, там, як пад замок, схавае. He аднойчы папярэджваў... У Варшаву... Чужыя там усе... Мамчына магілка тут застанецца, бур’яном зарасце.
Ніхто да мамчынай магілкі не падыдзе. Хіба што ўвесну салоўка прыляціць, заспявае...
На двары пачуліся цяжкія крокі, а потым данёсся ўсхваляваны голас Адама:
— Пан Вацлаў, Краўцы сюды ідуць: Зося з сынам і дачкой. Я на іх сабак нацкую...
— He. Да мяне ў кабінет правядзеш. Зразумеў?
— Зраблю, як загадаеце.
Зноў калматы цень вырас у калідоры. Ужо не Адамаў, а бацькаў. I зноў Яніна, сагнуўшыся, прытулілася да самай падлогі.
У Вацлава Станішэўскага
У глыбіні дома сціхлі цяжкія бацькавы крокі. Яніна вылезла з-за камоды. «Датуль не сыду з месца, пакуль не дачакаюся Петрыка, Мар’яну і цётку Зосю. Нездарма яны прыйшлі. Здагадваюцца, дзе дзядзька Паўлюк. Жывы ён, жывы... Можна яго выратаваць. Шапну Петрыку на вуха, што тут ён. Няхай перадасць цётцы Зосі»,— думала Яніна.
— Пан Вацлаў дома? — пачуўся голас цёткі Зосі.
— Дома, дома! — прагаварыў, як праспяваў, Адам.
— Мы да яго.
— Бачу, што да яго.
— Правядзі нас.
— А якая патрэба прывяла вас да яго?
— Яму скажам.
— Мне не скажаце? Гы-гы-гы...
«Нядаўна ты, як сабака, лізаў бацьку руку, а цяпер здзекуешся з цёткі Зосі. Ведаеш, што не ўзлуецца гаспадар»,— падумала пра Адама Яніна.
— He скажаце!.. Гы-гы-гы... Прашу пані, паненку і пана,— са здзекам прамовіў Адам і ўвайшоў у калідор. Убачыўшы Яніну, ён, як было відаць, разгубіўся: — I паненка Яніна тут?
— На сажалку іду,— сказала Яніна. А сама з Петрыка вачэй не спускае, яго позірк ловіць. Петрык жа адварочваецца...
Які ж ён дурненькі! Няўжо не разумее, што яна на ягоным баку? Як жа паведаміць яму пра дзядзьку Паўлюка, каб Адам не пачуў?
Мабыць, не ўдасца, не захоча Петрык яе слухаць. Мо Мар’яне шапнуць? Але ж і Мар’яна цяпер як не тая, нахмурылася.
Запякло ў Янінчыных грудзях. А цётка Зося, Петрык і Мар’яна паўз яе прайшлі. I Адам за імі падаўся, хіхікаючы ў кулак.
Яніна стаяла, кусаючы вусны. Што ж рабіць? Пабегчы за імі, уварвацца да бацькі ў кабінет і заявіць, што ён схапіў дзядзьку Паўлюка? Але ці не наробіць яна гэтым яшчэ большай бяды? Невядома, ці выпусціць бацька Краўцоў жывымі. Ён ужо пераступіў мяжу...
Яніна выйшла на двор і накіравалася на балота, якое было адразу ж за паркам. «На балоце дачакаюся Петрыка. Абавязкова з ім перамоўлюся. Калі на тое пойдзе, то дапамагу яму вызваліць дзядзьку Паўлюка»,— вырашыла яна.
А ў гэты час у кабінеце пры вялікім стале сядзеў Вацлаў Станішэўскі. Непадалёку ад яго прымасціўся на краёчак крэсла Адам. У парозе, як жабракі, стаялі Зося, Мар’яна і Петрык. Петрыку ўсё тут было нязвыкла: і тоўстыя квяцістыя дываны на падлозе і на сценах, і шырокія скураныя крэслы, і шаблі з бліскучымі камянямі на рукаяцях, паразвешаныя на сценах, і бліскучы адпаліраваны стол з тоўстымі вытачанымі ножкамі.