• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

    Мой сябар Дон Кіхот

    Аляксей Якімовіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 333с.
    Мінск 2018
    50.59 МБ
    Сядзіць Петрык, разважае; не ведае, што Яніна да іх спяшаецца.
    Набралася яна ўчора страху. Якраз каля адчыненага акна сядзела, маму ўспамінала. Раптам бачыць: Адам бацькавага каня вядзе, а бацька сядзіць, сагнуўшыся, за акрываўленае плячо трымаецца. Калі ж да ганка пад’ехаў, завохкаў, заенчыў.
    Пазбягаліся гайдукі. I маленькі чалавечак у шэрай сутане прытупаў. Цягне да бацькі рукі, квокча, як курыцаквактуха:
    — Пан Вацлаў, хто вас так бязлітасна пасек?
    Яшчэ мацней заенчыў бацька.
    — Здраднік!.. Паўлюк!.. Напаў на мяне!..
    — А дзе ж быў пан Адам? Чаму ён не ратаваў вас?
    — Адам з Паўлюковым хлопцам, з Петрыкам, ваяваў... Маленькі чалавечак у шэрай сутане заламаў рукі.
    — Пан Вацлаў, з вас крыві, як з парсюка, нацякло!..
    Бацька застагнаў і пачаў паволі спаўзаць з каня. Гайдукі падхапілі яго і панеслі ў дом.
    Калі сцямнела, Яніна прыйшла да бацькі ў кабінет. Ляжыць бацька на канапе, накрыты коўдрай, стогне. A побач сядзяць Адам і маленькі чалавечак у шэрай сутане.
    Яніна хацела запытацца, што з Петрыкам сталася, ды смеласці не хапіла. А бацька ні слова ёй не сказаў. Стагнаў, не перастаючы. I яна голасу не падала. Пайшла, у парозе пастаяўшы. Калі выходзіла з кабінета, то заўважыла, як прасвідраваў яе вочкамі маленькі чалавечак у шэрай сутане.
    «Усёй душой ён мяне ненавідзіць, як і мамку маю ненавідзеў»,— падумала Яніна.
    He спалася ёй у гэтую ноч. Усё пра Петрыка думала, Бога прасіла, каб жывым убачыць. А рана-раненька, усхапіўшыся, паімчалася да Краўцоў.
    Моцна б’ецца сэрца ў Янінчыных грудзях, дух займае. Вось і хата Краўцоў. На падворку сядзяць Мар’яна і Петрык. Жывы Петрык, жывы!
    Стаіць Яніна, ніяк не аддыхаецца.
    — Я ж казала, што яна прыйдзе! — узрадавалася Мар’яна.
    А Яніна з Петрыка вачэй не зводзіць.
    — Петрык, ты з Адамам біўся? Гэта праўда?
    Маўчыць Петрык. Асабліва няма чым яму пахваліцца. Калі б не маці, то задушыў бы яго Адам.
    Тады Мар’яна апавяла Яніне, як на возера ішлі, як запынілі іх Вацлаў Станішэўскі і Адам...
    Выслухала яе Яніна і ціха прамовіла:
    — Бацька з канапы не ўстае. Ляжыць і ўсё стогне.
    «Наш не стагнаў, калі ў вязніцы яго на горкі яблык збілі»,— падумаў Петрык.
    — Давайце ў лес сходзім,— нясмела прапанавала Яніна.— Мо ўжо першыя грыбы з’явіліся.
    Петрык і сам збіраўся ў лес. Цяпер, калі на палях каласіцца жыта, у лесе з’яўляюцца першыя грыбы: абабкі, чырвонагаловікі. Калі пашанцуе, то і баравікоў можна назбіраць. Першыя грыбы ў народзе называюць летнімі альбо каласавікамі. Непрыкметна яны з’яўляюцца, непрыкметна і знікаюць.
    Што ж рабіць? Бацька наказаў, каб хату пільнавалі. Але ж трэба спраўдзіць, ці Адамава шабля ў кустах ляжыць.
    — Петрык...— стаіць Яніна, кашульку пальцамі перабірае.
    Зараз пакрыўдзіцца і пабяжыць. Цалюткі дзень бацькавы стогны будзе слухаць. А, было не было. Хата нікуды не дзенецца, ніхто яе не скрадзе. А шаблю...
    — Братка, хадзем! — стала дапамагаць сяброўцы Мар’яна.
    — Вы ідзіце, я вас даганю,— сказаў Петрык на радасць Яніне і Мар’яне.
    — Добра! — узрадавалася Мар’яна.
    Петрык узяў у сенцах кош і пакрочыў следам за Мар’янай і Янінай.
    Паабапал дарогі рассцілаецца луг, падобны на пярэсты дыван, які ён, Петрык, бачыў у кабінеце Вацлава Станішэўскага.
    Амаль усе лугавыя травы зацвілі ў гэты летні час, радуюць вока: і сіні мышыны гарошак, і белы рамонак, і ружовая лугавая канюшына, і жоўты казялец...
    I кусты шыпшыны ўпрыгожыліся ружовымі шапкамі. Тут, каля кустоў шыпшыны, запынілі іх Вацлаў Станішэўскі і Адам.
    Яніна і Мар’яна спыніліся на дарозе. Мар’яна штосьці кажа, размахваючы рукамі.
    «Няхай яны крыху пастаяць, пагамоняць»,— падумаў Петрык і, прыгнуўшыся, пабег у кусты лазняку, куды бацька шпурнуў Адамаву шаблю. Падбегшы да кустоў, Петрык укленчыў і папоўз. Расхінуў траву ў адным месцы, у другім... Тут шабля, ляжыць. Руды мураш паўзе па ёй, нібы па бліскучай дарозе.
    Петрык змахнуў пальцам мураша і, узяўшы шаблю за рукаятку, секануў па дубцу.
    «Жых!» — свіснула шабля і, быццам брытва, наўскасяк зрэзала дубец.
    «Дарма не прапала бацька навука»,— з гонарам падумаў пра сябе Петрык.
    А з дарогі ўжо даносіцца на два галасы:
    — Петрык!
    — Дзе ты?
    — Ау-у!..
    «Гукаюць, як у лесе»,— падумаў пра сябровак Петрык і, падпоўзшы да наступнага куста, схаваў шаблю пад корч, замаскіраваўшы яе травою.
    — Петрык!
    — Ау-у!..
    Петрык устаў, памахаў дзяўчынкам і, усміхнуўшыся, паімчаў да іх.
    У лесе
    У лесе ўсё цікава, асабліва Яніне і Мар’яне.
    — Братка, вунь браткі! — крычыць Мар’яна і смяецца, паказваючы на кветкі, якія рассыпаліся на ўзлеску.
    Аднаго разу Петрык сказаў сястры, што гэтыя кветкі, якія звычайна красуюцца на ўзлесках, называ-
    юцца браткі, што яны прысмоктваюцца да каранёў суседніх раслін і выцягваюць з іх сок. «Яны жывуць, нібы паны, якія прыехалі з чужых зямель і прысмакталіся да нас»,— нявесела скончыў ён.
    Але пра гэта, як відаць, забылася Мар’яна. А вось назву кветак добра запомніла. I заўжды крычыць, заўважыўшы раслінку: «Братка, вунь браткі!» Пацяшаецца!
    — Братка!..— смяецца Мар’яна.
    — А як называецца гэтая? — паказаў Петрык на кветку, якая расла на вільготнай купіне.
    — He ведаю,— паціснула плечукамі Мар’яна.
    Петрык зірнуў на Яніну.
    — I ты не ведаеш?
    — He ведаю.
    Петрык задаволена ўсміхнуўся. Дзяўчаткі ў лесе часта бываюць, а амаль нічога не ведаюць. Ім толькі кудзелю прасці ды кашулю вышываць.
    — Гэтая кветка называецца расянка,— важна сказаў Петрык.
    — Яе назвалі расянкай, бо расу збірае? — пацікавілася Яніна.
    — He толькі расу. Бачыце на лістках чырвоныя валаскі?
    — Угу,— азвалася Мар’яна.
    — Яны вельмі ліпучыя,— тлумачыць Петрык.
    Мар’яна высунула кончык языка, а потым засмяялася. — Як мой язычок?
    «Развесялілася малая. Ад залішняй весялосці да слёз нядоўга. Каб зноў бяда на нас не абрынулася»,— занепакоіўся Петрык.
    — Твой язык, Мар’яна, як мянташка,— вымавіў ён.— Ім толькі касу вастрыць.
    — А ты вельмі не задавайся. Задавака знайшоўся! — дала адпор Мар’яна.
    Петрык пачухаў патыліцу. He, з дзяўчынкамі лепей не спрачацца. Ты ім слова, а яны табе дзесяць у адказ.
    — Братка, ты казаў, што расянка не толькі расу збірае,— нагадала Мар’яна.
    Петрык з палёгкай уздыхнуў. Цяпер ён, што называецца, зноў на кані.
    — Калі на ліпкія чырвоныя валаскі трапіць камар альбо муха, валаскі сціскаюцца і...
    — I бедны камарык трапляе, як мыш у пастку? — здагадалася Яніна.
    — Але, як у пастку,— сказаў Петрык.
    Яны пайшлі па лесе, зазіраючы пад кожны куст: мо схаваўся пад кустам баравічок-каласавічок?
    Спусціліся ў нізіну. Каля кустоў арэшніку, пад асінкамі, ляжыць яшчэ не папрэлае леташняе лісце.
    Петрык спыніўся каля вялізнага ядлоўцавага куста, нахіліўся, уважліва прыглядаючыся.
    — Братка, ты каласавічка знайшоў? — пазайздросціла Мар’яна.
    Петрык не адказаў. Зараз ён здзівіць і Мар’яну, і Яніну. Такога цуда, якое пакажа ім, яны яшчэ не бачылі.
    — Дзе ж твой каласавічок? — бліжэй падышла Мар’яна.
    Петрык разгарнуў апалае лісце, разгроб сыры мох. У невялікай ямцы ляжалі белыя яйкі, велічынёй з галубіныя, злучаныя паміж сабою накшталт пацерак.
    — У моху яйкі? — здзівілася Мар’яна.— Якая птушка іх тут пакінула?
    — He пакінула, а адклала,— паправіла Мар’яну Яніна.
    Як пераможца, Петрык паглядзеў на дзяўчынак і ўрачыста прагаварыў:
    — Яны не птушыныя, а вужыныя.
    — Няўжо? — вырвалася ў Мар’яны.
    Петрык узяўся за адзін канец гэтых незвычайных пацерак і прыўзняў іх.
    — Самка вужа адклала.
    — Вужыха? — усклікнула Яніна.
    Петрык стаяў і пасмейваўся. Усё-ткі здзівіў ён сябровак. Надоўга запомняць яны сённяшні дзень.
    — Братка, пакладзі на месца! — адступаючыся, спалохана прагаварыла Мар’яна.— Зараз вуж з вужыхаю сюды прыпаўзуць. Пакладзі...
    Петрык паклаў яйкі ў ямку, зноў закрыў іх мохам, загарнуўшы лісцем. Баязліўкі гэтыя дзяўчынкі. Вужоў спалохаліся. А яшчэ ў лес прасіліся.
    — Дома трэба сядзець, баякі! — выгаварыў Петрык і пайшоў, насвістваючы.
    Яніна і Мар’яна падаліся за ім. Нейкі час яны ішлі моўчкі.
    3 тоўстай, парослай мохам яліны ўзляцела маленькая мухалоўка і села непадалёк.
    Петрык падышоў да яліны і расхінуў лапкі. На тоўстай галіне, каля ствала, было ўтульнае гняздзечка, у якім сядзела вялікае танкашыяе птушаня.
    — Бачыце? — прамовіў Петрык, стаіўшы дыханне.
    А Мар’яна і Яніна сапуць яму ў патыліцу, пазіраюць, прыўстаўшы на дыбачкі.
    — Гэта зязюляня? — няўпэўнена вымаўляе Мар’яна.
    — Мабыць,— шэпча Яніна.
    — Знайдыш у гняздзе. Зязюля ў гняздо мухалоўкі сваё яйцо падкінула. А зязюляня, вылупіўшыся, павыкідвала законных дзетак. Цяпер яго кормяць мухалоўкі,— растлумачыў дзяўчынкам Петрык і пакрочыў далей.
    — Братка, піць хочацца,— паскардзілася Мар’яна.
    — Зараз будзе крынічка, там нап’ёмся.
    Хлопчык павёў сябровак ледзь прыкметнай сцяжынкай. Яны ўвайшлі ў бярозавы гаёк. Тут крынічка выбіваецца з зямлі. Мінулым летам Петрык і бацька зрабілі новы зруб, каб крынічку не заносіла пяском. Халодная, смачная вада ў крынічцы.
    Петрык мінуў паваротку і стаў, як у здранцвенні. Што гэта? Зруб, які ён рабіў з бацькам, паламаны, а сама крынічка закідана пяском і брудам.
    Петрык сеў на пень, затуліў твар рукамі і прамовіў:
    — Яны пашкодзілі! Яны! На злосць нам зрабілі.
    — Братка, не бядуй. Я ўжо не хачу піць. Перахацелася! — прамовіла Мар’яна.
    Петрык адняў рукі ад твару і падняў галаву.
    — Петрык! — сказала Яніна.
    Глядзіць на яго, на Петрыка, поўнымі болю вачыма. Гэткі ж самы боль быў у вачах маці, калі ўчора, седзячы пры стале, бацьку чакала.
    Вядома ж, зразумела Яніна, хто разбурыў крынічку. Балюча і сорамна ёй за бацьку.
    — Яны пашкодзілі! — паўтарыў Петрык.
    — Давайце пачысцім крынічку,— прапанавала Яніна.
    Петрык ускочыў і рукамі стаў выкідаць з крынічкі гразь. Яніна і Мар’яна пачалі дапамагаць яму.
    Ляцела сарока. Села на куст, закруціла доўгім хвастом, засакатала, здзіўленая.
    А Петрык, Яніна і Мар’яна працуюць, не зважаючы ні на што.
    Неўзабаве першы струменьчык пырснуў з-пад зямлі. За першым — другі, трэці...
    Працуюць, увіхаюцца Петрык, Яніна і Мар’яна...
    Забулькацела, ажыла крынічка.
    Петрык падскочыў, узняў сцятыя кулакі, і закрычаў так, як, напэўна, крычаў старажытны чалавек, здзейснілася перамогшы магутнага маманта:
    —Наша ўзяла! Жыве крынічка!
    — Жыве! — падхапілі Яніна і Мар’яна.