Мой сябар Дон Кіхот
Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
Як цяжка разабрацца ў гэтым жыцці! Як няпроста зразумець яго! А трэба разабрацца, бо, глядзі яшчэ, станеш такім жа, як Вацлаў Станішэўскі. Таксама не будзеш мець радасці. Вацлаў Станішэўскі сам мучыцца і іншым жыць не дае. Супраць свайго краю паўстаў... He, не адабраць, не знішчыць яму тое, чым людзі спрадвеку жылі. I гэтыя крыжыкі, і гэтую гусіную лапку назаўсёды запомняць людзі.
— Мама, хіба я малая? Хіба зусім дзіця? — пакрыўдзілася Мар’яна.
— Ты ў мяне ўжо вялікая, дачушка! — смяецца маці.— Разумніца ты. Ды не спяшайся расці. Усё само сабою ў свой час прыйдзе да цябе. I на новую кашульку, як і я, ромбам — знакам вады — прышыеш гузік сабе.
— Некалі прышыю,— уздыхае Мар’яна.
А маці далей тлумачыць:
— Дачушка, нездарма нашыя ўборы вышываныя. Розныя вышываныя знакі рознае абазначаюць: і засеянае поле, і дрэва, і дарогу з мостам, і дождж-навальніцу, і вясёлку, і ваду, і звярыныя сляды на швах-дарогах...
Дзівіцца Петрык. Як жа маці ўсё гэта запомніла?! Вышываючы адзенне і ручнікі, мабыць, пра свой лёс думала, і пра дарогу, якая да лесу вядзе... Думала, уяўляла, старалася вышыць прыгожа.
— Мама, можна цябе папрасіць? — нясмела запытала Мар’яна.
— Прасі, дачушка.
— Паабяцай, што зробіш, як папрашу.
— Ну, абяцаю.
— Дазволь мне сёння святочнае надзець.
He чакала Зося, што дачка папросіць надзець святочнае адзенне. Будні дзень, а яна вунь чаго захацела!
— Дачушка, свята дачакайся.
— Мар’янка, невядома што ўроілася табе ў галаву,— паўшчуваў Петрык.
А Мар’яна нават вухам не павяла.
— Мамка, ты паабяцала мне.
— Паабяцала, але ж...
— Мамка, сёння ў нас вялікае свята. Наш татка вярнуўся. Мамка, дазволь.
Што заставалася рабіць Зосі? Мусіла пагадзіцца.
— Надзявай, дачушка.
Мар’яна сцягнула з вяроўчыны кашульку, спадніцу, фартушок і бегма ў хату.
— Мама, навошта ты ёй дазволіла? — звярнуўся да маці Петрык.
— Сынок, паабяцала я,— сказала маці, як апраўдваючыся.
Петрык незадаволена пакруціў галавою. Усё-ткі кепска робіць маці. Патурае Мар’яне, вялікую волю ёй дае. Шкада, што бацькі дома няма. Ён не дазволіў бы Мар’яне адзець святочнае.
— Мамка! — выскачыўшы з хаты, усклікнула Мар’яна.
У святочным адзенні яна нібыта пасталела, папрыгажэла, ад шчасця свеціцца.
Гараць шчокі ў Мар’яны, гарыць на сонцы вышыванае святочнае адзенне.
— Мама, я прыгожая?
— Самая прыгожая, дачушка!
— А гэта яшчэ што? — выйшаў з-за рога хаты бацька. У руках касу трымае.
— Прыбралася! — кіўнуў галавою Петрык, паказаўшы на сястру.
— Ну і ну! — прамовіў бацька.
— Татка, свята ў нас,— усміхнулася Мар’яна.
— Якое свята?
— Ты дахаты вярнуўся.
Бацька адклаў касу, прысеў і паклікаў Мар’яну:
— Бяжы да мяне, дачушка.
Мар’яна падбегла да бацькі і абхапіла яго рукамі за шыю, а потым, азірнуўшыся, паказала Петрыку язык.
Сутычка
He падтрымаў бацька яго, Петрыка: не насварыўся на Мар’яну, нават не паўшчуваў. Мала таго, паабяцаў, што на возера возьме венцеры праверыць.
Вось як было.
— Зося,— сказаў бацька,— я на возера схаджу. Там яшчэ заўчора венцеры паставіў.
Венцеры бацьку Петрык дапамагаў ставіць. Непадалёку ад таго возера, дзе з маці сетку цягалі. За гэтыя дні, напэўна, нямала рыбы ў венцеры налезла.
— Татка, вазьмі мяне,— папрасіўся Петрык.
— I мяне! — падхапіла Мар’яна.
— Каля хаты сядзі, калі ўжо апранула святочнае,— запярэчыў Петрык.
— Няхай ідзе,— дазволіў бацька.— Яна ж у возера не палезе.
Узрадавалася Мар’яна і паскакала на адной назе з падворка, весела ўсклікаючы:
— I я! I я!..
— Паўлюк, будзьце асцярожныя! — на развітанне папярэдзіла маці.
Петрык зразумеў, чаму яна непакоіцца. Баіцца, каб зноў не наляцеў Вацлаў Станішэўскі са сваёй зграяй.
Петрык, Мар’яна і бацька няспешна ішлі дарогаю, мінаючы калюжыны, якія яшчэ не высахлі пасля навальніцы.
— Татка, калі сарвеш кветку папараці, якая вырастае на Купалле, то шчаслівым-шчаслівым будзеш? Праўда? — звярнулася да бацькі Мар’яна.
— Папараць-кветку нялёгка сарваць. Яна чароўная, таму і не падпускаюць да яе злыя духі. Казычуць, за горла душаць, за валасы хапаюць, у цемрадзь-ноч валакуць. Толькі дужы і мужны юнак яе сарве,— адказаў бацька.
Петрык паглядзеў на лес. Цяпер, надвячоркам, злыя духі пад карчамі, пад вываратнямі сядзяць, пахаваўшыся. Баяцца яны святла, як і агню. 3 цемрай прачынаюцца, блукаюць, каб каму-небудзь нашкодзіць. А ў купальскую ноч разам збіраюцца, чароўную кветку папараці ахоўваюць. He жадаюць, каб людзі былі шчаслівыя. У яго, Петрыка, хопіць мужнасці, каб пазмагацца з імі. А вось моцы пакуль яшчэ малавата. Моц трэба гадаваць.
— Татка, чаму менавіта на Купалле расцвітае папараць-кветка? — дапытваецца Мар’яна.
— Аднойчы Бог паведаміў сонцу,— пачаў казаць бацька,— што прыйшла самая кароткая ў годзе ноч, што зойдзе яно позна, а ўстане рана. Узрадавалася сонца, бо вельмі ж не любіла каціцца ў цёмную ноч на сон. Але патрошку меншалі дні, карацелі. Усё меней часу заставалася сонцу, каб пакрасавацца на небе. He вытрывала яно і горка заплакала. Дзе падала на зямлю сонечная слязінка, там расцвітала, агнём загаралася кветка папараці.
— Кветка папараці і ёсць сонечная слязінка? — здзівілася Мар’яна.
— Але, дачушка,— кіўнуў галавою бацька.
3 лесу выехалі два коннікі. Петрык прыгледзеўся. Дык гэта ж Вацлаў Станішэўскі і Адам! Няўжо знарок у лесе чакалі, пільнавалі іх?
I бацька з Мар’янай заўважылі, пазналі, што гэта за коннікі.
Мар’яна сцялася, паменшала. У яе нават тварык завастрыўся, як у святой на бажніцы.
— Татка, вунь яны...
— He бойся, Мар’янка,— стаў супакойваць бацька.— He крануць яны нас.
Петрык наблізіўся да сястры, каб адчувала, што побач старэйшы брат.
— Дзеткі, калі яны параўняюцца з намі, нават у іхні бок не глядзіце. Страху не паказвайце,— папярэдзіў бацька.
Петрык заўважыў, як ягоная рука палезла пад світку. Выходзіць, пістоля пад світкай. Падрыхтаваўся бацька да сустрэчы. Цяпер воўку жыўцом у зубы не дасца.
Вацлаў Станішэўскі і Адам пад’ехалі бліжэй і сталі якраз насупраць калюжыны, коньмі загарадзіўшы дарогу.
— Куды гэта вы сабраліся? — падаў голас Вацлаў Станішэўскі. Усміхаецца як нічога ніякага. Маўляў, я не я і хата не мая.
— А малая як на свята прыбралася! — зарагата^ Адам.
«Зажыло, як на сабаку, пасля лупцоўкі?» — ледзь не крыкнуў Петрык, але стрымаўся. Яны не дурні, здагадаюцца, хто сказаў, што гайдукі далі гарачых Адаму.
— Як на свята!.. Гы-гы-гы...— заходзіцца ад рогату Адам.
— Але, як на свята... Сёння свята ў нас,— дрыготкім голасам прамовіла Мар’яна.
— Якое свята? — вылупіў вочы Адам.
— Наш татка вярнуўся! На злосць вам!
Вацлаў Станішэўскі тузануў за аброць каня і ўзняў яго на дыбкі.
— Ай! — усклікнула Мар’яна і, спатыкнуўшыся, спінаю ўпала ў калюжыну. Потым павярнулася на бок і стала на калені, падняўшы перапэцканы ў гразі фартушок.
— Гы-гы-гы...— зарагатаў Адам.
Бацька ступіў наперад і схапіў за аброць каня, на якім сядзеў Вацлаў Станішэўскі.
— Злазь, паганец!
У Вацлава Станішэўскага ніжняя губа адвісла, трасецца.
— Што-о?
— Злазь! На бой цябе выклікаю. Ці ты толькі чужымі рукамі ўмееш жар заграбаць?
Станішэўскі лыпае на бацьку вачыма.
— Злазь, бо кулю ўсаджу між вушэй,— папярэдзіў бацька.
Гучна вылаяўшыся, Вацлаў Станішэўскі злез з каня, a бацька падскочыў да Адама і выхапіў з ягоных похваў шаблю.
— Аддай! — разгубіўся Адам.
He зважаючы на яго, бацька падступіўся да Вацлава Станішэўскага.
— Абараняйся!..
Выняўшы шаблю, Вацлаў Станішэўскі наставіў яе і пачаў адступаць назад.
Петрык заўважыў, што з каня злез Адам. Ён штосьці буркнуў пад нос і, прыгнуўшыся, як кот на паляванні, накіраваўся да бацькі.
«Ззаду бацьку хоча схапіць»,— здагадаўся Петрык. Ён узяў з калюжыны жменю гразі і шпурнуў у Адама, пацэліўшы ў твар.
Адам скрывіўся як серада на пятніцу і, выцягнуўшы рукі, пайшоў на Петрыка.
— Задушу!
Петрык не стаў уцякаць. Калі Адам наблізіўся да яго, ён нахіліўся і з разгону стукнуў свайму ненавісніку галавою ў жывот.
Сагнуўшыся напалам, Адам застагнаў, завойкаў.
Петрык азірнуўся, каб паглядзець, што з бацькам.
А Адам клубком падкаціўся яму пад ногі і паваліў на зямлю. Як і ў вязніцы, на Петрыка патыхнула перагарам.
— Задушу! Гы-гы-гы!..— раз’юшаны Адам цягнуўся да горла рукамі.
— Галаву прадзяўбу! Пусці, душагуб!.. Пусці-і!.. Каму сказала?..
Цяжкае Адамава цела адвалілася, і Петрык убачыў маці. Яна стаяла, узняўшы востры серп.
— Прадзяўбу-у!..
Адам рохнуў, нібы свіння, і таропка папоўз у кусты.
Усхапіўшыся, Петрык дагнаў яго і штосілы стукнуў нагою ў тоўсты зад.
— А-а-а! — завыў Адам і папоўз яшчэ хутчэй.
— Сынок!..
Петрык азірнуўся. Перад ім стаяў бацька. А воддаль, каля калюжыны, трымаючыся за акрываўленае плячо, таптаўся Вацлаў Станішэўскі. Ён ціха плакаў, гугукаючы, бы сава.
— Татка, ты яго параніў? — прагаварыў Петрык.
— Сам на шаблю налез,— неахвотна адказаў бацька і накіраваўся да Мар’яны.
Стоячы каля маці, Мар’яна ўсхліпвала:
— I фартушок, і спаднічка ў гразі!
— He плач, дачушка,— старалася супакоіць маці.— Дома ўсё памыем.
— Зося, як ты тут апынулася? — пацікавіўся бацька.
— Травы ў кустах хацела нажаць. Паўлюк, хадзем...
— Татка, дай мне шаблю,— папрасіў Петрык.
— He, сынок. Іхняя шабля нам не патрэбна.— Размахнуўшыся, бацька шпурнуў шаблю ў кусты.
У гэты дзень яны так і не праверылі венцеры.
Адамава шабля
Ноч прайшла спакойна. А назаўтра Петрык і Мар’яна сядзелі каля хаты, радуючыся цёпламу сонейку.
Бацька і маці пайшлі на поле, наказаўшы Петрыку і Мар’яне, каб хату пільнавалі.
- Петрык, як ты думаеш: сёння прыбяжыць да нас Яніна? — старалася адгадаць Мар’яна.
Што сказаць сястры? Пасля ўчорашняй сутычкі, відаць, немаведама што робіцца ў доме Вацлава Станішэўскага. Даскакаўся гіцаль! Рассек яму бацька шабляй плячо. Мабыць, адлежваецца як звер у берлагу, залізвае рану.
- He ведаю,— шчыра прызнаўся Петрык, а пра сябе падумаў: «Трэба схадзіць, паглядзець, ці ляжыць у кустах Адамава шабля».
Ён так і зрабіў бы, бо не любіў адкладаць на потым, ды Мар’яна, убачыўшы, што брат кудысьці вострыць лыжы, стала прасіць:
— Братка, давай Яніну пачакаем. Яна прыбяжыць, a нас не будзе.
Як жа ўцячы ад сястры? Няма як браць яе з сабою. Прагаворыцца бацьку, што ён, Петрык, Адамаву шаблю забраў — бяды не абярэшся. Бацьку шабля не патрэбна, a яму спатрэбіцца. Цяжкія часіны насталі. Усё можа быць.