• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

    Мой сябар Дон Кіхот

    Аляксей Якімовіч

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 333с.
    Мінск 2018
    50.59 МБ
    «Чаго ж табе яшчэ не стае? Чаму ты, як смала, прычапіўся да нас?» — думаў ён пра Вацлава Станішэўскага.
    А Вацлаў Станішэўскі не спяшаўся распачынаць гаворку. Ён адчуваў сябе ўсёмагутным валадаром. Яму здавалася, што сядзіць на вяршыні толькі ім скаронай гары. I яму вельмі хацелася, каб бясконца доўжылася гэтае шчасце.
    «Не ведаеш ты, што твая каханая жоначка перада мною стаіць. Калі б ведаў, то валасы на сабе драў бы»,— падумаў ён пра Паўлюка, прыкутага да сцяны, і новая хваля асалоды разлілася па целе.
    — Пан Вацлаў!..— ахрыплым голасам прамовіла Зося.
    Вацлаў Станішэўскі на хвілінку залюбаваўся ёю. Яна і ў горы была надзвычай прыгожая: стан тонкі, як у дзяўчыны, лоб адкрыты, высокі, бровы выгінастыя, быццам знарок наведзеныя, вусны пульхныя...
    — Пан Вацлаў!..
    — Гы-гы-гы...— загыгыкаў Адам, нібыта яго знячэўку заказыталі.
    Незадаволены, Вацлаў Станішэўскі павёў брывамі. Адам імгненна затуліў рот далонню і ўталопіўся ў падлогу.
    Весела было сёння Адаму. Смех так і рваўся з ягоных грудзей. Калі б хто-небудзь запытаў у яго: «Чаму ты так развесяліўся, Адам?» — ён не змог бы адказаць. He часта, але нападала на яго падобная весялосць, прарываючыся неўтаймоўным рогатам. Гэтак жа, як і сёння, ён весяліўся, калі яны, гайдукі, на загад Вацлава Станішэўскага ўтапілі дзеда Харытона, а потым і старога Міхала.
    Харытон, калі на яго наваліліся і заламалі рукі, нават голасу не падаў. Мабыць, баяўся, што Петрык Кравец на крык прыбяжыць. Дзесьці побач круціўся падшыванец. Зразумела, і яго не пашкадавалі б, разам з Харытонам кінулі б у азярыну, калі б раптам з’явіўся. Хто ж сведак стане пакідаць.
    А Міхал прасіўся, казаў: «Прападзе без мяне пані Хрысціна. Маленькай на руках я яе насіў. Пан Вацлаў!..» Вацлаў Станішэўскі збоку стаяў. Паморшчыўся ён і махнуў рукою. Яны, гайдукі, узялі Міхала за ногі, перавярнулі, як мяшок, і апусцілі галавою ў ваду. Булькаў Міхал, бурбалкі пускаючы. Хіба гэта не смешна? А хіба не смешна
    было, калі апавядаў усім, што Міхал сам у сажалку ўваліўся, спатыкнуўшыся? Апавядаеш — а на цябе глядзяць, дранцвеючы.
    He стрываўшы, Адам пырснуў у кулак.
    Вацлаў Станішэўскі скрыва зірнуў на Адама. «Яму цяпер хоць галаву адсячы. Усё роўна будзе рагатаць»,— прабегла ў галаве ў Вацлава Станішэўскага.
    — Пан Вацлаў! — трэці раз паўтарыла Зося. Агнём пякло ўсё яе цела. Ёй здавалася, што не ў багата прыбраным кабінеце, а на вогнішчы яна стаіць.
    Вацлаў Станішэўскі перавёў позірк на Петрыка.
    — Хлопец, хто цябе так размаляваў?
    — Гы-гы...— вырвалася ў Адама.
    Петрыка так і падмывала кінуцца наперад, выхапіць з похваў адну з тых шабляў, якія вісяць на сцяне, і...
    — Пан Вацлаў, ён з бярозы зваліўся, пакалечыўся,— таропка прагаварыла Зося. Яна баялася, што сын зараз скажа штосьці рэзкае, і тады гэты пыхлівы п’яны пан пакажа ім на дзверы, не выслухаўшы.
    Вацлаў Станішэўскі гучна ікнуў і зноў уталопіўся на Зосю.
    — Пан Вацлаў, нашага... Паўлюка нам аддайце.
    Вацлаў Станішэўскі не чакаў, што проста ў вочы вось так заявіць яму Зося. Ён скрывіўся, падумаўшы сам сабе: «Няўжо хтосьці выдаў мяне, сказаў ёй, дзе Паўлюк? Але ж Адам кляўся, што дарогаю, калі везлі непрытомнага Паўлюка, нікога не сустрэў. Дакладна не ведае, здагадваецца».
    Вацлаў Станішэўскі расставіў рукі, і яго тоўсты жывот закалаціўся ад смеху.
    — На... Бяры яго, забірай...
    — Гы-гы-гы...— падхапіў Адам.
    Тоненька, як мышка, піскнула Мар’яна. «Задушаць яны нас, не выпусцяць адгэтуль»,— са страхам падумала яна.
    Зося хацела падштурхнуць Мар’яну наперад. А дачка стаіць, уперлася, не даецца.
    — Пан Вацлаў, не мяне — дзетак маіх пашкадуй. Аддайце Паўлюка!
    — Дурань твой Паўлюк! — плямкнуў губамі Вацлаў Станішэўскі.— Думае, што вечна Вялікаму Княству Літоўскаму быць. He, згіне яно. А мы з памяці сатрэм, па ветры попелам развеем... Новы лад усталюем мы тут... Мы!..
    — Дзеткі, прасіце яго, каб татку адпусціў! — не слухаючы, усклікнула Зося.
    У кабінеце стала ціха-ціха, як на двары перад навальніцай.
    — Адпусціце татку! — прарэзаў цішыню тоненькі галасок Мар’яны.
    Вацлаў Станішэўскі падвярнуў пад лоб вочы.
    — Татку?
    — Татку,— зніякавела Мар’яна.
    — He бядуй. Знойдзем мы табе татку.— Вацлаў Станішэўскі тыцнуў тоўстым пальцам, паказаўшы на гайдука Адама.— Ён будзе тваім таткам. Ха-ха-ха...
    Адам падскочыў і ляпнуў рукамі па баках, як гусь крыламі.
    — Гы-гы-гы...
    Як вам не брыдка? Перад дзецьмі... Вы ж шляхціц!..— раздзельна вымаўляючы кожнае слова, прамовіла Зося і, штурхаючы перад сабою Петрыка і Мар’яну, выбегла з гэтага страшнага пакоя.
    У вязніцы
    «У іх бацька, у іх!» — думаў Петрык, ідучы паркам. Ён добра запомніў, як у Вацлава Станішэўскага скрывіўся твар, калі маці сказала: «Паўлюка нам аддайце».
    — Мама, я ж табе казаў, што не трэба яго прасіць! — вырвалася ў Петрыка.
    — Разумны! Ты ў нас самы разумны,— вымавіла маці.
    Калі яны выйшлі на балота, парослае лазняком, з-за куста выскачыла Яніна.
    — Петрык! — гукнула яна.
    Петрык спыніўся. «Чакала нас тут Яніна, схаваўшыся. Мабыць, штосьці праведала пра бацьку»,— падумаў ён.
    — Мама, вы ідзіце, а я з Янінай пагутару. Мо яна штонебудзь пра татку ведае,— прамовіў Петрык.
    — Ідзі,— дазволіла маці.— Толькі доўга не затрымлівайся. Дома параімся, што нам рабіць. Добра?
    — Добра,— кіўнуў Петрык і, шырока ступаючы, накіраваўся да Яніны.
    — Прыняў ён вас? — падбегшы, пацікавілася Яніна.
    — Пасмяяўся з нас. Маму абразіў,— нявесела сказаў Петрык.
    Яніна прыўстала на дыбачкі і прашаптала Петрыку ў самае вуха:
    — У нас твайго бацьку трымаюць.
    — Дзе? — запытаў Петрык.
    — He ведаю,— паціснула плечукамі Яніна.
    — А ты падумай, Янінка, падумай — і здагадаешся! Калі ласка! — папрасіў Петрык, як яшчэ нікога ў жыцці не прасіў.
    Яніна задумалася. Дзе ж могуць трымаць дзядзьку Паўлюка? У доме? Мабыць, не. He ўсім людзям у доме бацька давярае. А калі!.. Вось галава! Як раней не здагадалася?!
    — Петрык, твой бацька ў вязніцы, няйначай!
    — Дзе яна?
    — Адразу ж за домам.
    — Пабеглі туды.
    Каля дома Петрык і Мар’яна спыніліся, стаіўшыся за кустамі: на ганку яны ўбачылі Вацлава Станішэўскага, Адама і маленькага чалавечка ў шэрай сутане.
    У Вацлава Станішэўскага вочы былі мутныя-мутныя, як вада ў калодзежы пасля навальнічнага дажджу. Каб не ўпасці, ён трымаўся за ручку дзвярэй.
    — I ваш манах тут,— заўважыў Петрык.
    — Прачнуўся,— шэптам сказала Яніна.— Днём ён звычайна спіць, а як звечарэе, прачынаецца і ходзіць, прынюхваецца...
    — Святы айцец, дабраславі нас на забойства! — прамовіў Вацлаў Станішэўскі.
    У Петрыка мурашкі прабеглі па спіне. Вось чаму так рана сёння прачнуўся маленькі чалавечак у шэрай сутане! Яны вырашылі забіць бацьку. Перад забойствам, напэўна, крыж пацалуюць, як раней цалавалі. I як у іх вусны не папухлі!
    — Айцец, дабраславі...
    — Гы-гы-гы...— зарагатаў Адам. I ён, як заўважыў Петрык, быў вельмі п’яны, але яшчэ трымаўся на нагах.
    — He на забойства я вас дабраслаўляю! — саладжавым галаском прагаварыў маленькі чалавечак у шэрай сутане.
    — А на што? — набычыўся Вацлаў Станішэўскі.
    — He на забойства, а на пакаранне грэшніка, здрадніка нашай дзяржавы.
    Вацлаў Станішэўскі хіснуўся ўбок, ледзь не паваліўшыся.
    — Пакараем здрадніка!
    — Пабеглі! — звярнуўся Петрык да Яніны.
    Дзверы ў вязніцу — прыземістую гарбатую цагляную будыніну, пафарбаваную ў жоўты колер, былі адчыненыя.
    Спусціўшыся гладкімі каменнымі прыступкамі, Петрык і Яніна ўбачылі яшчэ адны дзверы, акутыя жалезам, на якіх вісеў вялікі замок.
    Петрык што ёсць сілы грукнуў кулаком у гэтыя дзверы.
    — Татка-а!..
    — Петрык? — здзіўлена ўсклікнуў бацька. Ён не мог паверыць, што зусім побач ягоны сын.
    — Зараз я з табою!.. Я!..— пачуўся на двары п’яны голас Адама.
    — Петрык, што будзем рабіць? — разгубілася Яніна.
    Упёршыся абедзвюма рукамі, Петрык скрануў з месца цяжкую бочку (яна стаяла каля самай сцяны), крыху адсунуў яе і закамандаваў Яніне:
    — Хаваймася.
    Адам паволі спускаўся прыступкамі, а Петрык з Янінай, стаіўшы дыханне, сядзелі за бочкай.
    Петрык ведаў, што будзе рабіць. Калі Адам адчыніць дзверы і ўвойдзе ў вязніцу, ён рыссю скочыць гайдуку на плечы. Бацька, канешне, дапаможа. Удвух яны хутка справяцца з Адамам. А потым, як той казаў, шукай ветру ў полі.
    Спусціўшыся ўніз, Адам зняў з пояса важкі звязок ключоў і, пакорпаўшыся, адамкнуў замок.
    — Ада-ам! — нібы з-за глухой сцяны, данёсся голас Вацлава Станішэўскага.
    Гайдук наставіў вуха, прыслухоўваючыся.
    ■— Ён кліча... Ці мне здалося?
    — Ада-ам!..
    — He здалося. Кліча, зараза! — вылаяўся Адам і, забыўшыся замкнуць дзверы, палез, сапучы, назад.
    He марудзячы, Петрык вылез з-за бочкі і адчыніў дзверы.
    Бацька стаяў у вязніцы, прыкуты ланцугом да сцяны.
    Петрык адно не заплакаў.
    — Татка, як мне цябе вызваліць?
    — Вунь... Бачыш?..— бацька кіўнуў галавою, паказаўшы на лаўку, якая цягнулася ўздоўж сцяны.
    На лаўцы ляжаў ключ. Петрык схапіў яго і аддаў бацьку. Узяўшы ключ, бацька адамкнуў замок на ланцугу. Ланцуг са звонам упаў на падлогу.
    — Сынок, хто цябе так размаляваў? — запытаў бацька.
    — Потым... Потым скажу... Уцякайма! — таропка прагаварыў Петрык. Яму здавалася, што вось-вось тут з’явяцца Адам і Вацлаў Станішэўскі.
    — Яніна, а ты чаго тут? — зноў запытаў бацька.
    — Яна падказала мне, дзе ты,— паведаміў Петрык.
    Калі яны выбраліся з вязніцы, бацька нагнуўся, пацалаваў Яніну ў шчаку і сказаў:
    — Дзякую табе, дачушка.
    Знак Божага прымірэння
    Нарэшце сабралася ў хаце ўся сям’я: і маці, і бацька, і Петрык, і Мар’яна.
    Мар’яна ажывілася, як птушачка каля свайго гняздзечка. He злазіць з бацькавых каленяў. Праўда, часам уздрыгне, азірнецца. Няцяжка здагадацца: тых вылюдкаў баіцца.
    А яны паздзекаваліся з бацькі. Твар у яго сіні, распухлы. Калі ішлі дахаты, выбраўшыся з вязніцы, Петрык пацікавіўся ў яго:
    — Татка, яны цябе моцна білі?
    — Ат! — махнуў рукою бацька.
    Мужчына ён. Дык хіба будзе плакацца? Мужчыне трэба з годнасцю трымацца.
    — Гэх, Петрык! Родны край чужынцам яны прадаюць. Цяжка глядзець на гэта,— кажа бацька, казычучы вусамі Мар’яніну шчаку.— «Дбайма ж пра родны край, пільнуймася ж сваіх павіннасцей перад ім»,— вось чаму вучылі мудрыя прашчуры. Ды не ўсім пайшла і ў галаву іхняя навука.
    — Якіх павіннасцей? — цікавіцца Петрык.