Мой сябар Дон Кіхот
Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
Калі наскакаліся, накрычаліся ўволю, Петрык сказаў:
— Прыйдзем з бацькам і новы зруб зробім, яшчэ прыгажэйшы, чым быў.
Падслуханая размова
Яніна ведала, што ў маміным пакоі (пасля смерці маці туды рэдка хто заходзіў) у куфэрку ляжыць прыгожая хустка ў чырвоныя кветкі. «Падару яе Мар’яне. Няхай памятае пра мяне,— думала Яніна.— Зразумее мяне мама... павінна зразумець».
Але ж як непрыкметна прабрацца ў мамін пакой? Ён жа побач з бацькавым кабінетам. I Адам, і маленькі чалавечак у шэрай сутане, як на варце, стаяць каля яго. Калі ўбачаць яе ў маміным пакоі, то адразу здагадаюцца, што яна нешта задумала. Будуць сачыць за ёю.
Ужо звечарэла. Ціха-ціха на двары. Толькі кажаны праносяцца за акном, праразаючы паветра.
Яніна выйшла ў калідор, на дыбачках падбегла да дзвярэй і тузанула за ручку. Дзверы адчыніліся.
У маміным пакоі шэры паўзмрок. Як часта тут яна, Яніна, сядзела з мамай! А вось і запаветны мамін куфэрак.
Неаднойчы мама вымала з гэтага куфэрка адрэзы, з любоўю перабірала іх і казала Яніне: «Для цябе пасаг збіраю, Янінка. Некалі многія нам пазайздросцяць».
He здзейснілася маміна жаданне...
— Мамачка мая! Сонейка маё! — прашаптала Яніна і, адчыніўшы куфэрак, узяла хустку ў чырвоныя кветкі, якая ляжала з самага верху на белым шаўковым адрэзе.
Прытуліўшы хустку да грудзей, Яніна зноў выйшла на калідор. 3 бацькавага кабінета праз прыадчыненыя дзверы данёсся Адамаў голас:
— Пан Вацлаў, высачыў я іх... Высачыў!..
— Ну, ну, не балабонь... Значыць, яны ў начное коней пагналі? — прамовіў бацька.
— Пагналі. I Паўлюк, і Петрык.
— Шмат крыві нам гэты Петрык папсуе, калі вырасце,— пачуўся рыпучы голас маленькага чалавечка ў шэрай сутане.
Яніна прытулілася да сцяны. Зноў яны пра Краўцоў гавораць. Зноў штосьці задумалі.
— Box! — крэкнуў бацька.— Схапіў, што мядзведзь, чорт бы цябе забраў!
— Самі ж прасілі, каб на бачок вас павярнуў,— апраўдваючыся, казаў Адам.
— Я не сноп, а жывы чалавек. О, як пячэ рана! — усклікнуў бацька.— Значыць, удвух коней пагналі?
— Удвух, удвух,— таропка сказаў Адам.
— Парашыць іх трэба. Там, на месцы,— прамовіў маленькі чалавечак у шэрай сутане.
Рыпнула канапа. Бацька, відаць, прыўзняўся.
— I хлопца?
Маленькі чалавечак у шэрай сутане кашлянуў.
— I хлопца!
— Малы яшчэ. Грэх на душу вазьму.
— 3 малога вялікі вырасце. Будзе помсціць. А пра грэх, пан Вацлаў, вы не думайце. Грэх ваш я замалю.
Яніне стала горача. I лоб, і шчокі гарэлі агнём. Вось што яны задумалі! He толькі дзядзьку Паўлюка, але і Петрыка вырашылі забіць! Пазней дабяруцца і да цёткі Зосі, і да Мар’яны. He спыняцца яны. Д’ябал імі кіруе. Там ён, разам з імі, у кабінеце. Шэпча, злое ўводзіць ім у вушы, ад радасці лапы паціраючы.
Здалося Яніне, што і да яе праз шчыліну прабіраецца страшны калматы д’ябал.
Яніна перахрысцілася. Крыху адпусціў страх, адлягло ад сэрца.
— Каму даверым гэтую справу? — запытаў у сваіх хаўруснікаў бацька.
— Адаму. Справа вельмі далікатная,— адказаў маленькі чалавечак у шэрай сутане.
— Гы-гы-гы...— зарагатаў Адам.— Я іх з пістолі перастраляю.
— He,— запярэчыў маленькі чалавечак у шэрай сутане.— Сякерай засячэш.
Яніна выскачыла на двор. Прысела, схаваўшыся ў кустах. Зараз з’явіцца Адам, зараз...
Як жа выгнаць з дома д’ябла? Жыць страшна... «Мамка, ратуй мяне!.. Родненькая!..» — у адчаі шэпча Яніна.
На ганку, нібы прывіды, з’явіліся маленькі чалавечак у шэрай сутане і Адам. У Адама пад пахай сякера.
— Ну, то я пайду,— спакойна, нібы ў лес сабраўся, прамовіў Адам.
— He здрыганецца твая рука, сынку? — запытаў маленькі чалавечак у шэрай сутане.
— Гы-гы-гы...— рагоча Адам.
— Знішчыўшы іх, мір і спакой дасі ты гэтай зямлі.
— Дам! Гы-гы-гы...— спусціўшыся з ганка, Адам сцежкаю ідзе паўз кусты. Крочыць важна, упэўнена.
Прыгнуўшыся, Яніна пабегла за Адамам. Галінкі сцёбаюць па яе твары, расою ахалоджваюць гарачыя шчокі.
Каля цяпельца
Ноч цёмным крылом накрыла зямлю. Петрык і бацька сядзяць каля цяпельца. Воддаль коні скубуць траву.
— Заўжды Каралеўства Польскае імкнулася падпарадкаваць сабе Вялікае Княства Літоўскае,— апавядае бацька.— Яшчэ ў лета 1398-е каралева Ядзвіга заявіла, што кароль Уладзіслаў, яе муж, ахвяраваў ёй усё Вялікае Княства Літоўскае, і таму запатрабавала яна, каб штогод плацілі ёй даніну. Вялікі князь Вітаўт склікаў у Вільні баярства і запытаў: «Ці ўважаеце сябе падданымі Польскай Кароны, ці лічыце абавязкам плаціць даніну польскай каралеве?» Абураныя, сказалі князі і баяры: «Мы не падданыя Польшчы, мы заўсёды былі вольныя, нашы продкі ніколі даніны не плацілі, і мы плаціць не збіраемся, застаёмся па-ранейшаму вольныя».
Петрык уважліва слухае бацьку.
Шмат летаў мінула, шмат вады ўцякло пасля таго, як запатрабавала каралева Ядзвіга, каб тутэйшыя людзі
даніну ёй плацілі. А з якой ласкі, запытацца? Так і Вацлаў Станішэўскі бацьку можа заявіць: «Працуй на мяне, плаці мне даніну...».
He, Вацлаў Станішэўскі яшчэ хітрэйшы. Бацькаў дом спаліў, бацькаву зямлю забраў, распараджаецца, як сваёю. A людзі ж кажуць, што чужы кавалак у рот не палезе. I яму не лезе. Зараз зусім сап’ецца... Маленькі чалавечак у шэрай сутане нездарма побач круціцца. П’янага боўтне ў раку ці ў возера. Памагатыя, сквапныя на грошы, заўсёды знойдуцца. A потым да сваіх рук прыбярэ і зямлю, і ўсю маёмасць. Яніну са свету зжыве. Хто ж сірату абароніць?..
Цікава выходзіць... Зямля, якая належала дзеду Юстыну, пяройдзе да маленькага чалавечка ў шэрай сутане. Завалодае ён, чужынец, гэтаю зямлёю. I ракой, і азёрамі, і лясамі... Чужая гамонка будзе тут гучаць... Гаспадар Вялікага Княства Вітаўт добра гэта разумеў, і яго баяры гэта разумелі. Таму і пратэставалі яны.
За зямлю трэба змагацца. За зямлю — значыць за волю. Каб чужынец тут не сеў.
— Татка, чаму ж мы цяпер не змагаемся? Чаму не пратэстуем? — не сцярпеў Петрык.
Бацька пугаўём падгарнуў у цяпельца галавешкі. Сыпануўшы гарачым дажджом, паляцелі іскры.
— Паслухай, сынок, народную мудрасць. Сустрэліся два падарожныя. Пытаецца адзін: «Чаму ўначы сабакі больш брэшуць, чым удзень?» «Бо ўдзень ім людзі дапамагаюць»,— адказвае другі.
Неяк вельмі мудрагеліста адказаў бацька. Цяжка здагадацца, што ён хацеў сказаць. Ёсць тут нейкая хітрынка, ёсць. Сабакі брэшуць... Вядома, ёсць і людзі, як сабакі. Напрыклад, Адам. Яго толькі нацкуй.
— Сынок, не здагадаўся? — цікавіцца бацька.
— He,— прызнаўся Петрык.
— Цяпер людзі не тыя, што былі раней,— у задуменні кажа бацька.
— Чаму не тыя?
— I людзей можна падзяліць. Нашыя ворагі нас падзялілі, падатлівых прылашчыўшы.
— I гэтыя падатлівыя брэшуць як сабакі?
— Яшчэ як брэшуць. Стараюцца. А нашыя ворагі пасмейваюцца, прымаўляючы самі сабе: «Бі свайго, каб чужы баяўся».
— Ніколі мы не станем сваімі, як раней было?
— He ведаю, сынок... He ведаю...
«Праўду кажа бацька,— думае Петрык.— Свае чужымі парабіліся. Паміж суседзямі быццам межы выраслі. Нават між мною і Янінай мяжа... He, не... Між мною і Янінай яе бацька стаіць. Ён, як мяжа, нас раздзяляе».
— Хацелася б, каб сталі! — перапыніў думкі бацька.— Ды да світання яшчэ далёка. Box, як далёка, сынок!
— Татка,— сказаў Петрык,— яны нашу крынічку разбурылі. Пяском, граззю закідалі, зруб паламалі...
— Пра мудрасць спрадвечную яны забыліся,— азваўся бацька.— He плюй у калодзеж, бо давядзецца з яго напіцца.
— Бо давядзецца з яго напіцца! — засмучана паўтарыў Петрык.
— Хто свой край не шануе, той і зямлю не любіць. Ненавісная яна яму,— зазначыў бацька.— Таму і дратуе, нішчыць яе.
Петрык прыўстаў, абапёрся на локаць.
— Дык можа так стацца, што яны зусім знішчаць нашу зямлю? Лясы павысякаюць, папаляць, крынічкі зруйнуюць. Як жыць будзем?
— А яны не думаюць пра гэта, сынок.
— Зусім не думаюць?
— Чужыя яны тут. А чужога не шкада.
— А як мы будзем жыць?
— Сынок, яны крынічку разбурылі. А ты? Ты паглядзеў і пайшоў?
— Мы новае жыццё далі нашай крынічцы... Я, Мар’яна, Яніна... Бруд павыкідалі. Ажыла крынічка...
— Добра зрабілі, сынок.
— А калі яны зноў прыйдуць і разбураць? Іх жа шмат.
— А нас хіба мала?
— Дык не загінем мы?
— Будзем жыць.
«Будзем жыць!» — пра сябе паўтарыў Петрык.
А ў гэты час да цяпельца краўся Адам. Ён поўз па роснай траве, выгінаючыся вужакай. За ім, прыгнуўшыся, ішла Яніна. Яна ўбачыла, як каля самага цяпельца Адам прыўстаў на калена. Бліснула лязо сякеры, чырвона-крывавы водбліск агню адбіўся на ім.
Яніна хацела закрычаць, папярэдзіць Петрыка і дзядзьку Паўлюка, але язык як здзервянеў, не паварочваецца.
Выгнуўся Адам, уперад падаўся. Зараз каршуном наляціць. Чаму ж няма голасу? Чаму язык як чужы?..
— Татка, давай заўтра новы зруб паставім,— прапанаваў Петрык.
Паўлюк не адказаў, бо заўважыў, што коні траву перасталі скубці, насцярожыліся. «Хтосьці чужы паблізу»,— здагадаўся Паўлюк. Ён непрыкметна азірнуўся і, калі Адам устаў на ўвесь рост, каб нанесці смяротны ўдар, з развароту свіснуў пугай, як шабляй.
Нясцерпны боль апёк Адамаву руку. Дзіка завыўшы, гайдук выпусціў з рук сякеру і панёсся ў цемру.
Петрыка нібы нябачная сіла ўверх падкінула.
— Татка, хто тут быў?
— Адам.
— Ён жа ўцячэ! Лаві яго!
— He, не ўцячэ...
— Лаві! — Петрык падняў сякеру.— Бачыш, што ён нам падрыхтаваў? Уцячэ! Пабеглі за ім!
Бацька ўзяў Петрыка за плячо.
— Стой, сынок. He ўцячэ ён. Свайго ліха не міне. Пабачыш.
Да цяпельца падышла Яніна. Яна ўся трэслася, нібы на марозе.
— Янінка? Ты?..— сваім вачам не паверыў Петрык.
— Я назіркам ішла за ім! — уголас заплакала Яніна.— Ён устаў каля вас!.. Хацела крыкнуць, вас папярэдзіць!.. A голас... Голас у мяне прапаў!..
— He бядуй, дачушка,— сказаў Паўлюк, выціраючы Яніне слёзы.
Прапанова застрэліцца
Назаўтра, прачнуўшыся, Яніна вызірнула ў адчыненае акно.
Што за ліха! Насупраць акна, пад старой ліпай, Адам мыецца. Ды неяк не па-людску. Нагнецца, гучна хлёбнуўшы, набярэ з вядра вады ў рот, а потым старанна расцірае яе па лбе, нібы гэта не вада, а гаючая мазь.
Смешна стала Яніне.
— Ха-ха,— паціху засмяялася яна.
Адам уздрыгнуў, азірнуўся і зноў пачаў мыцца, з сілай расціраючы ваду па лбе.
На правай Адамавай руцэ Яніна заўважыла чырвоны пісяг — след ад пугі дзядзькі Паўлюка.
«Добра пачаставаў цябе дзядзька Паўлюк. Пазаўчора ты сваю шаблю страціў, учора сякеру згубіў, а неўзабаве і галаву скруціш»,— падумала Яніна.