Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

Мой сябар Дон Кіхот

Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
50.59 МБ
А Адам выняў з кішэні невялікае люстэрка, зірнуў у яго і крыкнуў, узяўшыся за галаву:
— Ат халера!
Яніна нарэшце зразумела, чаму ён так старанна мыўся. На ягоным ілбе была адмеціна, падобная на апёк. Яна нагадвала галінку з лістамі.
Гэтая галінка, як ні стараўся гайдук, не змывалася. Ka­ni б хто-небудзь сказаў ёй, Яніне, што такое магчыма, то яна нізавошта не паверыла б.
— Ат халера! — тоненька, па-жаночы завыў Адам.
3-за рога дома паказаўся бацька. Ён ішоў павольна, трымаючыся за параненае плячо.
Убачыўшы бацьку, Адам імгненна затуліў страшную метку рукою і застыў слупам.
— He забіў? — падышоўшы бліжэй, са злосным дакорам спытаў бацька.
— He забіў! — ледзь не плачучы, адказаў Адам.
Яніна назірала, схаваўшыся за акном. Бацька і гайдук бядуюць, што не забілі Петрыка і дзядзьку Паўлюка. Восьвось расплачуцца. Людзі па нябожчыку плачуць, шкадуючы, а яны...
Што скажа бацька, калі ўбачыць адбітак галінкі з лістамі на лбе Адама? Хто ж так заклеймаваў гайдука? На рану гэты адбітак зусім не падобны.
Бацька засоп носам, аж ноздры ў яго ходырам захадзілі.
— He забіў! — гукнуў.
— He забіў! — Адам затросся, але руку ад ілба не адняў.
— Чаму?
— Паўлюк мне руку пугай рассек. Як сцёбнуў па руцэ, дык у мяне свет у вачах перавярнуўся.
Бацька зноў засоп.
— За што я цябе кармлю?
Яніна адчувала: быць бядзе. Нездарма бацька раздзімае ноздры. Раз’юшыўся, не ў сабе.
Неяк ён пахваліўся перад гасцямі: «Калі я раз’юшуся, то нават свайго манаха магу на капусту пасячы».
Лісліва ўсміхнуўся маленькі чалавечак у шэрай сутане: «Я пана Вацлава ніколі да гарачкі не давяду».
— Пан Вацлаў, я падпільную іх! — перапалохаўся Адам.— Я іх жыўцом спалю. Я...
Наступаючы на Адама, бацька замахнуўся нагою.
— Зараз як!..
Пан Вацлаў, я!..— як відаць, забыўшыся пра ўсё на свеце, Адам адняў руку ад ілба.
Бацькаў твар перакрывіўся. Ён тыцнуў пальцам ледзь не ў лоб Адаму.
— Што гэта ў цябе?
— He ведаю. Я ўстаў, зірнуў у люстэрка і... і... і...— тоненька загаласіў Адам.
Бацька піхнуў вядро з вадою. Яно перакулілася і пакацілася пад куст.
— He змываецца?
— Не-э,— скрывіў губы Адам.
— Гэта ж метка д’ябла! — бацька са свістам, быццам кавальскі мех, выпусціў з грудзей паветра.
— Няўжо? — аж прысеў Адам.
I Яніна міжволі прысела. Нездарма ўчора вечарам ёй здалося, што ў бацькавым кабінеце д’ябал. Аднаго меткай ён ужо адзначыў. Нібыта ў сваю хеўру забраў. Усё-ткі даскакаліся яны. Усяму бывае канец. Самі вінаватыя. Самі душу д’яблу прадалі.
— Што мне рабі-іць? — зноў загаласіў Адам.
Бацька азірнуўся як злодзей, на якім шапка гарыць.
— Рукі на сябе накладзі.
«Божа! Божа!» — прашаптала Яніна і перахрысцілася. Няўжо яшчэ аднаго нябожчыка неўзабаве будуць адпяваць? Калі ж гэта скончыцца? Калі?..
Адам з надзеяй, бы сабака, якога выцялі, зірнуў на бацьку.
— Чаму?
— Сёння ўвечары госці да мяне паз’язджаюцца,— крыва ўсміхнуўся бацька.— Ведаеш, якая пагалоска пойдзе па маёнтках, калі хто-небудзь з гасцей на тваім ілбе ўбачыць метку д’ябла?
— Пан Вацлаў, не магу! — прастагнаў Адам.
Бацька дастаў з-за пояса пістолю і працягнуў яе Адаму.
— Застрэлься!
Яніна, збялелая, чакала. Зараз Адам возьме пістолю. Прагучыць стрэл, і ўзрадуецца д’ябал, дзіка зарагоча, цягнучы ў сваё падземнае царства грэшную Адамаву душу.
— Ану! — сказаў бацька, усё трымаючы пістолю ў выцягнутай руцэ.
Яніна затуліла рот далонню, каб не закрычаць. Яна стаяла і глядзела, быццам зачараваная.
— Бяры! — крыкнуў бацька.
Адам працягнуў рукі. Яны трэсліся.
— Пан Вацлаў, дазвольце мне яшчэ на яснае сонейка паўзірацца. Сіла бушуе ўва мне... Пан Вацлаў, сілу маю не забірайце...
Бацька апусціў пістолю дулам уніз.
— He я забіраю — д’ябал гэтаю ноччу яе ў цябе забраў.
— Пан Вацлаў заўсёды ў шапцы буду хадзіць. На самы лоб, да броваў, нацягну. Метку ніхто не заўважыць. Я разам з д’яблам горы для вас звярну!..
Бацька ўважліва паглядзеў на Адама.
— Ты з д’яблам?
— Я! 3 д’яблам! Усяліўся ён у мяне! — Адам стукнуў сабе кулаком у грудзі.— Тут ён сядзіць! Я адчуваю! Свет перавернем, калі загадаеце!
— Няхай будзе па-твойму. Ха-ха-ха...— зарагатаў бацька.
— Гы-гы-гы...— падхапіў Адам.
Яны стаялі ўдвух і рагаталі. Вочы ў іх гарэлі, а валасы, як здалося Яніне, узняліся дыбам.
— Мамачка! — прашаптала Яніна і без памяці абсунулася на падлогу.
Зборышча
Яніна ляжала на падлозе, а ёй здавалася, што ідзе вялікім, бясконцым лесам. Гайдаючы вершалінамі, рыпяць, гудзяць яліны. А з-пад парослага мохам вываратня вылазіць д’ябал. Зыркае на яе лупатымі вачыма, цягнецца да горла касматымі лапамі, каб задушыць. «Не руш мяне!» — што ёсць сілы крычыць Яніна. Закруціўшыся ваўчком, д’ябал бясследна знікае.
Яніна ідзе лесам. Знянацку хтосьці ззаду схапіў яе за плечы. Азірнуўшыся, яна бачыць, што гэта бацька яе трымае. Яніна вырываецца ад яго і бяжыць, а ён гукае, даганяючы: «У Варшаву завязу! У Варшаву!..»
Яніна расплюшчвае вочы. Цемра навокал. Нібы з таго свету, даносяцца нейкія прыглушаныя крыкі.
Яніна прыслухоўваецца. Крыкі ўсё мацней, выразней. Дык гэта ж бацькавы госці сабраліся, гамоняць п’яныя, выхваляючыся адзін перад адным. «Зборышча!» — як казала пра іх мама.
Зборышча... Д’яблава зборышча... Гэткіх жа самых д’яблаў, як і той, што прысніўся.
He, не прысніўся. Прымроіўся. Яна ж без памяці ўпала, калі зарагаталі бацька і Адам, самі сабе радуючыся...
Гамоніць, вые, шалее п’яная хеўра. А за акном ані гуку не чуваць. Мабыць, усё жывое пахавалася, пазашывалася хто куды.
Як доўга ляжала яна непрытомная! Цэлы дзень! I ніхто не зазірнуў у яе пакой. Нікому яна непатрэбная. Нікому... He зазірнуў...
Уткнуўшыся тварам у дыван, Яніна заплакала. Слёзы цяклі і цяклі па яе шчоках, як і ў той дзень, калі памерла мама.
Непатрэбная... Нікому...
— Пан Міхал, ты ведаеш, я яго ў вязніцу на днях пасадзіў,— данёсся з-за дзвярэй бацькаў голас.
— Паўлюка?
«I пан Міхал да бацькі завітаў»,— засмучана думае Яніна.
Пан Міхал рэдка наведваецца ў бацькаў дом, бо, як аднаго разу смяяўся бацька, жонкі баіцца: не пускае яго да Станішэўскіх. Як казаў бацька, да свінячага енку Міхал набіраецца.
— Паўлюка? — асіплым, нібы ад прастуды, голасам прамовіў пан Міхал.
— А каго ж яшчэ! — хваліцца бацька.
— I цяпер ён сядзіць у тваёй вязніцы?
— Уцёк.
Пан Міхал гучна ікнуў.
— Як уцёк?
— Д’ябал яму дапамог,— перайшоў на шэпт бацька.— Сам ведаеш: з маёй вязніцы нікому не ўдавалася ўцячы.
— Дык Паўлюк з самім д’яблам знаецца? — пан Міхал усклікнуў так, быццам яму вострым абцасам на босую нагу наступілі.
— Калі б не знаўся, то з вязніцы не ўцёк бы.
— Спаліць яго трэба!
— Спалім. Сёння ж,— пагадзіўся з панам Міхалам бацька.— А пакуль нальём, вып’ем і закусім. Хадзем.
— Вып’ем і спалім! — нібы песню, завёў пан Міхал.
Яніна ўстала і села на ложак, бездапаможна апусціўшы рукі. Бацькавы госці збіраюцца спаліць Краўцоў. He жартуюць яны. Зробяць, не адкладаючы да святога ніколі, калі ўроілася ў п’яныя галовы. Каму пацеха, а каму гора... Гора...
— Янінка! — неспадзявана пачулася побач.
Яніна падняла галаву: Петрык на падаконні сядзіць, усміхаецца.
— Янінка, вось... Прыбег да вас. Ты ж цэлы дзень не паказваешся.
Прыбег... Хваляваўся за яе... Усё-ткі патрэбна яна. Дарма грашыла перад Богам, наракаючы на свой нешчаслівы лёс.
— Лезь сюды! — паклікала Яніна, махнуўшы рукою.
Петрык саскочыў з падаконня.
— Ты бацькаву шаблю скраў? — прамовіла Яніна, заўважыўшы пад пахай Петрыка шаблю.
— Шабля Адамава,— прамовіў Петрык.
— Петрык, слухай, слухай! — Яніна ўскочыла з ложка, схапіла Петрыка за кашулю і расказала яму і пра метку д’ябла на лбе Адама, і пра тое, што гэтай ноччу бацька з гасцямі збіраецца спаліць іх, Краўцоў.
— Я яго падпільную ў калідоры і шабляй засяку,— выслухаўшы Яніну, сказаў Петрык.
— Каго? Майго бацьку?
— Ты яго шкадуеш? — пацікавіўся Петрык.
— Ён мой бацька. Разумееш?
He, яна, Яніна, не дасць Петрыку засячы бацьку. Грэх на сваю душу не будзе браць.
— Слухай, слухай! — зашаптала Яніна, угаворваючы Петрыка.— Ты яго засячэш — Адам на вас гасцей павядзе. А калі не Адам, то наш манах...
Петрык зноў уважліва выслухаў Яніну і, падумаўшы, запытаў:
— Ты цяпер не пабаішся зайсці да іх?
— Зайду, калі ты просіш.
— Прашу, Янінка, вельмі прашу. Зайдзі і здымі з Адама шапку. Няхай усе яны ўбачаць, што на яго лбе метка д’ябла. Я сам зайшоў бы і зняў, ды мяне туды не пусцяць.
— He пусцяць, схопяць, у вязніцу кінуць,— прамовіла Яніна і, павярнуўшыся, выйшла з пакоя.
У вялікай доўгай зале (тут адпявалі і маці, і дзеда Харытона) сталы стаялі ў два шэрагі. У самым канцы сядзелі бацька і пан Міхал. Адам наліваў ім у кубкі віно са збана.
Яніна стала пасярод залы і крыкнула:
— Адам!
— Яніна? Ты? — здзівіўся бацька. Ён устаў і падняў кубак з віном. Затым з грукатам паставіў яго на стол.
Сцішыліся п’яныя госці. Усе, як адзін, пазіраюць на Яніну, ядуць вачыма.
— Адам, хадзі сюды! — у цішыні прамовіла Яніна.
Бацька адкрыў рот, каб штосьці сказаць, але яго з сілай тузануў пан Міхал.
— Сядай! He цябе ж — яго кліча. Няхай ён падыдзе да яе.
Расплёскваючы віно са збана, Адам падбег да Яніны. A Яніна, амаль нічога не цямячы, сарвала з яго галавы шапку і гукнула:
— Вось!.. У яго!... Глядзіце!.. Метка д’ябла ў яго на ілбе!
Хтосьці войкнуў, хтосьці палез пад стол, а пан Міхал ускочыў і, што апантаны, замахаў рукамі.
— У гэтым доме д’ябал пасяліўся! Ратуймася, панове!
Пераварочваючы сталы, лавы, госці рынуліся да дзвярэй. П’яны натоўп панёс з сабою і Яніну.
А Петрык сядзеў у Янінчыным пакоі. Ён чуў, як закрычалі перапалоханыя госці. Петрык разумеў, што і яму трэба ратавацца бегам. Ды хіба мог ён уцячы, не дачакаўшыся Яніны?
Хлопчык устаў, хацеў падысці да дзвярэй, але дзверы нечакана адчыніліся, і на парозе з запаленай свечкай у руках з’явіўся маленькі чалавечак у шэрай сутане.
— Я й думаў, што яна сама не здагадалася. Ты яе падбухторыў! — гадзюкай сыкнуў маленькі чалавечак у шэрай сутане.
— Я. Ну і што? — не паказаў страху Петрык.
— Антыхрыст! Антыхрыст! Твае паганыя вочы выпалю! — узняўшы свечку, маленькі чалавечак у шэрай сутане стаў насоўвацца на Петрыка.
Петрык узняў шаблю, як узнімаюць сякеру, колючы дровы.