Мой сябар Дон Кіхот
Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
Тады, увесну, рэчка разлілася. Далёка-далёка, кіламетры на два, ажно да лесу, да самага хвойніку, зацішнага, парослага ядлоўцам, дзе так многа цёплых сунічных палянак!
Заклаўшы рукі за галаву, я ляжаў на высокім абрывістым беразе і глядзеў на хмаркі. Хмаркі, лёгкія пухнацікі, павольна праплывалі нада мною.
Я стараўся адгадаць, куды, у якую далеч яны плывуць. Думалася: а што, калі і я некалі недзе там, далёка, буду?
I соладка было на душы, і шчымліва.
Нечакана непадалёку пачуліся галасы:
— Андрэй, а мы цябе даўно шукаем!
— Марозік, растлумач ты ёй!..
Берагам ішлі мае сябры — шасцікласнікі Міхась Кадыш і Наташа Весялуха.
— Марозік,— паўтарыў Міхась, падышоўшы бліжэй,— я болей не магу. Яна мяне да ікаўкі давяла.
Па-сапраўднаму маё прозвішча Мароз, але колькі памятаю, сябры заўжды клічуць мяне Марозікам. Напэўна, ім так болей падабаецца. I я зусім не крыўджуся на іх: прывык.
— Што вы не падзялілі? — пытаюся, прыўзняўшыся.
Наташа і Міхась праз дзень спрачаюцца. Міхась у нас фізікай захапляецца. Ён нават транзістарны прыёмнік сабраў. А вось літаратуру і мову не вельмі любіць. Кажа, што без літаратуры пражыве. Ён толькі тыя кнігі чытае, якія па праграме даюць. А Наташа сапраўдны філолаг. Яна і ў мовазнаўчым, і ў літаратурным гуртках займаецца. A яшчэ яна вялікая выдумшчыца. Неяк даказвала, што літаратурныя героі — гэта жывыя людзі, з якімі нават сябраваць можна. Вось якія ў мяне аднакласнікі. He засумуеш з такімі.
Я ўстаў.
— Дык чаго спрачаецеся?
— Глупства яна выдумляе! — амаль не ў самае вуха закрычаў Міхась.
А Наташа:
— Сам ты глупства!
«Ну, зараз паб’юцца,— думаю,— Памірыць трэба».
— Цішэй,— паморшчыўся я.— У маіх вушах хутка перапонкі лопнуць.
Наташа, відаць, пакрыўдзілася, бо падцяла вусны і адвярнулася. Яшчэ гэтага мне не хапала! Прыйшлі, думкі перабілі ды яшчэ злуюцца. Цікава: чаго яны так спрачаюцца?
— Расказвай,— звяртаюся да Міхася.
— Вось гэтая разумніца,— паказаў пальцам Міхась,— даказвае, што недзе ёсць краіна Эльдарада.
— А ты не тыцкай пальцам,— абурылася Наташа.— У мяне імя ёсць.
— Міхась, не тыцкай пальцам,— папрасіў я.
— Яна даказвае, што ў Амерыцы ёсць Эльдарада краіна золата і каштоўных камянёў,— зноў пачаў Міхась.— Іспанцы, заваявальнікі Амерыкі, думалі, што існуе такая краіна. Яны доўга шукалі яе. Золата ім хацелася.— Міхась махнуў рукою.— Ат, было б пра што гаварыць. Ты сам гісторыю вучыў, ведаеш, што няма такой краіны. Легенда гэта.
— Ёсць! — усклікнула Наташа.— Ёсць краіна Эльдарада.
Нарэшце я зразумеў, з-за чаго яны спрачаюцца... «Эльдарада... Краіна золата і каштоўных камянёў...» Правільна сказаў Міхась: няма такой краіны. Прагным іспанцам яна мроілася. Даўно навукай даказана, што няма. Нейкую пустую гаворку завялі. Відаць, разумеюць гэта. Але не хочуць адно аднаму саступаць. Найшла каса на камень. Абое рабое.
Няма Эльдарада. Выдумка,— падтрымаў я Міхася.
Думаеце, пагадзілася са мною Наташа? He. Кепска вы яе ведаеце.
— Ёсць! — яна ажно нагою тупнула. Ды якраз абцасам па маёй назе. Цяпер ужо я ўзлаваўся:
— Чаго ты па маіх нагах, як па асфальце, топчашся? Думаеш, не баліць?
А яна бровы насупіла. Быццам гэта я на яе нагу наступіў.
— Весялуха,— кажа Міхась,— калі б была краіна Эльдарада, то яе даўно з космаса сфатаграфавалі б. 3 космаса любую макулінку можна сфатаграфаваць.
— У мяне імя ёсць. Я ўжо казала табе... Весялуха, Весялуха... Яшчэ хлопчыкі называюцца. Я дакажу вам, што ёсць Эльдарада. Я...
Штосьці хацела сказаць Наташа, але Міхась перапыніў яе:
— Калі ты ўпэўненая, што ёсць, то хутчэй квіток туды замаўляй. На хуткі. На экспрэс. Толькі там цябе не бачылі.
У Наташы адразу і шчокі, і вушы пачырванелі.
— Вы ў мяне яшчэ прабачэння папросіце. Вы не ведаеце, што я знайшла. Папросіце! — крыкнула яна і, павярнуўшыся, пабегла ў вёску.
— Цяжка з дзяўчынкамі гаварыць,— сказаў Міхась.
— Асабліва з такімі,— дадаў я.
Крышку пастаяўшы, мы пайшлі ў вёску.
Такі цудоўны настрой зранку быў, такі настрой! За некалькі хвілін Наташа сапсавала. А з-за чаго? 3-за нейкага казачнага Эльдарада. Вось як бывае.
Бутэлечная пошта
Я прыйшоў дамоў і стаў пераглядаць свой «архіў». Вы не падумайце, што ў мяне ёсць нейкія старажытныя дакументы ці кнігі. He. Я ўжо некалькі гадоў розныя артыкулы збіраю. 3 газет, з часопісаў вырэзваю. Канечне, не ўсе, а тыя, якія найболей даспадобы. Яшчэ ў чацвёртым класе пачаў іх збіраць. Проста так, для цікавасці. А пасля захапіўся. Так захапіўся, што нават асобныя папкі завёў. Гэткіх папак у маім «архіве» ажно пяць: «Вакол смеху», «Вакол свету», «Самае неверагоднае», «Фізіка і прырода», «Прырода і мы».
Думаеце, чаму да мяне Наташа і Міхась прыбеглі? Яны бачылі мае папкі, ведаюць, што чытаю артыкулы, што таксама сёе-тое кумекаю. I цяпер я гэтыя папкі дастаў, каб пра Эльдарада што-небудзь прачытаць. Адчуваў: сённяшняя спрэчка яшчэ не скончылася.
Узяў папку, дзе напісана: «Вакол свету». Гартаю, чытаю назвы артыкулаў. «У краіне вулканаў і гейзераў...» He тое... «Пад кожным бананавым лістом па чалавеку...» I гэта не тое. «Бутэлечная пошта. Як узнікла і калі». Цікава, што там напісана? Бутэлечная пошта, бутэлечная пошта... Ого, яшчэ ў старажытнасці закаркаваныя бутэлькі ў ваду кідалі, запіскі пасылалі! Трэба пачытаць.
Пачаў пра бутэлечную пошту чытаць. I зусім пра Эльдарада забыўся...
Вось плыву на караблі, карабель тоне, наскочыўшы на падводныя скалы, і я трапляю на бязлюдны востраў. А там гарачыня, ні яды, ні прэснай вады. I тады, і тады... Тады пішу запіску, засоўваю ў бутэльку, бутэльку закаркоўваю і кідаю ў акіян. Плыві, бутэлечная пошта, плыві... Калі ты прыплывеш да людзей?..
Потым я ў старажытнай Англіі, у палацы каралевы Елізаветы... Потым...
Напэўна, я яшчэ доўга думаў бы, уяўляў, невядома, на якія моры-акіяны мяне занесла б. Ды раптам штосьці стукнула ў шыбіну. Няйначай, каменьчык.
Я адклаў папку ўбок і падбег да акна. На вуліцы стаяла Наташа. Убачыўшы мяне, махнула рукою.
— Андрэй, хадзі сюды.
Я выйшаў.
«Зноў штосьці выдумала,— думаю.— He сядзіцца ёй. Нават артыкул не дала дачытаць».
— Мабыць, спаў? — адразу накінулася на мяне.— Гукаю, гукаю, а ён не чуе.
— Зачытаўся,— кажу.— Пра бутэлечную пошту артыкул знайшоў.
Наташа неяк хітра прыжмурылася.
— Пра бутэлечную пошту? Цікава напісана?
— He адарвацца. Дам і табе пачытаць, калі хочаш. Ты ведаеш, што здарылася ў 1560 годзе?
— Андрэй, ты нейкі дзіўны. Адкуль я магу ведаць, што здарылася ў 1560 годзе? Гэта ж не ўчора было.
— Я таксама не ведаў,— кажу.— А цяпер ведаю. Паслухай. У 1560 годзе адзін англійскі рыбак злавіў сеткаю залітую смалою бутэльку. Ён разбіў яе, а там — пергамент. Стаў чытаць — тайны ліст... Прынёс яго да англійскай каралевы Елізаветы I. Узяла Елізавета I ліст...
— I ў мяне ліст,— сказала Наташа.— Я сама знайшла бутэльку з лістом. Глядзі.
Наташа працягнула бутэльку, якую хавала за спінаю.
— Асцярожна трымай. He разбі,— папярэдзіла.
Я ўзяў бутэльку ў рукі. Бутэлька як бутэлька.
Самая звычайная. У такіх напітак «Бураціна» прадаюць. Я пацепнуў плячыма.
— I ты хочаш сказаць, што гэта твая бутэлечная пошта?
— Але. Бутэлечная пошта,— кіўнула Наташа.
— Наташа, не смяшы. Даўно напітак выпіла?
— Перавярні бутэльку,— загадала Наташа.
Я перавярнуў бутэльку донцам уверх. На далоню выпала паперка, згорнутая ў трубку. Я аддаў бутэльку Наташы, разгарнуў паперку. Няроўнымі друкаванымі літарамі на паперы было напісана: «Людзі, дапамажыце нам. Вас просяць жыхары Эльдарада. Мы загінем, калі вы не дапаможаце. Кляйн...»
Далей літары расплыліся, няйначай як залітыя вадою.
Я заморгаў вачыма і паглядзеў на Наташу.
— Ты... Ты дзе гэта знайшла?
Наташа ўзяла запіску і спакойна адказала:
— У нашай рэчцы. Бутэльку плынню да берага прыбіла. Шкада, што ўвесь тэкст не зможам прачытаць. Той, хто прыслаў гэты ліст, відаць, вельмі спяшаўся. Корак ледзь-ледзь трымаўся. Вада ў бутэльку трапіла.
«Людзі, дапамажыце нам. Вас просяць жыхары Эльдарада...» Гэтыя словы стаялі ў маіх вушах. Я, здавалася, чуў іх...
«Мы загінем, калі вы не дапаможаце...» Гэта ўжо нават не просьба, а крык роспачы. Адчай.
Каму так цяжка? Адкуль гэтая бутэлька? Няўжо сапраўды ёсць краіна Эльдарада? Як яе жыхары да нас трапілі? I чаму менавіта да нас?
Усе гэтыя пытанні адно за адным імкліва праносіліся ў маёй галаве. Я на хвілінку разгубіўся. Ды толькі на хвілінку. Бо нарэшце здагадаўся, што Наташа сама напісала... Знарок. Каб даказаць, што ёсць краіна Эльдарада.
— С-сама. Ты-ты сама нап-пісала,— заікаючыся ад хвалявання, прамовіў я.
— He. Запіску прыслаў хтосьці з Эльдарада. Я яе ўчора знайшла. Хацела з вамі параіцца, але вы з мяне смяяліся...
Я зусім разгубіўся. Няўжо знайшла? Хлусіць, напэўна. He. Вунь і слёзы на вачах выступілі. Пакрыўдзілася, бо не веру. Але і верыць не хочацца. Дваццатае стагодд ста-
годдзе тэхнікі. I Міхась казаў, што з космаса можна любую макулінку сфатаграфаваць. А калі Наташы верыць, то выходзіць, што касманаўты цэлую краіну не заўважылі. Хіба мажліва такое?
— Наташа, ты, напэўна, штосьці пераблытала,— сказаў я, каб не пакрыўдзіць Наташу.
Наташа глянула мне ў вочы.
— Андрэй, скажы шчыра — не верыш?..
— He веру.
— Тады я цябе выклікаю на дуэль.
Выклікаю на дуэль... Бач, якая шпаркая. Наглядзелася прыгодніцкіх фільмаў, начыталася кніг пра рыцараў. Толькі чытала іх, відаць, наадварот. Хіба дзяўчынкі калі-небудзь выклікалі хлопчыкаў на дуэль?
Да чаго дайшло! Няўжо з дзяўчынкай на кулакі стану біцца? Ды з мяне куры смяяцца будуць. Чаго я на вуліцу выходзіў? Лепей сядзеў бы, артыкулы чытаў. Хай бы думала, што дома няма.
Як выкруціцца? Як? А калі параіць, каб да Міхася схадзіла, каб яму ліст паказала? Няхай з ім спрачаецца, няхай яго на дуэль выклікае.
— Наташа, давай да Кадыша сходзім. Яму пра ўсё раскажам. Разам паразважаем, адкуль гэты ліст.
— Давай сходзім,— пагадзілася Наташа.
На маё шчасце, Міхась якраз быў дома. Мы паказалі яму бутэльку, прачыталі запіску.
Я, напрыклад, хоць спачатку, хоць крыху паверыў, што запіска з Эльдарада, а вось Міхась доўга не думаў, сказаў:
— Сама напісала.
— I ты мне не верыш?
— Не-а.
Гэтае «не-а» Міхась прагаварыў у нос, і ў яго выйшла праз «э» — «нэ-а». 3 форсам гэтакім.